Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы дадому.
Дома жонка, дома дзеткі…
Бог сьвяты іх знае,
Як жывецца небаракам
Там, у родным краі!
Ходзіць Сьцёпка з вугла ў вугал
Ды зірне ў аконца:
За рашоткай відно неба,
Хмарак валаконцы.
Эй, хмурынкі! Плывяце вы
У старонку тую,
Дзе пакінуў я сямейку,
Хатачку старую!
Ох, паплыў бы я, здаецца,
Хмаркі, разам з вамі,
Каб на вёску сваю глянуць
Нуднымі вачамі.
Там, далёка, за дамамі,
Разьляглося поле,
Лес, узгоркі і курганы…
Эх, прастор там, воля!
Дзесь у полі дым сінее —
Бульбу люд капае.
Сьцёпка ж бедны так марнее,
Долю праклінае…
Ляжа Сьцёпка спаць на нары,
I праз цэлу ночку
Сны аб роднай вёсцы сьняцца,
Аб сваім куточку!..
Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы дадому.