1
Постаць нязжатая слотамі гноіцца,
Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца.
Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй;
Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца,
Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…
Як жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!
Столькі і працы, і поту загнанымі
Ўложана ў ніву скупую сялянамі,
Столькі пайшло уздыханьня, мальбы!
Гляньце — усё нішчыцца злой непагодаю,
Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,
Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы.
Сэрца забытых крывёй абліваецца
Доля няшчаснага ў полі бадзяецца
Рады зьнікуль не відаць і ня чуць;
Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя:
Што бедакі, хлебаробы гаротныя
Холадам, голадам зімнім пачнуць?
Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца,
З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,
Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз…
Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?
Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?
Божа… а сьлёз тых, о, колькі тых сьлёз!..