I

На дзевяты дзень Аня зноў пераступіла парог хаты, у якой жыла сястра Арына.

У пакоі нікога не было. Дзяўчына кінула на лаўку жакетку, стомлена прайшлася па пакоі. Дзе-ж усе? Толькі яна надумала гэта, як у сенцах бразнула клямка i ўбегла ўстрывожана бялявая Лорка, Арыніна дачушка.

— Цёця Аня! — узрадавана ўскрыкнула яна i кінулася да дзяўчыны. Лорка прыціснулася i хвіліну стаяла моўчкі, незнаема сур’ёзная, нейкая пасталелая. — Ой, што тут было без вас, — раптам сумна прамовіла яна.

— А дзе мама?

— Мама на гародзе. Яна сказала — к нам нехта пайшоу, ідзі, паглядзі, хто гэта?.. Табе трэба, каб яна прыйшла?

— Пакліч, Лорка.

Аня села на лаўку. Вось яна i дайшла да прыстанку. Скончыўся шлях, цяпер няма куды спяшацца, можна спачыць, даць спакой натруджаным нагам, падбітым доўгай неспакойнай дарогай. Аня так спяшалася дайсці сюды, але цяпер, калі яна ўжо тут, у яе чамусьці няма таго жаданага спакою. Чаму на сэрцы такая трывога?

«Ой, што тут было без вас», — успомніліся ёй словы Лоркі.

За акном праплыла сумным ценем Арыніна постаць.

Сястра спаткала нявесела. Увайшла павольна, паставіла да сцяны капаніцу i моучкі стала пасярод хаты, не вітаючыся, апусціўшы пачарнелыя ад зямлі рукі.

Калі Аня падышла да Арыны i ўзяла за плечы, вусны сястры задрыжэлі, а ў кутках вачэй набеглі дзве светлыя празрыстыя кроплі.

— Што такое? — спалохана i разам з тым тонам, у якім чуўся загад, шапнула Аня.

— Маму нашу… гітлерцы…

— Што?!

— Забілі маму. Няма мамы… — сястра, прыпаўшы да Анінага пляча, горна, з адчаем, не стрымліваючыся больш, загаласіла.

У грудзях Ані зрабілася пуста, усе думкі, усе пачуцці адразу зніклі. Гэта была важкая балючая пустата.

«Маму нашу…»

Яна стаяла нерухома, i нерухомым, застылым быў яе твар, на якім застаўся той выраз спалоху, калі яна гаварыла: «што такое?»

— Калі гэта было?

— У тую суботу…

Больш яна нічога не пыталася, а Арына сама нічога не стала расказваць.

Толькі пад вечар, калi сядзелі на ганку, сястра зноў загаварыла:

— Маму расстралялі, як толькі прыйшлі. I яшчэ восемнаццадь чалавек. Бацьку Андрэя Віткоўскага таксама. I пра цябе дапытваліся, Аня, не верылі, што ты пайшла… Вывелі ix,за сяло — туды, дзе гліну летась капалі. Стары Віткоўскі, дык сам ісці не мог, так яго збілі. Яго вялі пад рукі Марыся Краўчукова i Алена… А мама — худая, белая, як снег… Ix паставілі каля ямы на глінішчы. Людзей сагналі з сяла, каб глядзелі ўсе…

— За што ix?

— За тое, што за сялом нехта забіў салдата…

Рот яе перасмыкнула сударга. Яна колькі хвілін змагалася са слязамі, прыкусіўшы балюча ніжнюю збялелую губу.

— Не магу далей… — прамовіла Арына.

Аня сядзела ціха. Яна спачатку нібы не заўважала ні таго, што сястра змоўкла, ні таго, што потым тая заплакала, — ніводная рыска не варухнулася на Аніным твары. Яна была прыгнечана ўсім, што пачула. Збітая i спустошаная страшэнным горам, яна сядзела бяздумная, увабраўшы галаву ў плечы, з затоенай трывогай чакаючы, што Арына скажа яшчэ.

Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас, па-жаночы. I чым больш яна рыдала, тым цвярдзей, нецярплівей станавілася на душы Ані. Яна сухім голасам выціснула:

— Кажы… Што далей.

Гэта было не падобна на просьбу. Арына здзіўлена падняла галаву.

— Я хачу ўсё ведаць… Усё.

Выціраючы ражком хусткі вочы, хліпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць.

— Яны ляжалі там тры дні… I наша мамка, Аня, таксама. Фашысты забаранілі хаваць, прыгразіліся, што будуць страляць тых, хто паспрабуе ўзяць забітага. А на чацвёрты дзень навалач гэтая паехала, i мы з Лоркай мамку прыбралі i занеслі на могілкі…

Аня слухала цяпер стрымана, з упартай, строгай уважлівасцю. Арына заўважыла, што Аня змянілася за гэтыя некалькі хвілін, — калі раней яна была разгубленай, то цяпер здавалася спакайнейшай, нават празмеру спакойнай.

