Пад навалай крыўдаў многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.
Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слова, засталося верным,
Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня
Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, —
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
Сеючы ж і дома, і за домам косьці, —
Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, —
Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі
I здарма чакалі ад людзей падмогі…

*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
Ды таго ня вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова,
Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняга сына!

*

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.
I мы самі нават мо' не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці
Ад напраснай злосьці, ад людской напасьці.

*

Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай;
Быў час — свае правы чужым дыктавала;
І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, —
Гэта або вецер, што ў платах трасецца,
Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
Чалавечых думак, чалавечай долі, —
Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна
Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.

*

Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці…
З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы,
I радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упіша на старонцы чыстай
Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе
Сумную аповесьць роднай Беларусі.