У канцы XV сталецьця ў заходня-эўрапэйскай літэратуры зьяўляецца новая форма драматычнай творчасьці, выкліканая асобымі абставінамі тагачаснага інтэлектуальнага жыцьця і разьвіваўшаяся выключна ў школьных мурох, дзеля чаго яна й атрымала назоў школьнай драмы.
Першая мэта школьнай драмы была чыста практычная: ішло аб тое, каб навучыць моладзь лацінскае мовы, прывучыць казаць у публічных мясцох лацінскія прамовы, вырабіць сьмеласьць і чыстату дыкцыі, навучыць жэстаў і патрэбнай для прамоўцы мімікі.
Спэктаклі ў школах ўсё больш ды больш уваходзяць у звычай, а пасьля робяцца навет абавязковымі. Езуіты ў старой Польшчы амаль цалком, апанавалі школьнае выхаваньне, пакрыўшы ўсю старонку сеткай сваіх кольлегій, і школьныя спэктаклі былі тут аднэй з важнейшых праяваў драматычнай літэратуры.
Як ува ўсім, гэтак сама й у драматычным мастацтве, езуіты хацелі быць першымі. І, дзякуючы захвату ў свае рукі школьнай справы, дзякуючы ўплыву на душы моладзі, якую выхоўвалі ў сваіх кольлегіях, акадэміях, мелі за сабой шмат людзей набожных, якія ня умелі адрозьніць рэлігіі ад езуітаў. Але, ня гледзячы на ўсю сваю хітрасьць і вялікі ўплыў, ня мелі доступу да сэрца народу.
Гісторыя езуіцкага тэатру абыймае больш за два сталецьці ад 1571 году да 1773. Яна цесна зьвязана з гісторыяй езуіцкай школьнай справы і яе разьвіцьцём.
Езуіты сарганізавалі ў Польшчы агулам каля 29 тэатраў: у XVI сталецьці было чатыры школьныя тэатры, у XVII сталецьці паявілася 16 новых, у XVIII — яшчэ дзевяць. У гэтым ліку ў Вільні арганізуюцца школьныя спэктаклі ад 1574 г., у Пінску — ад 1662 г., у Наваградку — ад 1681 г., у Менску — ад 1692 г., у Слуцку — ад 1715 г., у Несьвіжы — ад 1723 г., у Полацку — ад 1723 г., у Віцебску — ад 1766 г., у Слоніме — ад 1769 г.[17]. У Польшчы, як ведама, побач з мовай польскай была абавязкова лацінская і вось тут школьны тэатр, таксама як і ўсюды, меў на мэце добра навучыць моладзь штучна прышчапляўшайся да жыцьця клясычнай мовы. Каб дайсьці да гэтае мэты езуіцкія кольлегіі падгатаўлялі вучыцялёў, якія, пішучы лацінскія драмы, прышчаплялі моладзі мёртвую мову.
Пісаліся п'есы вельмі адна да аднэй падобныя. Характэрнай адзнакай гэтай творчасьці была тэндэнцыйнасьць, напрамак уморальняючы, шмат там было альлегорычнасьці, а мала мастацкага знаёмства з жыцьцём і чалавекам. Езуіцкі тэатр мае свой уласны рэлігійна-моральны тон.