— От, цяпер я ведаю усё, — з палёгкай i ноткай нейкай пагрозы прагаварыла яна, калі Арына скончыла. — Нібы сваімі вачыма пабачыла…

I быццам для доказу, што гаворка пра тое няшчасце скончана, Аня стала апавядаць пра дзевяць дзён, што аддзялялі яе ад той помнай раніцы, калі яна развіталася з Арынай.

— Дайшла я з таварышкамі аж да Полацка… (Там са мной яшчэ дзве настаўніцы было з нашай школы). А тады я сказала: не пайду так далей на ўсход, хоць што!.. Каля лесу, бачу, танкі стаяць. Я адразу да танкістаў, — трапіла на трох, што сядзелі на траўцы i палуднавалі. Я да ix, пытаюся, дзе тут пагаварыць з камандзірам якім? Адзін адказвае: я — камандзір. Кажу, прымайце да сябе, хачу ваяваць… А яны пачалі жартаваць, падсмейвацца, — асабліва адзін — бялявы такі. «Вазьмі, кажа, лейтэнант… Канцэнтрат пшонны варыць». Эх, i загарэлася я, Арына, — як сказала некалькі добрых слоў, дык ён адразу прысмірнеў. «Ого! — пакруціў галавою ды да хлопцаў: — Гэта язычок!» — i паказаў, як знайсці камандзіра. А я яму на развітанне: «Не маеш права, дык не затрымліваў-бы!» Прыйшла да камбата, камандзіра батальёна, маёра Бродкіна. Ён паслухаў, харошы такі чалавек, падумаў i кажа, што прымае — сястра ім патрэбна была. Далі мне, Арына, шынельку, сумку, i стала я — таварыш чырвонаармеец…

Яна раптам схілілася над каленам i дакранулася пальцамі да рудога, запыленага бінта, што абігартаў правую загарэлую лытку.

— Цябе ранілі, ці што?

— Ранілі, — загадкава прамовіла Аня, такім тонам, што сястра не зразумела, жартуе яна ці сур’ёзна гаворыць.

Тугі, моцна сціснуты вузялок не развязваўся. Аня ўстала, увайшла ў хату, a ўслед падалася i Арына. У хаце Аня ўзяла ca стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, начала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінта.

— От якая рана.

У яе руцэ Арына ўбачыла ўвагнутую шэрую кніжачку.

— Комсамольскі білет?

— Білет, — спакойна кіўнула Аня. Яна шурпатымі далонямі беражліва выпрастала i перагарнула вокладку. Прачытала павольна, з доўгімі паузамі сваё прозвішча, імя, год нараджэння, час уступлення ў комсамол — май 1940 год… «14 мая 1940 года», — дадала яна сабе, памаўчала i перагарнула яшчэ старонку. Позірк прайшоў па некалькіх радках узносаў. Апошні ўзнос i подпіс стаяў супроць радка — «чэрвень». Здавалася, яшчэ не высахла сіняе чарніла.

Усе іншыя клетачкі былі пустыя.

Апошні ўзнос. За гэты месяц яна ўжо не плаціла i за наступны, за жнівень, таксама, мусіць, не будзе…

Ніколі такой блізкай i дарагой не была для яе гэтая маленькая кніжачка з абрысам Леніна на вокладцы.

— Каля Глыбокага наткнуліся на праверку, нас началі абшукваць. Адзін — высокі i руды, да мяне — лап, лап — i выцягвае з кішэні білет. «О, Ленін! Чый это? Твой?» Я сказала, што мой. «Комсамолка?! Цябе за это надо — пук, пук, расстраляць!» А сам, паганы, узяўся за яго i хоча разарваць. Я хапіла за білет i вырвала: «Не трэба рваць, кажу, у мяне іншых дакументаў няма». «Куды ідзеш?» — пытаецца. «Дадому. Вучылася ў Віцебску, іду дадому. Не хацела адступаць». Гавару яму смела, голасна, упэўненая такая, аж дзіва. «А, это гут, — зарагатаў немец. — Ну, лядно, ідзі». Адпусціў мяне. Тады я адышла трохі, выняла з кішэні ды павязала на нагу…

— Адчайная ты! — прамовіла сястра, як-бы з асуджэннем. Але Аня не заўважыла гэтага тону. Яна разгладзіла вокладку, паглядзела на абрыс Леніна.

— Ну, а больш не чапляліся?

— Чапляліся. Яшчэ чатыры разы трапляла на ix… Казала ўсё: дадому з Віцебска іду…

Як толькі змоўкла, адышла ад успамінаў, грудзі сціснуў глухі боль: «Мама, мама». Аня не магла звыкнуцца, згадзіцца з думкай, што маці, такой любай, лагоднай, клапатлівай, ужо няма.

Яны доўга маўчалі. Прыйшла Лорка, i Арына адразу паклала яе спаць.

— Дзе Віткоўскі, ты ведаеш? — шапнула Аня сястры, калі тая вярнулася да акна.

— Не ведаю. Але, мусіць, недалёка недзе. Кажуць, што ён недзе ў партызанах.

