І. ЖЫЎ ЧАЛАВЕК, ЖЫВЕ ЯГО ВАНТРОБА!

Папярэдняя інтрыганцкая фаза разьвіцьця, у якую ўступіў я дзякуючы напружанай барацьбе з бузацёрам і сьвістулянтам Лінам, вельмі моцна грукнула мне ў галаву і наскрозь пракалола ўсю маю істоту. Тая склочная культура, якую разьвёў вакол мяне Лін, вельмі зьнясіліла мяне. Я хацеў ужо адбой біць. Хацеў кінуць, рынуць усё ды асесьці на бацькавай гаспадарцы.

Але раптам, нечакана для мяне, тэмп шалёнай барацьбы зь Лінам значна зьнізіўся, і падзеі пайшлі ў мой бок.

Цяпер, калі я пішу гэты другі скрутак сваіх запісак, мая пазыцыя больш-менш умацавалася. Зразумела, і цяпер небасхіл майго грамадзка-вытворчага жыцьця яшчэ ня зусім бяз хмарак. Небясьпека яшчэ засталася. Той антысамасуйны блёк, які стварыў Лін, час ад часу дае сябе адчуваць. Гэта прымушае мяне рабіць няверагодна ўдалыя манэўры й сваячасова разрываць павуціньне варожых мне пэрсанажаў і арганізацыяў.

За мінулы пэрыяд свае дзейнасьці я дабіўся значных дасягненьняў. Цяпер я досыць прыкметны працаўнік акруговага маштабу. Я ўжо ня жыву пад знакам вадалея. Жыцьцё маё цяпер арганізацыйна афармавалася. У мяне добрая кватэра з цэнтральным ацяпленьнем, электрычнасьць, мармуровая купель з дожджыкам, добры сад, а ў ім пышныя кветкі, якія разносяць дуротны пах і напаўняюць увесь арганізм салодкімі, бязьмежнымі марамі. Я вельмі ўпадабаў сваё цяперашняе жыцьцё і гляджу на яго з «псыхалюбаваньнем». Праўда, нялёгка далося гэта!

Я праявіў максімальнае напружаньне сіл і шмат творчай энэргіі сканцэнтраваў, каб узьняцца на гэту вышэйшую стадыю ў разьвіцьці грамадзкага жыцьця. У далейшьм мне трэба будзе адпаведным чынам зафіксаваць гэты свой сацыяльны і матар'яльны стан і дабіцца далейшых посьпехаў.

Пэўная доза асьцярогі, якую набыў я за пройдзены адрэзак часу, ёсьць парукай, што тыя цяжкасьці, якія сустрэнуцца на маім шляху, будуць мною пераможаны. Яны ня ліквідуюць майго грамадзкага «я».

Часта прыходзіць мне ў галаву прыказка Торбы:

— Жыў чалавек, жыве яго вантроба!

Цалкам далучаючыся да гэтых слоў, я досыць аптымістычна гляджу на далейшае разьвіцьцё падзеяў.

Я добра ведаю, што кашаль бяз колік нікуды ня варты (Торба), і што трэба выпіць да самага доньня келіх гарчышнага жыцьця, толькі пры гэтай умове зразумееш і адчуеш слодыч існаваньня наогул.

Вось прадпасылкі майго аптымізму. Нядаўна мяне канфідэнцыйна інфармавалі ў цэнтры:

— З восені мы маем намер перакінуць цябе сюды на вельмі адказную працу. Згодзен?

Мяне гэта вельмі ўсхвалявала і выклікала нястрыманае маральнае здавальненьне. Гэта прапанова найлепшы сьветка маіх шматлікіх дасягненьняў. І я даў генэральную згоду на перакідку.

Сьпяшу падкрэсьліць: у нашым жыцьці няма яшчэ выстарчаючай плянавасьці. І мне нямэтазгодна браць прыклад з таго цыгана, які круціў сонцам, або праяўляць нездаровае імкненьне скупсьці цецярука, калі яшчэ не злавіў яго. А таму я да часу маўчу і не праяўляю публічна свае здаровае ў прынцыпе экспансіі.

Замест разважаньняў аб далейшых хвалюючых пэрспэктывах я лепш занатую падзеі, якія адбыліся ў Шапялёўцы пасьля той ганебнай баталіі зь Лінам, што ацьвярэзіла мяне і пераканала ў неабходнасьці мэтавай цьвёрдай устаноўкі і плянавага прынцыпу ў маёй далейшай чыннасьці. Занатаваць падзеі насьпела неабходнасьць. Бо, калі іх разглядаць у цэнтральным аспэкце, дык магчыма, яны і ня маюць першараднага значэньня, але для мястэчка Шапялёўкі і раёну іх значэньне можна параўняць зь геалёгічным пераваротам.

А для мяне пройдзены этап мае выключную гістарычную цікавасьць. Разгортваючы ў сваёй галаве ход мінулага жыцьця ўва ўсіх дробязях фактычных абставін, я бачу:

— Не малую ролю ў культурнай рэвалюцыі, што адбывалася ў Шапялёўцы і мела ўдарна-кампанейскі характар, адыграла і мая пэрсона. Справу, якую гістарычны лёс усклаў на мае плечы, я выконваў так добра, як п'яўка кроў сьсе (з разьвітальнай прамовы, словы Мамона).

Кароткая заўвага. Тры чалавекі ў Шапялёўцы зрабілі ўплыў на маю фразэалёгію і памаглі фармаваньню маіх мастацкіх пачуцьцяў.

Гэта трыяда: судзьдзя Торба, загадчык нардому пясьняр Гарачы (Пушкінзон) і настаўнік Мамон.

Што датычыцца паршага, дык у самым пачатку мінулага лета я ў садзіку каля сваей кватэры (дзе і Крэйна жыла) знайшоў няхоцьцю кінуты блёкнот Торбы. Там былі запісаны яго штодзённыя прыказкі з прычыны розных актуальных здарэньняў. Гэта быў скарб для мяне. Я тады некалькі разоў перачытваў гэты помнік эпохі. Пасьля з-за гэтага блёкноту, дзякуючы маёй нявытрыманасьці (язык — мой вораг!), увосень была праведзена ўдарная кампанія. Быў наладжаны паказальны грамадзка-таварыскі суд над Торбай. Аб гэтым у запісках я мімаходам скажу. Цяпер хачу падкрэсьліць адно:

— Ня гледзячы на тое, што на судзе я фігураваў у якасьці пракурора і паводля дадзеных мне вышэй стаячай арганізацыяй дырэктыў сурова выкрываў антыграмадзкія пагляды і думкі Торбы (— Як сабака віляў у чаўне! — гаварыў мне пасьля Торба, які ня вельмі злаваўся на мяне) і разышоўся з былым прыяцелем ува ўсіх напрамках, але Торбаў блёкнот я ціхаматна перапісаў сабе на ўспамін і часта пад нос мармочу сабе няўміручыя прыказкі Торбы. Часта густа яны для мяне, як рэлігійны опіюм для народу, як валер'янавыя кроплі для нэрвова-стомленых, замардаваных людзей. Магутная моц слова!

Пра песьняра Гарачага скажу: яго шалёная фантазія, прызнаюся, троху ськіўнула і мяне з розуму. Яго паэмы вытрыманыя ў стылю рэвалюцыйнага трубадурства, зьяўляюцца яскравым доказам, як вырасла за гэты час наша паэзія, як вырасьлі масы, якія культурныя турботы апаланілі іх думкі ў наш час. Я паддаўся ўплыву яго паэзіі, як чулы баромэтр.

Пра Мамона будзе ў далейшым сказана.

А цяпер, пасьля пададзеных заўваг, я пераходжу да справы.

Шпарчэй скачы, маё пяро, і, нічога не хаваючы, чорным насеньнем зафіксуй мінулае!

ІІ. ВЫРАЎНАЦЬ ЛІНІЮ!

Аднойчы, калі цьвілі ліпы, і ў паветры духотна п'яным і гарачым плылі струмені ліпнёвага паху і квітнеючых сенажацяў, я стаяў на мосьце і глядзеў, як паціху бегла вада невялічкай рачулкі. Мост быў пад горкаю, каля могілак за мястэчкам. Лог ля рэчкі бялеў увесь рамонамі.

Цяжка было на сэрцы. Газэтная кампанія, узьнятая супроць мяне Лінам, выклікала вультра-фіялетавы настрой. Я глядзеў на белыя, бязьвінныя рамоны й думаў:

Ой, рамон-зельле кудравае!
Скажы мне, рамон-зельле,
Айдзе мая доля ліхая
Бітым шляхам валачэцца?

Ніякага выразнага адказу ад расьліны я не атрымаў. Ды й што мне параіла-б няшчасная кветка, якая сама, мусіць, думала, як праз 2 ці 3 дні гострае джгала касы дзікунска насьмяецца з прыгажосьці прыроды ў імя харчова-утылітарных запатрабаваньняў?

Доўга думаў я над рэчкаю (да рэвалюцыі яе звалі Сіняй рэчкай), а калі дамоў ішоў, у галаве маёй быў цьвёрда задуманы і добра сканструяваны плян. Як відаць, мяне ня так лёгка зламаць. Жыцьцё ў мяне пырскае з усіх каморак арганізму. Як відаць, бліскучае, гарачае сонца, сіняе, бясхмарнае неба і лёгкі, лагодны ветрык супольна апрацавалі маю думку ў пажаданым напрамку і стварылі мой плян. Ад пэсымізму ня было і сьледу.

Зьмест пляну: праз 3 ці 5 дзён я афіцыйна падаю заяву аб вызначэньні мне месячнага тэрміну для адпачынку. Дамоў да бацькі не паеду. Адпачынак правяду тут, у Шапялёўцы!

Кажны мае рацыю прызнаць гэты плян дзівацкім. Але, калі лёгічна да канца прадумаць усю мясцовую сытуацыю і разгледзець яе пад кутом барацьбы за вытрыманую лінію, дык больш разумнай пастановы нельга вынесьці.

Я прызнаю, што ў першы пэрыяд свае шапялёўскае чыннасьці з майго боку шмат было зроблена палітычна няверных крокаў. Неабходна хутчэй выраўнаць лінію і зноў заваяваць страчаны аўтарытэт. Вось асноўны стымул, які рухаў мною, каб застацца ў Шапялёўцы. З другога боку, усе зробленыя раней памылкі выплывалі з таго, што я ня ведаў усіх умоў працы і на новай пасадзе зьявіўся, як Піліп з канапель. Праўда, Торба раіць:

— Трэба ўсюды торкацца, як Піліп з канапель! У гэтым сакрэт перамогі ў жыцьці.

Але, на мой пагляд, жыцьцё поўнасьцю яшчэ не падкрэсьліла правільнасьць прыведзенай думкі. Мамон цалкам падтрымаў мяне:

— Табе, Самсон, патрэбна дэтальна пазнаёміцца з чатырма формамі савецкай працы наогул: з арганізацыйнай працай, вытворчай працай, тарыфна-эканамічнай і культпрацай. У працэсе штодзённай працы ня лёгка гэтага дасягнуць. Заўсёды ў цябе ёсьць бягучая праца, якую нельга ні прадбачыць, ні акрэсьліць, ні падлічыць.

Я сказаў:

— Мне трэба, дружа Мамоша, супакойна праверыць і тэарэтычна ўдасканаліць асноўныя ўстаноўкі працы...

— А для гэтага трэба, як ты сказаў раней, тэрмінова ўзяцца за індывідуальнае вывучэньне кажнага шапялёўскага працаўніка ў мэтах належнай арганізацыі раённай культпрацы і плянавага ахопу ёю розных пластоў насяленьня — пасьпяшыў сказаць Мамон.

— Так, так! Толькі тут, наглядаючы, як трэці элемэнт, жыцьцё розных савецкіх устаноў, я адшукаю цэлы шэраг новых форм, рычагоў і мэтадаў карыснай і грамадзкай працы наогул. Цяпер я добра бачу, што мы ў сваёй культпрацы часта ўжывалі нясучасныя мэтады, і гэта выклікала такое непажаданае абвастрэньне суадносінаў...

Празь пяць дзён я свой плян поўнасьцю правёў у жыцьцё. Мне далі месячны адпачынак. Адначасна з гэтым навальнічнае паветра, якое згусьцілася над маёю галавою, нібы само сабой разрэдзілася. Неяк раптам ўсё ўлагодзілася.

Я зрабіў яшчэ адзін крок, які зьявіўся пераломным момантам. Я падаў заяву ў райком аб сваім шчырым жаданьні працаваць у шэрагах партыі. Сакратар райкому тав. Андросаў зьдзіўлена зірнуў на мяне:

— Гэта справа добрая, і, праўду кажучы, загадчык культ-аддзелу павінен быць партыйным. Толькі не чакаў я... Нявытрыманы ты працаўнік. Часам такой лухты наробіш, што партыйцу ніякім чынам нельга дараваць...

— Я выраўнаю сваю лінію... Я хачу быць задаволеным вашым кіраўніцтвам на ўсе 100 процантаў! — сказаў я.

— Добра, добра! Пабачым. Трэба, каб два камуністыя із стажам далі заручку...

Сакратар правёў із мною доўгую гутарку, падрабязна дапытваючы маё крэда і маю куррыкулю віту. На ўсе пытаньні я даў падрыхтаваныя адказы. Пытаньне ўскладнялася толькі тым, дзе я знайду вытрыманых доўгалетніх камуністых, якія ведалі-б мяне з добрага боку. Усе-ж думаюць: я — паветраны чалавек, за мяне цяжка ручаць. Пасьля доўгіх шуканьняў у памяці я напісаў ліст камбату тав. Арахвейчыку, зь якім мы калісьці здалі белым 4 кулямёты, а самі ледзь-ледзь улалэхалі. У той час як я, так і ён зь вялікай асьцярогай ваявалі за сацыялістычную бацькаўшчыну і з наківу разумелі адзін аднаго.

А цяпер як?.. Кажуць — Арахвейчык зусім зьмяніўся.

Так яно й ёсьць. Праз тры дні прышоў ад яго ліст, які для мяне быў уважыстай маральнай даўбнёй... — «Тое, што ты надумаў, лічу найвялікшым сусьветным глупствам. Партыя — ня дзеўка, якую можна спакушаць бяскарна. Зарубі сабе гэта на тваім кірпатым носе!.. Які ты будзеш камуністы? Толькі сьмяшыць людзей будзеш! Кажучы фігуральна, цябе трэба каленам пад мяккія часткі штурхаць да сацыялізму!.. Ты, бачу, зусім не зьмяніўся і добраму не навучыўся. А трэба, трэба! Бо ў людзей дурні здыхаюць, а ў нас як з вады вылязаюць!...»

Гэты абразьлівы ліст на 100 процантаў атруціў мне два дні. Зноў у галаве замітусіліся зрадныя думкі. Зноў паўстала пэрспэктыва завярнуць аглоблі фартуны на бацькавы гоні.

Два дні поўнай дэмаралізацыі! Трэба было на што-небудзь адважыцца.

На трэці дзень я схапіў ліст зрадніка Арахвейчыка, перачытаў тры з палавінай разы і ў мэтлахі разьнёс яго. Тады адразу лягчэй зрабілася ўнутры, быццам ліманаду выпіў. Нават засьмяяўся і вышаў на вуліцу. Я накіраваўся ў райком, каб узяць назад сваю заяву й сказаць:

— Тав. Андросаў, я лічу сябе мала каштоўным элемэнтам у шэрагах партыі і нё стаю на вышыні камуністычнай сьвядомасьці.