Школьнаа драма дала ўсё, што толькі даць яна магла, не зьмяняючы сваей істоты. Тут мы бачым усялякія мэтаморфозы, землятрасеньні, буры на моры; на сцэну зьяўляюцца драконы, духі, пекла з чартамі, Олімп з усімі багамі, усялякія алегорычныя фігуры і г. п. Гэткім чынам езуіцкая школьная сцэна ёсьць надта цікаўны матэрыял для гісторыі наагул тэатральнай тэхнікі і дэкаратыўнага мастацтва. Але матэрыял, які дагэтуль удалося знайсьці, ня надта багаты. Пасьля пажару ў Любліне ў 1758 г., у каторым згарэў касьцёл і люблінскія школы разам з іхнім студэнцкім тэатрам, засталося апісаньне гэтай падзеі, дзе аўтор падрабязна апісвае тэхнічнае ўстройства гэтага школьнага тэатру. Сцэна асьвятлялася згары: падлога была з нахілам у бок публікі (як і ў сучасных тэатрах); замест бакавых куліс ужываліся шэсьць пабудаваных з рам чатырохвугольных стаўпоў (па тры з кожнага боку сцэны), каторых кожная сьценка была пакрыта іншай дэкарацыяй — то відам лесу, то дамоў, то сьцен палацаў, то агню або хмар. Гэтыя стаўпы паварачваліся на сваіх восях і гэткім чынам давалі глядзельнікам уражэньне лесу, або вуліцы, або палацу, або пекла ці неба і г. п. Між гэтымі стаўпамі былі праходы, праз якія артысты ўваходзілі на сцэну. Задняя дэкарацыя дапасованая сваім рысункам да бакавых, складалася з дзьвёх палавін, якія разсоўваліся ўлева і ўправа. Апрача таго ў памянёным апісаньні гаворыцца, што тэатральная саля была мураваная і мела восем вакон, а сцэна была драўляная, аддзеленая ад публікі разсоўвываўшыміся параванамі, якія замянялі цяперашнія заслоны[18].
Сюжэт камэдыі бываў выдумляны або браўся са сьвятой гісторыі, легэндаў, жыцьця сьвятых, або гісторыі сьвецкай (галоўным чынам грэцкай або рымскай). Гэткім чынам школьная драма часта мела многа супольнага з даўнішнімі містэрыямі.
Характэрнай ад'знакай усіх гэтых п'ес быў значны лік выступаўшых асоб, што не давала аўтору магчымасьці акуратнай характэрыстыкі і было перашкодай у мастацкай композіцыі. Але няма што казаць аб мастацтве ў школьнай драме. Калі часам і здарыцца якая сьмялейшая спроба, мастацкі парыў, дык яны расплываюцца ў шэрым моры бяздарнасьці. Але гэты тэатр (як мы ўжо казалі) быў выкліканы да жыцьця чыста практычнымі мэтамі. Тут ішло аб тое, каб усе вучні былі ў п'есе заняты, і, чым больш іх было ў даннай кольлегіі, тым балей дзеячых асоб было ў пісаўшыхся для іх п'есах. Былі п'есы, ў якіх лік асоб даходзіў да 200, а часам навет і балей.
Самая п'еса пісалася на лацінскай мове, іншыя-жа часткі яе — пролёгі, хоры, эпілёгі — на мове народнай. Апрача таго на народнай мове пісаліся інтэрмэдыі або інтэрлюдыі.
Шмат глядзельнікаў не разумела мовы, на якой была напісана п'еса, а сачыла за ходам дзеі па пісаным або друкаваным праграмам, раздаваўшымся публіцы. Каб даць магчымасьць публіцы, зморанай нуднай школьнай драмай, крыху пасьмяяцца і адпачыць душой, а з другога боку, каб даць час айцам дэкаратарам, якія, падкасаўшы свае сутаны, ў поце чала разам з сваімі выхаванцамі перастаўлялі дэкарацыі і прыгатаўлялі замыславаты рэквізіт для чарговага акту, — між актамі п'есы ставіліся інтэрмэдыі.
Інтэрмэдыі — гэта невялічкія жывыя сцэнкі, якія маюць у гісторыі школьнай драмы вельмі важнае значэньне. Зьмест гэтых вясёлых сцэн браўся са сьмяхотных гісторый, розных фатэцый, народных анэкдотаў і наагул з народнага быту. Тут дзеячымі асобамі былі ўжо не багі, не каралі, не сьвятыя і не антычныя героі, а — сяляне, цыганы, жыды, жаўнеры ды іншыя прадстаўнікі гарадзкога або вясковага пралетарыяту. Інтэрмэдыі рана зьяўляюцца неабходным дадаткам да школьнай драмы. У Нямеччыне ўжо ў пачатку XVI сталецьця сьмяхотныя сцэнкі на нямецкай мове ўстаўляліся ў лацінскі тэкст школьных п'ес. Езуіты, якія спачатку не пазвалялі рабіць гэткія ўстаўкі на народнай мове, пасьля ня толькі дапусьцілі іх, але навет узаконілі ў сваіх падручніках і пакінулі пасьля сябе шмат ітэрмэдыйнай літэратуры.