Аня стала тым-жа шэптам распытвацца пра іншых таварышаў, з якімі не бачылася, — ёй здавалася — страшэнна даўно, але Арына амаль нічога не магла сказаць ёй.

Усіх за нейкага поўмесяца вайна раскідала, развеяла па розных шляхах…

Як яно пойдзе, гэтае новае, незнаёмае жыццё? Што яно ёй прынясе?

II

На наступны дзень яна пайшла з Арынай жаць.

Ах, якое дружнае, якое высокае жыта! Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны.

Толькі не радуе гэтае багацце вачэй. Не ў час урадзіла жыта. Не ведалі людзі, кладучы зярняты ў старанна абробленую пульхную глебу, што ix праца можа прапасці марна, што буйныя каласы, якія вырастуць з тых зярнят, будуць не радасць выклікаць, а смутак, словы праклёну i нянавісці да варожай навалачы.

Ах ты, жыта, жыта!

Аня закручвае перавясла, выпростваецца. Вакол поле — залатое бяскрайнае мора, — перакатваецца хвалямі, шапоча. Упершыню яно тут красавалася загонамі, уперамежку з палоскамі, якія таксама былі ўжо дзе-ні-дзе калгаснымі. Вясной уступіла ў калгас i Арына, — i вось давялося зноў вярнуцца на сваю палоску.

— Стамілася? — пытаецца Арына ў Ані.

— Не… Пасядзець хачу.

Яна садзіцца на сноп. Не горнецца ў Ані душа да гэтай працы, да цішыні. Арына жне павольна, не спыняючыся. А Аня думае пра танкістаў, пра камбата Бродкіна, што ляжыць у зямлі пад Полацкам. Хіба-ж можа яна пасля ўсяго, што прайшло за гэтыя дні цераз сэрца, жыць так, — жаць сабе жыта паціху.

Эх, чаго яна вярнулася сюды, чаму яна не пайшла далей на ўсход?.. Яна марыла тут знайсці справу, сапраўдную справу, а замест гэтага жне жыта.

Што-ж, гэта — дзень-два, а потым яна знойдзе тую справу, быць не можа…

Потым у яе памяці паўстае вобраз маці. Яна бачыць сіняватыя матчыны вочы, сумныя i вільготныя, што пазіраюць на яе з пяшчотай. I Ані ў каторы раз успамінаецца апошняе развітанне — ясная, залітая сонцам раніца за сялом. Як яна, маці, журботна глядзела на Аню, нібы ведала, што больш не прыйдзецца спаткацца.

Мама, мама!.. Любая, родная мама! Каго я так любіла, як цябе. I хто столькі радасці i горычы зрабіў табе, як я, твая неспакойная дачка. Даруй мне, мама!..

I не заўважыла, як ажылі, наплылі, пайшлі ўспаміны, сёння асабліва шчымлівыя i горкія.

Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Матчыны пяшчоты — як вясновыя, ясныя праменьчыкі!..

Згадалася, як маці шыла новую сукеначку, калі Аня стала хадзіць у школу. Згадалася, як, вярнуўшыся дахаты, узбіралася на матчыны калені, пыталася:

— Мама, а чаму нас вучаць па-чужому гаварыць? Чаму там не гавораць так, як дома?

— Бо там… чужыя настаўнікі.

— А чаму там чужыя настаўнікі? Хіба ў нас сваіх няма?

— Ёсць i свае, дачушка. Толькі ім не дазваляюць вучыць…

Анька тулілася да роднага пляча, дапытвалася:

— А чаму не дазваляюць?

— Таму, што паны хочуць, каб тут былі ix парадкі… Каб усё па-іхняму.

— Ну i хай не дазваляюць. А ён-бы ўзяў ды i ўсё роўна вучыў па-нашаму.

— Нельга, дачушка. Яго-б пасадзілі ў турму… Або як… тату нашага…

Маці больш не гаварыла, моўчкі гладзіла белую галоўку дачкі. Яна пачынала моргаць вачыма, якія станавіліся бліскучымі, потым закрывала ix i адварачвалася. Анька прыціскалася галоўкаю да матчыных грудзей i не дыхала.

Маці часта ўспамінала яго, Анінага бацьку, якога малая сама не помніла. У той час, калі яна нарадзілася, бацькі не было дома, ён быў на вайне i вярнуўся, казала маці, калі Аньцы было поўгода. Агародамі, хаваючыся, падышоў да хаты, прынёс з сабою з Арміі Чырвонай рускую пяхотную вінтоўку, увечар змазаў яе, абгарнуў анучамі i схаваў у застрэшшы ў хляве.

Жыць яму было нялёгка, бо тут запанавала ўлада белай Польшчы, з якой ён біўся на фронце. Праз год бацьку арыштавалі. Перакапалі, раскідалі, аблазілі ўсе куткі ў хаце, на дварэ, у хляве, чагосьці шукаючы, потым звязалі рукі за спіною i павялі, лаючыся, штурхаючы ў спіну карабінамі.

