Зачаткі тэатру — драматычная творчасьць у форме сцэнізаванай песьні, гульні-ігрышча з тэатральным элемэнтам — паяўляюцца надта рана і спатыкаюцца навет у народаў, якія стаяць на вельмі нізкай ступені культурнага разьвіцьця. Адзін з выдатных сучасных тэатральных дзеячоў, Еврэінаў, кажа, што ў Афрыцы навет можна бачыць патрэбу прафэсыянальных актораў[1]. Племя Ніам-Ніам мае вандроўных мімаў і пявуноў, якія апранаюцца ў нязвычайныя адзежы накшталт свайго роду тэатральных кацьцюмаў; у Лутуколаў пахаронныя танцы маюць характар драматычных спэктакляў; Кафры ладзяць перад знатнымі чужаземцамі балетныя спэктаклі… На астравох Палінэзіі ёсьць свае пантомімы… Чалавек побач з інстынктам самазахаваўчым, палавым і інш. мае інстынкт тэатральнасьці. Як у ўсіх іншых народаў, гэтак сама і ў нас на Беларусі першых адзнак паяўленьня драматычнага элемэнту трэба дашуквацца ў культавым абрадзе і неадлучных ад яго песьнях, а таксама ў гульнях, у каторых тэатральны інстынкт, які мае кожны чалавек, знаходзіць сваё выражэньне ў дзеі. Гэткім чынам у захаваўшыхся да нашага часу народных абрадах, якія ўжо пад уплывам хрысьціянства ўтрацілі сваё старае культавое значэньне, у народных сьвятах, варажбах, харагодах, гульнях і г. п. мы бачым прысутнасьць больш або менш значную драматызму, бачым ня толькі дыялёг, які сам па сабе яшчэ ня ёсьць драма, але дыялёг зьвязаны з адпаведнаю мімікаю, з дзеяй, аблічанай на глядзельнікаў.
Самыя старэйшыя з захаваўшыхся да нашага часу абрадаў і гульняў зьвязаны са сьвятамі сонечнага году, устанавіўшыміся, ведама, яшчэ ў тую далёкую пару, калі сонца віталі як бога, які дае жыцьцё прыродзе.
Як у сьвеце стара-клясычным бог Дыёнізос паслужыў зародышам народнага тэатру, гэтак сама ў сярэднявечнай Эўропе і ў нас галоўным чынам са сьвяточных гульняў пачалі выдзяляцца і разьвівацца элемэнты народных драматычных ігрышчаў.
Дзеля гэтага для пачатковай гісторыі нашай драматычнай літэратуры і тэатру шмат якія сьвяточныя абрады бязумоўна маюць значэньне.
На Беларусі ў паганскіх сьвятах і старадаўніх ігрышчах былі зачаткі драматычнай творчасьці, якім аднак ня суджана было разьвіцца ў закончаную форму, але з астаткаў таго, што захавалася ў народзе, з таго, што калісь паказвалі скамарохі — гэтыя тагачасныя прафэсыяналы артысты, відаць, што й ў беларускім народзе сільна была патрэба тэатру.
У ігрышчах, карагодах, падзеі жыцьця малююцца мастацкім словам, песьняй хору, які кружыцца навокал сярэдзіны, пакінутай для сцэны дзеі, аб якой пяеццаю Лёгка зразумець, што тут не пяецца аб здарэньнях эпічных, што гэта не апавяданьне. Не пяецца тут таксама аб пачуцьцёх, аб тых абразох, якія даюць зьмест песьні лірычнай. Наадварот, тут «разыгрываецца дзея» з завязкай і разьвязкай, як зачатак драмы; трэба толькі глянуць на Купальскія і Калядныя гэтага роду песьні, каб пабачыць у іх то разгар страсьці, разьбіваючай сямейнае шчасьце, то гісторыю няшчаснай закаханай жонкі або дзяўчыны, то дзяцюка дзеля яе забітага, то роспач маці, то ашуканага за сваю строгасьць бацьку і г. п. Адным словам усюдых драматычныя і трагічныя зачаткі[2]. Але тое, што нам пакінула мінуўшчына ў форме больш ці менш закончанай, у пэўным творчым слове, у дзеі, которая разыгрываецца і ў хоры, каторы пяецца, — ўсё гэта ў нас не дайшло да вышэйшага разьвіцьця народнага тэатру. Наагул славяне ў сваім жыцьці не дарасьлі да поўнага сьпелага веку ў тэй меры, як дарасьлі калісьці поўныя мастацкага пачуцьця грэкі. З аднаго боку суровы клімат і беднасьць ральлі, з другога — хрысьціянства, якое старым паганскім народным сьвятам і зьвязаным з імі гульням пастаралася даць новы зьмест — хрысьціянскі, не далі разьвярнуцца народным абрадам і ўстрымалі нармальнае разьвіцьцё народнага тэатру.