Дзеля таго, што мовай нашага «паспалітага люду» была мова беларуская, дык і інтэрмэдыі, якія ставіліся ў нашым краі, пісаліся галоўным чынам пабеларуску. Тут людзі ніжэйшага стану, як напр. селянін, жыд, цыган, гаварылі заўсёды пабеларуску, але ролі вартаўнікоў, старажоў і г. п. асоб, якія мелі стычнасьць з вышэйшымі клясамі і ўжо пасьпелі годзі апалячыцца, пісаліся, згодна з жыцьцёвай праўдай, папольску. Гэтак сама папольску вельмі часта праўмаляў і чорт, як прадстаўнік пэрсонажаў з больш шырокім сьветапаглядам, больш эдукаваных, а знакам тым таксама ўжо апалячаных.
Падбіраючы для драмы інтэрмэдыі, часам стараліся захоўваць нейкую, хаця-бы навет і далёкую, паўзьбежнасьць зьместу. Гэтак напр. гісторыя блуднага сына перапляталася з сьмяхотнай гісторыяй селяніна, зрабіўшагася «каралём». Блудны сын выяжджае з бацькаўскага дому; селянін едзе ў горад, там напіваецца і, варочаючыся назад, падае ды засынае пры дарозе. Праходзіўшыя міма жаўнеры хочуць пажартаваць з яго і апранаюць яго ў каралеўскую адзежу. Блудны сын гуляе са сваімі прыяцелямі і пасьля п'яны засынае. Селянін прачхнуўшыся бачыць, што ён кароль: жаўнеры ўслугоўваюць яму, запарожаскае пасольства прыносіць яму дар — мёд і гарэлку; ён напіваецца п'яны ды йзноў засынае. Блудны сын прачхнуўшыся бачыць, што прыяцелі яго абакралі, — селянін прачыхаецца ў сваёй старой сьвітцы і таксама разачарованы бачыць, што ён ужо не кароль, а бедны мужык… і г. п.[19].
Гэта інтэрмэдыя ёсьць свабоднай пераробкай на беларускі лад камэдый Пётры Барыкі «Z chłopa król»[20] і мае два варыянты. Другі варыянт вядомы пад загалаўкам Ludus Fortunae, vera olim, nunc in scenam data historia і цікаўны яшчэ з таго боку, што мы ў ім знаходзім адрыўкі народных песьняў.
На сцэну выходзіць, апіраючыся на цалку, п'яны селянін і пяе:
Сядзіць сава на каліне, сычык на другой,
Азірнемся, аглянемся ажно на чужой…
(гаворыць): Сяргей! эй, Сяргей! за што ты мяне папіхаеш, ня йдзеш? Сяргей!.. (ізноў пяе):
Быў, быў Сямён баяр,
Сем год яшчэ ня стар,
Сам ляжыць на печы,
Ногі на паліцы…
(гаворыць): Хмель! о, хмель! Куды ты мяне вядзеш, куды, хмяльнічаньку? Дай-жа пакой пакінь мяне!.. (падае). А я казаў, што так будзе!.. Дылі-дылі-дынь дынь!.. Максім, а, Максім! падлажы што пад галаву, сынку, Максім!.. (Засынае. Прыходзяць гарадзкія старажы, апранаюць яго ў панскую вопратку і пасьля будзяць):
— Mości dobrodzieju! gość do waćpanać przychodzi, wstań waćpan! Jegomość pan Baro chce waćpanu się lłaniać.
— Максім, эй, Максім! дай пакой, спать хачу.