На вуліцы я пачуў вельмі цікавую размову дзьвёх дзяўчынак, ішоўшых сьпераду за мяне. Адна зь іх была з чырвоным гальштукам, чысьценька апранута і гаварыла друтой, у старэнькай, зношанай вопратцы:

— Ведаеш, Гэнька, я з табой больш дружыць ня буду. Ты беспартыйная, а я партыйная...

— Ай, Ліда, не кажы так, а то я заплачу...

— Цяпер мне можна толькі з партыйкай гуляць, а калі буду з табой, дык магу залезьці ў балота і абрасьці мяшчанствам!..

Другая дзяўчынка сумна павесіла галоўку...

Размова дзяўчынак падкрэсьліла маю думку:

— Займаючы такую адказную пасаду, як мая, трэба быць партыйным. Няёмка быць беспартыйным! І я прыняў цьвёрдую пастанову:

— Няхай Лін укусіць сябе за вуха, а я буду ў партыі. Тады ён загаворыць із мною іншым тонам, будзе поўзаць, лісьліва глядзець у мае суворыя вочы, будзе лавіць на ляту кажнае маё слова! Тады і рыбачка Крэйна зьменіць свае халодныя адносіны да мяне. Я буду ў яе вачох разумным, прыгожым і цікавым! Лін ня будзе больш агражаць мне: я цябе ў таганрог скручу за сьмерць сваёй Мілэдзькі. Ня ён мяне, я скручу яго. Тады рафінадная пыса ня будзе ўжо ўсім і кажнаму даводзіць, што я бытавая зьява, што ў кажным раёне БССР ёсьць свой Самасуй.

З таго дню я цьверда пачаў дамагацца партыйнай кандыдатуры, акуратна хадзіў на партыйныя сходы й праявіў вялікую актыўнасьць. На сходах я заўсёды трымаў блёкнот у руках і пасьля кажнага дакладу вусна задаваў вялікую колькасьць пытаньняў. Хутка я пачаў адчуваць, што мая вага расьце, і трэба толькі замацаваць спрыяючы стан рэчаў.

У гэты час тав. Сом паехаў на курорт, на Каўказ. Я блізка пазнаёміўся з Соміхай. Кажны дзень я знаходзіў прычэпку, каб зайсьці да яе і пасядзець вечарам на ганку пад цянёвымі ліпамі.

Добрая яна жанчына, сакаўная! Гладка разабраныя на два фронты чарнявыя валасы, заўсёды чырвоная хустачка на галаве, яе масьліны вочы, доўгія павекі, падатны на грубыя ласкі мясёны рот і ўся ў гарачых мязях постаць здаровай вясковай жанчыны пад 30 год. Э-хо-хо! — як кажа Торба. Уся кроў мая хадуном хадзіла кажны раз, калі яна ціснула маю руку і ўсьміхаючыся расчыняла поўны рот белых пэрлямутраў.

Мяне цягнула да яе дзікае мужчынскае пачуцьцё, спрадвечны стымул працягу племя людзкога. Зусім ня тое з Крэйнай. Ня толькі зьвярыны інстынкт быў падставай майго закаханьня ў дзяўчыну, але і нейкі зусім ценкі матар'яльна магнэс. Хацелася схапіць яе, як пісклёнка, абшчапіць яе галаву і гладзіць, гладзіць, надрыўна стогнучы ад ласкі. Але аб гэтым я ўжо пісаў...

У Соміхі я сустрэўся з жонкай Ліна. Яна ў маёй асобе знайшла хаўрусьніка супроць Лінаўскага зрадніцтва.

Лініха часта гаварыла (як мы былі адны) пра свайго распуснага мужыка, пра Крэйну, якую клялася зжыць ізь сьвету. Я ўва ўсіх галінах інфармацыі спачуваў ёй.

Паводля слоў Надзеі, жонкі Ліна, апошні зусім выскрабся зь сямейнага кола, пасьля заняткаў некуды зьнікаў і варочаўся толькі тады дамоў, як разьвідняла. Адзін раз Надзея, усхваляваная, паведаміла мяне:

— Гэта праклятая Крэйна галаву яму скруціла. Але я пастаяла за сябе, за дзяцей! Як сустрэла іх разам на вуліцы (падсьцерагла такі), адразу трах яму поўху з аднаго боку, з другога, а яе за косы, ды аб землю! Шкада толькі, штб ня ў дзень было... Гэты інцыдэнт лёг непраходнаю сьцяною між рыбай і яго жонкай. Лін узяў 2-тыднёвы адпачынак і паехаў быццам на сваю бацькаўшчыну.

Толькі ўсе ўпарта гаварылі:

— Кінуў Лін і жонку і Шапялёўку!

Хутка гэта спраўдзілася. Адзін раз сядзелі мы на ганку ў Соміхі. На імя Надзеі прышла тэлеграма. Бедная жанчына ўзьняла ўгару рукі і застагнала, прадчуваючы гора. Лін тэлеграфаваў у мэтах згусьціць фарбы:

«Супольнае жыцьцё немагчымае. Страшэнны галоўны боль валіць мяне з ног. Дахтары кажуць: яшчэ тыдзень сямейнага жыцьця — і я скончу ўсе разьлікі агрэсыўным паралюшам. Ня шукай мяне, дай супакой».

Надзея страціла прытомнасьць, дачытаўшы да канца гэтыя глыбока зрадніцкія словы, а я, як толькі жанчына зноў атрымала здольнасьць хоць на 20 процантаў чуць і разважаць, пачаў суцяшаць:

— Дарагая! Менш сьлёз і стогнаў сэрца! Ня вы адна! Цяпер мужчынскае зладзейства бязьмежнае, і адзін сродак ёсьць для абясшкоджваньня распусьнікаў — гэта суд. Скарыстайце яго на ўсе 100 процантаў! Цяпер, тав. Надзея, ня верце мужчыне, хоць ён клянецца, хоць ком зямлі глынець зь яйцо, як перасьцерагае ўсіх жанчын пясьняр Гарачы ў сваёй паэме «Кроў і зялеза». Праўда, скажу вам, тав. Надзея, што паэма гэта цяпер ужо не актуальная. Яна напісана з эпохі, калі, як вам добра вядома, за фунт шчавелю плацілі мільён. Цяпер для нас гэта — ужо пройдзены шлях!..

Так супакойваў я разбураныя сыстэматычнай зрадай Ліна нэрвы няшчаснай жанчыны, ахвяры мужчынскага зьвераломства.

На мястэчку толькі Торба паспрабаваў «зразумець» Ліна і абараніць прынцыпы вольнага каханьня:

— Лін? Кажны з нас — лін. Кажнаму з нас перажванае ня смашна!

А ў мяне лядашна было на сэрцы. Крэйна не пакідала мае галавы і моцна там засела. Часта я думаў:

— Якая мне справа да таго, што Крэйну празмусьціў Лін і выпіў да дна келіх дзявоцтва? Няўжо сьвет клінам сышоўся на Крэйне? Што яна мне? Яна сваю полавую волю аддала Ліну, гэтай адыёзнай рыбе? Што тут дзіўнага? Адзін любіў, другі кахаў, а трэці ўзяў! - так кажа Торба і мае рацыю. Каб Лін не закахаўся ў дзяўчыну, магчыма, ніхто і ня прыкмеціў-бы, што Крэйна — краля, якіх няма ў адміністратыўных і этнаграфічных межах БССР.

Торба фармуляваў маё захапленьне Крэйнай:

— Таму яна табе да ўпадобы, што Лін увіхаецца за ёю. У людзей так і бывае: тая карова малошна, якую воўк зьесьць.

Такімі доўгімі разважаньнямі спрабаваў я сябе, спрабавалі і людзі мяне адцягнуць ад Крэйны. Але гэта спроба не дала каштоўных вынікаў. Сэрца, як і раней, моцна грукацела пры думцы аб Крэйне.

Крэйна цяпер сумавала і, як зьнік Лін, нібы маскавалася ў пацыфізм. Нават із мною гаварыла некалькі дзесяткаў слоў у дзень і нічога не варушыла зь мінулага. Міжвольны адыход Ліна (і магчымыя новыя зладзейскія залёты на новым месцы) зрабіў на яе моцны ўплыў. Яна ні на кога не зьвяртала ўвагі, і прышоўшы пасьля заняткаў, ухапіўшы якой-небудзь ежы, або адна або зь Зізем ішла на Лютнянскі шлях. А я з узрушаным мэханізмам сэрца, троху счакаўшы, усьлед за ёю ішоў за мястэчка, там каля могілак садзіўся над ровам, як анёл сьмерці, і пільна сачыў за хадой Крэйны. Я глядзеў у чыстае, дагараючае фарбамі поле, хацеў бачыць, ці шуміць дуброва зялёная лютнянская, ці зырчэіць дарога шырокая шапялёўская, ці ідзе, дробна ступае Крэйна, радасьць мая недасяжная.

Позна вяртаўся я дамоў. У цемені вечару ўжо цяжка было распазнаць прадметы, асабліва кіруючыся маім дрэнным зрокам, і я часта гакаўся ілбом аб бярозы, асіны і дубы на могілках. Я наляпляў сабе значных памераў гузы, суцяшаючы сябе толькі адным:

— Не радзімае — сойдзе!

Часта боль ад гэтых прыгод быў непераносным, і сьлёзы мае былі, як боб неўмалотны. Так пакутваў я за Крэйну.

А тым часам жыцьцё ішло сваёю ступою. У гэты пэрыяд я яшчэ больш сышоўся з Мамонам, і нам абодвым канчаткова абрысаваліся асноўныя прынцыпы культурнай рэвалюцыі ў раёне. Гэта праблема запаланіла нас. І мы падрабязна абмеркавалі спосабы выкананьня трох лёзунгаў нашага часу:

— Навуку ў масы! Мастацтва ў масы! Хараство ў масы!

ІІІ. СОНЕЧНАЯ КАМПАНІЯ

Цяпер, халодным розумам аналізуючы мінулае, я канкрэтна бачу, што я з Мамонам шмат памылак рабілі і часам зрывалі правільную ўстаноўку на заваёву шырокіх мас. Але ў той час Мамон так красамоўна, пераконваюча гаварыў, такія рэзоны за няўхільнае пашырэньне нашых ідэяў прыводзіў, што толькі чалавек, пазбаўлены мінімальнай порцыі развагі й кансалідацыі крытычнай думкі, ня прызнаў-бы ідэі і мэтоды іх афармленьня адпавядаючымі моманту.

Пэрспэктыўны малюнак нашай далейшай культпрацы быў такім захапляючым, што я хутчэй хацеў праявіць гэраізм і зьвярнуць на гэта ўвагу Крэйны.

Пасьля доўгага начнога абгаварэньня з Мамонам усіх дэталяў культпаходу ў Шапялёўцы і ўзгадненьня асноўных прынцыпаў кампаніі ў вадпаведных ворганах (профбюро, райком і інш.) мы канчаткова вызначылі сабе праграму чыннасьці. Канечная мэта — прасунуць культуру ў масы. Для пасьпяховага правядзеньня гэтага лёзунгу ў жыцьцё Мамон лічыў неабходным спачатку даць фізкультуру масам. Яго фармулёўка:

— Мы павінны спачатку быць здаровымі, а пасьля будзем мець права быць разумнымі. Я спрачаўся зь ім:

— Спачатку трэба кінуць навуку ў масы, бо народ пакутуе ад слабага разьвіцьця мазгавых паўкуляў.

Мамон пераканаў мяне ў правільнасьці свайго пагляду, і мы першым этапам фізкультурнага выхаваньня мас намецілі арганізацыю солярыя каля Сіняй рэчкі.

На другі дзень мы правялі мабілізацыю грамадзкай думкі наконт неабходнасьці правесьці гэта культурнае мерапрыемства ў парадку ўдарнасьці. Камсамольцу Дусіку, як самаму актыўнаму элемэнту ўва ўсіх галінах працы моладзі, мы сказалі:

— Наш заклік да сонца, вады й паветра павінен быць здабыткам усяе камсамольскае і беспартыйнае моладзі, усіх працоўных індывідаў!

Дусік праявіў ініцыятыву і з быстрынёй маланкі склікаў сход камсамольцаў і пераросткаў-піянэраў. На сходзе ён інфармаваў:

— Мы доўга шукалі такой формы масавай грамадзкай працы, якая давала-б карысьць, здароўе і была для нас цікавай. Цяпер гэта форма знойдзена. Перад намі сонца, паветра, вада, а мы ня ўзялі іх на рэмус, ня прыцягнулі да адказнасьці. Няхай яны працуюць нам, як мы працавалі паном!

Мамон у сваім слове намаляваў бязьмежна шырокую пэрспэктыву аздараўленьня шапялёўскіх мас.

Крэйна таксама была на сходзе і ў піку мне крытыкавала наш плян.

Моладзь аднадушна ўхваліла нашы тэзісы і пасьля сходу вечарам правяла пампозную факельную праходку зь лёзунгамі за сонечную кампанію.

Такім чынам, мы ў парадку дэманстрацыі пачалі ўцягваць у кампанію насяленьне. Кампанія ў самым пачатку дала ўжо добрыя вынікі. Мамон радасна гаварыў мне:

— Бачыш, нам толькі адзін дзень прыйшлося ўжываць кампанейскія мэтады вэрбоўкі прыхільнікаў сонца, паветра й вады! Далей усё, як па маслу, пойдзе!

На другі дзень, як толькі мы з Мамонам а 9 гадзіне прышлі да рэчкі й абралі мясьціну, каб распрануцца (цяпер гэта месца зрабілася вурочышчам, усе яго завуць пожняй Самасуя), мы ўбачылі, што з усіх бакоў мястэчка зь песьнямі і бязь іх да рэчкі накіроўваецца моладзь. Празь мінімальна кароткі тэрмін усе пожні каля рэчкі былі, як макам, засеены стрыкатымі групамі моладзі, а паветра густа напоўнілася іх тлумлівымі галасамі.

Надвор'е цэлы тыдзень было сонечнае, на небе ні хмаркі, і моладзь цэлыя дні ў трусох і бязь іх праводзіла ля рэчкі.

Канкрэтна выявіліся неабмежаваныя магчымасьці ў разьвіцьці гэтай культпрацы, і я прапанаваў Мамону й Дусіку, як арганізатарам сонечнай кампаніі:

— Нам ня трэба зьвязваць формамі гэты грамадзка-карысны рух, але неабходна ўсё-такі нябывалы культурны ўздым мас уціснуць у межы закону.

— Як гэта зрабіць? — запытаўся Дусік.

— Трэба напісаць у Спорт'інтэрн, каб ён прыняў нашу арганізацыю — адказаў Мамон.

— Арганізацыі яшчэ няма... — заўважыў я. Мамон і тут знайшоўся. Схапіў шматок паперы і буйнымі літарамі вывеў:

— ШАЧ. Статут.

Мы нічога не разумелі. Які ШАЧ, на што ШАЧ?

Чорт ведае што!

Мамон растлумачыў:

— Наша арганізацыя будзе звацца ШАЧ. Поўны тытул: Шапялёўская Асацыяцыя Чырвонаскурых.