Назад бацька не вярнуўся…

Успомніла, як упершыню разлучылася з мамаю. Мама адвяла яе да Рыгора Ляльчука, далёкага ix родзіча i першага багацея на ўсю вёску. Аньцы дазвалялі хадзіць у школу, увесь іншы час яна павінна была няньчыць дзіця гаспадара. Да заняткаў яна цяпер мала рыхтавалася, а часта i зусім прыходзіла непадрыхтаванай. Настаўнік лаяўся i гразіўся выкінуць яе ca школы.

Дома лаяўся Ляльчук, — яму не падабалася, што нянька, якая есць яго хлеб, ходзячы ў школу, марнуе час.

— Або школу пакінь, або ідзі ад мяне. Мне трэба няньку, а не дармаедку… — сказаў ён аднойчы.

Анька сабрала свае лахманы i вярнулася дамоў. Маці спаткала яе занепакоена. Паслухаўшы дачку, яна заплакала, a калі вьплакалася, накінула на галаву хустку, пайшла да Рыгора. Вярнуўшыся, сказала:

— Трэба ісці назад, дачушка. Ён больш не будзе так, ён сказаў мне.

Правяла на ганак, прытуліла пяшчотна да грудзей i ўздыхнула.

Яна часта наведвалася. I кожны раз што-небудзь прынясе: ці сшытак, ці кніжку, ці гасцінец які. Сядзела ў каморцы, на ложку, дзе спала Аня, i ўсё пыталася, як яна вучыцца, ці не думае, не дай бог, кідаць школу, ды настаўляла.

— Вучыся, дачушка, вучаным усюды i дарога… От, што я, невучоная?!

Тады з імі звычайна сядзела i Рыгорыха. Аня ведала, што Рыгорыха баялася, каб маці чаго не ўзяла ў яе. Анька чырванела ад сораму i абурэння: як яна можа думаць такое пра яе маму!..

Рыгорыха адрывала Аньку ад маці, прыдумвала знарок якую-небудзь работу…

Эх, чаго гэта ўсё ўспамінаць — схамянулася Аня. Яна паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады i падалася да сястры жаць…

Пасля полудня Аня пайшла ў лес, па ягады.

Хораша летам у лесе! Стаіць млосная, з густым пахам соснаў i ягад, цішыня. Не варушачыся, дрэмлюць зялёныя іголчастыя лапкі, як раса, блішчыць смала. На палянцы — чырвоныя россыпы суніц. Буйныя, як клубнічныя, галоўкі суніц усцілаюць яркім агнём зямлю.

Аня збірае ягаду за ягадай у вязаны лазовы кораб, час-ад-часу кладзе сунічку ў рот. «Тут можна набрадь адразу поўны кораб, — падумала Аня. — Пэўна, ніхто i не быў тут».

Аня любіць i ведае лес. Ёй тут, у гэтым вялізным лесе, бадай знаёмая кожная паляначка, кожная сцяжынка. Яна яшчэ малой, бывала, цэлымі днямі прападала ў лесе, заміраючы ад страху, хадзіла па цёмных сцежках, забіралася ў гушчары.

За дрэвамі ў цемры ёй маляваліся страшныя здані, ваўкі, мядзведзі, але неадольная сіла вабіла ў загадкавую глыбіню.

Далей, з боку паляны, на ігліцы i ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Сляды ад ботаў. Аня знайшла на пясчанай лапінцы два ясныя адбіткі: дзяўчыне здалося, што невядомцы былі ў вайсковых ботах.

Ззаду хруснула. Яна азірнулася i ўбачыла высокага чалавека ў вайсковым адзенні з партупеяй цераз плячо, без шапкі. Бялявыя густыя валасы рэзка аддзяляліся ад чырвонага загару шырокага ілба.

Чалавек спакойна пазіраў на яе. Усміхнуўся.

— Добры дзень!

Падышоў, узяў ягад з кораба.

— Смачныя ягады! — пахваліў, неўпрыкметку дапытлівым вокам акідваючы постаць Ані.

— Бярыце яшчэ, — сказала Аня.

Вайсковы чалавек моўчкі ўзяў яшчэ жменю i стаў кідаць у рот. Чалавек быў няголены, i гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому выразу вачэй.

Кінуўшы ў рот некалькі ягад, прамовіў:

— Добрыя ягады. У нас, бадай, горшыя.

— Дзе гэта ў вас?

— Там, — чалавек махнуў рукою ўбок. — Далека.

На баку яго ў кабуры ляжаў пісталет ТТ.

— Адкуль сама? — гледзячы ў вочы, проста, з прыяцельскай ноткай, нібы ён яе ведае, запытаўся чалавек.

— З Чапліч.

— З Чапліч?.. Далека адсюль да ix?

— Кілометры два.

Ён пацікавіўся, ці ёсць немцы ў сяле, дзе яны стаяць. Аня, расказаўшы пра гэта, запыталася: — Туды ідзеце? (Яна махнула на ўсход). Чалавек узяў суніц у руку, кінуў некалькі ў рот, кіўнуў галавою.

— Дзе тут лепш ісці на Полацк?