— Ale wstań waćpan, bo do waćpana pilny interes.
— Максім, ужо я табе кажу, дай пакой!
— Nie Maksim, ale jegomość pan Baro chce waćpanu pokłonić.
— Які баран? Я-ж учора зарэзаў… (прачыхаецца, крэсьціцца). Што гэта? ці людзі, ці чэрці? толькі штось і крыжа не баяцца…
Старажы стараюцца пераканаць яго, што ён пан, а яны яго «покоювцы», вучаць яго гаварыць папольску, даюць яму віно. Ен п'е, паўтараючы адзіную польскую фразу, якую навучыўся: «Pokojówcy! wina!». Пасьля засынае, прачыхаецца даўнішнім мужыком і надта дзівуецца, ня бачачы ані віна, ані слуг[21].
Іншы раз гэткія сьмяхотныя сцэнкі замянялі сабой пролёг і эпілёг п'есы. У камэдыі аб Іосіфе ( Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis ) спэктакль пачынаецца ад таго, што ў школьную салю ўваходзіць селянін ( rusticus ) — беларус Іван і, пабачыўшы шмат публікі, зьдзіўлены пытаецца школьных старажоў:
Панове, што за дзела будуць тут дзелаці,
Ці ня свадзьбу на месцы сём будуць скакаці?
Стораж (aulicus) адказвае яму папольску:
Ja wiem, lecz tobie darmo nie powiem, Iwanie.
Іван:
Прашу цябе, скажы мне, міласьцівы пане!
Aulicus задае Івану розныя пытаньні, на якія той яму адказвае, а ў канцы aulicus у кароткіх словах аб'ясьняе зьмест п'есы. Іван пытаецца:
— А ці будзець-жа чорт з рагамі?
— Będzie i ten… — адказвае яму aulicus і ў той-жа мамэнт выскаквае з-за куліс Чорт ды пачынае чапляцца да Івана і ганяцца за ім (як і ў сярэднявечных камэдыях чорт часам забягае са сцэны да публікі):
— А вось я бес, сызматыцкі сын!
Іван:
— Ідзі-ж, чорце, ад мяне да беса.
Чорт:
— Я цябе люблю.
Іван:
— Ды я цябе ня люблю[22].
Трэба думаць, што клопат мужыка — schysmaticus'а, якому трудна адчапіцца ад прыстаўшага да яго Daemon'а, вельмі падабаўся сучаснай публіцы і выклікаў бурныя ўзрывы сьмеху.
Пасьля гэтага пачынаецца самая «камэдыя», ў часе каторай Іван, седзячы між публікай, голасна робіць свае ўвагі[23], якія разьвесяляюць слухачоў, каторым мабыць дужа нявесела глядзець на нудную ад majorem Dei gloriam напісаную[24] лацінскую драму з моральнай тэндэнцыяй, можа й не для ўсіх зразумелую.
Пасьля п'есы йдзе замест эпілёгу другая інтэрмэдыя Intermedium de Schysmatico et Unito Catholico, напісаная прозай. Стораж — уніят пачынае параконваць праваслаўнага Івана, каб той перайшоў на уніяцтва.
Вельмі цікаўна спрэчка, якую яны вядуць на гэту тэму. Мужык адказвае:
— Добра наша вера «усьмітыцкая» (схізматыцкая), ды такі, праўду мовячы, лепша ляцкая ды й «воняцкая», бо што лях, або «вонят», то й панок, а што «усьмятык», то мужык лядашчо. Ды што-ж, такі й добра: па Сеньку шапка. Мужыком — добрая мужыцкая вера, сабака зьесьць і бяз солі. Старая наша вера, праўда, ды й сьвет не малады…
Пасьля на сцэну зьяўляецца другі стораж і таксама стараецца пераканаць мужыка:
— Вельмі цябе люблю, мой мілы суседзе, як гарчыца мёд, хачу, каб ты быў у небе, гдзе ласно, гдзе хораша, гдзе мудра; а так «зостань» воніятам, бо воніяцкая вера сьветлая глыбокая, харошая…
Але гэтыя аргумэнты не пераконваюць мужыка:
— Што гаворыш — адказвае — як казёл у ваду гледзячы, калі ваша вера і высока і глыбока — ці хрэн-жа яе дасягнець? Калі гэта вера сьветлая, то нам грэшным да яе і не прыступіць.