— Добра! — сказалі мы з Дусікам у вадзін голас. Заўтра мы напішам у Спорт'інтэрн. Нам нельга марудзіць ні хвіліны. Нам-жа трэба адшукаць матар'яльную базу, бо выявіўся вялікі рост актыўнасьці, і перад намі стаіць рэальная небясьпека стыхійнага росту...

— Але! — сказаў Мамон. — Трэба будзе спыніць гэты стыхійны рост, ад стыхійнага росту нам трэба перайсьці да якаснага, каб праца пайшла ўглыбкі.

Нам прышлося грунтоўна падумаць аб далейшых пэрспэктывах гэтай формы культпрацы. Перад намі была пагроза вульгарызацыі нашай ідэі. Моладзь цэлы дзень праводзіла на сонцы каля рэчкі. Усе сенажаці і некаторыя засевы там былі бязьлітасна стаптаны. Аднойчы ўраньні прышоў я да рэчкі, зірнуў на сенажаці, на жыта, на грэчку — і жах ахапіў мяне. Маё быўшае сялянскае нутро запратэставала, але, раздумаўшы хвіліну, я махнуў рукой:

— Рэвалюцыя ня бывае без ахвяраў!

У моладзі я заваяваў аўтарытэт. Над рэчкаю цэлы дзень вісеў галас, найвялікшы гармідар у сьвеце. Дзеці адарваліся ад бацькоў, ад хаты, ад гаспадаркі. Часта бацькі зь дзягамі фурыёзна зьяўляліся на солярый і праганялі дзяцей дамоў, а па майму адрасу дазвалялі сабе надзвычайна абразьлівыя словы.

Была для нас і досыць вялікая няпрыемнасьць. Сяляне арганізавалі мітынг пратэсту каля рэчкі. Старшынёй мітынгу быў Ахрэм Руды, які ўвесь цяжар пратэсту ўзваліў на мяне. Ад імя сялян ён патрабаваў, каб я, зьяўляючыся ініцыятарам гэтага сусьветнага глупства, сплаціў ім за зьбітыя сенажаці, склычанае жыта і зафэканую бульбу.

Быў самы разгар сонечных ваннаў, і я голы прымушаны быў супакойваць несьвядомыя масы. Ня страціўшы раўнавагі, я ўзяўся ў бокі і, высунуўшы ўперад грудзі, упэўненым голасам пачаў разьбіваць довады Ахрэма Рудога. Вось стэнаграма маіх слоў:

— Тав. Руды! Ты жорстка, фатальна памыляешся! Ты павінен грунтоўна ўлічваць агульна-палітычнае значэньне кампаніі за новы быт, якую праводзіць наша моладзь! Культурная рэвалюцыя, якая зьяўляецца ўдарным лёзунгам нашага часу, патрабуе карэннай перабудовы нашага быту, аздараўленьня ўсяго цела, прыгнечанага буржуазіяй і фашызмам... Без пралетарскай культуры цела ня можа быць сацыялізму...

— Які гэта сацыялізм! — закрычалі сяляне і пальцамі тыцнулі ў мяне. — Вось які трахтар ты разгадаваў! Як бізун ляжыш, ды яшчэ сьмяешся з нас.

Я абразіўся й сказаў:

— Нашы сялянскія масы несьвядомыя... Яны глядзяць на фізкультуру, як на мэтад выламваньня чалавека, як на фізвывіх, але той (тут голас я моцна ўзьняў), хто выварыўся ў пралетарскім катле і закапціўся дымам фабрык і заводаў, той ня будзе так несьвядома, абстрактна гаварыць!

Я шырокім гэстам паказаў на сенажаці і сказаў абурана:

— Вам на тры рублі прынесьлі шкоду, і вы такі галас узьнімаеце? Сорам!

Ахрэм нахабна зірнуў мне ў вочы:

— Ты сядзіш у канцылярыі ды пяром скрыгаеш. Што ты ведаеш аб нашым гарапашным жыцьці?

— Я сам селянін! — з гонарам заявіў я.

— Ты селянін? — пачулася некалькі галасоў, і пракаціўся аглушны рогат разбэшчанай масы.

— Ах вы, чортавы дзеці! — залямантаваў я, падбег да першага, якога ўбачыў, селяніна з касой, выхапіў зь яго рук касу і ў вадну хвіліну плаўна замахаў касой. Памойму, уся сялянская праца ня мае сэнсу, і толькі касьба мне падабаецца — фізкультурная праца!

Я вярнуўся да групы пратэстантаў і пераможна пазіраў на іх. У вачох маіх грала актыўнасьць і гэраізм. Я нават не запыхаўся, хоць і быў вельмі злосным ад праяў някультурнасьці і цемры. Я сказаў яшчэ раз:

— Нам трэба весьці прапаганду агульнай культуры! Нам трэба праводзіць урбанізацыю вёскі! А вы з прычыны свае несьвядомасьці і замкнёнасьці цэхавых інтарэсаў ня йдзеце нам на сустрэчу. Вы маглі-б для нашай культпрацы ўнесьці шэраг каштоўных прапаноў. Дык-жа не! Вы хочаце забіць ініцыятыву!

— Каго мы хочам забіць? Мы нікога ня хочам забіць. А цябе дык пацягнем у суд.

— Я не баюся. Справа ў верных і цьвёрдых руках. Мы вывучаем формы й мэтады, мы актывізуем насяленьне. Вы знаходзіце структуру нездавальняючай? Калі ласка — у суд падавайце.

— Ня спусьцім, ведай гэта! Глупства нейкае гародзіць, ды яшчэ кланяйся яму.

Мне нечага было сказаць, і я кінуў словы Мамона:

— Нам спачатку трэба быць здаровымі, пасьля — разумнымі. Ахрэм азірнуўся на мяне і сказаў замест адвітаньня:

— Трасца ўсім вам, трасца нашым ворагам.

Усе пайшлі ўсьлед за Ахрэмам, бубнячы пад нос. Відавочна, што мы ніякім чынам не маглі спыніць сонечнай кампаніі. У яе ўцягваліся ўсё новыя кантынгенты. Сяляне скасілі свае пожні, і мы далей бесьперапынна вялі сваю працу. Мы наладзілі першую раённую шапялёўскую алімпіяду пры чым ува ўсіх галінах алімпійскіх гульняў пяршынство атрымаў я, і мая вага сярод моладзі вырасла да казачных памераў. Цяпер я ўжо не баяўся за свой лёс.

Сяляне падалі на ШАЧ у суд, і Торба сказаў, што прысудзяць здорава:

— На два месяцы тваёй самасуеўскай пэнсыі. Ня судзіся зь бедным.

— Дудкі я ім заплачу! — супакойна адказваў я, ведаючы, што за маёю сьпіною моладзь.

На рэчку пачалі прыходзіць і настаўнікі. Сонца і беспрацоўе вельмі прыцягальныя. Гыля і Юрлік прыносілі з сабой шахматы і газардавалі да вышэйшай меры. Гэта зьявілася найлепшай агітацыяй за культурнае часаправаджэньне.

Увесь час ля рэчкі ляжаў і дэклямаваў пясьняр Гарачы, які наглядаў быт моладзі ў мэтах ідэялізаваць яе ў сваіх паэмах. Ля рэчкі ім напісана славутая паэма «Дні мае крутыя». Шкода толькі, што ў мяне цяжкая памяць на вершы, а між тым у паэме ёсьць месцы, хвалюючыя да стогнаў фізіялягічных. Там былі радкі, якія да вар'яцтва падабаліся ўсім. Нешта:

Ў 17 годзе парвалі мне радасьці цуглі.
Дротам калючым пралезьлі ў грудзі.
Сьціснулі торбу сардэчную
Вяроўкаю помсты.

За гэты час я на сонцы вельмі папрыгажэў. Зь люстэрка на мяне глядзеў зусім іншы чалавек: супакойна-моцныя вочы, уладна-сьціснуты рот, упэўненыя рухі. Але сонца ня выгнала з мае галавы Крэйны. Яно распаліла цела нястрыманай пякотай каханьня, напоўніла кроў ліхаманачным пульсам, у кажную каморачку ў арганізьме стрыжнем паставіла паланеючы агнём матар'яльна спакусны абраз Крэйны. Да вар'яцтва даходзіла жаданьне напіцца крывавага піва каханьня.

ІV. ГОСТРЫ ГАСТРЫТ

Два тыдні майго адпачынку пранесьліся досыць ціха. У пачатку жніўня мой бястурботны небасхіл ахмарыўся. Шэраг дажджовых дзён — і я міжвольна зрабіўся ахвярай свайго сладастрашша (Гарачы). Аднойчы, калі ўся прырода жалосьліва скуголіла і прасіла сонца, пашоў я на тэлефонку, пагутарыў зь Сьвердзялюком і хутка вельмі блізка сышоўся зь ім.

У яго нязьмерна больш тонкія пачуцьці, чым я раней думаў. Мяне ў гэты час цягнула да прымітыўных форм каханьня і ў пошуках ціхай, на ўсё згоднай, фізычна ня брыдкай жанчыны я сустрэўся зь Сьвердзялюком, як надзвычайным махінатарам у справах натуральнага каханьня.

Складаная натура — Сьвердзялюк і часта, як жывы, стаіць ён у маіх вачох. Дзе ты цяпер Сьвердзялюша? Па якой зямлі сягаюць твае борздыя ногі? Каму ўсьміхаюцца твае містычназьвярыныя, часоў нэоліту ці бронзы вочы, такія непераможныя для жанчын? Вочы, вочы! Колер іх як у мутнавадзянога зялёнага шкла ці, яшчэ лепш, як у вады зь віру глыбокага.

Ня ведаю, дзе ён цяпер і каго ў сучасны момант абымаюць яго доўгія, цапкія рукі. Зьехаў ён, кінуў Шапялёўку, замардаваны адначасным каханьнем пяці дзяўчын. Ёсьць інфармацыя, што Сьвердзялюк перажыў гэту стадыю шалёнства і ад полігаміі пасьля пакутнай барацьбы з сабою перашоў да моногаміі. Ужо і адростак ёсьць у яго. Што-ж? Усё цячэ, усё старэе, усё разумнее.

А тады Сьвердзялюк жывы быў, як уюн. У два махі пазнаёміў мяне зь дзяўчатамі, якія марылі аб моцным, на ўсё жыцьцё расьцягненым каханьні.

Аднаго вечару, калі дождж бубнеў у вакно тэлефонкі, сядзеў я там зь дзьвюма дзяўчынамі, замяняючы Сьвердзялюка, якога некуды панесла вятровае ліха. Адна зь дзяўчын — настаўніца Цыцоха, кабетка так сабе, смазьлівая Божая цёлачка. Другая новая тэлефаністка Мычка, якая знаёмілася з працай, дзяўчына беленькая, уся ў кужалёвых кудзёрках, зь лёгкадумным бляскам у вачох. На яе ўскладаў я вялікія надзеі.

Я завёў вучоную гутарку на вольныя тэмы.

— Біялёгічна завяршона толькі тая жанчына, якая прыймала ўдзел у нараджэньні новага чалавека. Кажная жанчына павінна імкнуцца да гэтага.

Настаўніца Цыцоха сказала:

— Ня ведаю, што будэе далей, а цяпер у мяне да дзяцей няпераносная агіда. Сам сабе такую дурату чалавек напусьціць. Народзіць дзяцей, а пасьля ўсё жыцьцё пакутуе, вазёкаецца зь імі, аддыхі ня ведае.

— А я інакш думаю! — сказала тэлефаністка Мычка. — Я — вольная жанчына і ніколі ня буду залежыць ад мужчыны. І замуж у прынятым сэньсе слова не пайду. На што мне гэтыя кайданы. А дзіцёнка буду мець. Бяз гэтага нейкая пустэльня ў жыцьці.

Мяне гэта моцна трусанула. Гэткі жаночы гэраізм і аўтаномія! І як нагадвае адну прыродную зьяву, аб якой паведаў мне настаўнік-прыродавед:

— Некаторыя павучыхі-саміцы жываглотам зьядаюць самцоў пасьля таго, як апошнія добра выканалі заданьне.

Я сказаў тэлафаністцы:

— Хоць замуж не пайду — дзіцёнка буду мець! Дык што-ж? У чым перашкода? Калі ласка, Параска!

І я досыць нявытрымана зарагатаў.

Дзяўчына нечакана абразілася, уся заружавела і, як ластаўка перад дажджом, замітусілася па пакоі, потым зьбегла.

На другі дзень яна падала заяву ў мясцком сувязі і ў профбюро тав. Мілёнку. Скардзілася, што я зьняважыў яе ў афіцыйнай установе ў прысутнасьці настаўніцы Цыцохі.

Мясцком сувязі ўнёс прапазыцыю ў профбюро аб выключэньні мяне з шэрагаў профсаюзу за абразу савецкай перадавой жанчыны, але тав. Мілёнак сказаў мне:

— У парадку ўдарнасьці прасі прабачэньня ў тэлефаністкі.

Каб унікнуць гострых непаразуменьняў, я зламаў сваю ўпартасьць. Прасіў выбачэньня.

Пасрэднікам у гэтай справе быў камсамолец Дусік, які прыдумаў лоўкую камбінацыю. Сабраў некалькі дзяўчат і хлапцоў і арганізаваў начную экскурсію ў саўгасны дзіўны парк. Там і адбылося маё прымірэнцтва з тав. Мычкай.

Дасягнуўшы згоды, я ўжо не адходзіў ад яе ні на крок. Мы адлучыліся ад кампаніі і ноч скончылі на самым краю парку, там, дзе ў начы бялела бязьмежнае мора грэчкі і яе мёдны пах круціў галаву, напаўняў істоту выразнымі імкненьнямі.

Мы сядзелі пад белай бярозай. Белая бяроза бязь ветру шумела, калі я, прытуліўшыся да пляча дзяўчыны, паакторску выконваў ролю спакусьніка. Мы вярталіся дамоў, калі апошняя зорка патухла ў небе.

Я дзівіўся: як непасьлядоўныя жанчыны!

Дзяўчыну звалі Люля. Люля, сустрэнемся яшчэ раз?

Сьвердзялюк пазнаёміў мяне з другой цікавай дзяўчынай — Сошай-Дошай. У яе блакітныя вочы, выпукленыя, як бурбалкі вадзяныя, тонкі нос Клеапатры, лебядзіная шыйка, стрыжаная галава і добра абсталяваны грудны сэктар. Знаёмячы нас, Сьвердзялюк шапарнуў мне на вуха:

— Беражыся зь ёю! Справа тут тонкая! Чырканеш няўдала сярнічку — шмат будзе турбот.

— Не разумею твае алегорыі!

— На яе мае пляны райком. Ці ня жэніцца ён...

— Разумею цяпер. Няўхільнае абвастрэньне адносін з сакратаром на груньце каханьня.

У галаве маёй адлюстравалася фігура сакратара з насупленымі вачыма, нэрвовымі ўздрыгамі губ і нагамі з доўгай трансляцыяй. Параўнаў зь ім Сошу-Душу і падумаў:

— Прыгожая будзе яму бабулька. Ня кіне.

У той-жа дзень вечарам мы сабраліся ў нардоме на рэпэтыцыю. Я падхалімнічаў з Сошай-Дошай, пераконваў яе, што нікому так не падыходзіць роля Люркі, як ёй. Угаварылі.

