Каля зоркі зорка
Ўніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Сьнегам зіхаціць.
На гасьцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат…
Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка,
Сані — за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санях клубком.
Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна,
Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сьніцца
Ў гэту ночку дум…
Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясьне, аб сонцы,
Аб жыцьці другім.
Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..