— Што сяк выскепаўся на вру сьвятую? зараз цябе пачну кіем цесаці і так саб'ю, як горкая яблыка. Не пляці Гаўрыла-дурніла! вера наша добра, бо Богу любая, людзём спасенная.
Але й гэты аргумэнт з пэрспэктывай «кіем цесаці на горкае яблыка» яшчэ не прамаўляе да розуму «дурнілы», бо ён адказвае:
— Няхай будзе Богу хвала, чорту трасца, я «вонятам» ня буду, бо бацькі мае ня былі, а також хлеб ядалі, півцо вівалі з (без?) карчмы не бывалі, — што-ж мне гэтая прынясець вера?
Прапаведнік уніі пачынае злавацца і пужаць непаддаваўшагася мужыка пякельнымі мукамі:
— Стой, пастой, суседзе, прыйдзе на цябе суд Божы, прыйдзе з мёртвых паўстаньне, будзеш ня раз верашчаці, крычаці, кленаці… есьлі схізмы не пакінеш!
— Што-ж — адказвае прастадушна мужык — ды й у пекле я туды-ж пажыўлюся: вадзіцы прынясу, дравец нарубаю, так-такі хлебцам сыт буду[25] …
І толькі тады дасягае свае мэты уніят, калі, пужаючы селяніна пякельным вагнём, падсоўвае яму запаленую сьвечку і кажа: «Вось пакаштуй пальцам, ці смачны вагонь?».
Гэты намацальны аргумэнт у канцы канцоў пераконвае цьвёрда трымаўшагася веры бацькоў сваіх мужыка, каторы крычыць ад болю і згаджаецца на ўсё:
— Ой, леле! Пра-Бог баліць! да душы-ж баліць! буду «вонятам», есьлі «вонья» ад пекла бароніць…
Гэта сцэнка ёсьць характэрнай для XVII ст. і дае нам абразок тагачасных на рэлігійную тэму спрэчак, цікаўна яна таксама фігурай опонэнта — праваслаўнага селяніна. Аўтор яе (той самы, што й папярэдняй інтэрмэдыі — езуіт Эўстахы Пыліньскі) бязумоўна меў на мэце выставіць на сьмех дурнога мужыка schismaticus'а. Інтэрмэдыя канчаецца згодай мужыка перайсьці на «добрую ваняцкую веру». Але аўтор і ня мог інакш яе закончыць, бо загадзя меў ужо, згодна з абавязковай тэнтэнцыяй, гэткі літэратурны плян. Але для нас гэта ня мае вагі. Важна, што гэты schismaticus rusticus, які, баронячы сваей бацькаўскай «мужыцкай веры», з гэтакім наіўным юмарам адказвае на довады праціўніка, ня меўшага лепшых аргумэнтаў, як пагрозы «кіем цесаці» або страх пякельнага вагню, — паміма волі аўтора — тып вельмі сымпатычны. Его рэплікі бязумоўна сьпісаны з натуры і, ня гледзячы на езуіцкую апрацоўку, пераданы надта ўдачна[26].
Цікаўна з боку мовы і зьместу інтэрмэдыя Daemon et pueri illius, Rusticus, Judaeus, якая належыць да XVII сталецьця.
Чорт захварэў і кліча да сябе беларуса-чараўніка, каб лячыў яго. рыходзіць чараўнік, каторы гэтак аб сабе кажа:
Добры я цырулік, умею лячыці,
Ведаю, як лякарства добрага зажыці,
Я яго зьлячу зараз агародным зельлем,
Выпару чорта ў лазьні маладзенькім хмелем.