На другі дзень мяне выклікалі ў райком, была заслуханая мая справаздача аб культпаходзе і пляне далейшай працы. Мімаходам сакратар параіў мне ня ставіць п'есу, якую ўчора рэпэтавалі, бо яна ідэялягічна нявытрымэная. Дзіўна толькі, скуль ведае гэта сакратар, калі самай п'есы ня чытаў і ў вочы ня бачыў. Я згадзіўся зь ім.

Але тым-жа вечарам Соша-Доша сказала:

— Тав. Самасуй — палахлівы заяц! П'есу трэба абавязкова падрыхтаваць і паказаць публіцы.

Відаць роля местачковай прымадонны вельмі да густу прышлася дзяўчыне, а магчыма, былі яшчэ якія меркаваньні. Відавочна толькі адно: дзяўчына выразна ішла насупор свайму жаніху. А я стаўся між двох агнёў. Яна камандавала мной, як чорт піпкай. У пэрспэктыве — зноў калізіі, зноў пачаў закручвацца вузел драмы.

Не пасьпеў я ўсё гэта абдумаць, як новая хмярэча да мяне прычапілася, ды такая хмярэча, што высунула мяне на мяжу між жыцьцём і сьмерцю.

Гаспадыня мая (Хайка Каплун), каб яе пярун па галаве троху смалянуў, на сьняданьне засмажыла мне рыбу, ды нейкую дзіўную, з доўгім хвастом і вялізнай галавой (ні хваста, ні галавы я ня бачыў!) і накарміла мяне. Мала гэтага, калі я, зьнішчыўшы ладны кавал гэгай ядзі, падзякаваў гаспадыні, як яна, як авантурніца чыстай вады (у гэты час мой язык аблізваў мае губы), сказала:

— На здароўе! Будзьце тоўсты! Ежце із смакам яшчэ!

І, нібы заклапочаная маім здароўем маці, наліла мне яшчэ порцыён. Я ўмахаў яго. Паклала яшчэ. І той апынуўся ў тым-жа месцы.

Праз гадзіну як схапіла мяне за жывот, дык тату-маму крычаў, забыўся, як мяне завуць.

Пасьля па мястэчку дзейкалі, што мая гаспадыня, замест рыбы, засмажыла зьмяю. Гэта зусім магчымы варыянт, бо, па-першае, бязь Ліна гэта агідная гісторыя не абыйшлася, па-другое — усё цела маё пакрылася нейкімі цёмнымі плямкамі — наяўны сымптон зьмяёвай атруты. Я і сам ня ведаю, якім цудам у жывых застаўся. У першую чаргу я ўськінуўся на гаспадыню:

— Вы мяне атруцілі. Каб рыбу есьці — на гэта ў мяне курсу ня было. У турму пасаджу, хоць памру!

Гаспадыня ламала рукі і божкалася, што яна ні ў чым ня вінна.

А мяне такі нявыносны боль заламаў, што я, ня помнячы нічога, застагнаў як недарэзаны вяпрук, і стралой паляцеў у больніцу.

Як на бяду мне, дохтарша, якую ўсё мястэчка за матку прызнавала, паехала ў вадпачынак, а доктар Крутагалоў (каб яму галаву адкруціла!) паехаў на эпідэмію трасцы. Ніякой эпідэміі ня было, але пасьля высьвятлілася. Ды ён і ня доктар быў, а захапляўся жаночай фігуральнай структурай. Як прыдзе ў больніцу прыгожая дзяўчына, дык ён загадае ёй распрануцца ды тры з палэвінай гадзіны выстуквае, вымацвае яе.

На мястэчку ёсьць яшчэ прыватнік — доктар Зэлік. Дык добрыя людзі рагочуць, заходзяцца ад сьмеху. Падумайце: ня мог пазнаць, што яго жонка цяжарная і на працягу 9 месяцаў усім дурыў галаву:

— Маю жонку трэба везьці ў Маскву пад апэрацыю. У Беларусі няма такіх вучоных.

У жываце, бачыце, нейкі вопух, паводля яго слоў, арганізаваўся і расьце, расьце. А як прышоў фінал ды жонка застагнала і хутка дзяўчынку прывяла ў жыцьцё, дык ён вочы свае выпукліў.

Дык гэты доктар мог мяне на той сьвет накіраваць і дапамогу даў-бы ў вадмоўным сэньсе слова.

У больніцы засталася толькі акушэрка. Нават фэльчароў як вадою змыла. Жанчына памацала мой напуклены жывот, паціснула ў розных мясцох. Пры кажнай маніпуляцыі я галасіў:

— Ой, здыхаю! Ратуйце! Ня дайце разлучыцца з жыцьцём! Спакойна сказала:

— Гостры гастрыт!

Дала нейкіх парахоляў. Тут нейкая баба прычапілася да акушэркі:

— У мяне жывот баліць, як цяжкое падыму. Дык і ў мяне гайстрыт? Што-ж ён такое? Гліст такі, ай што?

— Гліст, гліст, — замахала на яе акушэрка.

Баба высунулася ў пярэдні пакой і сваім суседкам:

— У мяне гліст, такі гостры, як іголка. Гостры гайстрыт. Ён зь мяне ўсё шлуньне выцягвае.

Мне не да сьмеху было. Прыняў зельле, ледзьве завалокся дамоў, а там яшчэ горш падкаціла.

Саромна мне было стагнаць на сваёй кватэры — не хацелася, каб мае енкі чула Крэйна. Узаўрэў я, але сьцягнуўся з ложка і паплёўся ў сасоньнік каля вёскі Вялікія Насы. Там на ўзлоньні прыроды сярод сьпеючых аўсоў і грэчкі я «охаў, ёкаў і стагнаў», як апяяў у вершу маю цяжкую хваробу Гарачы.

Птушкі сьпявалі, сьвяціла гарачае сонца па дубох зялёных, па соснах стромкіх, а я з болю грыз зямлю і кулдыкаўся, як уюн атручаны.

Урэшце не хапіла ўсьцерпу. Бачу, сьмерць нямінуча — не закрыешся анучай. Пабачыў на дарозе падводу, зь ёю ледзьве жывы даехаў дамоў.

Там мяне чакалі двое людзей: селянін Мікіта Корда, які разы два вазіў мяне па раёну, і выкладчык прыродазнаўства ў сямігодцы настаўнік Яжджыль.

Мікіта, пабачыўшы мой зялёны твар, замітусіўся і выбег з пакою. Празь пяць хвілін вярнуўся:

— Во баба мая вам раду прыслала! Праглынеце гэта — усё як рукой зьніме. Калі не адно, дык другое.

Я зірнуў на Мікіту. У ваднэй руцэ ў яго былі нейкія сушаныя грыбы, а ў другой карэц з вадой. Мікіта тлумачыў:

— Тут два грыбы. Адзін, во гэты — завецца чортава яйцо, дужа палзіцельны грыб ад рэзі ў пузе, трэба яго праглынуць ды запіць во гэтай сцаленай вадой з крынічкі. А калі не пасобіць. дык тады праглынуць другі грыб. Ён завецца пірдзіна, дужа сьмярдзючы грыб, але ўсё як рукой зьніме.

Прыродавед схапіў грыб у рукі:

— Дзіўна! Як народ кавярае навуковыя назвы. Гэты грыб па-латыні завецца лікапэрдум. Відаць, што тут была калісьці досыць высокая культура, калі ў народзе была пашырана латынская тэрміналёгія.

А мне зусім ня было справы да лікапэрдума.

— Мне нічога не дапаможа! — крычаў я, калі Мікіта пхаў мне ў рот другі грыб і даваў запіваць вадою. — Нічога! Сьмерць мая прышла. Мяне атруцілі. Зьмяю засмажылі замест рыбы.

Мікіта прасьвятлеў:

— Дык тады нагавор трэба. Я ўмею ад вужакі й сіпучай зьмяі.

Я ўжо ляжаў, як няжывы чуў, што гаварылі над маім вухам, але ніякага руху зрабіць ня мог. Мікіта сьціснуў мой жывот і шаптаў:

— Ехаў Міхайла-архайла, сьвяты папіхайла, на агняной кабылі, з гострай мячой у руцэ. Мячой выразаў, агнёй выпякаў, па імхох, па балотах адсылаў; вы, гады, не зявайце, свае джгалы вымайце, у балоты напраўляйце. А не, то клікну Міхайлу-архайлу, сьвятога папіхайлу, ад вас і пылу ня будзе. Агнёй запячэ, мячой засячэ, мятлой разьмяце. Дасьць па зубах, па трэцяму языку!...

Я ляжаў у няпрытомнасьці. Мікіта і настаўнік Яжджыль пашлі дамоў, на зьмену ім прышоў Мамон. Боль зноў узмацніўся. Я стагнаў:

— Дружа мілы, Мамося ясны, забі мяне, ратуй мяне ад пакуты гзтай!

Захліпваючыся словамі, плачучы, разлучаўся зь нескарыстаным жыцьцём і даваў Мамону свае апошнія распараджэньні, як быць з маімі прычындаламі, што сказаць матцы. Часам нібы ў тумане ўспамінаў Крэйну і праяўляў надзвычайную моц волі. Я імкнуўся пяяць, каб троху спыніць ці сьцішыць грандыёзны боль у маёй вантробе. Я сьпяваў прыдушаным голасам, ад якога ў Мамона валосьсе ўгору ўздымалася:

— Баліць-жа мой жываточак —
Мусіць я памру.
Ой пайдзеце, прывядзеце,
Каго я люблю!

І раптам дзьверы адчыніліся. Крэйна! Вочы яе сумныя, спачуваючыя, не насьмішлівыя. Ні слова ня кажучы, бярэ шклянку з вадой, сыпе туды лыжку стоўчанага вугалю (бярозавага!!!) і тонам, не дазваляючым дыскусіі, кажа:

— Выпі, тав. Самсон!

Я выпіў і празь дзьве хвіліны боль адступіў. Я плакаў з радасьці і цалаваў яе калені. Заспакоены заснуў. У маіх галавах сядзела Крэйна, а я сьніў, што маё чало яна ўпрыгожыла ружамі.

V. ВАГА РАСЬЦЕ

Пышуць, пышуць конікі, мяне вязучы. Ня пышыце конікі па буйным шляху! Я еду ў вакруговы горад за інструкцыямі перад новым навучальным годам. Каб хутчэй дабіцца атрыманьня роэных матарыялаў і асыгновак, я на грудзёх прымацаваў адзнакі сяброўства ў сямнаццаці грамадзкіх арганізацыях. На маіх шырокіх грудзёх яны ўсе зьмясьціліся й выглядалі вельмі пераконваюча. Крэйна, забачыўшы мяне ў гэткім экстравыдатным стане нечакана пырснула высокаю нотай сьмеху:

— На што так абчапіўся, тав. Самсон?

— Еду ў вакруговы горад, дык каб больш вагі было!

Практыка паказала, што мая прадбачнасьць была мэтазгоднай. У вельмі кароткі тэрмін я наваліў дзьве падводы кніжкамі ды рознымі пісоўнымі прыладамі і накіраваў іх у Шапялёўку, а сам застаўся на два дзянькі ў горадзе.

Я быў на гастролях Дзяржаўнага тзатру і ў музэі. Бачыў «Цара Максымільяна». Тэатр і музэй штурханулі мяне хутчэй распачаць правядзеньне культурнай рэвалюцыі ў Шапялёўскім раёне. У мяне ўзьнікла вельмі каштоўная думка аб арганізацыі раённага вандроўнага тэатру і паказальнага навукова-мастацкага музэю. У кандыдаты дырэктара вандроўнага тэатру я ў думках вызначыў выкладчыка фізвыху і сьпеваў тав. Бычанка.

На трэці дзень свайго прыезду ў вакруговы горад я нечакана сустрэў Крэйну. Я ня верыў сваім вачом, думаў, што здань вандруе па бульвары.

— Якім чынам вы тут? — запытаў я, імкнучыся ў гэтыя празаічныя словы ўкласьці ўсю сваю пяшчоту.

— За вамі ўсьлед паехала. Бяз вас сумна там, месца не знаходжу — усьміхнулася Крэйна й дадала:

— Цётка ў мяне тут жыве! Дні тры прабуду!

А я, шаволячы вусамі, падумаў:

— Няпраўду кажаш, дзяўчына! Аборт ад Ліна!

Нібы ўгадваючы мае думкі, яна пачырванела і пасьля хвіліны маўчанкі дала мне свой адрас.

Вечарам я зь нейкім грукатам сардэчным прышоў да Крэйны. Быў момант найвышэйшай урачыстасьці. Першы раз яна без насьмішкі аднеслася да мяне. Першы раз я быў на самоце зь ёю.

Яна завяла мяне ў глухі куточак саду, дзе кусты парэчкі і маліны маглі захаваць якую хочаш загадку прыроды.

Пасьля доўгіх інтрадукцыяў, калі мой энэргічны запал захапіў і яе фізіялёгічную базу, Крэйна раптам абшчапіўшы мяне за шыю, схаваўшы свой твар на маіх грудзёх, парыўна зашаптала:

— Ты мне даўно, даўно мілым быў. Толькі віду не хацела даваць. Мучыла і цябе і сябе!.. А ведаеш, ці ведаеш, мой ідал, за што я пакахала цябе? За вар'яцтва тваё, за бязьмежнае фантэзёрства і непакой...

— Любі мяне за што хочаш! — адказаў я і ледзьве не заціснуў Крэйну вяроўкаю свайго каханьня.

Крэйна правяла мяне праз хвортку на вуліцу, калі ўсходзіла сонца, і рукой паказала кірунак.

Я думаў яшчэ каля трох дзён прабыць у горадзе, каб гостра перажыць шчасьце перамогі, але на другі дзень я пабачыў тав. Сома, які прыехаў з курорту і цяпер на выканкомаўскіх канёх думаў ехаць у наша мястэчка. Ён прапанаваў і мне ехаць. Зразумела, я не адмовіўся, хоць увесь арганізм паланеў агнём Крэйны.

Дарогаю я сказаў тав. Сому:

— За гэты час, як вас ня было ў Шапялёўцы, вельмі цяжка было працаваць. Хто можа даць такое аўтарытэтнае накіраваньне, як вы? А між тым увесь час трэба быць на варце і трымаць правільную лінію ў працы. Цяпер, прыступаючы да новага году, я хацеў-бы разам з вамі вызначыць асноўныя лініі працы па цэламу шэрагу тэарэтычных і практычных пытаньняў.

— Ты, Самсон, за гэты час іншым стаў, паразумнеў троху, — усьміхнуўся, як кэнтаўра сярэдяй вялічыні, Сом і моцна ляпнуў па плячы.

Я аж завойкаў. Шкода, што нялоўка начальства сваё трэснуць.

— Што-ж! Давай пагутарым! — сказаў ён, запальваючы танную папяроску.

Я зь кішэні выцягнуў блёкнот і кажную думку тав. Сома занатоўваў. Зразумела, што ў пісаніне і я сам потым нічога не разабраў, бо калёсы дрыгацелі, і мы падгопвалі вельмі моцна.

