Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: невысокі, бялявы, па-юнацку стройны лейтэнант з чамаданам i рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам, накрытым зверху марляю, i я.
Лейтэнант меў ад сілы гадоў дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, i ўсіх сорак пяць, калі не больш. На ёй была акуратна пашытая i выпрасаваная шавётавая жакетка, з-пад якой выглядвала чырвоная ў палоску кофтачка. На галаве жанчыны цвіла яркімі кветкамі святочна-новенькая хустка; над нешырокім смуглаватым ілбом віднеліся кранутыя сівізной цёмнарусыя валасы.
На пясчаным беразе ракі — навокал нас — было ціха. За намі ляжалі складзеныя ў штабель папяровыя мяшкі з суперфасфатам, вялікая скрынка, у шчылінах якой можна было бачыць металічныя часткі нейкай машыны; на скрынды чарнелі надпісы: «верх», «ніз», «не кантаваць». Каля мяшкоў i скрынкі сядзеў, спакойна пакурваючы, дзед у пацёртым да хромавага бляску кажушку, — відаць, вартаўнік. У тым баку метраў праз пяцьдзесят на ўзгорку жаўцеў будынак канторы прыстані, дзе памяшчалася каса, жыў начальнік прыстані i вартаўнік.
Быў ясны, халаднаваты дзень вясны. Паводка ўжо сышла, але Прыпяць разлівалася яшчэ значна шырэй, як летам. У лазняку, пры якім мы ўладзіліся на мурожнай лапінцы, спусціўшы ногі ў пясчаную ямку, віднеліся падсохлыя палосы зляжалага ілу i рознага намытага бруду, якія сведчылі, што нядаўна тут плёскалася рака. Другі бераг— нізкі, балацяны — у многіх мясцінах быў яшчэ схаваны вадою, якая блішчэла глыбокімі залівамі i цэлымі азёрамі.
Выгляд шырокай ракі, яснага i празрыстага вясновага прастору весяліў вочы.
Мы чакалі парахода, што затрымаўся недзе каля Пінска.
Жанчына, паправіўшы марлю на кашолцы, якую яна трымала на каленях, пацікавілася, адкуль лейтэнант родам i куды едзе. Лейтэнант адказаў, што едзе з Далёкага Усходу дамоў, у адпачынак.
— У мяне сынок таксама ў арміі, у Германіі. У Берліне служыць другі год, — паведаміла яна вайсковаму, памаўчаўшы хвіліну. — За шафера, на машыне, працуе. Піша, што жывецца яму там у арміі добра, — i кормяць добра, i адзяваюць, i навучыўся ён многаму… Толькі я вось трывожуся надта за яго — вельмі-ж становіцца неспакойна ў гэтай Заходняй Германіі…
Яна пацікавілася, куды я еду; я сказаў, што маю назначэнне на работу па меліярацыі ў Каржоўку.
— А, то добра… толькі вы гэта не да нас, a ў суседні раён. Я — з «Новага Палесся», можа чулі? Зваць мяне Васіліна Карпаўна, Крэнь па прозвішчу.
Яна зноў перавяла позірк на лейтэнанта, уздыхнуўшы, запыталася, ці ваяваў ён.
— А як-жа. Амаль з сорак першага… Спачатку тут у партызанах, — мне толькі пятнаццаць стукнула, калі я прыйшоў у лес. А потым — i ў арміі: вызваляў, будучы ў чыне сержанта i старшага сержанта, гарады Катовіцы i Прагу. Гэта пасля Прагі ўжо я трапіў на Далёкі Усход.
— Такі малады, a ўжо ваяваў, — уздыхнула жанчына.
— Ну, што-ж, хіба я адзін такі?
Ніхто лейтэнанту на гэтую выказаную філасофскім тонам сентэнцыю не адказаў. Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, пакрытую лёгкім рабаціннем, якое ціха падбягала да берага.
* * *
Мы нейкі час маўчалі. Цішыня, рачная пространь, пустата чакання — усё гэта наводзіла на роздум, а скупыя шчырыя словы трывогі нашай знаёмай пра свайго сына стваралі настрой інтымнай блізкасці між нас, асаблівай чуласці. Я адчуваў, што Васіліну Карпаўну хвалююць нейкія свае думкі, чакаў, што яна хутка даверыць нам ix, падзеліцца з намі… I праўда, яна неўзабаве загаварыла.
— Шкада, вядома, калі ў маладыя гады чалавек жыве цяжка… А я i зусім не ведала, што такое маладосць. Нібы адабралі ў мяне маладосць…
Лейтэнант, паправіўшы накінуты на плечы шынель, на пале якога ён сядзеў, зацікаўлена зірнуў на яе:
— Як гэта адабралі?
— А так, адабралі… Бо чым мне яе ўспомніць? Прайшла — i добрага знаку не пакінула. Вось так, як цень ад хмары ў полi ці на балоце — бачылі? — прабяжыць i прападзе за лесам, i нічога пасля сябе не пакіне…
— Ну, што-небудзь-жа засталося ў памяці?
— Засталося. Толькі больш такога, што i ўспамінаць не хочацца…
— A ўсё-ткі помніцца i добрае?
— Ну, вось, помню, як Кандрат — чалавек, значыцца, мой — прыязджаў сватаць. Мне тады i семнаццаці поўных не было… Помню, праўда. На вяселлі пасадзілі нас на дзяжу, — а тую дзяжу раней накрылі вывернутым кажухом…
— Каб былі, значыцца, багатыя i шчаслівыя?!
— Выдумалі, невядома для чаго. Усё — цемната людская!
Гаварыла яна ціха, расцягваючы словы i крыху аднастайна, нібы думала ўголас — у яе гаворцы адчувалася ўроўнаважанасць чалавека, які многа бачыў у жыцці. Хоць жанчына здавалася з першага позірку крыху абыякавай, усё-ж, прыслухаўшыся, легка было заўважыць, што яна ўвесь час стрымана хвалюецца — то непакоіцца, то спачувае; гэта ажыўляла яе сіняватыя, запалыя, але дзіўна ясныя, маладыя вочы, прыдавала ім нечаканае хараство i прывабнасць.
— Выйшла, значыцца, я замуж, стала гаспадыняй.
Гаспадыняй — гэта так, толькі к слову сказаць. Якая там гаспадарка?! Зямлі два моргі, хатка — трухля адна — проста дзівішся, як яна яшчэ стаіць… Біліся, як рыба аб лёд. Кандрат мой усю вясну аж да самай прыборкі хадзіў па людзях, ставіў хаты. Часам i плыты ганяў тут на Піне ды Прыпяці. Бывала, i вымакне, i папакалее — да костачак… Ад таго ўсё ламала ў яго ногі. Жартачкі…
Я пазіраў на раку, на сонечныя зайчыкі, што пераліваліся, зіхацелі справа, стараўся ўявіць цёмную дажджлівую ноч i плыты i не мог. «Чаму яна гаворыць пра мужа, нібы яго цяпер няма?» — праплыло ў мяне ў галаве, але я змаўчаў.
— Ды i вам, відаць, не лягчэй было? — прамовіў лейтэнант. — Як мужу, так i жонцы…
— Ну, мусіць-жа… Я таксама прырабляла. Ткала дзяругі… У нас i цяпер часам кажуць, што ў мяне — залатыя рукі. Гэта ад той пары… От не буду хваліцца, але як вытку лебедзяў ці ластавак — дык не інакш жывыя. Удалая на руку была! Бывала, суседзі прыходзілі падзівіцца: «Ото-ж коўдра, — хваляць, — як фабрычная!..» — Яна ўздыхнула: — Коўдры гэтыя, дарожкі прадавалі на хлеб…
— Невясёлая гісторыя… — зноў адгукнуўся лейтэнант. Ён слухаў нашу знаёмую вельмі чула, час-ад-часу ўстаўляў свае заўвагі, выказваў свой настрой, неспакойна папраўляючы на плячах шынель, пазіраючы на мяне, нібы шукаў падтрымкі. Ён быў з тых людзей, што любяць i ўмеюць слухаць.
— Дзень у дзень, дзень у дзень адно i тое-ж — хата, поле, кросны. Як заварожаная!.. A калі што i было прыкметнае, то толькі крыўда. Многа было яе. Многа! Усякі, каму хацелася, мог пакрыўдзіць!..
Век не забуду аднаго дня. Дваццаць з лішкам год мінула, a i цяпер, як прыпомніш, паверыце, кіпіць усё нутро. То-ж арыштавалі тады Пятра — брата майго. Нейкі нелюдзь выказаў, што Пятро, значыцца, — большэвік. Наскочыла паліцыя, зрабіла вобыск, лістоўкі там супроць папоў ці што знайшла, — i павялі ў пастарунак!
Я, як толькі даведалася, што ён у Нялюбічах у пастарунку, адразу — хлеба ў торбу ды хутчэй туды.
Прыбегла задыханая, — паліцыянты не пускаюць! Як я ні прасіла, ні маліла, — не пусцілі. Адзін яшчэ, — помню, выкшталцоны такі, хванабэрысты, з казырком да самых вачэй, — стаў падсмейвацца з мяне: «хлопка», бачыце, «быдла», «яму нічога не трэба — i так здэхне».
А я, скажу, хоць i цёмная была, i ў падранай кофце, але — гордая. Нікому я не даравала здзеку з сябе!
Лейтэнант з павагай i нават захапленнем паглядзеў на яе i задаволена прамовіў:
— Вось i ў мяне маці такая!
— Загарэлася я. Аж рукі дрыжаць. «Хутчэй ты сам здохнеш», — кажу. Ён адразу падскочыў, як аса яго ўкусіла, пачырванеў: «Цо-о! Псякрэў, большэвічка! Што ты кажаш, псякосць?!» Падбег да мяне i выцяў кулаком. А я ўсё роўна не магу змаўчаць яму. У мяне яшчэ большая злосць на яго. «Тое, што чуў… Усе вы хутка здохнеце!» Тут i іншыя наляцелі, як звяры, сталі біць. А я ўсё сваё крычу: «Здохнеце… Здохнеце!» Спачатку крычала, а потым ужо i гаварыць не магу. Так збілі… I дыхаць не магу — у роце поўна крыві.
Адцягнулі мяне ад пастарунка i кінулі каля плота. Я, можа, там, каля плота, і зайшлася-б. Ды толькі людзі сказалі Кандрату, што ca мной. Запрог ён каня ды прыехаў па мяне… Палажыў на сена. А я ляжу ды ўсё хрыплю: «Здохнеце!.. Усе вы, нелюдзі!..»
З той пары, прыкмячаю, пачала я нядужаць. Штосьці такое пашкодзілася ўнутры. Дыхаць стала неяк цяжка, нібы паветра не хапае. I хрыпіць у сярэдзіне… Адным словам, не магла ўжо я ачуняць… Праўда, i каб лячыцца палюдску, то не лячылася. У бальніцы за адны суткі трэба было аддаць сем злотых. Каб месяц паляжаць, дык i кароўкі не хопіць. А яна-ж адна… Ну, i калі хварэць? Паляжыш крыху, адпачнеш і, абы толькі хадзіць здолеў, — дык адразу за працу.
Яна памаўчала задуменна, потым прывычным рухам выцершы далонню сухія губы, прамовіла з вінаватай усмешкай:
— Мусіць, сум на вас толькі нагнала?
— Ну, што-ж, з песні слоў не выкідваць, — адказаў лейтэнант. — Якая доля, такія i словы… Ды i мая маці не багата шчаслівейшай была…
Ён, напэўна, стаў-бы расказваць пра сваю маці, але я перабіў яго.
— А што-ж з вашым братам?
— З братам? Ды судзілі. На восем год засудзілі. Сядзеў ён у Гродні, i ў Бярозе быў, аж да самага верасня… Сем год i восем месяцаў! Толькі чатыры месяцы i не дасядзеў…
— Гэта не ён працуе ў райкоме? — пацікавіўся я.
— Ён, Пятро, — прамовіла Васіліна Карпаўна. — З мінулай восені там… Раней дык ён у Бродах у эмтээсе быў, а летась выбралі ў райком…
Ён, Пятро, яшчэ пры Польшчы ведаў, як мы будзем жыць, калі вызвалімся. Ведама, комуніст… А я была, што асенняя ноч. Вы думаеце, я заўсёды была такой, як цяпер?.. Калі ў нас арганізаваўся калгас, думаеце, я адразу пайшла? Не. Кандрат намерыўся быў падаць заяву, дык я так на яго насела. «Ты што, кажу, распетрыць дабро хочаш? Дзяцей сіратамі па свету пусціць? Не пайду i табе не дазволю. Не дазволю!» I ўламала яго. А што-ж яму было рабіць са мной?
— Сямейная баталія. Спроба наступаць i — рашучае контрнаступленне!.. Штосьці падобнае было i ў маіх, карціна знаёмая, — сказаў мне лейтэнант.
— Баялася яго, калгаса.
— А чаго-ж яго баяцца?
— Сама не ведаю… Усё, думаю, было-б добра, каб не ён. I зямлі досыць, i конь, i кароўка — усё, што трэба…
Нацярпеўся, харошыя вы мае, са мной Кандрат. I так ён падыходзіў да мяне i гэтак — нічога не дапамагае. Я такая, што, пакуль сваімі вачыма не ўбачу, не паверу. A калі не паверыла, — то ніхто не прымусіць мяне рабіць не па-мойму.
— Ну i што-ж, доўга не верылі вы? — запытаўся я.
— Паверыла я толькі на другі год. Уступілі мы ў калгас… Ды позна паверыла! Прыйшлі ў нашы Вербавічы немцы, не адны прыйшлі, a прывялі яшчэ — каб яму немач! — графа Хвастовіча, які ўцёк у верасні.
А яшчэ праз год паліцаі схапілі Кандрата. Уламаліся ў хату ўвечары, перакапалі ўсё ў сенцах, на гары, на дварэ. Збілі яго — страх успомніць — i павалаклі. Дапытваліся, куды прыходзяць партызаны, толькі нічога не дапыталіся. Потым Кандрата перагналі ў Броды, а там — i след яго прапаў…
— I што — нічога невядома пра яго?
— Як i не было чалавека…
— Эх, гады. Колькі людзей перавялі! У нас у сяле семнаццаць чалавек расстралялі ў сорак другім, — сказаў лейтэнант да мяне. — Нейкая падлюга выдала…
— Гаравала я дужа па ім. Доўга ўбівалася. Толькі горам бядзе не паможаш. А трэба жыць — за дзяцьмі глядзець, на мне-ж яны засталіся. Добра хоць, што пачалі патроху падрастаць, з большымі — i клопат іншы…
Паразумнела, праўду сказаць, за вайну. I, калі фашыстаў прагналі i ў нас зноў калгас арганізаваўся, я адразу пайшла. Здавалася мне ўжо, што без калгаса i жыцця не будзе.
Пазалетась — от так на прадвесні — выбралі мяне на сходзе за брыгадзіра. Жартачкі сказаць: брыгадзір! Вы — людзі бывалыя і, мусіць, да ўвагі прызвычаеныя, вам, можа, i смешна: брыгадзір, падумаеш, начальства!
— А што-ж, на ўсякай пасадзе знойдзецца клопату.
— Я дык чаго тады перажыла — расказаць не раскажаш. I радасна: от i мне, учарашняй «хамцы», вераць, даручаюць такую справу. Радасна было, i — страшна: божа, як я спраўлюся з ёю, я-ж ніколі не ведала нічога, акрамя сваёй хаты ды поля свайго. «Не, — кажу я, — за ласку дзякую, але не згодна. Дарэмна выбіраеце мяне. Не спраўлюся». «Справішся. Дзе адна не здолееш, дапаможам», — зашумелі людзі. «Гэта i добра, што ты сумняваешся, — крыкнула аднекуль з кутка Адар’я, суседка мая, — значыцца, да справы сур’ёзна будзеш брацца!»
Угаварылі. Дамоў я ішла ў клопаце. У галаве назолаю розныя трывожныя думкі. Як прыйшла дадому, бачу, — не засну, дый годзе.
Прыбрала ўсё ca стала пасля вячэры, паслала настольнік. Надзейку, дачку, адправіла спаць, а сама прыкруціла кнот у лямпе i села каля стала. А на сэрцы, як i раней, — і сонца i хмары. У хаце ціха, толькі ходзікі на сцяне — цік-так, цік-так, а я сяджу i думаю, думаю, што буду рабіць. Можа, да поўначы прасядзела так… От як я прыняла сваё брыгадзірства.
Пра тое, як я працавала, не буду казаць. Пра гэта ў газетах пісалі, ды i сама я не на адной нарадзе колькі разоў гаварыла. Можа, чулі? Асабліва багата клопату было летась — з тым аўсом, што на «Мокрым», на тарфяніку. I славы i клопату. Пустазелля — адкуль яно толькі бралася? Ну, проста, забівала поле! Зноў-жа, колькі турботы, каб авёс не палёг. Жартачкі… На балоце глеба далікатная — ёй трэба асобы догляд…
— Далікатная… Гэта точна! — пацвердзіў тонам знаўцы лейтэнант.
— Бывала, з галавы тое «Мокрае» не выкінеш. Іншы раз i няма чаго ісці ў поле, а цябе цягне, — проста так, як да дзіцяці, каб праведаць: «як ты, маўляў, тут без мяне?»
Часта прыязджаў таварыш Хмялеўскі, сакратар наш. Ці то едзе з райкома ў нашы Вербавічы, ці то проста па тракту куды-небудзь едзе, у які калгас ці сельсовет, абавязкова спыніць сваю «Пабеду» i зойдзе на «Мокрае». Не праміне… цікавіўся вельмі.
Многаму мне давялося павучыцца з тым «Мокрым». Ляжала балота век перад вачыма, мазоліла вочы, — а як прыйшлося да справы, то аказалася, што я нічога пра яго не ведаю. У балотнай глебы свае капрызы. Тут-бы мне i ўзяцца за навуку пра балота, а я паспадзявалася на практыку сваю ранейшую, надумала старой дарожкай ісці.
Цераз гэтую навуку далася я ў знакі аграному спачатку. На нажах, проста сказаць, былі. Ох, i злаваў тады на мяне Сцяпан Ігнатавіч, аграном наш!.. Аднойчы нават «сляпой» абазваў, ей-богу, так i сказаў — «сляпая»…
— A ў вас, аказваецца, характар востры!
— Я часта спрачаюся больш цераз гонар, абы не паступіцца. Такая прывычка: вось i ведаю, што не мая праўда, a ўсё роўна не здаюся! Бы сябе зганьбіць баюся, ці што… Так i з Сцяпанам Ігнатавічам — спрачаюся, а пасля падумаю, падумаю, ды i раблю, як ён кажа…
Кніжкі пра балота сама пачала чытаць. Хай не думае, што я неразумная баба! Заўважылі мае жанкі, што я гэта чытаю, i нават жартам празвалі — «балотны прафесар». Так мяне цяпер часта завуць, асабліва Адар’я, насмешніца, тая ледзь што — «балотны прафесар»!
— Так i называе? Балотны прафесар? — лейтэнант засмяяўся. — Прыдумала-ж!
— Яна прыдумае. Язык у яе — лёгкі на выдумку ўсякую!.. От-жа разгаварылася, — схамянулася Васіліна Карпаўна. — Другі раз слова не выцягнеш, а тут, як само льецца. Ну, ды ўжо, калі пачала, давяду да канца… I жыта было добрае, i ячмень удаўся, а авёс, што на «Мокрым», на спрадвечным балоце, дык на дзіва людзям.
У мяне яшчэ i цяпер снапок таго аўса хаваецца для гасцей: часта прыходзяць з навакольных сёл, ды i здалёку прыязджаюць, — паказваю, бо ёсць такія, што на слова не вераць. А чаго тут не верыць! Быццам ужо рэдкасць гэтакая?.. На Бабруйшчыне, чытала я, яшчэ лепшы авёс вырасцілі… Будзеце ненарокам у Вербавічах, — звярнулася яна раптам да лейтэнанта, потым да мяне, — i вас таксама запрашаю: калі ёсць цікавасць, заходзьце паглядзець… Наш авёс цяпер ёсць i ў Мінску, у інстытуце…
У гэты час з-за пясчанага, з крутым берагам, мыска паволі выплыў невялікі светла афарбаваны параход, які шумна біў пліцамі па вадзе. Лейтэнант, адзеўшы шынель i зашпільваючы яго, стаў разважаць, ці ўдасца яму да вечара дабрацца да вёскі, да якой ад ракі было яшчэ не менш за чатырнаццаць кілометраў. Ен з неспакоем паглядзеў на чамадан, перавязаны двума плеценымі рамянямі, i салдацкі рэчавы мяшок. З такім багажом ісці пехатой будзе нялёгка!
— От, не люблю ў дарозе з рэчамі цягацца. Гэта толькi таму, што ў адпачынак еду: падарункі маме ды браценікам i сястрычцы… А так — толькі рэчавы мяшок: закінуў за плечы—і гатоў!..
