Гэткай пары на сьвеце
Роўных ім не было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ёй да твару ўсё йшло.
Безь яго ёй ня жыці,
А яму безь яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.
Не чапалі іх мукі
I ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі —
Толькі знай, толькі бач!
Слава йшла полем-борам,
I то йшла ня бы як —
Ажна цёмненькім зорам
Было зайздрасна так.
Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць;
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх — не згадаць!
Так жылі, многа сьцёрлі
Лет сваіх маладых;
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.
Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
I нідзе, і ніхто.
Толькі чулыя людзі
Ўзьнесьлі насып зь зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі:
«Дзьве душы Бога просяць,
Каб хоць так бедным ім
На тым сьвеце жылося,
Як тут зь імі жывым.
Бо жыла так прыгожа
Гэта пара адна:
Ён быў Голад-нябожа,
А Няволя — яна».