Урэшце я сказаў:

— Цяпер я ўявіў сабе, тав. старшыня, якія формы працы вы лічыце неабходнымі на бліжэйшы адрэзак часу. Я напружу ўсе свае здольнасьці, каб забясьпечыць рэальнае выкананьне вашых меркаваньняў. Цяпер мне наогул лягчэй працаваць будзе, бо я падаў эаяву ў партыю.

Сом зноў бэцнуў мяне:

— Бачу, што ўразумнеў троху!

Пасьля прыезду ў Шапялёўку тав. Сома мне пачалі давяраць у РВК і бачыць у маёй асобе шчырага працаўніка.

Кажны вечар я заходзіў да Соміхі. Сома зазвычай ня бывала дома. На маё дзіва, Крэйна, хоць і вярнулася хутка ў Шапялёўку, але зноў халоднай да мяне сталася, і я ніякім чынам ня мог зламаць лёд яе сэрца. Я папрабаваў гвалтам вярнуць страчаную пазыцыю, але нечакана атрымаў ад дзяўчыны вельмі гулкую поўху і прымушаны быў, хаб гісторыю не раздулі ў піку мне, рэтыравацца, сказаўшы ёй:

— Ведзьма з лысай гары, якога трасца табе трэба?

На другі дзень позна вечарам, калі я рабіў моцыён на Лютнянскім шляху, я пабачыў Крэйну і зь ёю нейкага мужчыну. Пара так шпарка пранеслася, што я не разгледзеў, хто гэта. І калі другі раз я падсьцярог яе, седзячы на могілках, дык аслупянеў: зь ёю быў Сом!

— Другую рыбу спаймала! — падумаў я горка. Цяжка гэту рыбу перамагчы мне!

І сэрца маё заледзянела. Магчыма, гэта мела і станоўчыя вынікі ў вагульным пляне. Кажны вечар я хадзіў да Соміхі і адчуваў сябе ня менш здавальняюча, як і Сом з Крэйнай. Праз Соміху мой уплыў у Выканкоме павялічваўся. Зразумела, я працаваў і па іншай лініі. Я акуратна хадзіў на партыйныя сходы і там быў вельмі вытрыманым, задаваў, праўда, шмат пытаньняў, але самых агульных, ня гострых, выконваў усе нагрузкі, якія мне даручалі, нікога не зачапляў, ня крытыкаваў, а калі прыходзілася галасаваць, дык рабіў гэта, ня доўга думаючы, і глядзеў толькі, каб галасаваць за тое, за што большасьць галасавала.

Вынік маіх вытрыманых паводзін: РВК вызначыў мяне для правядзеньня шэрагу ўдарных кампаніяў і ў першую чаргу камандыраваў мяне ў Галышоўскі сельсавет для правядзеньня сходу.

Едучы туды, я папрасьцей апрануўся, узьдзеў на плечы зацухмолены фрэнчык імпэрыялістычнай эпохі і гэткай самай даўнасьці галіфэ. Апошнія, бязумоўна, не маглі выклікаць абурэньня сялянскіх мас, бо былі верхам пралетарскай моды, урбанізавалі, так сказаць, вёску.

Асноўнымі пытаньнямі на сходзе былі: 1) мой даклад аб Сун-Ят-Сэне; 2) даклад старшыні сельсавету тав. Дрозьдзіка аб пазбаўленьні некаторых груп насяленьня выбрачых правоў.

Далей намячаліся бягучыя справы: 1) інфармацыя жанарганізатара: а) аб месячніку барацьбы зь някультурнасьцю; б) разгляд справы аб экзэкуцыі над грамадзянкай Суклетай Жлобай.

У сваім дакладзе, каб быць больш зразумелым, я падрабязна высьветліў нашу лінію і сказаў:

— Капіталістычныя рапухі шквяруцца, яны хочуць праглынуць нас. Імпэрыялістычная вантроба, ці, па нашаму кажучы, імпэрыялістычны каўбух жарэ ды жарэ чалавечае мяса пад прыкрыцьцем папяровага бюракратызму Лігі Нацыяў, якую правільней трэба назваць Лізкай Нацыяў і сьцервай сусьветнай — такая паскуда яна!

Прызнаюся, кажучы аб Сун-Ят-Сэне і становішчы ў Кітаі, я заблытаўся і ня ведаў, якая розьніца між Чан-Кай-Пшы і Ка-Ка-Фэнам і іншымі сусьветнымі гадамі, але я гаварыў упэўнена, мне нельга было праявіць сваю несьвядомасьць, бо гэта нявыгодна ў першую чаргу і мне, і РВК.

У спрэчках ніхто і славечка ня кінуў аб кітайскіх справах, усе не на тэму казалі:

— Чаму карова 40 руб., а боты 30 руб.?

— Калі мы навучьмся працаваць без кампаніяў?

— Калі нашы шляхі ўрамантуюць, замест палацаў у гарадох школы пабудуюць, земляўпарадкуюць нас ды абрэжуць кулакоў?

У заключнай прамове я абышоў гэтыя пытаньні, бо яны не вязаліся з маім дакладам, і сказаў:

— У нас сілы хопіць! Мы знойдзем сродкі, мэтады й напрамак! Мы будзем біць буржуазею толькі ў галаву. Няхай яна ведае, што пралетарыят і сяляне не такое дзіцё, каб хоць і сем няняк меўшы ды быць бязносым.

Сход ухваліў рэзалюцыю:

— Прызнаць, што кітайскі народ давяршыць пачатую справу!

Тав. Дрозьдзік у сваім дакладзе інфармаваў сход аб неабходнасьці пазбавіць выбарчых правоў усіх канавалаў, як непрацоўных элемэнтаў.

Узьнялася цэлая завіруха, але, дзякуючы ўдалай дыплёматыі тав. Дрозьдзіка, сход падаўляючай большасьцю ў вадзін голас зафіксаваў гэта пазбаўленьне і прызнаў іх ворагамі савецкай улады.

Адносна месячніку барацьбы зь някультурнасьцю прызналі мэтазгодным правесьці яго на працягу трох дзён і абралі для гэтага камсад. Тут быў невялікі інцыдэнт, які характарызуе нашу тэхнічную адсталасьць. Калі прыймалі рэзалюцыю аб утварэньні камсаду, пры слове «замацаваць» нейкі пракуда, якога звалі Мацей Сялівончык, баўтаючы галавой ад непераможнага сну, узьняўся і сказаў:

— Вы сабе замацоўвайце хоць да сьвету, але я пашоў сабе спаць!

Я асьцярожна схапіў яго за каўнер, вярнуў на лаву і пасароміў за нявытрыманасьць.

Апошняе пытаньне: разглядалася скарга Суклеты Жлобы, якую на сходзе ў вадным засьценку высеклі за тое, што адмовілася жыць з мужыком.

Я ня ведаў, якую пастанову прыняць і рашыў параіцца з Сомам. У яго нюх ёсьць. Такім чынам, мы пытаньне з прычыны позьняга часу зьнялі з абгаварэньня. Суклета лаяла нас на чым сьвет стаіць.

Вярнуўшыся ў Шапялёўку, я цэлую ноч напралёт гаварыў з Мамонам, у якіх умовах трэба праводзіць культурную рэвалюцыю ў Шапялёўцы. Пасьля доўгіх меркаваньняў мы прызналі неабходным правесьці надворную рэарганізацю местачковага быту. Мы склалі праект упрыгожаньня Шапялёўкі лёзунгамі, плякатамі, зьмены назвы вуліц на больш гучныя, рэвалюцыйныя, новых шыльдаў на крамах і падрабязных надпісаў на хатах. Праект мы зацьвердзілі ў Райкоме і РВК і, не марудзячы, распачалі дзейнасьць пад лёзунгам: «Хараство ў масы».

Пры кажнай установе мы арганізоўвалі камсады, якім даручылі рэдагаваць усе лёзунгі, якія будуць прыносіць грамадзяне, і прысылаць нам.

Для маляваньня лёзунгаў мы мабілізавалі ўсё бліжэйшае і местачковае настаўніцтва і школы ў цэльм. На працягу трох дзён у школах ішла дружная праца ў гэтым напрамку. Кажная група намалявала да пяцідзесяці лёзунгаў. Матарыял мы лёгка дасталі.

Згодна прадпісцы Райкому ў каапэратывах мы забралі ўсю чырвоную мануфактуру з 75% ськідкай.

Пасьля адбору лёзунгаў мы самыя лепшыя зь іх увязалі і ўзгаднілі і потым прымацавалі каля самых ударных пунктаў мястэчка: школаў, больніцы, лясьніцтва, крам, заежджых дамоў і каля ўсіх студняў.

Каля школы-сямігодкі на вялікіх падпорах мы зьмясьцілі найвялікшы па выкананьню лёзунг:

— Далоў усьмішку міжнароднага капіталу!

Каля больніцы — у зялёных фарбах зграбны лёзунг:

— Ня будзем хварэць! Даём слова павялічыць жорсткую працоўную дысцыпліну на 14%.

Каля самых варот царквы — мастацка размаляваны лёзунг:

— Разгонім змрок і зёл, які напусьцілі на нас цар і буржуазея сьпераду і ззаду!

Каля камсамолу — згодна прапановы Дусіка:

— Абвесьцім бязьлітасную барацьбу зь мяккім целам. Няхай жыве сталёвасьць ува ўсім!

У варотах саўгасу ў выглядзе маладзіка мы прымацавалі лёзунг:

— Прэч карлікавую гаспадарку!

Каля ўсіх студняў — лёзунгі-парады:

— Пі ваду сьвежую, чыстую, вараную! Ня плюй у крыніцу!

На сьценах нардому красаваў лёзунг, маляваны рукою самога паэты Гарачага:

— Нам трэба роўнасьць і каханьне,

Захапленьне і мілбраньне!

Для маляваньня сямі вялікіх плякатаў мы ўпрасілі ў парадку грамадзкай навалкі працаваць мастака Бялянку, таго самага, які пачаў усё лета хадзіць выключна ў трусох і думае на зіму працягваць гэты каштоўны экпэрымэнт. Ён вельмі гарды чалавек. Пра яго таварышы па пэндзлю кажуць:

— Такі гарды, што стоячы езьдзіць.

Бялянка свае лёзунгі малязаў на плошчы, каля нардому. Яны былі на вялікіх фанерных шчытох і не зьмясьціліся-б ні ў якой кватэры. Мастак увесь аддаваўся працы. Каб ніхто не расьсяваў яго творчай энэргіі, Бялянка каля сябе прымацаваў аб'яву:

— Прэч несьвядомыя забойцы мастацтва! Ня перашкаджайце аддавацца сьвятому мастацтву і ствараць вечна-пекныя рэчы!

Калі аб'ява ня дзейнічала на некаторых нявытрыманых індывідаў, Бялянка браў у рот сурчок, і прарэзьлівыя гукі напаўнялі ўсю плошчу й палохалі людзей. Гэта быў умоўлены знак. Зьяўляўся міліцыянэр і накіроўваў людзей прэч ад месца творчай працы.

Праз тыдзень напружанай працы Бялянка здаў нам пяць грандыёзных плякатаў. Адзін зь іх, які маляваў дружбу рабочых і сялян, мы ўмацавалі на даху Шапялёўскага ўнівэрмагу, і яго можна было добра бачыць за тры вярсты ад мястэчка. На плякаце рабочы сваёй вялікай мазольнай рукой ціскаў ня менш вялікую лапу селяніна. Іх рукі былі дзіўным акордам, былі самымі вялікімі рэчамі на малюнку, большымі за ногі й галовы.

Далей наша чыннасьць выявілася ў тым, што ўсе бяз выключэньня вуліцы, завулкі і перавулкі мы загадалі па новаму называць. Больнічную вуліцу пачалі зваць вуліцай тав. Сома. Я ўнёс прапанову і самую Шапялёўку перамяніць на Сомск, але старшыня азьвярэў (нявытрыманы мой крок!) і гразіў мне звальненьнем. Хадораўскую вуліцу мы назвалі Вуліцай вызваленьня жанчыны ад пялюшак. Іншым вуліцам мы далі такія самыя рэвалюцыйныя назвы, як і ў іншых гарадох нашай рэспублікі.

У эстэтычных мэтах мы дабіліся замены трох шыльдаў новымі і ў адміністрацыйным парадку правялі важнае мерапрыемства: на кажнай хаце надпіс прымацавалі: хто жыве, калі нарадзіўся, якое сацыяльнае пахаджэньне. Апошняе вельмі цяжка было ўзгадніць і правесьці ў жыцьцё, але ўпартая воля да выкананьня канчаткова намечанай мэты, перамагла ўсе перашкоды. Шапялёўка стала на новы шлях культурнага будаўніцтва!

VІ. ПРАПАГАНДА АГІДЫ ДА СТАРОГА

Мамон на паседжаньні камсаду сказаў:

— Нам трэба зламаць кансэрватызм і пасыўнае супраціўленьне нашаму культбуду! У гэтым напрамку музэй адыграе актуальную ролю.

— Нам трэба правесьці музэйную кампанію, папулярызаваць і стымуляваць гэту працу!

Мы склалі грандыёзны плян арганізацыі музэю. Некаторыя сябры музэйнага т-ва, запісаныя намі ў парадку профдысцыпліны, крытыкавалі гэты плян, знаходзілі:

— Шмат грукатні і балбатні.

Я ім даводзіў, што ніводнага пляну бяз гэтага ня бывае, неабходна дэкарацыя, якая радуе вока і слых.

Пад музэй мы знайшлі нейкую плюгавую капліцу, зьверху прыладзілі ськінуты ветрам кумпал. Выйшла нешта накшталт маўрытанскага пахавальнага помніка.

Вялікую шыльду зрабілі: «Шапялёўскі дзяржаўны музэй імя тав. Андросава».

На працягу трох месяцаў вялася напружаная праца па запаўненьні гэтага музэю. Я цалкам і поўнасьцю аддаўся гэтай працы. Аб Крэйне думаў толькі тады, калі клаўся спаць і за сьценкай чуў яе крокі і ціхае мэлёдычнае напяваньне. Месца Крэйны ў маім арганізьме заняла Соміха, і пасьля моцна засела Соша-Доша. Яе сапраўды звалі Сахвейка, але ўсе прызвычаіліся зваць Соша-Доша зь невядомых мне прычын. Здаецца, Сьвердзялюк першы даў гэта імя. З Сошай-Дошай у мяне насьпявала нейкая рамантыка.

Мы думалі не сьпяшацца з адчыненьнем музэю, але цэлыя дні, асабліва калі былі базары ці кірмаш, народ валам валіў і грукаў у дзьверы капліцы, а хлопчыкі вісам віселі на вокнах і глядзелі. Такім чынам, пад націскам зацікаўленых мас мы ўрачыста адчынілі музэй. Прагнасьць мас да культуры была такая вялікая, што мы прымушаны былі прасіць начміла тав. Какоцьку наладзіць парадак. Быў доўгі хвост навядальнікаў.

Было на што паглядзець!

У цэнтры музэю ў мэтах прапаганды агіды да старога панскага ладу быў пастаўлены знойдзены ў маёнтку князя Мрачкоўскага мармуровы помнік каханаму сабаку. На падстаўцы стаяў паважных разьмераў сабака і ў пярэдніх лапах трымаў урну. Надпіс: «Каханаму Бульдогу Ваўкадавічу». На друтім баку: «Сьпі супакойна! Не пачуць мне больш тваей ласкавай журчлівай брахні, не паціснуць тваю шляхетную лапу. Твой сумны ўладар князь Мрачкоўскі».

