Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду — як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось — дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў —
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я — нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.