Купала мае свае абрады, свае характэрныя ўрачыстасьці і гульні, а разам з гэтым свой уласны цыкль песьняў. Тутка сабрана ўсё, што ёсьць для беларускага селяніна самага сьвяточнага, таёмнага, прыцягваючага і ігрывага ў працягу ўсяго летка, каторае ў іншую пору поўнае бязвыхадных цяжкіх работ пад сонечным зноем на пяскох або балотах.
У Купалу ўсе песьні маюць у сабе свае купальскія адзнакі. Гэтыя карагоды завуцца «гульнямі», «ігрышчамі», гэта й ёсьць нашы Ludi, наша сцэна, наш захаваўшыся зародыш народнага тэатру[3].
Купала — некалі самае важнае, найвялікшае сьвята, пасьля агранічана сьвяткаваньнем толькі ў працягу аднэй ночы, але й тут стары абрад з кожным днём распадаецца пад уплывам хрысьціянства, асталіся адно толькі самыя неабходныя абставіны ўрачыстасьці, без якіх яна зусім-бы счэзла, — касьцёр і чучала; для іншых гульняў патрэбна была-б падгатоўка, час ды й асобыя людзі; а тут даўно ўжо няма ні таго, ні іншага: прыходзе прыгон, настае час гарачых работ, усе ўчасьнікі — рабочы люд, земляробы. Купальскай песьні прыходзіцца толькі ўспамінаць стары абрад, але ня ўторыць адпаведнай дзеі. Тыя, хто калісь быў неабходным слугой і выразьнікам Купалы, пасьля таго, як прагналі багіню, папсавалі сьвята й абрад, тыя адарваны лёсам ад свайго дзела, кінуты на вандроўнае скамарошае жыцьцё, а пасьля й зусім счэзьлі бязсьледна[4].
Як на Купалу жыве, гаворыць і дзействуець у стычнасьці з чалавекам уся прырода, гэтак на Коляду задаюць ей пытаньні і варожаць, разгадваюць таёмны зьмест яе адказаў. На Купальле гавораць і дзействуюць дрэвы, травы, краскі; на Коляды яны выступаюць у свайго роду драме, яны маюць стычнасьць з бытам чалавека, як напр. Хмель, Канапель, Мак, Просо і г. п. Тое самае й са зьверамі і жывёламі: іх прадстаўляюць людзі, уваходзячы ў іхняе палажэньне, або яны прадстаўляюць сабой чалавечае жыцьцё. Гэткія ёсьць напр. гульні — прадстаўленьні, як: Гусь, Яшчар, Мядзьведзь, Журавель ды інш. Апранаюцца або маскіруюцца часам вельмі ўдачна, найпрасьцей выварачваючы кажух. Самае распаўсюджанае — гэта Казёл, або часьцей Каза — гэты неадлучны таварыш клясычнае драмы, трагэдыі й бога, які сьвятам сваім выклікаў да жыцьця тэатр. У некаторых мясцох Казу робяць надта хораша (за яе апранаюць дзяцюка): з мордай, ражкамі, зістужкамі, званочкамі. Найпрасьцейшы спосаб — на галаву апранаюць белую кашулю, а над галавой чалавека прышываецца да кашулі зробленая з чаго-небудзь галава казы; морда яе зоблена з двох драўляных дошчак, праз якія праходзіць вяроўка, каторай канец дзяцюк трымае ў руцэ сваей і цягае за яе, а ад гэтага дошчачкі пляскаюць, як губы й зубы казы. Гэтыя самыя гульні спатыкаюцца й ў старадаўніх скамарохаў асабліва Мядзьведзь і Каза[5].