Больш за 30 пудоў важыў гэты помнік.

Каля гэтага помніка стаяла вялікая каменная баба вагою да 80 пуд. Яе знайшлі на беразе Сожа і шмат клапот і грошай затрацілі, пакуль усьцягнулі яе наверх. Перавезьлі ў музэй знойдзеную каменную труну і майстэрню каменных прылад і нейкую дагістарычную міску вагою да 40 пудоў.

Музэйная чыннасьць вельмі разгарнулася. Сабралі 17 пудоў чарапкоў начыньня і костак першабытнага чалавека, якога Мамон упарта называе пітэкантропусам, і два вагоны мамутавых костак. Гэтыя косткі мы не змаглі ўсе размясьціць і экспанавалі толькі самыя вялікія сулдыгі, якія сваімі звышнормавымі разьмерамі выклікалі жах у людзей. Сяляне ўпарта гаварылі і нават божкаліся:

— Гэта даўней людзі такія жылі. І косткі гэта не зьвярыныя, чалавечыя. А цяпер людзі зусім здрабнелі.

Прышлося правесьці ўдарную кампанію па растлумачэньні гісторыі зямлі і аддаць школу пад выстаўку мамутавых костак. Усё мястэчка з жахам глядзела на рэшткі вымерлых зьвяроў.

У музэі мы сабралі найвялікшы запас старажытных рэчаў: драўляны бязьмен з булдавою каля 4-ох пудоў, нейкі ідальчык, знойдзены ў валатоўцы, які выабражаў сабой барана на калёсах, нейкі надмагільны камень з фашысцкім знакам, значэньня якога ніхто з нас не зразумеў, і толькі Мамон выказаў дагадку:

— Пад гэтым камянём яшчэ ў Х стагодзьдзі ўземляўпарадкаваўся, кажучы сучаснай мовай, нейкі млынар.

Аб гэтым Мамон напісаў грунтоўны досьлед і паслаў у Акадэмію Навук.

Былі яшчэ экспанаваныя: цікавы рукапіс ХV стагодзьдзя «Аб гаспадарчым выхаваньні жывёлы», дзеньнік абжэрства (ХVІ ст.) і зборнік вершаў ХVІІ ст. — «Ён і яна».

Шапялёўцаў больш за ўсё цікавілі экспанаты зь мясцовага жыцьця. Так, згодна маёй прапанове, скульптарам Бэдам былі зробленыя два манэкены: першы ўяўляў копію жыхара вёскі Галадранкі Яўтуха Абжэры, які мае рост 2,3 мэтры, а вагу 7 пудоў, ня мае пуза, а есьць як у прадоньніцу. Нядаўна яго жонка пайшла некуды й не пасьпела даць яму аніякіх дырэктыў. Дык што-б вы думалі? Ён сам палез у печ, зьеў чыгун бульбы, нарыхтаваны для кормнага парсюка, буханку хлеба 10 хунтаў і ражку зь цялячым пойлам выпіў. Я спэцыяльна выяжджаў з доктарам Крутагаловам, каб дасьледваць гэты этнаграфічны тып. Нарыс аб ім мы зьмясьцілі ў зборніку.

Другі манэкен зрабілі з бабкі, якую ў вёсцы Дрыгавічы абавязкова клічуць разам з акушэркай. Цікавы факт супрацоўніцтва. Трэба яго зафіксаваць.

Апрача гэтага, я заказаў скульптару бюсты старшыні РВК тав. Сома і сакратара райкому тав. Андросава. Мастак і вучні намалявалі партрэты адказных Шапялёўскіх дзеячоў, у тым ліку і мой. Я быў намаляваны ў белай кашулі зь вялізным чырвоным бантам.

Ніхто не разумеў, на якога д'ябла мы экспанавалі ў музэі хамут. З гэтае прычыны мы далі тлумачэньне:

— Гэты хамут у вёсцы Галалобаўцы, як памірае вядзьмак, надзяваюць сабе на шыю, залязаюць на печ і глядзяць адтуль у вочы таму, хто памірае. Тады, згодра, забабонаў, можна ўбачыць сьмерць у поўным яе агідным і жудасным выглядзе.

Зьмясьцілі мы ў музэі і здымкі банды Сапліўца ў поўным складзе і зброю бандытаў.

Але самую вялікую ўвагу прыцягваў знойдзены ў мясцовай царкве плякат царскага часу. На ім, у самым цэнтры, у сонечных праменьнях сядзеў абвешаны царскімі цацкамі Мікалай Крывавы, побач зь ім Аліса Распусная. Між імі ляжаў голы царанёнак, а зьзерху анёлы ляталі і нясьлі рэкляму да Бога:

— Ты ўзрадаваў нас творам тваім!

Калі я першы раз убачыў гэты плякат, я бахнуў аб зямлю і з моцай трох конскіх сіл застагнаў:

— О, вар'яцтва бязьмежнае!

Гэты гістарычны скарб, які добра агітуе за новае, я забраў у музэй.

Гваздом нашага музэю быў антырэлігійны аддзел. У ім былі мошчы сьвятога Лындзія. Я спэцыяльна езьдзіў за імі ў Баркалабаўскі кляштар і там, можна сказаць, гвалтам вырваў зь кіпцюроў фанатыкаў, прэлатаў. Раней гэта быў сьвяты, у ядвабныя дарагія тканіны і каменьне ўбраны. Нейкая таемнасьць велюмам абвівала сьвятога і прымушала цёмных людзей замусольваць тканіны шчырымі пацалункамі. А цяпер, калі мошчы былі прывезены ў Шапялёўку, і я разгарнуў іх да апошняга рызьзя, там быў чорны, чорны чэрап. Вочныя ямкі былі залеплены шэрай глінай. Гнілыя, счарнелыя зубы глядзелі дакорам сьмерці, ськівіцы сумна былі сьціснуты, і рот ніякай каштоўнай прапановы ўжо ня мог унесьці. Сулдыжкі рук бяспомацна былі скрыжаваны на грудзёх, а на назе была нейкая прыкарэлая поўсьць. Магчыма, гэта нага і не чалавечая была.

Над машчамі мы далі тлумачэньне:

— Былі мошчы сьвятога Лынды, а цяпер — згрэбсьці ды на сьметнік. Інакш скарыстаць нельга!

У гэтым-жа аддзеле быў мастацкі партрэт мясцовага папа, зазьняты ў той момант, калі ён п'яны ў царкве заместа «Верныя, верныя, Богу памолімся» раптам пусьціўся скакаць і пяяць папулярную Шапялёўскую песьню «Кармалюгу».

Як пасьля мы даведаліся, Кармалюга быў папулярным мясцовым паўстанцам ХVІІ ст. Мамон нават даводзіў, што Кармалюга і Кармэлюк — адна асоба.

У сувязі з заснаваньнем гэтага аддзелу, нам давялося весьці шалёную барацьбу з рэлігіяй наогул.

У нашай культпрацы вялікія перашкоды былі з боку рэлігійнага т-ва «Божыя дзеці». Т-ва арганізавала рэлігійны дыспут, на які нейдзе выкапала размазьню архірэя і ўдалымі наскокамі моцна дыскрэдытавала мой і Мамонаў аўтарытэты. На дыспуце прысутнічала ўсё насяленьне Шапялёўкі і было сьветкай нашага пасрамленьня. Мы былі злоснымі ў найвялікшым маштабе. Мамон прапанаваў мне:

— Давай зьнішчым іх дашчэнту! Арганізуем другі дыспут і зьявімся ўзброенымі да пярэдніх і задніх зубоў!

«Божыя дзеці» зьявіліся на дыспут. А мы прывялі ў падмогу сабе самага сьмелага ў Шапялёўцы чалавека Лявона Шандараку. Узрост 40 г., былы шахцёр. Яго лічылі вельмі хітрым чалавекам і з гэтае прычыны звалі Лёвачкай. Ён часта заходзіў да мяне і бліскуча апавядаў скаромныя народныя апавяданьні, а калі даведаўся, што я сохну з-за Крэйны, дык даваў мастацкі аналіз Крэйны з усіх бакоў, асабліва з боку фізіялёгічнага і фортыфікацыйнага.

Гэта ў мяне і злосьць выклікала і разам з гэтым прыемнае ласкатаньне пэрыфэрычных нэрваў.

Лёвачка прапанаваў нам свой удзел:

— У гэтым самым дыскуце я так выступлю, што яны павек не забудуцца. Гэтага ліса архірэя і Божых дзяцей у сьмярдзючую ямку заганю!

На дыспуце ён арыгінальна падтрымаў нас. Было так. У самы распал спрэчак выступіў я і замарыў іх сваёй двохгадзіннай прамовай. Яны думалі спыніць мяне:

— Тэрмін вашага слова скончыўся!

А я зірнуў на іх зьнішчаючым поглядам:

— Цяпер я скажу па сутнасьці справы!

Ды яшчэ гадзіну гаварыў і паганіў іх бязьмежна. Пасьля мяне слова ўзяў архірэй і давай крыць мяне. Тут Лёвачка ўзышоў на сцэну, узьняў руку, што хоча гаварыць, і калі ўсё раптам сьціхла, ён... Тут я ня ведаю, як пісаць і як кваліфікаваць учынак Лёвачкі. Запіскі мае ўсё-ж вельмі прыстойныя, і яшчэ ня было ў іх ніводнага вульгарнага слова. Але абяцаўшы пісаць усё, як было, нічога не хаваючы, я прымушаны трымаць сваё слова. Кажучы асьцярожна, Лёвачка вытварыў некалькі досыць гулкіх гукаў і супакойна сышоў із сцэны.

Гэты салют зрабіў моцнае ўражаньне як на веруючых, так і на бязбожныя масы. Першыя, забыўшы закон аб любові да ворагаў, разбэшчаныя кінуліся на сцэну і на мяне, пагражаючы адкалатушыць усіх, хто пад рукі пападзе, а бязбожнікі аплёдысмэнтамі падтрымалі апошняе выступленьне прамоўцы. Лёвачка не пасароміўся выйсьці на сцэну і даць кніксэн. Такім чынам, мы перамаглі, хоць гэта перамога была Піравай перамогай.

У раёне я таксама вёў гэтую кампанію. Усюды я вазіў з сабою шкілеты чалавека й малпы і даводзіў, што розьніцы няма, што ня Бог стварыў чалавека, а ён сам разьвіўся з малпы.

Адначасна з гэтым я наладжваў і культпаход: чытаў сялянам газэту, прыладзіў гучнагаварыцель. Але і тут я сустрэўся з поўным неразуменьнем задач нашага часу. Сяляне, пачуўшы гучнагаварыцель, сказалі:

— Нам гэтыя цацкі непатрэбны! Лепш ты купіў-бы нам малатарню, ці арфу, ці жнейку, ці яшчэ што...

Праўда, ня гледзячы на гэтыя несьвядомыя словы, усе цікавіліся апаратам і праз тры дні ён ужо не працаваў.

Так несьвядомыя людзі ня хочуць бярэгчы каштоўную рзч, за якую заплацілі 400 рублёў.

Кампанію за новы быт у самай Шапялёўцы мы праводзілі бяз усялякіх ідэйных хістаньняў.

Нашаму музыку мы даручылі напісаць цэрэманіял чырвоных хрэсьбін, вясельля і хаўтур. Апрача гэтага, мы зрабілі цікавы экспэрымэнт лепшай арганізацыі камсамольскага жыцьця.

Адзін раз, стомлены культпрацай, сядзеў я каля грубачкі ў сваёй кватэры (была зіма) і напяваў свой узьлюблёны раманс «Гостры меч праколіць маю вантробу».

Прыходзіць група камсамольцаў пад кіраваньнем Дусіка.

— Тав Самасуй, адшукай памяшканьне пад наш клюб! У старым цесна, брудна, антысанітарыя...

— Які будынак па суседзтву з вамі? — пытаю я. Яны адразу зьмікіцілі, у чым справа, і кажуць:

— Там жыве кулак Рыгор Лахмандуда.

— Кулак? Вялікі падатак? 150? Дык раю вам выкурыць яго.

Праз тыдзень яны так і зрабілі, рэквізавалі яго сельска-гаспадарчы інвэнтар і арганізавалі там сваю невялікую камуну пад назвай «Агародніцкае т-ва».

Але праз тыдзень пасьля заняцьця хаты яе зусім разуверзілі. Там ужо стала дрэнна жыць, бо яна была не дастасавана да ўмоў масавай працы. А кулак знайшоў на нас управу. З акругі мне прышла вымоўка, што лезу не ў свае справы і скрыўляю лінію, а РВК загадалі спыніць гэты «саматужны сацыялізм». Так назвалі ў вакрузе наш цікавы расток новага жыцьця. Я да гэтага часу ня згодзен з гэтым. Праўда, мая вага, як рашучага, новага чалавека, павялічылася. Нават Сом, ня гледзячы на мой афронт, сказаў сакратару:

— Такія людзі нам патрэбны. Часам дзірку якую заткнуць. Але яго трэба ў рукі ўзяць, тады Самасуй будзе добрай прыладай для зьнішчэньня старога.

VІІ. ПЯКЕЛЬНАЯ ПРАЦА

Я зьявіўся ініцыятарам засназаньня Шапялёўскага навуковага т-ва, якому ў першую чаргу загадаў стаць на шлях сяброўскіх узносаў Потым мы абралі ганаровых, правадзейных сяброў, супрацоўнікаў, карэспандэнтаў і дапішчыкаў т-ва, падзялілі яго на 7 сэкцыяў і 18 падсэкцыяў.

Таварыства паставіла шэраг практычных мэт. Адна зь іх: «магчыма поўнае вывучэньне кажнага працаўніка з боку яго прыстасаванасьці да ўмоў нашага адказнага, бязьлітаснага, захапляючага часу».

Кажучы словамі Торбы:

— Трэба кажнага працаўніка разглядаць, ці можа ён выканаць загад пралетарыяту: «будуй, а не глядзі ў неба!»

Вывучыўшы кажнага працаўніка, можна будзе для кажнага грамадзяніна скласьці правілы ўнутранага распарадку, знайсьці кадры падрыхтаваных працаўнікоў і зьнішчыць шкодны паралелізм. Толькі тады мы ня будзем ісьці задам наперад!

Падумаўшы ўважліва над гэтым, мы рашылі правесьці анкетную кампанію. На машынцы мы аддрукавалі 3 000 анкет і раздалі іх усім шапялёўскім працаўніком. Але як пачалі прыходзіць запоўненыя анкеты, мы пабачылі, што трэба з абэцэдлы пачынаць палітычнае і культурнае выхаваньне працаўнікоў.

Так страхагент запоўніў анкету:

1. Пасада ... мястэчка Шапялёўка Магілеўскай акругі.

2. Прозьвішча ... страшны агент, як кажуць сяляне.

3. Імя ... Дзямід.

4. Як па бацьку ... сын селяніна.

5. Сацыяльнае пахаджэньне ... згодна тэорыі Дарвіна.

6. Узрост ... 2 аршыны 7 вяршкоў.

7. Пол і сямейнае палажэньне ... сямейны хлапец 50 гадоў.

8. Асьвета ... Электрычнасьці няма, выключна газай.

9. Прафэсія ... 64 рублі 78 капеяк.

10. Пэнсія ... яшчэ не даслужыўся.

