Між гор — далінаю — за вёску,
Не аглядаючыся ўзвыш,
Суважна, попрасту, па-свойску
Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.
Падгоніш каменьчык жвіровы,
Травінку водную трасеш,
Чапаеш кораньчык альховы,
Па верху кветачку нясеш.
I лёд зімой табе ня шкодзе —
Ўсё коцішся; а цёплым днём
На бераг выглянеш разводзьдзем,
Дый посьле — зноў сваім сьлядком.
Нясецца весела вадзіца,
Мая зь ёй думка сьлед у сьлед, —
То рвецца ўдаль, то зноў баіцца.
I міл, і страшан думцы сьвет.
А рэчка як бы мне гавора:
«Аб долі хочаш знаць маей?
Я — капля ў моры; толькі ж мора
Маё ад дум тваіх сьвятлей!..»