Аня адказала. Потым уласцівым ёй пачуццём адчуўшы, што гэты чалавек сапраўды свой, што яму патрэбна дапамога, яна без усякай перасцярогі адразу запрапанавала:

— Я магу вас правесці…

Чалавек, відаць, здзівіўся такому хуткаму рашэнню, але нічога не адказаў, — ён таксама рызыкаваў i не ведаў: верыць ці не верыць гэтай незнаёмай дзяўчыне, якая сама набіваецца ісці ў небяспечны шлях.

A дзяўчына, не даючы разважыць, працягвала далей, нібы ўжо ўсё было вырашана.

— Вы тут застанецеся. Або не, лепей пройдзем бліжэй да сяла. Там ёсць адно глухое месца — ніхто не ўбачыць. А я пайду ў сяло, занясу ягады, скажу сястры, каб не чакала i не трывожылася… A ўвечары мы выйдзем, добра?

Аня, не чакаючы згоды, узяла кораб i павесіла на плячо. Яна не любіла марудзіць.

— A калі я цябе зараз завяду ў паліцыю, — чалавек узяў Аню за руку. — Можа, я правакатар?

— Вы — правакатар? Вы — лейтэнант, засталіся ў акружэнні… Тут недзе недалёка ад вас хаваюцца некалькі байцоў вашых.

Лейтэнант здзівіўся зноў, але стараўся не выдаць гэтага.

— Чаму вы так думаеце?

— Таму, што тут ёсць сляды не толькі вашы, i яшчэ — таму, што дрэнны той лейтэнант, які застаўся адзін… А вы, здаецца, не такі… А што вы мяне палохаеце, — гаворыць аб тым, што вы самі няўпэўнены. Не верыце мне… Не бойцеся, я не падвяду!

I чалавек згадзіўся. Гэтай бялявай, худзенькай дзяўчыне нельга было не верыць.

…Увечары, калі добра сцямнела, Аня выйшла з сяла.

У лесе яна сустрэлася з лейтэнантам, з якім было пяць байцоў.

Усю ноч без супынку ішлі па сцежках, а то i проста па полі, мінаючы вёскі, варожыя паліцэйскія пасты. Калі добра развіднелася, яны былі ўжо на ўскрайку лесу поблізу невялікага мястэчка, кілометраў за трыццаць ад сяла.

— Дай руку, сястра, — сказаў адзін з байцоў. — Дзякуй табе… Жыць буду, не забуду.

Ён памаўчаў, відаць, яшчэ хацеў штосьці сказаць, але не сказаў нічога, а раптам сціснуў Аніну далонь так, што занылі пальцы.

Другім стаў развітвацца лейтэнант.

— Дзякую, Анна Іванаўна. I ад мяне i ад усіх.

Аня перабіла яго.

— Нашто дзякаваць столькі? Хіба-ж я магла інакш? Якая трэба яшчэ падзяка — толькі-б дайшлі…

— Так, дайсці-б. Далека вельмі!

— Слухай, Анна Іванаўна, — загаварыў лейтэнант, — думаю, не памыляюся, што кажу гэта. У лесе за паставамі я захаваў вінтоўкі. Людзі палеглі… A вінтоўкі я падабраў i закапаў. Патрэбны будуць, можа, каму-небудзь з нашых, — аддай ix…

Ен выняў з кішэні лісток паперы.

— Тут усё напісана, як знайсці тое месца.

Ен даў паперку, зашпіліў кішэню i адразу прамовіў да сваіх:

— Пайшлі.

Яны хутка зніклі ў росных кустах. Ані, калі яна, трымаючы ў руцэ паперку, засталася адна, зрабілася раптам журботна, нібы рассталася з сябрамі.

Гадзіны дзве Аня адпачыла ў лесе, што абуджаўся ад начной цішыні, а потым, як угрэла сонца, падалася назад. Яна адчувала сябе змарнелай. Бяссонная ноч i трыццацікілометравы начны шлях даваліся ў знакі. Балелі ногі, i яна некалькі разоў садзілася адпачываць.

Дадому Аня дабралася толькі пад вечар.

IIІ

Ішлі дзень за днём, аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія i пустыя. Аня ўсё таксама-ж хадзіла на поле, на агарод, старалася дапамагчы Арыне, i ўсё таксама-ж за ёй услед хадзіла адчуванне адзінокасці, адарванасці, i спусцеласці, i непакой аб тым, што трэба штосьці рабіць, штосьці рабіць для тых, што на фронце, для той вялікай справы, якая чакала яе.

Дзе хлопцы, дзе Андрэй? Вось каго-б знайсці, вось хто-б даў ёй працу…

Але ішлі дні, — хутка тыдзень будзе, — а яна не магла знайсці нікога i вымушана была сядзець, адна, адна…

I вось зноў знайшлася справа.

— Анечка, — усхвалявана зашаптала Арына, — у жыце тры чырвонаармейцы. Раненыя ляжаць… У сяло не паказваюцца — баяцца, што гітлераўцы расстраляюць ix…

— Дзе ў жыце?

— На нашым полі, каля трох бяроз.

— Ты нікому не казала пра гэта? — запыталася Аня.

