I сышла ты, пясьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленьняў,
Ў новы край невядомага быту
Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў.
I пакінула загадку сьвету —
Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі:
Ці то сонца зайшло назаўсёды,
Ці ім долю мо' іх пахавалі?..
Бо як песьня твая ўсемагутна
Безгранічна зьвінела, будзіла, —
Так няма ні граніцы, ні меры
Ўсёй жальбе над тваёю магілай.
I хаця сэрца сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, —
Голас думак тваіх яшчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.
Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца
I з праменьнямі сонца сьвятога
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.
Памяць насып-магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.
А зь мільёнаў грудзей набалелых
Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай пясьнярцы-княгіні.