Чуць толькі Купальскае сьвята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей…
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
…Сава пяе песьню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, —
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б'юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той —
Тыц — стой!.. Глядзяць зорніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле —
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле…
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне — рагоча,
Крыламі кажан шапаціць…
Сьлед костачкі сьцелюць — услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі Купальле, —
Мільёны па кветку бягуць!..