11. Маёмасьць ... жонка, трое дзяцей.

12. Партыйнасьць ... бязьбілетны партыец.

Была склікана нарада, на якой у мэтах падвышэньня культурнага ўзроўню савецкіх працаўнікоў прызналі сваячасовым і мэтазгодным заснаваць насьценгазэту. Склалі рэдкалегію ў складзе Мамона, Дусіка і мяне і пачалі абмяркоўваць пытаньне аб назьве газэты. Вырашэньню гэтага важнага пункту было прысьвечана два з палавінаю пасяджэньні. Ніяк не маглі прыйсьці да згоды. Тут нават у мяне з Мамонам ледзьве ня склалася разрыўная сытуацыя. Ён настойваў:

— Газэту трэба назваць «Чырвоная Пуга», бо яна будзе несьвядомых падганяць да сацыялізму.

Дусік уносіў прапанову назваць газэту «Чырвонае Шапялеўскае Вока».

Торба хацеў назваць «Гостры Чырвоны Зуб».

А я даваў сваю кароткую назву — «Пераможны Кліч Шалялёўскага Райвыканкому».

Кажны адстойваў сваю назву, і ў спрэчках мы па 7 разоў бралі слова.

Я пераканаўся, што дабром нічога не даб'ешся і заняў выглядальную пазыцыю, пакуль усе спрэчнікі не замарыліся і не захацелі піць. Тады я зноў прапанаваў сваю назву, а яны, замораныя папярэдняй палемікай, далі сваю згоду.

На другі дзень наша газэта пачала выходзіць штодзённа.

Загадчыку 7-кай Малахольнаму я загадаў напісаць урачысты фэльетон з прычыны нашай новай перамогі на культфроньце, а тав. Гарачаму «Нашы дасягненьні» — паэтычны гляд у вершах. Іншым настаўнікам прапанаваў агульна-агітацыйныя артыкулы аб зьніжэньні сабекошту, аб хлебных загатоўках, аб формах увязкі з рознымі ўстановамі.

Нам удалося ўцягнуць у газэту ўсіх працаўнікоў. Пісаць мы навучыліся лёгка, бо трэба было зрабіць нязначную працу: зь вялікіх артыкулаў друкаваных газэт скласьці маленькія ў пяць радкоў. Як прыклад, прывяду ўзорны артыкул вэтфэльчара Бясхвосьціка на тэму: «Што дала сялянам савецкая ўлада». Ён напісаў:

«Савецкая ўлада дала сялянам зямлю й волю. Няхай жыве савецкая ўлада, зямля і воля! Вэтфэльчар Бясхвосьцік».

Часта нам не хапала часу для пісаньня газэтных артыкулаў і для перадрукоўкі іх на машынцы. Машыністка справіла гвалт, як сказаў наш дзелавод Арон Шык. Супрацоўнікі РВК пісалі артыкулы ў часе заняткаў, і гзта выклікала тармазаваньне ўсяе працы. Апошняе прымусіла нас адмовіцца ад штодзённага тэрміну выпуску газэты, і мы пачалі выдаваць адзін раз у тыдзень.

Рэдагаваньне газэты было турботнай, пякельнай справай. Дапішчыкі былі няпісьменныя і задзёрыстыя. Былі такія паважныя фрухты, якія нікога не шкадавалі і разносілі ў пыл.

Шмат пісалі пра мяне, але я гэтыя карэспандэнцыі з прычыны элемэнтарнай няпісьменнасьці і недапушчальна грубага тону накіроўваў у свой архіў, а большую частку аддаваў аўта-да-фэ. Таксама я не прапушчаў карэспандэнцыі, накіраваныя супраць тав. Сома.

Шмат было закідаў супроць судзьдзі Торбы, як шкоднага ў савецкіх умовах філёзафа. Пісалі, што ён у часе судовых працэдураў дазваляе сабе ўжываць моцныя прыказкі, дзівацкія прыслоўі, якія потым распаўсюджваюцца ў народзе і перадаюцца з вуснаў у вусны, пераходзячы нават межы раёну. У гэтай зьяве рэдкалегія справядліва ўбачыла ідэялёгічную небясьпеку і апублікавала, нават супроць маёй думкі, найбольш гучныя карэспандэнцыі.

І тут нечакана для мяне райком высунуў мяне выкрыць ідэялёгічныя хістаньні Торбы на грамадзка-паказальным таварыскім судзе, які арганізаваў райком.

Гэты працэс ня быў чыста-судовым і зьяўляўся першай спробай нават у Рэспубліцы.

Мая пазыцыя была цяжкая. З аднаго боку, я быў прыхільнікам некаторых прыказак Торбы, з другога боку, яго нават лічыў сваім прыяцелем, як, мусіць, і ён мяне. Але нічога ня зробіш. Дырэктыва вышэй за ўсё, як сказаў Торба.

Я падрыхтаваўся. Мая прамова мела эфэкт. Мне вялікую дапамогу зрабіла кніжачка Торбы. Я біў прама ў лоб. Ні аднаму пракурору ў сьвеце не ўдавалася так выкрыць усю падваліну працэсу, як мне...

Калі я атрымаў слова для свае прамовы, я выцягнуў зь кішэні Торбін блёкнот і ўрачыста заявіў, загадкова ўсьміхаючыся:

— Вось помнік эпохі—дзеньнік няпрызнанага філёзафа Торбы.

Твар Торбы на хвіліну зьмяніўся, нібы зьмяя ўкусіла, — яго губы сударгава зарухаліся, і ён прашаптаў:

— Якая зрада! Не пасароміўся скрасьці, сьцягнуць!

Я патрабаваў ад суду прыцягнуць Торбу да адказнасьці за абразу мяне ў часе судовай працэдуры. Яго заўвага распаліла мяне, і я зьявіўся бізуном справядлівасьці для Торбы. Прыводжу частку сваёй судовай прамовы, якая была квінт'эсэнцыяй усяго судовага працэсу:

— Таварышы судзьдзі, сумленныя грамадзяне і вольная публіка!

Хто такі Торба? Торба — атрутнік, шкодны эксплёататар працоўнай думкі рабочых і сялян! Ён настаўнік, у горшым сэньсе гэтага слова, нашай моладзі, ён ідэйны хістальнік і бязьмен без галавы! Яго трухлявая філязофія прыводзіць да мяшчанскага ўхілізму, культурна-буржуазнага зьдзічэнства і бязьмежнага разьвіцьця самадурства. Усё гэта можна знайсьці ў яго блёкноце.

У практычнай працы Торба працягвае гэту крывую лінію, не зьмяншаючы тэмпу. Яго прыказкі вядомы ўсяму раёну. Аб гэтым яскрава сьветчыць той факт, што на працэс сабраліся ўсе быўшыя кліенты Торбы.

Каб быць аб'ектыўным, скажу, што частку філязофіі Торбы можна прызнаць. Некаторыя тэзісы яго правільныя, пад імі кажны разумны чалавек двумя рукамі й двумя нагамі згодзен падпісацца. Другія яго тэзісы яшчэ патрабуюць досьледаў на прадмет выяўленьня іх шкоднасьці, патрабуюць разгляду іх празь люпу часу і дырэктывы вышэйстаячых арганізацыяў.

Напрыклад, каштоўнымі экстрактамі жыцьцёвай практыкі ў нашых умовах працы зьяўляюцца такія тэзісы Торбы:

1. Чалавек думае, а райком кіруе!

Зусім слушна сказана.

2. Што пішы, а што ў галаве насі!

І гэта як у сук улеплена. Дзіўна толькі, як сам Торба ня выконвае свайго тэрміновага загаду. Тут трэба дадатак яшчэ: што пішы, што гавары, а што ў галаве насі!

3. Там дрэнна, дзе нас няма.

Гэты тэзіс можна фактамі давесьці, а факты ўпартая рэч.

4. Калі-небудзь, братка, дагаворышся!

У поўным і цэлым згаджаюся, бо мы наяўна бачылі, да чаго дакаціўся, дагаварыўся сам Торба.

5. Тады круці лазу, як маладая яна!

Правільна, як і тое, што ў каня 4 нагі і 1 галава.

6. Пры нас сьвет настаў, што і поп засьвістаў.

Згодзен.

7. Ад вады п'яным ня будзеш.

8. Ня дзівіся, калі авечку стрыгуць, каб і самога не абгалілі!

Бязумоўна, дзівіцца на чужую бяду сорамна і небясьпечна. Хто супроць? Няма! Аднагалосна!

9. Увесь век вывучай номэнклятуру!

Добра сказана, лепш, чым старое «Век жыві — век вучыся». Паднаўляць свае веды трэба ўва ўсіх галінах, таксама і ў номэнклятуры.

А цяпер я вам прывяду прыказкі Торбы, якія яшчэ трэба ўважліва прааналізаваць з боку формы, зьместу, гукавога складу і г.д., каб падрабязна высьвятліць іх якасную каштоўнасьць.

1. Не дражні чорта. Чорт чортам сьмярдзіць!

Каго разумее Торба пад чортам, калі наогул, згодна дэкрэту, чарцей няма і быць ня можа?

2. Дорага ды агіла, дзёшава ды гніла.

Незразумелая думка.

3. Сьвет вялік, а дзецца нейдзе.

Мусіць трэба: буржуазны сьвет... Патрэбна ўдасканаліць думку...

4. Хто высока лятае, той нізка сядае!

Не разумею, супроць каго гэта накіравана. Няўжо Торба хоча, каб птушкі на зямлю не садзіліся, або лятуны ня спушчаліся на ніз.

5. Ня будзь замахайлай, не хапайся за ўсё, як папоўна замуж.

6. Не давай ёлупу агонь у рукі!

Такім чынам, аб'ектыўна разгледзеўшы прыведзеныя тэзісы Торбы, мы часткова згодны зь імі, часткова лічым незразумелымі і мала шкоднымі з гэтае прычыны. Але ёсьць у Торбы прыказкі, якія вельмі шкодны ў нашым жыцьці і вядуць чалавека на шлях самадурства і прафсаюзнай нядысцыплінаванасьці.

1. Каровы, якія дужа равуць, мала малака даюць! Паспрабуйце якой хочаце малошнай карове ня даць патрэбных калёрыяў, дык як зараве яна!

Такім чынам, гэта і фактычна няверна. А затым прыведзеная тэза накіравана супроць нашай прапаганды наогул. Мы дужа равом і мала карысьці даём? Гэта вы хочаце сказаць, падсудны Торба?

2. Сук ня дрэва, балота ня золата, Самасуй не працаўнік!

Ня кажучы аб маёй атэстацыі, я прашу суд зьвярнуць увагу, што Торба выступае супроць мэліярацыі. Ён ня лічыць нашы балоты залатым дном, між тым у кіруючых колах трымаюцца іншых паглядаў. Затым ён уносіць фактычную блытаніну, запэўняючы нас, што сук — ня дрэва. Мы ведаем, што сук — частка дрэва. Трэба так і казаць, памятаючы, што ад нас моладзь вучыцца правільна выказваць свае думкі.

3. Стары вол псуе баразёнку.

Гэта яўны выпад супраць старых партыйцаў і старых спэцыялістых наогул. Недапушчальны ў нашых умовах погляд. Ня ўсе старыя валы псуюць чырвоныя барозны.

4. Да ўсяго чапляйся з кароткімі гужамі!

Шкодны кірунак, які можа змардаваць чалавека.

5. Кусайся, хоць зубоў ня маеш!

Надзвычайна атрутная думка! Мы ніколі ня будзем кусацца, калі зубоў у роце ня будзе. Бо ў іншым выпадку з нас сьмяяцца будуць.

6. Каму служыш, а куцаму кланяйся!

Самагубна-нікчэмная тэза. Паводля нашай думкі: каму служыш, таму кланяйся. Ніякага дуалізму.

7. Жні там, дзе ня сееш!

Шкодны дэвіз, які вядзе да анархізму і вытворчай блытаніны.

8. Камсамол — вялікі хлопец, якому бацькавы споднікі кароткі!

Нікчэмнае і нявернае азначэньне ролі нашай баявой арганізацыі.

Усе гэтыя тэзісы атручваюць наш здаровы апарат, уносяць дэзарганізацыю ў быт. Падсудны Торба, незалежна ад таго, хацеў ці не, зьявіўся рупарам дробна-кулацкай стыхіі, несьвядомым агітатарам за развал нашага новага жыцьця. Хоць вялік пень, але дупляваты! — скажам мы словамі Торбы. А таму я патрабую ад таварыскага суду такой вышэйшай кары для Торбы: ужыць у вадносінах да яго астракізм, зрабіўшы яму ідэйную кастрацыю перад гэтым.

Абаронцай Торбы выступіла Крэйна. З чыста жаночым какецтвам і агідзтвам яна гостра высьмеяла структуру маёй абвінаваўчай прамовы. Яна сьмела запэўняла суд у тым, што прыказкі Торбы зусім ня Торбіны, а належаць усяму народу ў цэлым. Дык ці ня прыцягнуць на суд увесь народ? А затым Самасуй у вялікі канфуз уквэцаўся, бо ўвесь блёкнот пісаны зусім ня рукою Торбы, а рукою Самасуя!

Я хапнуў кішэнь, схапіў блёкнот і, о жах! Я захапіў з сабою ня той блёкнот!

Ня гледзячы на гэта, суд вынес суровую вымову Торбе, прызнаў яго дзейнасьць у якасьці судзьдзі нявытрыманай і шкоднай.

Так парваліся цуглі мае дружбы з Торбай.

VІІІ. ТРАГЛАДЫТ

Пасьля гзтага працэсу ў мяне было пачуцьцё пякельнай нездаволенасьці. Каб пазбыць яго, я заняўся навуковай і публіцыстычнай чыннасьцю. Я паслаў у цэнтральную газэту артыкул: «Як разьмяркоўваць свой час савецкаму працаўніку, калі ён ня прысутнічае на пасяджэньнях, сходах, нарадах і канфэрэнцыях». У Акадэмію Навук я паслаў тры трактаты. Першы трактат аб вугалі ў Шапялёўскім раёне. Тут я падрабязна высьвятляў:

— У раёне ёсьць жоўты вугаль (сонца), белы вугаль (вада), блакітны вугаль (вецер), як аснова для заснаваньня грандыёзнага ветрабуду, зялёны вугаль (торф) і чырвоны вугаль (чалавек, жывёла). Пільныя досьледы ў раёне праводзяцца ў мэтах адшуканьня чорнага вугалю, якога пакуль што не ўдалося выкрыць.

Другі трактат вырашаў вельмі важнае ў нашых умовах пытаньне «Аб фактарах, якія рэгулююць навучальны год у раёне». Я прызнаў, што галоўны фактар — сьвіньня. Як толькі кінуць гэту зьвярыну ганяць у поле, тады пачынаецца вясковы навучальны год. Практычны вывад нацыяналізаваць усіх сьвіней БССР. У гэтым трактаце я зачапіў яшчэ тры пытаньні, зьвязаныя зь першым. аб простых спосабах праверкі налічча фармальных навыкаў у вучняў, аб устанаўленьні працэнту ахапленьня школай дзяцей вучнёўскага ўзросту і аб стане беларусізацыі школы. Я раіў адказным працаўніком, якія зацікавяцца гэтымі пытаньнямі, уяжджаючы ў вёску, пільную ўвагу зьвяртаць на тое, ці на ўсіх варотах крэйдаю награмзолены вядомыя ўсім няпрыстойныя словы і лаянка і ці сустракаецца ў іх «ў» заместа звычайнага. Калі вы атрымаеце станоўчыя вынікі, дык, не марудзячы ні хвіліны, вы, як дасьледчык, маеце права зрабіць вывад: 1) фармальныя навыкі ёсьць (калі можна разабраць, што напісана), 2) усе дзеці ахоплены школай (калі, хоць і рэдка, сустракаецца «ў»).