— Нікому.

— Добра… I не кажы нікому.

«Памагчы ім», — падумала Аня. Гэтая думка адразу захапіла дзяўчыну, якая не так занепакоілася, як узрадавалася, адчуўшы, што зноў з’явіўся раптам клопат. Яна пачне з гэтага… А там… а там будзе відаць, што рабіць…

— Мы ix перанясем да цябе ў хлеў, добра?

Як толькі сцямнела, Аня накінула хустку i ціха выйшла з хаты. Услед за ёй стукнула клямкаю, выйшла Арына. «Пайду з табой, — прашаптала яна і, нібы апраўдваючыся, дадала: —Яны-ж параненыя, трэба весці».

Мінулі хлеў, між густых зарасляў кіяшніку i маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася.

За гумном — поле. Туды хадзіць ноччу забаронена. Стараста гаварыў, што на гэта ў гітлераўцаў ёсць строгі загад.

Ці не заўважылі ix? Не, не заўважылі, здаецца.

Ах, якая цішыня вакол. Няўжо-ж толькі што змерклася! Калісьці (дзіўна, гэта-ж было менш месяца таму назад, а, здаецца, даўно-даўно) утакі час сяло як-бы абуджалася пасля дзённай цішыні. Вярнуўшыся з поля, хутка павячэраўшы, збіраліся дзяўчаты i хлопцы каля прызбаў. Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы, час-ад-часу гамонку перабіваў вясёлы дружны рогат або раптоўны візг дзяўчыны…

— Пойдзем? — шэптам прамовіла Аня. Арына ціха адказала:

— Пойдзем.

Аня запыталася ў яе не таму, што вагалася, — ісці або не ісці, — Арына ведала, што аб гэтым у сястры не магло быць нават думкі. Аня пыталася, ці не перадумала яна, Арына: Арына — не адна, у яе ёсць сям’я…

«Добра, што месяц яшчэ не ўзышоў, — супакоіла сябе Аня. — Трэба хутчэй спяшацца, каб не застаў месяц».

Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Арына трывожна прысела.

Лапочучы крыламі, у цемры штосьці праляцела.

— Гэта перапёлка, — сказала Аня. — Ах, каб ты!..

Яны ішлі разораю. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Але Аня не заўважала гэтага, яна ўся была занята адным клопатам.

Цяпер недалёка. Цяпер хутка, каля трох бяроз.

— Стой, хто гэта?

Перад імі ў змроку ўстала цёмная постаць з вінтоўкай у руцэ.

— Сяргей? Гэта мы.

Чалавек адразу стаў лагоднейшым.

— А, сястра! А я думаў, што не прыйдзеш.

— Я-ж казала — прыйду…

— Мала што казала. Рознае бывае… — у жыце паднялася яшчэ постаць, чалавек прамовіў да яе: — Пойдзем… Павел, Сцяпана панясу зараз я. Бяры гэтую…

Ён падаў Паўлу вінтоўку, узваліў з яго дапамогаю на плячо чалавека, які стагнаў i трызніў.

— Другі дзень так. Амаль непрытомны… Аслаб зусім, — сказаў Сяргей. Павел дадаў нявесела:

— Плямы нейкія пайшлі па назе i па целу…

Яны падаліся ў вёску. Наперадзе — Аня, за ёй Сяргей са Сцяпанам, потым Арына i апошнім Павел.

Цяпер Ані чамусьці стала спакайней i весялей. Можа таму, што поруч ішлі байцы. А можа таму, што цяпер яна непакоілася толькі пра ix.

Да прыгумення i цераз агарод перабіраліся па адным, прыгнуўшыся, асцярожна. Спыняліся раз-по-раз, слухалі. Цішыня. Каля хлява Аня i Павел, пакінуўшы іншых, прыпалі да чорнай сцяны, яшчэ раз азірнуліся.

Цьмяна чарнелі поблізу абрысы дрэваў, высокіх, востраверхіх, i нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі.

I вось яны ўсе ў хляве, на палацях, агорнутыя цемраю i духмяным, казытлівым пахам сена. Двое ляжаць, а Сяргей сядзіць поруч з Аняй. Арына пайшла ў хату, непакоячыся, ці не прачнулася Лорка.

— Сястра, — прашаптаў Сяргей, — як ты думаеш, — хутка Сцяпан паправіцца?

— Заўтра пагляджу рану, скажу.

— Эх, каб вылечыць хутчэй! Нельга цяпер нам сядзець…

— Што-ж, ён застанецца пакуль.

— Нельга, сястра. Мы з ім на адным самалёце ляталі. Разам гарэлі… Пад Шаўлямі была такая справа. Мы з ім ад гітлераўцаў разам адбіліся. Там яму i пашкодзілі нагу. Я яго на сваіх плячах можа дзвесце кілометраў цягну. Проста аж сам дзіўлюся, з чаго я такі цягавіты зрабіўся? Гэта-ж не жарты — цэлы бамбардзіроўшчык, можна сказаць, на карку, — нявесела пажартаваў Сяргей. — Ен у нас быў чэмпіёнам па боксу ў часці — па цяжкай вазе.

