Трэба мне, сіротцы, доля.
Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
І хлеба.
На тым сьвеце бацька, маці
Ў магіле, —
Сама я запрацаваці
Ня ў сіле.
Хто ж адзецца, пракарміцца
Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
Мой Божа?
Пайду к дрэўцу прытулюся,
Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
Бядачай.
Пашлю скаргу, хай нясецца
За мора,
Як мне цяжанька жывецца, —
Гавора.
Мо' ня льюць там сьлёз напрасна
Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
Сіроткай.
Стогне бор, віхры зрываюць
Плёт з стрэхаў, —
Мае жальбы заміраюць
Бяз рэха…