З прыпевак тутэйшага

Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо' й ня так, як глянуць збоку,
Але я дзьму на ўсё ў дуду…
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —
Ня бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Я к працы здатны і ахвочы —
З гультайствам дружбы не вяду;
Натое Бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
Тры ж дні якія ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Жыву з суседзьмі па-суседску, —
Пакорны згоды я слуга;
Ня быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь як мага.
Які ж «на козыр» возьме «гад» —
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Зладзейства — крый ты мяне Божа,
Каб я зрабіў… ражон мне ў бок!
Каня ж напасьціць чужым збожжам,
У панскім лесе сьсеч дубок,
Сянца напхаці панарад —
Яшчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца —
Ў мяне такі не чалавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
Ніколі больш як «пяцьдзесят
За сто» і ўзяць ня сьмею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Я п'янства, п'яніц прост ня зношу:
Іх вораг — я, яны — мае;
Калі ж сусед мне скажа: «проша»
I чарку ставіць на стале,
Ўступаю просьбам, рад ня рад.
Што ж? — дзьве-тры чаркі — ня хвор я…
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

На пана, жыда і на чына
Ня маю ласкі ні крыхі;
Хоць перад першым сагнуць сьпіну,
З другім гешэфцік завясьці,
А з трэйцім знаць ў хабарах лад —
Не ад таго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Як людзі добрыя, навукі
Я з малку дзён пакаштаваў
I расьпішуся без прынукі,
Сынка ж у школу не даваў.
Дзед без навукі жыў лет шмат,
I сыну ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Люблю чытаць я і газэты:
Як, дзе, што — ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым —
Купляць жа — дык не прызнаю…
Сусед пазычыць яе рад,
Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Знаём з расейскай, з польскай мовай;
Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і «вясковай» —
«Папросту» з «простым» гавару.
Зь яе ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

*

Так па закону і па веры
Ганю свой век паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват,
Той мне, таму штось вінен я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.