Аня маўкліва слухала. Яна ўспамінала знаёмых сваіх танкістаў, маёра Бродкіна, гай пад Полацкам, каля якога вёў бой i згарэў апошні ў батальёне танк… I ёй было прыемна слухаць побач сіплы, крыху насмешлівы голас лётчыка, — гэта быў такі-ж самы чалавек, як i тыя, з якімі яна спазнавала горыч адступлення i боль утраты. Яна адчувала сябе такой, якой была з танкістамі. Той-жа абавязак, звычны.

A галоўнае, справа — важная, патрэбная.

— Сястра, нашы далека цяпер?

Ен так гаворыць, што не зразумееш, ці ён гэта проста кажа, ці пытаецца. Пытае, мусіць. Што яму адказаць? Сказаць яму праўду, што гітлераўцы ўжо за Полацкам, ці зманіць?

Не, такому нельга маніць.

— Далека.

— Мусіць, ужо каля Полацка?

— Далей. Полацк у ix…

У хляве паступова пасвятлела, праз шчыліны прарэзаліся белыя вострыя нажы святла — узышоў месяц.

«Трэба ісці ў хату», — узнялася Аня.

— Сястра, прынясі махры… Смаліць нешта ў грудзях.

— Прынясу.

Яна прыадчыніла вароты — толькі-б не зарыпелі. Выглянула ў шчыліну: нікога, цішыня. Праціснуўшыся, зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Цяпер можна ісці.

IV

На наступны дзень Аня агледзела Сцяпанаву рану. Правая нага, на якой вышэй калена гнаілася рана, распухла i пакрылася фіялетавымі плямамі, біў моцны пах гніення; плямы былі ўжо i на бядры. Сцяпан трызніў.

«Гангрэна».

Яна зразумела, што цяпер позна ўжо дапамагаць, што яна бяссільна дапамагчы чым-небудзь, i ёй стала горка.

— Ён паправіцца? — трывожна шапнуў Сяргей, спасцярожліва зірнуўшы на Аню.

— Паправіцца… — Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану.

Скончыўшы перавязку, яна стала адразу спускацца па лесвіцы ўніз, нягледзячы ні на кога, нічога не гаворачы нікому. Сяргей палез услед.

— Кепска?

— Кепска. Ён безнадзейны. Памрэ.

— I нічога нельга зрабіць?

Аня не адказала. Узяла пустое вядро i выйшла на двор.

Увесь гэты дзень яна была як-бы прыглушаная. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў, праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш i горш.

Увечары ён памёр.

Сяргей, палажыўшы таварыша на плячо, вынес яго ў поле, да тых-жа трох бяроз, дзе яны ляжалі ўчора. Аня прынесла рыдлёўку.

Капалі зямлю i хавалі Сцяпана моўчкі, Павел амаль увесь час курыў.

— Ну, вось, далей пойдзем? — сказаў раптам Сяргей Паўлу.

— Пойдзем. Чаго-ж сядзець.

Яны не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карта i компас ёсць.

Вярнуўшыся апоўнач у хату, дзе чакала сястра, Аня, як ніколі раней, адчула сябе пакінутай i адзінокай.

V

Дні цягнуліся нудныя, доўгія. Яна хадзіла па-ранейшаму на поле, у лес, i ўсё чакала, чакала, марыла, што ўсё гэта зменіцца, што знойдзецца справа, сапраўдная справа.

Аднойчы пад вечар прыехала ў сяло варожая калона. Тры салдаты, гамонячы аб нечым, рагочучы, накіраваліся ў хату. Арына спалохана замерла. Адзін немец, высокі, з вострым падбародкам, загадаў даць вядро. Аня бачыла, як ён выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну.

Калі ён вярнуўся, паставіў вядро на лаўку, Аня запыталася:

— Далека фронт? — заўважыўшы, што салдат не зразумеў яе, дадала: — Советы, большэвікі—далека?

— Далека… — адказаў за яго другі, маладзенькі, блакітнавокі, збіраючыся ісці. — Смаленск ёсць нямецкі, цяпер хутка Масква.

Ён стукнуў у грудзі.

— Будзем хутка там…

«Няўжо Смаленск ужо ўзялі? I на Маскву ідуць? Быць не можа», — думала дзяўчына, сочачы, як яны ходзяць каля машын.

Хоць яна i не хацела верыць у гэта, ёй было трывожна. Да поўначы гаманіла Аня з Арынай, перабіраючы тое, што было, намагаючыся ўявіць, што будзе.

— Ты чакай. Бачыш, што робіцца, — супакойвала сястру, раіла ёй Арына. — Табе што, ты чалавек маленькі, дзяўчына… Што ты можаш зрабіць?

— Не магу я сядзець, Арына, — горача дыхала ў твар сястры Аня.

— А ты патрывай… Пара цяпер такая, што жыві ды аглядвайся. I галаву згубіць нядоўга. Яшчэ, дзякуй богу, што не чапляюцца да цябе — усе-ж ведаюць, што… настаўніца.

