Увосень i ўвесь першы год кульгавы чалавек i яго сям’я былі адзінымі жыхарамі гэтага дома.
Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. У доўгія i неспакойныя студзеньскія ці лютаўскія ночы сцепы вялізнага дома гулі, як дрэвы ў лесе. Летам унутры на замшэлых каменнях раслі непераборлівая i ўчэпістая трава, высокія жытныя каласы, тырчэў калючы дзядоўнік.
Дом быў амаль пусты i здаваўся мёртвым. Адзіным, што ажыўляла гэтую амярцвеласць, было жыллё Загорскага i яго неспакойны сын, які ўвесь час бегаў ці корпаўся на дварэ.
Поблізу паступова ўбіралася ў сілу жыццё. Заклапочана спяшаліся на працу людзі, ішлі гарэзнымі чародкамі школьнікі… На другі год — за тры месяцы — поруч узнялася будыніна школы, пераліўна зазіхацела шклом квадратных вокнаў; непадалёк за пустырамі i гарбамі руін задыміла жалезная заводская труба, а тут, у гэтым доме, на Совецкай, было ўсё па-ранейшаму.
Пра яго нібы забыліся.
Прайшоў год, i яшчэ амаль цэлы год — лета, зіма. Настала вясна…
Аднойчы, ясным вясновым днём, прыехалі да дома тры чалавекі. Яны доўга хадзілі вакол дома, разглядаючы яго з усіх бакоў ад нізу да верху, __ зайшоўшы ў пустэчу былых дзвярэй, падымаліся па ўцалелых цэментовых ступеньках угару, прычым адзін з ix вышэй другога паверху не наважыўся ісці, а два другія пайшлі далей, аглядваючы сцены, шукаючы трэшчын.
— Я ўсё-ткі лічу, што дом можа жыць, — сказаў адзін, з папкай у руцэ, зняўшы кепку i паціраючы далонню паголеную галаву. Тоўсты, у пенснэ, ён нечым нагадваў доктара. — Я яшчэ раз у гэтым пераканаўся, можа жыць i жыць доўга. I я за тое, каб ажыўляць… Мне здаецца, асцярога Карпенкі тут лішняя.
Праз месяцы паўтара сюды прыйшоў гаманлівы нагоўп з рыдлёўкамі i ламамі. Некалькі дзяўчат адразу акружылі малога Жорку i сталі песціць яго i распытваць, як яго зваць, хто яго бацька, дзе маці. Жора не бянтэжыўся ў гэтым шумлівым акружэнні, аглядваючы дзяўчат чорнымі цікаўнымі вачыма, малы адказваў спакойна.
— Ты што, адзін дома?
— Угу.
— А дзе-ж маці, Жорка?
— Маці на трамваі. А тата, — далажыў падумаўшы Жорка, — у магазіне, хлеб купляе…
Тут дзяўчат паклікалі, i яны пакінулі малога.
Прараб — Арцём Іванавіч — пажылы, з чырвоным, падобным на бульбіну, носам, з рудымі вусамі, у ватоўцы ca слядамі цаглянага пылу, павёў ix у дом, размеркаваў на групкі, паказаў, што якой групе рабіць.
Між маўклівых задымленых сцен, дзе гарбаціліся горы сцэментаванай цэглы, тынку i пераплеценага дроту, пачуліся стук жалеза аб каменне і вясёлыя, задзёрыстыя галасы.
— Ганна, Ганначка, хадзі сюды!.. Папрасіся — разам будзем!..
— Яна — i калі Сяргей прыходзіць — Ганну кліча!.. Цягне ўсюды з сабою!
— Яна-ж баіцца хлопцаў! Адна.
— Га-га-га…
— Дзе Косцік?! Косціка сюды з ломам! Бач ты, глыба якая!..
— Скажы ты, як спрасавалася гліна! Хоць ты яе — сякерай!
— А мы кіркай!.. Кіркай дзеўбанём!..
— Тачку-у сюды!!
Дом, пусты i забыты, адразу як-бы перайначыўся, ажыў, скінуў з сябе магільную здрантвеласць.
Неўзабаве ўжо ад дома, важна асядаючы на калдобінах, выехала першая машына, поўна нагружаная розным друзам.
Вярнуўшыся з магазіна, Загорскі ўпершыню нібы не пазнаў свайго ціхага аселішча. Перадаўшы хлеб Жорку, ён моўчкі стаяў, узрушана назіраючы за ўсім, што адбываецца навокал. Як часта ў хвіліны хвалявання, ён пацягнуўся па кісет і, прысеўшы на каменне каля свайго кутка, закурыў.
Курыў ён павольна, жмурачы вочы, i пра нешта думаў.
Ён падаўся ў пакой па-ранейшаму заклапочаны. Калі Загорскі, пакарміўшы малога, стаў чысціць бульбу на абед, увайшоў Арцём Іванавіч — прараб.
Госць, прысеўшы на табурэтку, падсунутую яму гаспадаром, зняўшы кепку, агледзеў пакоі i сказаў пяпэўна:
— Так, значыцца, жывем…
— Так i жывем, — адказаў Загорскі ў тон, здагадваючыся, чаго прыйшоў госць, i чакаючы гэтай размовы.
Але прараб не спяшаўся. Ён пацікавіўся, дзе жонка Загорскага i ці заўсёды гэта гаспадар варыць снеданні ды абеды. Толькі пасля гэтага Арцём Іванавіч, пакашляўшы, збянтэжана пачаў пра галоўнае:
— Вось што, дарагі, як хочаш, а прыйдзецца палац твой… — прараб правёў рукой так, як даюць знак сыйсці ўбок.
— Ды ўжо-ж, я думаў пра гэта, — нечакана спакойна адказаў Загорскі. — Што-ж, рабіце, што трэба.
— Ну вось i добра.
Арцём Іванавіч уздыхнуў з палёгкай…