На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
I над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на усходзе —
Гэта неба усьміхнецца
Людзям і прыродзе.
Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы
Ходзіць на пагорках.
Час сьвітаньня — час зычлівы…
Гаснуць, нікнуць зоркі.
Шырай, шырай зараніца
Разьнімае крыльле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там, на небасхіле.
Сноп праменьняў, пышна ўзьняты,
Сее бляск-чырвонцы —
Гэта неба сьцеле шаты
На дарогу сонцу.
Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.
Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны —
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
I дзяньку кароны.
Як прыемна пахне збожжа!
А вакол — спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!
I сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных…
I дзе ёсьць такія скарбы
Гожства, сугалосься?!