Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду — слугой, ты — царыцай.
Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй.