Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку i пачала моўчкі распранацца. Развязала хустку, на якой блішчэлі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Распраналася яна марудна — ад утомы, якая роўным ныючым цяжарам наліла цела.
— Ад Сямёна нічога не было? — спытала яна, зірнуўшы на свякруху шырокімі, з касымі разрэзамі, вачыма, хоць па твары старой бачыла, што не было.
— Нічога… — адказала свякруха.
Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Толькі зараз было цяжэй, чым днём у лесе, але гэта быў той-жа пякучы сум з-за трывожных думак пра мужа, ад якога болей двух месяцаў не прыходзіла пісьмаў. Гэты сум толькі часова адышоў у дарозе, калі жанчыны збіраліся ля яе воза i жартавалі.
Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Была яна невысокая, павольная і, відаць, дужая. Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі i круглыя плечы. Не расчэсаныя яшчэ валасы былі памяты i пераблытаны. За сталом сядзеў сын i чытаў, ён не звяртаў увагі на прыход маткі. Маша наблізілася да яго, пяшчотна пагладзіла любыя белыя валасы. («Зусім, як у Сямёна», — падумала яна). Мікола, не адрываючыся ад кніжкі, нецярпліва матнуў галавою. Ён не любіў, калі маці лашчыла, бо лічыў сябе ледзь не сталым мужчынам. Яму пайшоў дзесяты год.
— Якая кніга, Мікола?
— «Рускі характар».
— Цікавая?
— Угу, — адказаў сын, не ўзнімаючы вачэй ад кніжкі.
Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла i села каля процілеглага ўскрайку стала. Свякруха — сухенькая, з худымі вострымі плячыма бабулька— паставіла на стол вячэру, падала ўсім лыжкі i села таксама.
— Кінь кнігу, Мікалай. Бяры лыжку ды вячэрай.
— Не хачу.
— Кінь, кажу, — строга загадала бабуля.
Мікола нічога не адказаў i настойліва працягваў чытаць. Маці i бабуля пачалі вячэраць.
— Што-ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замарнавалася, родная? Хіба жаночая справа дровы вазіць? Гэта i мужчыне не ўсякаму пад сілу… Усё — жанкі… Ох, ліха…
Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася яшчэ цяжэй. Словы не ішлі, думкі нібы застылі, нібы завалакліся змрокам.
— За Сямёна ты не бойся, — лагодным голасам гаманіла свякруха. — Будзе жывы, Мар’ечка. Вернецца. Я ўжо ведаю. Чаго толькі сябе зводзіць ды ў сухоты ўганяць…
— Не магу я. Так баюся, каб чаго з ім, крый божа, не сталася.
— А ты паплач, Мар’ечка. Паплач. Жаночая сляза, што вада, а паплачаш i — лягчэй. Лепш робіцца. Ты паплач.
— Нашто? Хіба слязьмі паможаш чаму?
Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу i пачаў сярбаць крупнік. Еў ён спачатку маўкліва i задуменна, пад уражаннем прачытанага.
— Мам, — раптам загаварыў ён. — Васеў бацька ўчора прыехаў з фронта. Прыйшоў вечарам, а яго не пазналі. Кажуць — наш чалавек на фронце. А я свайго бацьку адразу пазнаў-бы, каб толькі прыйшоў… А потым пусцілі. А сягоння ён быў у нас у класе. У шынялі i з пагонамі. А на пагоне дзве зорачкі i адна пасачка. Я сам бачыў. Яго бацька лейтэнант, а Вася гаворыць, што ён скора будзе капітанам. А я казаў, што ён спачатку павінен быць старшым лейтэнантам, а пасля — капітанам. Праўда, мама?
— Не ведаю.
— От, i заўсёды ты не ведаеш! A настаўніца наша, Ліда Іванаўна, усё ведае.
— На тое яна i настаўніца.
— Мама, а чаму ад нашага таты няма пісьмаў? Я так занудзіўся. Усім прыносяць, а нам няма. Ён ранены, мам. Га?
— Што ты вярзеш, дурны? — уз’елася раптам бабуля. — Вось зараз як плясну лыжкай па галаве. Скажы толькі ’шчэ раз.
— Я-ж праўду кажу, — упарта пярэчыў Мікола. — Калі-б ён быў не ранены, то пісаў-бы.
— Пагавары ’шчэ трошкі!
— Не пагражай. Я цябе не баюся, — смела адказаў Мікола, але на ўсякі выпадак падсунуўся бліжэй да маткі. Бабуля паглядзела на Машу. Тая сядзела сумная, з пачырванелымі вачыма, модна сцяўшы тонкія сухія губы.
— Мама, не крыўдзіцеся на Міколу. Што ён разумее?
— Я ўсё разумею. Ты заўсёды кажаш, што я малы, а Васеў бацька сказаў, што я ўжо вялікі.
Ніхто не папярэчыў яму, i рэшту вячэры сядзелі маўкліва. Калі павячэралі, Маша паслала ложак i лягла спаць. Побач прымасціўся Мікола, паклаўшы сваю белую галоўку на яе руку. Ён адразу заснуў, а Маша не магла.
У вачах, калі яна заплюшчыла ix, спачатку праходзілі задумлівыя, доўгія шэрагі танклявых аснежаных бяроз, рабілася вусцішна. Потым бярозы валіліся, асыпаючы з вецця снег-пушок, чапляючыся, нібы спрабавалі ўтрымацца, за галіны сваіх сябровак; плыла бліскуча-бронзавая санная каляіна; скрыпелі сані i галёкалі звонкія жаночыя галасы, падганяючы коней.
Затым усё кудысьці знікла, i яна ўбачыла, як у пакой нячутна ўвайшоў Сямён. Ён быў такі-ж, як i раней: рослы, шырокаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Сямён ціха зачыніў дзверы i падышоў да яе. Ён прыйшоў з калгаснага сходу.
Сямён шчакой прыхінаецца да яе шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. «Работы шмат: старшыня калгаса», — думае Маша. Як прыемна, як радасна з ім! Маша адчувае хвалююча-знаёмае цяпло яго твару, i шчаслівае пачуццё ўзнімаецца ўнутры. Яна ляжыць i не дыхае, не паварухнецца — так ёй хораша i лёгка!
I тады, у тую невыказна шчаслівую хвіліну, Маша мімаволі расплюшчвае вочы, i грудзі балюча сціскаюцца ад самоты. Яго няма! На печцы, як звычайна, не спіць, вохкае бабуля. Мікола аб нечым горача шэпча ў сне.
У акно пазірае белая месячная ноч. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, —ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Праз шыбы бачна кавалачак сіняга неба ў халодным роўнадушным бляску шматлікіх зорак. Нерухомая бясконцая ноч…
Цяжка ноччу. Колькі горкіх думак перадумана за доўгія зімовыя ночы. Усё ўспамянута, усё перажадана, засталося толькі адно: туга — важкая, цягучая. Нічога няма цяжэй за яе. Днём можна забыцца, уцячы ад тугі, а цяпер яна тут, нібы каменем цісне грудзі.
Калі-б хоць адно слова ад Сямёна. Толькі адно слова, што жывы, ну, i здаровы — i больш нічога. Тады ўсё стане інакшым. Цяжка жыць пры невядомасці… Горкую i балючую праўду, бадай, лягчэй перагораць, чым яе… Два месяцы i чатыры дні няма пісьмаў. Што з табою, любы? Ты пісаў, што баі былі моцныя. Mo’ паранілі? Ці захварэў?.. Паплач, паплач — лягчэй будзе. А дзе тых слёз узяць? Няма слёз — усе высахлі. З той пары, як пайшоў Сямён, не заплакала ні разу. Гордасць жаночая не дазваляла…
Марудна i доўга плылі невясёлыя думкі.
Бачыць яна: чалавек ідзе па полі. Шынель яго расперазаны, нараспашку. Вецер паднімае полы. Гэта ён, Сямён. Сямён ідзе дадому… Ну, так, дадому, у водпуск… Падыходзіць да хаты. Падымае руку i стукае… Пачакаў крыху, паслухаў i зноў стукае. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Сямён стукае, а Маша ляжыць i не можа зварухнуцца. Што гэта такое з ёю дзеецца?
