На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы зь белых грудзей,
I судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…
З плеч зрывалі уборы злацістыя
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
Зь лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
На сустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-сьвету калі-нікалі;
Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.