Каза мае ня толькі свой рэчытатыў прадстаўленьня, але й сваю спэцыяльную песьню:
Го-го-го, Козынька,
Го-го-го, шэра,
Го-го-го, бела,
Ой, расхадзіся,
Разьвесяліся
Па ўсяму дому
Па вясёламу.
Ой, пакланіся
Сему гаспадару
І жане яго,
І дзеткам яго.
Ого-го, Козынька,
Ого-го шэра,
Ого-го, бела!
Гдзе Каза тупаю,
Там жыта купаю,
Гдзе Каза рогам,
Там жыта стогам,
Гдзе Каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Ого-го, Козка,
Ого-го, шэра,
Ого-го бела!
Паслухай, Козынька,
Гдзе ў звоны звоняць,
Гдзе ў бубны бубняць,
Гдзе ў трубы трубяць,
Гдзе йскрыпцы граюць!
Ого-го, Козынька,
Ого-го, шэра,
Ого-го, бела!
Паглядзі на грады,
Ці няма здрады?
Старая баба
То тая здрада.
Салому сячэ,
Пірагі пячэ,
А сена смажыць,
Пірагі мажаць.
Ого-го, Козынька,
Ого-го, шэра,
Ого-го, бела!
Выскачыў ваўчок,
За казу чок-чок,
А ваўчаняты
За казяняты.
Мудрая Козынька
Дагадалася,
У ніцыя лозанькі
Захавалася
«Я не баюся
Ні ў полі лаўца,
Ні ў лесе страўца.
Адно баюся
Старога Дзеда
Сіва-барода,
Той мяне заб'е
З тугога лучка
З правага плячка».
Го-го-го, Козынька,
Го-го-го, шэра,
Го-го-го, бела!
У нашай Козанькі
Чатыры ножанькі.
Ого-го, Козынька,
Ого-го, шэра,
Ого-го, бела! [6]
Абход з «Казой» мае яшчэ ў сабе сьляды старадаўняга, ахвярнага і сьвятога для дахрысьціянскай эпохі зьместу.
Беларуская «Каза» ёсьць ня толькі таварыш прадстаўленьняў, гульняў, шумнага сьвята з музыкай, але напамінае сабой і старэйшыя, вышэйшыя істоты або старадаўнія сказы, якія ўлажылі душу ў прадстаўленьне і нарадзілі сцэну. Каза творыць увесь дабытак, яна прычына ўраджайнасьці, а яе рог ёсьць рог ізбытку, як у старадаўняй клясычнай Амальфэі. Яна клапоціцца аб выхаваньні новароджаных істот, старанна хавае іх, а ім, гэтак сама, як і маці, пагражае страшны даўнішні вораг, Воўк, або «Стары Дзед», сівабароды з тугім лукам — гэта азлоблены бог Кронос або Сатурн. Гэткім чынам славянскае сьвята новароджанага «Божыча»,пазьней пад уплывам хрысьціянства прытарнованае да ражства Хрыста, ляпей за ўсё ахарактэрызоўваецца сваей неразлучнай Казой, а яе абраз найболей разьвіты захаваўся на Беларусі[7].
Прадстаўнікамі мастацтва, акторскай дзеяльнасьці, ад старадаўніх часоў і амаль да паловы XVII ст. былі ў нас скамарохі. Дзеяльнасьць іх была вельмі разнародная. Яны былі прадстаўнікамі мастацкае літэратуры, адпаведнай да патрэб і тагачаснага смаку. Скамарохі, калі і не былі самі паэтамі, тварцамі, дык за тое перахоўвалі народную паэтыцкую творчасьць. Яны — самыя даўнішнія прадстаўнікі народнага эпосу, народнай музыкі. XI век жыў у нас яшчэ поўнай сілаю народнай творчасьці і ня ведаў яшчэ таго, што вешчая песьня Баяна ёсьць «паганая чартоўская справа»[8]. Князявы і баярскія піры заўсёды ажыўляліся прысутнасьцю скамарохаў, а асабліва піры вясельныя. Але ня толькі на банкетах і вясельлях, ня толькі ў князевых палатах, у баярскіх харомах і ў прыватных дамох скамарохі паказвалі сваё мастацтва, — яны зьяўляліся на вуліцах, на пляцах, на палёх, гуляючы ў нядзелі ды іншыя сьвяточныя дні сваі «прадстаўленьні» дзеля разьвесяленьня народу. Калі на банкетах і вясельлях скамарохі былі галоўнымі пачынальнікамі песьняў і скокаў, дык тым балей сярод шматлюднага народнага натоўпу яны сваей вясёласьцю, гульнёй, песьнямі ды скокамі, ня толькі весялілі народ, але й уцягвалі яго самога ў сваю гульню: песьні, скокі, сьмех, плясканьне рукамі, наогул бязьмежная вясёласць і разгульле народу — усё гэта зьлівалася ў адзін шумны абраз, у якім набожныя піонэры хрысьціянства бачылі астаткі ненавіснага для іх паганства, называючы народныя йгрышчы «чартоўскімі», «паганскай службай» і г. п.