Трэці мой трактат аб першабытнай гаспадарцы ў Шапялёўскім раёне зьвярнуў увагу навуковай думкі ўсіх саюзных рэспублік. Вывучаць гэта пытаньне на месцы прыяжджалі Татары, Украінцы, Мардвіны, Чукчы і Гілякі.

А справа ў тым, што я выкрыў гаспадарку аднаго селяніна, у якога непарушна захавалася земляробчая традыцыя, пачынаючы мусіць ад нэаліту ці бронзы, як заўважыў Мамон.

Гэта гаспадарка належыць селяніну Трагладыту (гэта яго імя; прозьвішча няма; як завуць па бацьку — ня высьветлена) і знаходзіцца ў Воўчыцкім сельсавсце, у 5 клм. ад вёскі Галадранкі. Гаспадарка ляжыць у глухім лесе, з чатырох бакоў абкружана непраходным балотам і дае сабой тыповае ўмацаваньне — гарадзішча старога часу, з высокім драўляным астракольным загародам.

Гаспадарка ізалявана ад усяго сьвету і да гэтага часу, ня гледзячы на 10-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, ня была абкладзена ніякім падаткам і не занесена ў сьпіс насельных месц БССР.

У гаспадарцы Трагладыта няма ніякіх сьлядоў нашай культуры. Там ня ўжываюць сярнічак, а вечны (сьвяты) агонь гарыць на пяколачку. Няма дымаходаў, шкла. Нешта накшталт вакешак разьмерам 10х15 цм. ёсьць, і замест шкла ў іх устаўлены бычыны пузыр. Сям'я Трагладыта ня ведае мыла, газы, ня ўжывае нічога жалезнага. Іголкі не сталёвыя, а драўляныя, або з рыбіных костак. Хата і пунькі сваёй архітэктурай ня маюць сабе нічога адпаведнага ўва ўсім дзікунскім сьвеце. У сенцах хаты (калі так можна назваць невялікую дзюрку, празь якую трэба паўзком улязаць) і ў пунях такія галаваломныя закруткі, што я ручаю: найвыдатныя тэхнікі і вынаходцы Саюзу не разгадаюць іх.

Трагладыт і яго сям'я (тры сыны з жонкамі, якіх яны «ўмыкалі»; у кажнага, як бобу, дзяцей) ня ведаюць абутку ў нашым разуменьні слова. Іх абутак з лазовай каравіны. А зімой носяць досыць моцны абутак. Яны абкручваюць ногі анучамі, а верхнюю анучу паліваюць вадой і некалькі хвілін стаяць марозе. Тады зьверху абмерзьне ўсё, дубам стане і можа добра адыгрываць ролю ботаў.

Сам Трагладыт як зьвер абыходзіцца зь сям'ёй, што добра ілюструе патрыярхальную эпоху чалавецтва. Сам лечыць сваю жывелу і сям'ю словам, «кухтулём» (тэхнічнае слова, якое азначае мэханічны ўдар), расьлінамі, сам вытварае кастрацыю, сам кроў пушчае і г.д.

Сям'я жыве замкнёным жыцьцём. Ніхто ня ходзіць ні ў царкву, ні на сход, ні нават на кірмаш.

Я дасьледваў слоўнік мовы трагладытаў і вельмі спрачаўся з Мамонам аб колькасьці слоў, якімі карыстаюцца трагладыты. Мамон даводзіць, што на Беларусі няма ніводвага сялянскага двара, у якім колькасьць слоў была менш 15 000, а я запэўняў што трагладыты ведаюць ня больш 1 000 слоў.

Цяпер я бачу сваю памылку: цяпер я складаю вялікі трагладыцкі слоўнік (ня менш 3 000 слоў), які думаю пяць раз выдаць.

Што датычыцца рэлігійных пачуцьцяў у трагладытаў, дык практыка паказала, што нейкія рэлігійныя эмоцыі ёсьць. Ніякіх абразоў выявіць не ўдалося, затое недалёка ад хаты, сярод двох карчавых дубоў стаіць вялікі каменны статуй (Мамон кажа, што гэта каменная баба, я ня ведаю, ці так гэта, бо родавыя адзнакі адсутнічаюць), і трагладыты, як ідуць каля яго, неяк таемна ўсьміхаюцца, зь іх вуснаў выходзяць нейкія дзіўныя дыфтонгі уо, ыя, а часта нават поліфтонгі.

Сюды неабходна накіраваць асобную экспэдыцыю, якая дапаможа сацыялістычнаму будаўніцтву.

Праўда, гаспадарка дажывае свой век. Бурныя падзеі апошняга часу хваляй і сюды зайшлі.

Калі я першы раз выкрыў гэту гаспадарку, кіруючыся мутнымі весткамі вёскі, і ўзброены зьявіўся з Мамонам да трагладытаў, — усе схаваліся: і чалавек і жывёла, якая дзейнічала па прынцыпу супрацоўніцтва. Толькі зь цягам часу мы атрымалі некаторыя весткі.

Трэба адзначыць адну рысу, якая сьветчыць аб нейкім руху ўперад у гэтай гаспадарцы. Тры гады назад сам Трагладыт пачаў ужываць штучнае ўгнаеньне на сваім полі. У якасьці ўгнаеньня ен браў кавалкі трухлявага дрэва ці балотнага зёму і клаў у барозны з бульбай, адзінай культурнай расьлінай, якая нейкім чынам папала сюды.

У канцы свайго трактату я прапанаваў:

— Захаваць гэту гаспадарку, як музэйна-паказальную і абвясьціць дзяржаўным заказьнікам, даўшы ахоўную грамату, сюды наладжваць экскурсіі рабочых, сялян, вучняў і студэнтаў, каб азнаёміць зь першабытнай гаспадаркай даўняга часу.

Адказу на маю прапанову няма. Маўчаць пад прыкрыцьцем валакіты.

— А каштоўная прапанова гібее! — кажа Мамон.

Існаваньне трагладыцкай гаспадаркі і гэты цікавы быт вельмі штурханулі ўперад нашу думку. Я дабіўся ад РВК выпісаць на сродкі самаабкладаньня наступныя прылады, неабходныя для разгортваньня нашай культпрацы ў раёне і прапаганды навукі ў масах: 1) шкалу вачэй, каб навукова сыстэматызаваць і падзяліць на клясы насяленьне раену паводля колеру вачэй; 2) шкалу валосься — аналёгічная першай мэта; 3) ручныя сіламеры для падрабязнага падлічэньня, колькі конскіх сіл ёсьць у раёне; 4) сьлінавую прыладу для вывучэньня складаных рэфлэксаў; 5) поўны набор мерак вагі і даўжыні для высьвятленьня будовы цела, твару і варыяцыйнай крывой індэксу чэрапу ў шапялёўскага насяленьня.

Усё гэта абяцала вялікія посьпехі ў нашай прады.

ІХ. ПРАТАРЧАКА ЖЫЦЬЦЯ

І тут раптам маю культурную дзейнасьць у Шапялёўскім раёне гвалтоўна ліквідавалі. Хацелі нават зусім адшыць мяне ад культбуду, але гэта спроба не ўдалася. Мая культпраца зноў разгарнулася ў іншым месцы і ўжо на больш пашыранай базе.

Гэнэзіс усяе гэтае, ганебнае для некаторых асоб, гісторыі наступны:

Напрамак нашай культпрацы заўсёды быў такі, каб адна праца мела зрашчваньне з другой. Папулярызуючы навуку ў сялянскіх і рабочых масах, мы ў той-жа час прасоўвалі і мастацтва ў масы. Мы арганізавалі раённы вандроўны тэатр і дырэктарам яго прызначылі тав. Бычанка, вельмі здольнага арганізатара і прыгожага мужчыну, на якога толькі паглядзеўшы, дзеўкі ўжо млелі. Шляхам падачы заяў ён набраў 8 акторак і 12 актораў і распачаў тэатральны сэзон. Вельмі адчуваўся рэпэртуарны голад, але дзякуючы ўмеламу тэатральнаму кіраўніцтву знайшлі аднаго дзеда, і ён напісаў у 4 дзеях п'есу «Рэў Сопік». Бліскуча выканаў яе тзатральны калектыў. Другую п'есу «Каханьне пад прымусам» напісала піянэрка Палага Кулік, А трэцюю, з-за якой усё ліха загарэлася, напісалі калектыўна: я, Сьвердзялюк, Мамон, Гыля і Юрлік. У ход мы пусьцілі ўсё калектыўнае выабражэньне і ў п'есе былі малюнкі, захапляючыя і падаўляючыя сваёй індустрыяй і хараством. Назва п'есы «Пратарчака жыцьця».

Пралёг да п'есы напісаў я з Мамонам. Пад моцным уражаньнем гаспадаркі Трагладыта мы паказалі, як жылі тыя людзі ў даўнія часы. Згодна нашаму задуму, у пралёгу выконваецца вялікі эксцэнтрычны балет па прынцыпу тармасухі. Акторы да поясу голыя, апранутыя ў ваўчыныя, лісіныя, авечыя скуры.

Шмат мы затрацілі энэргіі, каб бліскуча ў нашых умовах спрацаваць п'есу. Але п'еса так падабалася ўсім, што мы да глыбокай ночы сядзелі ў пакоях сямігодкі і рыхтавалі яе. Роль галоўнай гэроіні мы далі Сошы-Дошы, і яна цэлыя дні і ночы праводзіла ў шуканьні найлепшай вопраткі, цікавых гэстаў і інтанацыяў. Я не адставаў ад яе. Гэта агульная культурная справа зблізіла нас. Як толькі канчаліся мае заняткі, я ішоў на кватэру Сошы-Дошы, і мы да таго часу, як трэба было зьбірацца на рэпэтыцыю, рыхтавалі для яе і для мяне адзеньне, рабілі з кужалю і афарбоўвалі эгзатычнае валосьсе, прыладжвалі зьвярыныя скуры і г.д. Яна была такой мілай у сваей дзіцячай непасрэднасьці, што часта я ня мог устаяць, вельмі рух мяне забіраў, і тады я палка цалаваў гэта 18-гадовае дзіцё. Трэба падкрэсьліць, што заўсёды я даваў належныя камэнтарыі. Я рабіў тое самае, што адзін гэрой у нейкім рамане: цалуючы Сошу-Дошу і маючы на ўвазе сакратара, гаварыў ёй:

— От табе, Соша, мой палкі пацалунак, а ўсё іншае дасьць табе твой жаніх!

Адказам на гэтыя словы быў яе сьмех. Гарэзьліва гледзячы мне ў вочы, дзяўчына гаварыла:

— Я не хачу, каб усё іншае даў мне жаніх! Я не кахаю яго! Выходжу замуж, бо ў яго палажэньне...

Гэта распаляла мяне, але я стрымліваўся, канкрэтна ўяўляючы ўсю небясьпеку, якую можа мець адзін неасьцярожны крок, тым больш, што вельмі марудзілі з залічэньнем мяне нават у кандыдаты партыі.

А тут нейкі навухаданосар інфармаваў сакратара, што мае адносіны зь яго нявестай зайшлі вельмі далёка, куды далей, чымся ў сакратара.

У час спэктаклю, калі ўзьнялася заслона, першая на сцэну выйшла Соша-Доша голай да пояса. У яе была прыгожая лісіная скурка ніжэй пояса, а на грудзёх бліскучыя па спэцыяльна зробленаму заказу бляшкі, прыгожа выпукляючыя яе дзявочыя грудзі. Валасы на галаве былі зусім чырвоныя, пышныя, да самых пят. Яна была бязьмежна чароўнай, і я ахаў за кулісамі.

І калі пачаўся балет па прынцыпу першабытнай захапляючай тармасухі, я, выконваючы ролю цэнтральнага гэроя, вырабляў надзвычайныя выкрутасы ў пары з Сошай-Дошай. Гэтым «па» нас навучыў адзін Ленінградзкі рабочы Ярмаловіч, які ў гэты час прыехаў да нас у вадпачынак. Ён вельмі захапляўся фокстротам і ведаў каля 17 відаў яго. Ен стылізаваў першабытныя скокі па прынцьту фокстроту. Я забыўся на ўсё і з захапленьнем тармасіў Сошу-Дошу.

Калі скончыўся пралёг, і зачынілася заслона, толькі некалькі ціхіх аплёдысмэнтаў пачулася ў залі — факт нябывалы ў практыцы шапялёўскага тэатральнага жыцьця. Звычайна ў Шапялёўцы пляскаюць усякаму, хто выступае. А нам не зрабілі гэтай ласкі, бо ўся публіка была вельмі шакіравана, пабачыўшы нашы голыя «лыткі, ляшкі, грудзі і дзіўныя рухі» (літаральна-сказаныя словы).

Тут і адбыўся фінал маёй Шапялёўскай дзейнасьці. На сцэну, дзе былі мы ўсе, узьляцеў абураны сакратар і запытаў у мяне:

— Хто даў дазвол ставіць гэтую брыду? Хто аўтар?

Я ня стрымаўся. Мяне абурыў тон. З гонарам:

— Калі вас цікавіць гэта пытаньне, зайдзеце сюды праз паўгадзіны, і я адкажу вам. А цяпер трэба рыхтаваць першы акт.

— П'есу трэба зьняць, каб ня было потым...

— П'есу дазволіў паставіць я. Я райліт і адказваю за свае крокі.

— У такім разе я настойваю, каб п'есу спынілі...

— Я гэтага не зраблю...

На мой бок стала Соша-Доша і з усім сваім інтрыганцка-жаночым талентам кінулася на сакратара, шпігуючы яго невуцтвам.

Гэтага ён сьцярпець ня мог, абурана пакінуў сцэну, а празь пяць хвілін зьявіўся ўпаўнаважаны й арыштаваў мяне.

Але гэта не зламала мае энэргіі.

На другі дзень я даведаўся, што на пасяджэньні прэзыдыюму РВК мяне за нетактоўныя паводзіны зьнялі з працы. Гэта абурыла мяне. Я напісаў у РВК, што, лічачы гэту пастанову няправільнай, я абвяшчаю галадоўку. Сакратар назваў мой учынак «нябывалым у савецкіх умовах выбрыкам».

Ініцыятары маёй ліквідацыі перапалохаліся і накіравалі мяне ў вакругу.

Там добра высьветлілі маю публіцыстычную і культурную дзейнасьць і перавялі мяне ў вакруту на больш адказную працу, як вытрыманага, непалахлівага працаўніка, а сакратару зрабілі вымоўку.

Соша-Доша доўга ня ведала, да каго сьхіліцца. Пасьля доўгіх хістаньняў яе дзіцячыя вочы ўсьміхнуліся сакратару, а галоўка прытулілася да яго пляча.

Так скончылася мая Шапялёўская дзейнасьць.

Менск, 31.07.1929 г.