Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля-раздольле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожжам ня хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвыя
У соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе з коласам,
Песень, і тых не чуваці.
Сонна адна-адзінокаю
Груша стаіць над мяжою, —
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асеньняй нудою.
Неба штодзень пахмурнейшае,
Сонца штодзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.
Вецер заводзіць у коміне,
Быццам жыцьцё сваё ганіць;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.
Так і ўцякаў бы ад гэтага
Там гэт'! За горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваёй долі навекі.