Але народ любіў весяліцца. Песьня кажа:
За тры капы селезьня прадала,
А за капу дударыка наняла.
«Зайграй, зайграй, дударыку, на дуду, —
Няхай-жа я сваё гора забуду»…
І вось, ня гледзячы на строгія прамовы «сьвятых» людзей, у народзе пераважала патрэба ўцячы ад шэрасьці жыцьця, патрэба «гора сваё забыць».
Чартоўская магутная, паводле сярэднявекавых пісьменьнікаў, сіла гудзьбы, г. зн. ігры на музыкальных інструмэнтах, якая бязвольна цягне слухачоў у скокі, высказваецца ў некаторых сказах і павучэньнях, духавенства, скірованых проці ненавіснага для іх, як спадчыны паганства, скамарошства.
Але народ не пакідаў сваіх старых прывычак, любімых святочных забаваў. Пераадзяваньне і маскі былі ў хаду ў скамарохаў, якія ў гэтых народных гульнях былі галоўнымі дзеячымі асобамі. Скамарохі пераапраналіся ў розныя вопраткі, у якіх гулялі розныя бытавыя сцэнкі, нешта накшталт пазьнейшых інтэрмэдыяў. Апраналіся за зьвяроў, надзявалі на твар маскі, прычаплялі бароды[9].
Гульні скамарохаў абурывалі маральнае і рэлігійнае пачуцьцё людзей паважных, між інш. напр. Сымона Полацкага.
Духавенства пратэставала проціў «кашчунства і глуматворства» вясёлых скамарохаў, каторых гульні ня былі надта абмяжованы вымогамі скромнасьці і прызваітасьці. Скамарохі, як людзі вандроўныя, якія здабывалі для сябе хлеб сваім мастацтвам, былі прымушаны прытарноўвацца да смаку карміўшай іх публікі, каторую яны весялілі музыкай, песьнямі, жартамі, прыказкамі, маскарадамі, фарсамі і г. п. Іхні юмар, ведама, павінен быў адпавядаць духу, настрою і смаку слухачоў ды глядзельнікаў. Чымсь грубей была весяліўшаяся народная маса, тым і большы быў цынізм, да якога даходзіла яе разгульле.
Але, ведама, юмар скамарахоў не абмяжоўваўся адным толькі цынізмам. Апранутыя ў розныя касьцюмы і маскі яны гулялі сцэнкі, астаткі якіх перахаваліся ў народзе да сёньняшняга часу, як напр. упамянутая вышэй гульня з Казой. У Палесьсі нядаўна мядзьведзь, казёл і журавель былі адзіныя маскарадным фігуры. Ролі іх спаўняліся вельмі проста: вывернуты кажух служыў маскарадным касьцюмам. Гульня складалася з песьняў і няхітрага рэчытатыву. Трэба думаць, што ў даўнішніх скамарохаў, як спэцыялістаў свайго дзела, гэты «спэктакль» быў больш дасканальны з вонкавага, касьцюмёрскага і мастацкага боку.
Дагэтуль захавалася ў народзе калядная гульня, якая безпярэчна зьяўляецца спадчынай скамарошай творчасьці і дае нам паняцьце аб сьмяхотных сцэнках, якія разыгрываліся перад народам.
На сцэну ўваходзіць селянін, Мацей з падвязаным жыватом і кажа:
Авей, авей, вох, вох, вох!
