Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей,
Зацьвіла, расьцьвіла даўгажданая
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла неспыняная.
Паплыла, пацякла зь сьветлай казкай жыцьця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
Ўся сама — ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
Узьнімаеш мінуўшчыну даўнюю;
Час сягоньняшні уперад ісьці не пыніш
І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную.
Сьмела ў сонца ідзеш, як жывы агняцьвет,
Сееш ласкавы сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песьня бязь сьлёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
Расьцьвітай жа, узьнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай, рассылай на край сьвет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь, маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..