А калі не паможа, то-ж жыда з масьцямі
Зазваці, з рознымі яго пархумамі [27].
У далейшым дыялёгу бачым лячэньне чарта чараўніком, які пародыіруе доктара. Чорт прадстаўлен дурным і хворым, — характэрыстыка, якая ня згодна з народнай творчасьцю. Інтэрмэдыя канчаецца моралізатарскім вывадам, зусім не зьвязаным з папярэдняй дзеяй, у канцы якога аўтор праз вусны беларуса заклікае слухачоў:
Пакідайце — ж грашыці, а Бога малеце,
Няхай нас тут караець, а не на тым сьвеце.
Есьць цэлы цыкль інтэрмэдыяў, у якіх побач з селянінам выступае вучань — Studiosus.
У інтэрмэдыі Colonus, Studiosus, якую ў езуіцкіх кольлегіях прадстаўлялі ў XVIII сталецьці, сцэну пачынае селянін, які глядзіць, як вучні гуляюць, і кажа:
— Ахці мне-ж! людзей, людзей, як вады! але там рабяты жэўжыкі, як віхар іх носіць, круцяцца. Гэта, кажуць, што іх на пагулянку раз у год пушчаюць. Там-жа то там ні ладу, ні парадку; адзін другога піхіць носам на зямлю, у чубкі, на кулачкі як запаляць… Ах, дарога, дарога праклятая, самыя пякелішкі, утаміўся як сабака. Пашанаваўшы яснага сонейка, краснага месячыка і вас паноў, прысяду троху. Мае панове! Ат на пацеху вашу і сваю прызнаюся вам, што ёсьць у мяне дома байструк[28], ды жалься Божа, што мужыком урадзіўся — такая пашкуда прамысльная…
Да яго падходзіць вучань і пытаецца:
— A ty, mužyk, co tu masz za sprawe?
— Ня музык[29], маспане, ані дудар — адказвае селянін — парою ў кулак затрублю, кялі дзеткі ў хаце зубамі звоняць.
— Ale co ty masz za sprawe?
— Не, маспане, няпісьменны чалавек, прававацца ня ўмею, а хоць-бы й пасварыўся з суседамі, то зараз ураднік разсудзіць справу пастронкам.
— Czy masz jaka potrzebe?[30].
— Куды, мой ты салавейку, патрэбы, я й кунтуша ня маю, добра, каб сьвітка была на хрыбце.
— Głupi chłop jak cielę.
— Было адно цялятка і тое здохла.
— Dyszkuruje, jak grochu się objadłszy.
— У мяне, панічу, дзяцей як бобу, а гароху й асьмінкі нету[31].
— Darmo, jak widzę, groch na ścianę rzucam.
— І ты, маспане, вельмі шуміш; гарох у гаршчок, не на сьцяну кідай.
— Chłop rozumu i za szelag niema.
— Ды такі ў мяне барада, як лес, а розуму-бы ня было! А гэта знаеш, мой лебедзю, што кажуць: калі-б на панскую мудрасьць ня мужыцкая хітрасьць, даўно-б мужыкі пагіблі…
Далей селянін разсказвае аб сваім сыне і кажа, што хацеў-бы купіць для яго «розуму», калі гэта будзе каштаваць ня надта дорага. Вучань згаджаецца за плату даць селяніну крышку «розуму» для яго сына і пытаецца ўва што ён возьме. Той адказвае:
— Кажуць, маспане, што розум да галавы йдзець; дык гэта ты, вашэць, мне ў вуха накладзі, а я сынку свайму ўдома ўсё вытрасу.
— Słuchajże: Verbis coepi novi(s).
— Што? што? з вярбы цапы новыя? Не, мой галубчыку, з вярбы лядашча цапы. Вучы чаго іншага. Паруш і розуму лацінскага.
— Czy nie chcesz być matematicus?
— Гэта, гэта матаць на вус? Гавары больш.
— Dobrze. Sunt duo cardines coeli.