Вот, мае паночкі,
Быў я ў пана Бараноўскага на куцьці,
Ды як пад'еў куцьці,
Дык не магу сапці!
Што мая Ульляна не рабіла,
І гаршчок на пупе станавіла, —
Ды й тое не памагло
Ды яшчэ горш прылягло
Параілі мне галясу, купэрвасу
Ды бурачнага квасу,
Моху, чартапалоху
І яшчэ нечага забыўся, троху, —
Усё гэта зельле скалаціць
Ды выпіць.
Зрабіў я ўсё гэся, —
Не памагло,
Яшчэ горш прылягло.
Вот каб нашоўся дахтарочак
Ды палячыў мой жываточак —
Аддаў-бы яму і торбачку і мяшочак.
Доктар (выходзіць).
Што табе, мужык?
Мацей
А вот, паночак,
Нястраўнасьць, бурчэньне,
Рэзачка, абэнбэніла,
Як Антонаву казу.
Доктар.
Кладзіся, мужык!
Як цябе завуць?
Мацей.
Мацей.
Доктар (б'е яго палкай, кажучы):
Пацей, пане Мацей!.. (пасьля ўцякае).
Мацей (ўстае).
А ліха тваей мацяры!
Папацеў, памацеў,
Ды й сам к чорту паляцеў!
Вот каб дагнаў,
Вот-бы ў плечыкі нагрукатаў. [10]
Гэткім чынам у часы сярэднявякоўя скамарохі, ня гледзячы на пракленствы іхняга мастацтва з боку духавенства, былі пажаданы ўсюды, пачынаючы ад князявых харомаў, а канчаючы вулічнай масай. Аб вялікім князю Альгердзе (XIV ст.) летапісец выражаецца з асаблівай пахвалай: «премудръ бѢ зѢло… и воздержаніе имаше веліе… потѢхи и игранія и прочих таковых не внимаше»… З гэтага можна зрабіць вывад, што іншыя князі «пацехі, іграньні» і інш. любілі. А аб простым народзе няма ўжо што й казаць. Скамарох-музыка з сваім музыкальным інструмэнтам быў неабходным госьцем там, дзе ладзіліся скокі, бо:
Ой, без дуды, без дуды
Ходзяць ножкі ня туды,
А як дудку пачуюць
Самі ножкі танцуюць [11]
Рамясло скамарохаў было зьвязана з вечнай вандроўкай. Бо каб не абрыдзець людзём старым рэпэртуарам, каб мець заўсёды новых ды новых слухачаў, скамарохі былі прымушаны вандраваць ад мястэчка да мястэчка, ад вёскі да вёскі. Музыка — «інтэрнацыянальны» мастак — дык няраз мусіць здаралася скамароху бываць і на чужыне, бо голас музыкальнага інструманту аднолькава зразумелы для ўсіх. І песьня кажа:
Як павесіў я дуду
Да й на зялёным лугу,
Мая дудка звалілася,
На кусочкі разьбілася.
Ці ня дудка была,
Весялушка была,
Весяліла мяне
На чужой старане. [12]
Наогул дуда ёсьць найбольш распаўсюджаны музыкальны інструмэнт нашых скамарохаў і ў песьнях яна часта завецца «весялухай».
Вандроўнае жыцьцё, гульні, пяяньне і скокі на банкетах, вясельлях, сьвятах, ды патрэбны дзеля гэтага бязупынны пад'ём энэргіі, рэч зразумелая, прычыняліся да разгульля і п'янства самых скамарохаў, аб чым кажуць сучасныя летапісцы. На народных ігрышчах, сярод гуляўшай народнай масы бязумоўна скамарохі напіваліся «як сьлед». Маючы мэтай весяліць ды забаўляць народ, скамарохі павінны былі мець вясёлы характар і дзеля таго найбольш распаўсюджаны быў іхні эпітэт: «вясёлыя людзі». Але побач з гэтым іхняе рамясло разьвівала ў іх лоўкасьць, дагадлівасьць, хітрасьць, нахальства. У XVI ст. спатыкаюцца ўжо цэлыя ватагі скамарохаў, складаўшыяся з 60-100 чалавек, паяўленьне каторых ужо ня нясе гэтулькі радасьці жыхаром, як раней. Яны ўжо ня могуць сказаць аб сабе:
…А скамарохава горкая доля,
Што даюць толькі, бярэць і тое…
Яны ўжо бяруць і тое, чаго ім не даюць. Яны гвалтам ужо ўрываюцца ў двары і дамы жыхароў вёсак і гарадоў, гвалтам п'юць і ядуць у іх, крадуць і грабяць.