«I ноччу няма ад яго спакою», — бурчыць на печы бабуля. Чаму яна такая няласкавая? Яна, пэўна, не ведае, што гэта Сямён стукае?
— Гэта-ж Сямён! — чуе Маша скрозь дрымоту свой голас i прачынаецца. Дрыжачымі ад узрушанасці рукамі яна шукае плацце i не можа знайсці.
— Дзе той Сямён? Гэта-ж твой брыгадзір, трасца яму, бяссоннаму.
Свякруха, крэкчучы i вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Бразгае засаўка.
— Няма на цябе ўгамону, бяссонны, — няласкава сустракае яна таго, хто ўвайшоў.
— Ціха, ціха. Я толькі на хвілінку.
— Спаць не дасць…
— Ą я не да вас. Спіце, калі ласка, на здароўе. Маша, выбачай, што патрывожыў позна… Заўтра зноў паедзеш у лес. I ўсе, хто сягоння былі. Што з табой? Не прастудзілася? Ты хворая?..
— Нічога, — цяжка выціснула Маша. — Нічога. Сон прысніўся. Не турбуйся, я паеду…
Але чаму ў грудзях такая туга?
Брыгадзір — малады, цыбаты, без рукі хлопец, у наношаным франтавым шынялі з выгарэўшымі пятліцамі занепакоена зірнуў на Машу. Яна вышэй нацягнула коўдру.
— Ну, бывайце!.. Чакай, от ліха! Ледзь не забыў!.. Тут табе, Маша, пісьмо — узяў на пошце… Другі дзень нашу.
— Пісьмо?!
Ён дастаў пакамечаны канверцік. Маша нецярпліва выхапіла яго з брыгадзіравых рук i прабегла вачыма надпіс. Почырк быў незнаемы, хоць адрас стаяў ранейшы. «Пісьмо з часці», — здагадалася яна. Хвіліну яна паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Яна зноў узрушылася i так моцна, што не здолела больш чытаць.
Маша аддала пісьмо Максіму i папрасіла яго прачытаць. Ён узяў пісьмо, здзіўляючыся, што яна так абыякава абышлася з ім, — не радуецца і не сумуе. Гэта былі друкаваныя на машынцы радкі з пячаткаю i роспісам унізе. Ен пачаў чытаць:
— Паважаная Марыя Сяргееўна! За мужнасць i адвагу, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ваш муж узнагароджаны высокай урадавай узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Наша часць ганарыцца ім, мужным сынам нашай вялікай Радзімы…
Максім спыніўся, не дачытаўшы пісьма. Ён збянтэжыўся, — Маша плакала. Хлопец паспрабаваў быў заспакоіць, але яна не адказала i заплакала мацней. Максім стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць…
— Што ты стаіш, чорт бяссонны? Вады падай.
Ён з палёгкай кінуўся да вядра, прынёс корчык вады i працягнуў Машы. Але тая адвяла яго руку i лагодна загаварыла:
— Ты не трывожся, Максім. Гэта — так сабе… жаночыя слёзы. Чакала, чакала столькі, хвалявалася, пакутавала — i раптам, бачыш, такая радасць!.. Такую вестку ты прынёс! Як i аддзякаваць, не ведаю.
— За што-ж дзякаваць… што затрымаў пісьмо? I сам не ведаю, як я забыўся аддаць учора.
— Што-ж ты такі няўважлівы?
Маша гаварыла, стрымліваючы слёзы, але на сэрцы яе было легка i чыста, таксама як лёгкія i чыстыя былі яе слёзы. Яна ўпершыню за многія дні ўсміхнулася.
— I дзень, i ноч пра яго, бывае, думаеш. I як не думаць, праўда? Там i бомбы, i кулі, i смерць. Ды яшчэ, мабыць, у полі мерзне… Ну, але цяпер можна быць спакайней. Толькі чаго-ж я плачу? Дурная! Ці не праўда, дурная? Трэба смяяцца, a ў мяне — слёзы!..
Бабуля, якая маўкліва паглядала на нявестку, моцна сцяўшы бяскроўныя вусны, раптам прамовіла задаволена:
— От, i прыйшлі яны, тыя слёзы… Са шчасця… прыйшлі, нарэшце.
1945 г.