— Што? што? Дзьве карбоны цэлыя? Ня маю, бачыш, ні аднэй цэлай, вытрасьлі вураднікі…
У гэтым родзе дыялёг вядзецца далей. Урэшце вучань хоча адтрымаць за сваю навуку ўмоўлены talar bity. «Не, галубчык, — адказвае мужык, — сам ведаеш, што глупы даець, а мудры бярэць, а я цяпер набраўся розуму з твае навукі й ня дам табе ні шэлега»…
Гэтая сцэнка магла мець вялікі пасьпех сярод слухачоў-вучняў і вызываць сьмех. Для нас цікаўна характэрыстыка мужыка, які на першы пагляд здаецца дурны й праставаты, ён не разумее самых простых рэчаў, сказаных у чужой для яго мове (папольску, палацінску), але мае сваю «мужыцкую хітрасьць», з якой дае сабе раду вучонаму студэнту і навет ашуквае яго. Нязвычайна для эпохі тая нітка спачуцьця мужыцкай бядзе, якая час ад часу прабіваецца праз дыялёг. Гэтак аўтар у рэпліках селяніна кажа аб дзетках, якія «ў хаце зубамі звоняць» (з голаду або холаду), аб тым, што «гароху й асьмінкі нету », што апошняе цялятка здохла, што «добра, каб сьвітка была на хрыбце», што «карбоны вытрасьлі вураднікі».
У інтэрмэдыі Colonus et studiosus fugitivus селянін выходзіць на рынак:
— Зноў я на торг з мяхом, з кісьцяном гэтым, купіць ня купіць, а патаргаваць вольна. Той шубравец скубэнт хацеў простага чалавека ашвабіць, ды й Мікіта цьвік ня дасца. Трэба — бы троху паальскему ензык пжэламаць, каб ня ўшэнды васпанства пазналі, жэ клоп простак. Слугаваў я кедысь і пад харунгвё Dragarsko, патрэба толькі сабе прыпомніць.
Падбягае да яго студэнт, які уцёк з бурсы ад строгага інспэктара, і просіць «пана мужа» схаваць яго ад пагоні, абяцаючы яму за гэта падарыць свой kontusik. «Панятка, мой салавейка, — з няшчырым спачуцьцём пытаецца селянін — ці не ад бакіламара ўцякаеш?» ды хавае яго ў мяшок, завязвае і папераджае, што: калі прыбяжыць інспэктар і спытаецца, што ў мяшку дык ён (селянін) скажа, што там «пляшкі, шклянкі, банкі»; а калі пачне біць, дык «ты, панятка звані, так, як шкло: дзін-дзін-дзін»…
Пасьля селянін, перамяніўшы голас, кажа папольску: «A co to, chłopie, masz w worze?» «Шкло, маспане!» адказвае сваім голасам. Пасьля йзноў чужым голасам: «Pokaż sam, jakie szkło niesiesz». Сваім голасам: «Не пакажу, мой лебедзю, гэта, бачыш, шкло рыцарскім вузлом завязаў гутнік». Пасьля, быццам раззлаваўшыся інспэктар, пачынае біць кіем завязанага ў мяшку студэнта, а той, як было ўмоўлена, крычыць у мяшку. «дзін, дзін, дзін»… Урэшце разьвязвае вузел і выпускае пабітага на волю, паказваючы від, быццам і самому дасталося: «Ахці мне! і зубы павыбіваў, і бакі паламаў, панёс яго бес ужо». Студэнт дзякуе селяніну за ратунак, аддае абяцаны kontusik і йдзе. Інтэрмэдыя канчаецца монолёгам селяніна, з якога прабіваецца яе ідэя:
«Ой так трэба гэтых жэўжыкаў розуму навучыць; накідаў я яму добра, няхай знае, што то ад бакіламара ўцякаць»…