— Не магу я так! Не магу, ты разумееш?

Уранку Арына прибегла ад суседкі i сказала ўстрывожана, што на дарозе каля Купін падарвалі машыну з гітлераўцамі, што дзевяць салдат забіта.

Аню гэта вестка ўсхвалявала па-свойму. Значыцца, ёсць людзі, што не марнуюць часу, не сядзяць так, як яна. Дзе яны, як ix знайсці?

Зноў перад ёй асабліва ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? Андрэй жыў раней з бацькам, але бацькі ўжо няма… Хто-ж можа ведаць пра Андрэя? Цётка?

Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, яна зайшла да Андрэевай цёткі.

— А хто-ж яго ведае, дзе ён, вісельнік, — неспадзеўкі, злосна размахваючы рукою, амаль закрычала цётка. — Ён i бацьку да згубы давёў.

— Не ведаеце? — не паверыла Аня: ёй здавалася, што старая лаецца няшчыра.

— От што? Калі табе жыццё надакучыла, то ты як сабе хочаш. А мяне не чапляй!

Аня пагаварыла яшчэ з адной жанчынай, муж якой калісьці сябраваў з Андрэем і, мусіць, недзе хаваўся тут, — жанчына таксама нібы не ведала нічога пра Віткоўскага. Некалькі разоў Аня хадзіла ў лес, дзе-б маглі быць тыя, каго ёй так хацелася бачыць, але не знайшла нікога. Вяртаючыся, аднойчы, яна наткнулася на гітлераўцаў, — добра, што несла ягады, не затрымалі яе, забралі ягады i пусцілі.

I вось, калі Аня ўжо амаль страціла веру ў тое, што хутка ўдасца знайсці сляды партызан, Андрэй аб’явіўся сам.

Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Яна паставіла вядро, зайшла за рог хлява.

— Хто тут?

Яна пазнала хто — па голасу, але яшчэ не верыла, — вельмі-ж доўга яна чакала! Перад ёй чарнела постаць, i хоць было цёмна, яна адчувала, — яго постаць!

— Добры вечар, Аня, — проста сказаў ён.

Яна прывіталася. Аня столькі думала раней пра яго i ў думках столькі гаварыла яму, але тут тыя словы кудысьці вылецелі. Ен загаварыў першы: пачаў распытвацца, чаму яна вярнулася, дзе была гэты час, што рабіла.

— Я ўжо некалькі дзён ведаю, што ты вярнулася.

— Кепска-ж у цябе, відаць, разведка працуе.

Ен адказаў:

— У разведкі ёсць другія задачы…

— Вядома. Толькі штосьці вы так замаскіраваліся, што i не знайсці вас.

— Затое мы ўсіх, каго трэба, знаходзім… Але я прыйшоў не для таго, каб спрачацца. У мяне, Аня, ёсць справа. Важная справа. Зробіш?

Аня знарок памаўчала, як-бы раздумваючы.

— Важная? Якая?

— Трэба пайсці ў горад, Аня… Мы хочам звязацца з нашымі людзьмі, што там працуюць. Яны табе раскажуць, як там справы… Мы ўсё не можам наладзіць сувязі… Ты зможаш пайсці?

— Добра, — сказала Аня. — Зраблю.

— Ты, Аня, улічы: зрабіць гэта не проста, задача твая небяспечная. Я табе дам тры адрасы, але ты будзь там асцярожна. Ёсць весткі: наладжвалі гэтыя дні аблавы. Можна наскочыць на засаду.

Аня слухала гэты родны голас, адчуваючы не трывогу, а радасць, такую, якой яна не ведала з таго часу, як вярнулася.

— I калі можна — дастань, Анечка, медыкаментаў. Бінтоў, ёду, яшчэ чаго, што ўдасца. Дазарэзу трэба, разумееш?

Яна кіўнула галавой.

— Не падвядзеш? — ён дадаў. — Не баішся?

Ён i раней быў зазнайка, а тут, калі яна апынулася ў такім становішчы, стаў яшчэ больш задзіраць нос. Падумаеш, калі ён партызан, калі ў яго вінтоўка, дык можна яму i крыўдзіць. За каго ён яе лічыць? Гэта яна збаіцца?

— Мог-бы не гаварыць глупства. Скажы лепш — праўда, што гітлераўцы ў Смаленску?

— Не ведаю, Анечка. Газет i ў нас няма.

— Немец быў тут, выхваляўся, што занялі яго, на Маскву ідуць. А ты — «не баішся»? Я тут… усё шукала, што-б такое зрабіць… каб не сорам было, а ты… эх ты!..

— Не крыўдуй, Анечка, я так — к слову, — сказаў ён, нібы апраўдваючыся, i стаў шэптам дамаўляцца, дзе i калі яны спаткаюцца.

Калі ён пайшоў у цемру, Аня стаяла, сочачы за ім услед.

Яна адчувала, што ў яе жыцці толькі што адбылося тое вельмі важнае, якое яна чакала i аб якім яна марыла.

Скончыліся пошукі. Скончылася адзінокасць!

1947 г.