— A маці i не ведае, мусіць, што вы едзеце! От-жа будзе шчасце, як убачыць!.. — твар Васіліны Карпаўны засвяціўся добрай матчынай усмешкай.
Мне падумалася: якая яна, напэўна, клапатлівая аб сваіх дзецях i як добра разумее чужую радасць.
Лейтэнант пайшоў да касы, браць на ўсіх білеты, i мы на беразе засталіся ўдваіх. Васіліна Карпаўна паставіла кошык на пясок, абаперлася аб калені локцямі; цяпер яна ўвесь час маўчала, думала аб нечым сваім, згорбіўшыся i пазіраючы нязводна ўніз, на залацістую, варухлівую каёмку берага. Твар яе, нерухомы, з маршчынкамі, нібы застыў, скамянеў i здаваўся значна старэйшым, як раней.
Прыстань, дасюль маўклівая i пустая, хутка ажывала. Каля касы вырасла непрыкметна чарга чалавек з дваццаць. Да берага падышоў грузавік з белым надпісам на кузаве «пошта», — ён спыніўся поблізу, чакаючы парахода; потым падляцеў, падскокваючы, ківаючыся з боку на бок, нізенькі «Масквіч». Да месца пасадкі два мужчыны сталі падносіць нейкія бочкі.
Параход, які перастаў дыміць i малаціць пліцамі па вадзе, ярка бялеючы свежай фарбай кают i поручняў, падыходзіў да берага ціха, падуладны толькі рулю. На гладкі пясок пачалі, плёскаючы, пенячыся, даганяючы адна адну, кідацца, паўзці бруднаватыя хвалі.
…Васіліна Карпаўна ўзяла кашолку i павольна, спакойна ўзышла па хісткіх сходнях, што, выгнуўшыся, віслі над каёмкай берага i паспакайнелай вадою. Я дапамог лейтэнанту занесці на палубу яго мяшок.
Параход захрыпеў, пасля загуў прарэзліва: два хлапчукі-матросы паспешліва сцягнулі сходні на палубу, i мы пачалі адыходзіць ад берага. Параход выйшаў на сярэдзіну ракі. Абапал ліха паплылі берагі: злева — нізкі, зялёны, з балотным хмызняком i шырокімі разлівамі вады; справа, за прыбярэжнай касой, віднелася невысокая града з дрэвамі i вёскай наводдаль.
— Тут большае можа i не ў тым брыгадзірстве. Не ў казцы, a ў прыказцы справа. Я інакш бачыць сябе стала. Адар’я нават раз пасмяялася: задавацца, кажа, я стала… I з маіх убораў пасмейваецца. Я от, — можа, i няёмка казаць, — Васіліна Карпаўна крыху збянтэжана ўсміхнулася, — стала больш глядзець за сабой, прыбірацца нешта пачала. Гады ў мяне не маладыя, дзеці выраслі, а я — што гэта са мной?
Бывала, божа мой, ходзіш задрыпаная, абарваная, у латаным зрэб’і i — быццам так i трэба. Ці не ўсё роўна! А цяпер часам хочацца ў люстэрка паглядзець!
Люблю я прыбрацца ды прайсціся ў святочны дзень пад руку з Надзейкай, з меньшанькай маёй. Яна ў мяне ружовенькая, высокая ды здаровая — проста мак цвіце. Семнаццаты гадок пайшоў. У свята — ведама што: людзі сабіраюцца каля хат, на прызбах, на лавачках, — падыдзем, пагаворым пра тое-сёе ды далей. Я часта так раблю выгляд, нібы ў краму ідзем, a папраўдзе для таго, каб людзям паказацца: «Глядзіде, маўляў, на мяне, шчаслівую, радую, любуйцеся, якую я прыгажуню-дачку выгадавала!»
Яна ў мяне вучыцца ў дзевятым. Ахвоту вялікую да вучобы мае, асабліва батаніку любіць. Летась усё хадзіла ў лес ды на балота, кветкі-траўкі розныя збірала ды на паперу засушвала. Гербарый называецца… I якія толькі ёсць у нас расліны — усё яна ведае, ды не проста, а па-вучонаму… От, скончыць школу, у Мінск пашлю, на вучоную вучыцца. Няхай ідзе ў людзі!..
