Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.
А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, —
Прытуліся ж ка мне…
Ты — царыца, я — цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць жа тут
Будуць зь веку у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
I ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
I гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!