Вучыся, нябожа, вучэньне паможа
Змагацца зь нядоляй, зь няволяй…
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, —
Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як труд і навука,
Ці ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
I гора сваё зваяваці.
Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе — а толькі вазьміся!..
I знойдзецца ў працы аддыхі часінка,
I ў крыўду ўрагом не дасіся.
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
I к долі, і к волі, і к славе…
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,
I шчасьце ж такое ты маеш…