І барацьба з імі духавенства, якое раней ня мела падтрыманьня з боку сьвецкай улады, загастраецца ўсё сільней і рад дэкрэтаў з боку ўлады сільна абмяжоўвае «грэшную, чартоўскую» дзеяльнасць скамарохаў. Апроч таго іхняе павядзеньне пачынае ўжо вызываць у народзе пагарду і агіду да іх — «дьяблавых слугаў».
Каля сярэдзіны XVII ст. вандроўныя, брадзячыя ватагам «вясёлыя малайцы» мала-па-малу сходзяць са сцэны, а там і сям раскіданыя аседлыя скамарохі, жыўшыя ў гарадох і вёсках, памалу перамяняюцца ў музыкаў цяперашняга тыпу.
Можна знайсьці некаторае падабенства паміж даўнішнімі скамарохамі а цяперашнімі валачобнікам ды калядоўшчыкамі, якія паяўляюцца ў сьвята — на Вялікдзень і на Каляду, і ходзяць кучамі ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты. Гэтак сама як і ў скамарохаў, так і тут ёсьць гэтыя самыя пэрсонажы: і механоша, які зьбірае грошы і падарункі, і пачынальнік і памагальнікі або падхапнічкі або падгалосьнікі, ёсьць і музыка (іскрыпка). І з валачобнай песьні відаць падабенства між валачобнічаствам і вандроўкай скамарохаў:
Ішлі, ішлі валачобнікі
Ува цёмный ночы ды па гразнай гразі,
Валачыліся ды й абмачыліся,
Шаталіся і баўталіся,
К багатаму дому пыталіся. [13]
Але гэта ўжо не прафэсыяналы — пявуны, гэта людзі, якія зьбіраюцца ў грамаду часова, якія зьбіраюцца ў грамаду часова, толькі ў пэўную пару году. Бяднейшыя сяляне зьббіраюцца ў грамаду ад 3 да 6 чалавек, а часам балей, падбіраюць галасы і йдуць славіць сьвята па вёсках, мястэчках, сялянскіх хатах. Наперад ідзе механоша і нясе ў руках або на плячы даўгую палку, на якой тырчыць уваткнуты кусок сала. Падайшоўшы да двара, яны пачынаюць за пачынальнікам пяяць асобыя народныя вялікодныя песьні, у канцы якіх славяць гаспадара і гаспадыню (гэтак і скамарохі), атрымоўваюць сьвяточныя падарункі ды йдуць далей[14] ).
Калядоўшчыкі — гэта тое самае, што й валачобнікі, але атрымоўваюць новы назоў ад сьвята Каляды. Ходзяць гуртом хлопцы з дзяўчатамі, мужчыны, жанчыны — але бяднейшыя, бязхатнія або безьзямельныя. Калядоўшчыкі аднак — гэта не жабракі, ня старцы, яны ня просяць, а вымагаюць дароў ад сьвятога стала: гэта ім належыцца, гэта іхняе права, гэта сьвяточная ахвяра. І ім ахвотна даюць. Ясна, што гэта быўшыя некалі жрацы, а цяпер як-ні-як слугі сьвята, прадстаўнікі душы яго, самае істоты Каляды[15].
Цытаваны тут намі няраз П. Бязсонаў так апісвае гэты абразок з народнага быту:
…«Ад вакна да вакна нясецца харавое пяяньне, там рэзкі мужчынскі голас, там дзіцячы звонкі; то сьцелецца па вёсцы, дзе яна скучана, то сярод раскінутых хат і фальваркаў, між надзеламі і палямі, садамі ды гаямі; замоўкне тут, загудзе ў іным кутку; уся ваколіца ажыла і жыве; слухае ціхая і сьвежая сівая, белаватая ноч беларуская слухае і кліча прыслухоўвацца да гэтых урачыстых часін Каляды»… [16].