Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;
Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людскога жыцьця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песьню…
Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязьведанай далі,
К вядомай павернецца долі людской;
Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, сьвятло і прывольле, —
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей…
I так безупынку, то к небу — дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.