Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрад,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо' дзе на куце
Разам там саджаюць
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом —
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе —
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вунь, дзе панна йдзе, —
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? — у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць, —
Думай і аб хаце…
Вось, сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Нязваны, нясланы,
Са сьлязой пад брывой,
Нясыты, няп'яны.
Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што ж рабіць? трэба жыць…
Слухай долі-маткі
I панам ня хлюсьці,
Пільнуй сваёй хаткі,
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце, —
Дзе радзіўся, дзе ўзрос, —
Трэба і ўміраці.