Васіліна Карпаўна дастала некалькі кніжак з кошыка, перавязаных шпагатам, i сказала:
— Вось вязу Надзейцы i сабе — пра каноплі. Сёлета каноплі на асушаным балоце будзем сеяць… — I, хвіліну разважыўшы, дадала: —Купіла яшчэ крэпдэшыну ў магазіне. Надзейцы на плацце — з кветачкамі сінімі, i сабе шоўку — чырвоны з белым гарошкам…
— У вас — двое, цётка Васіліна?
— Пяцёра выгадавала. Тры сыны i дзве дачкі. Другая донька — Ганна — у Глінішчах за рахункаводам… А сыны — адзін пры мне, працуе за лесініка. Жаніўся той восенню, у Вербавічах-жа, каля лесу, жыве. Хата яго стаіць от так наводдаль сяла. A другі — Пятро — той за агранома вывучыўся, толькі ў гэтым годзе тэхнікум скончыў, робіць аж пад Полацкам. А серадольны — той у арміі, надоечы пісаў — шаферам служыць.
Баліць у мяне — от кажу — сэрца за яго. Пра іншых меншы клопат, а пра гэтага, бывае, цэлыя ночы думаю. I лістоў вельмі чакаю ад яго. Бывае, пройдзе тыдзень, а ад яго — ні слоўца, дык я быццам сама не свая…
I што яны, гэтыя амерыканцы, круцяць там, у Заходняй Нямеччыне! Зноў фашыстаў прыграваюць, кулямёты ды мінамёты даюць. Толькі што адно такое ліхалецце перажылі, дык яны новае рыхтуюць. Мала ім гора людскога ды слёз!.. I пра што там думаюць маткі тых амерыканскіх салдатаў? Ці ім не шкода сваіх дзяцей? Чаго яны маўчаць?..
Эх, не даюць пажыць спакойна! Тут у нас, на Палессі, такія справы ідуць — такія справы… Самы час настаў для людскога жыцця ў нас, а там…
Васіліна Карпаўна сціхла, узрушаная трывогай за шчасце сваёй сям’і, за многіх такіх, як сама. Я з нейкай асаблівай павагай пазіраў на яе, гэтую, на першы позірк, непрыкметную жанчыну.
Насустрач нам шырокімі вільготнымі хвалямі плыў вецер, які абвяваў, халадзіў твар i шыю. Васіліна Карпаўна расшпіліла жакетку.
— Слухаю вас, i даўно карціць спытацца, — скажыце, колькі вам год? — прамовіў я i дадаў, што яна здаецца нейкай маладой душою.
— Я i сама бачу гэта… I хто-б думаў, што можа яно так стацца… Што… гады сыйдуць з плеч! У песні вось спяваюць: «А моладасць не вернецца, не вернецца назад». А яна як-бы вяртаецца!
I жанкі мае не раз дзівіліся з мяне. Аднойчы Адар’я мне сказала: «Адкуль у цябе, Васіліна, столькі руху? Ты такая непаседлівая, такая заўзятая. Ну, праўда, заўзятая!.. Мусіць, каб не ты, то ў нас нічога з балотам i не атрымалася-б. А з табою — легка… Ты, не ўрокам кажучы, як маладая!»
Васіліна Карпаўна засмяялася памаладзелымі вачыма, у якіх i вясёлы жарт, i лёгкая іронія з сябе. Я, пазіраючы на яе, перастаў заўважаць i яе маршчыны на твары, i сівізну ў валасах, пасму якіх варушыў пругкі веснавы вецер. Але ўсмешка хутка растала на яе твары, — жанчына загаварыла сур’ёзна i задуменна:
— Маладая! Каля пяцідзесяці… Хіба-ж гэта ўсё? — голас яе прыціх i задрыжэў. — Я-ж, можа, толькі вось цяпер жыць пачала як мае быць. Па-чалавечаму пачала жыць… Дзетак у людзі вывела. Я, можа, толькі цяпер — пры нашай уладзе, дзякуй ёй! — паспытала, што яно такое, жаночая доля…
Васіліна Карпаўна зноў памаўчала.
— Доля… Запозна трошкі ты, маладосць мая, пачала вяртацца. Эх, каб гадоў на дзесяць раней прыйшла!
Ужо-ж пажыла-б я!.. Ну, ды — годзе! Не ўсё яшчэ мінулася. Не ўсё!
Яна стала глядзець наперад, у шырокую, усхваляваную ветрам простань ракі, куды спакойна, важка ішоў параход.
195З г.