Цесна зьбіты нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар, —
Для вагню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замест шкла — радняны мех.
Загародка пад аконьнем,
Блісьне кветка дзе-нідзе.
Зельлем глушыцца, драсёньнем
Мак, цыбулька на градзе.
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат,
Дзе-нідзе садок зялёны,
Нізкіх вішань чэзлы рад.
Граблі, сані пад страхою,
Колы, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою
Ўбіты ў дол каля вакна.
Многа тут гразі ў нягоду,
Многа пылу ў летні жар.
Тут дабра ня бачыць зроду,
Тут марнее гаспадар.
Тут нуда жыве людская,
Прыпынілась гора тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая
Тут знайшлі прытульны кут.