Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на сьвеце на белым
I жаляцца руняй зялёнай,
I коласам жаляцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
Зь мінуўшчыны казкі складае
I шле іх далека па нівах,
Плакуча, ад краю да краю…
Паводкаю коцяцца воды
Руч'ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітыя плесьняю вёскі
Між пустак заселі бясьсільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай зьнямогі-пакуты
I, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.