Зьмест інтрэрмэдыі Literat, Wieśniak, Samochwalski гэтакі: прыехаўшы з чужых краёў, Самахвальскі вызваў на дыспут Літэратара і хоча вясьці з ім спрэчку жэстамі ( argumentować na migi ). Літэратар баіцца няўдачы, але мужык Гаўрыла бярэцца дапамагчы яго бядзе. Літэратар апранае яго ў вопратку вучонага і, прадставіўшы як свайго вучня, садзіць насупроць Самахвальскага. Самахвальскі важна працягвае руку і выстаўляе адзін палец. Гаўрыла з гэткім самым важным відам выстаўляе два пальцы Маўчанка. Самахвальскі падымае сваю руку ўгару. Гаўрыла сваю апускае ўніз. Самахвальскі паказвае Гаўрыле адкрытую далонь, а Гаўрыла яму сьціснуты кулак. Самахвальскі здаволены: «bonissime! bellissime!» і аб'ясьняе значэньне сваіх жэстаў з свайго погляду: падняўшы палец угару, ён гэтым хацеў сказаць, што Бог стварыў неба, а яго праціўнік, апусьціўшу руку, дадаў, што — й зямлю і г. п. А Гаўрыла на гэта адказвае: «Шуплю, маспане, гэта ты мудрэц, гэта ты місьцюк, нічога, бачу, ня знаеш; ось я цябе розуму наўчу гэтак: хацеў ты, вашэць, мне адным пальцам адное вока выкалаць, а я табе двома абадва; хацеў ты мяне на высокую шыбеніцу цягнуць, а я цябе ў зямлі закапаць; хацеў ты мяне ў шчоку ўдарыць, а я табе й зубы выбіць»…
Школьных драм, у каторых інтэрмэдыі былі-бы цесна зьвязаны з галоўным зьместам, было ня шмат. Звычайна ў тэксьце п'есы пасьля кожнага акту толькі пісалася: sequitur intermedium, самыя-жа інтэрмэдыі пісаліся асобна, і гэткім чынам рэжысэр меў свабодны выбар з асобнага досіць багатага рэпэртуару. Гэтая незьвязанасьць імпэрмэдый з паважнай фабулай школьнай драмы бязумоўна прычынялася да іх разьвіцьця, тым балей, што іх аўторы ня былі зьвязаны ніякімі тэорэтычнымі правіламі і маглі зусім свабодна апрацоўваць выбраную сабе тэму. Гэткім чынам інтэрмэдыя, спачатку кароценькая сцэнка, памалу расшыраецца ў цэлую «сьмяхотную камэдыю».
Народнае жыцьцё з усімі характэрнымі сваімі асаблівасьцямі ярка адбіваецца ў інтэрмэдыях, якія прарываюць між актамі нудную схолястычную драму і веселяць публіку, і дзеля гэтага яны расходзяцца далёка за школьныя парогі, здабываюць сабе папулярнасьць сярод шырокага грамадзянства і, ў іншых палітычных абставінах, маглі-бы зрабіцца асноваю для далейшага разьвіцьця народнага тэатру. У гэтам напрамку навет былі маленькія патугі.
У другой палове XVIII стал. паяўляецца «Komedya» ксяндза Каетана Морашэўскага, напісаная ў стылю старой школьнай драмы з дзеячымі асобамі ніжэйшага стану, як Селянін, Жыд, Чорт, Пакутнік і др., у якой Сялянін кажа пабеларуску. Таксама пабеларуску напісаны й рэплікі Жыда, але з некаторымі сьмяхотнымі перакручаньнямі дзеля захаваньня жыдоўскага прононсу.
Зьмест п'есы гэтакі: мужыку абрыдла вечная праца, ён пачынае скардзіцца на сваю долю і наракаць на прабацьку Адама, які, зьеўшы яблык з забароненага дрэва, загубіў увесь род людзкі. Зьяўляецца Чорт, які кажа, што дарма мужык кляне Адама, бо й сам ня ўстрымаўся-б, каб ня зьесьці забаронены яблык, і прапануе зрабіць спробу, прапануе мужыку памаўчаць праз нейкі мамэнт. Калі той ня ўстрымаецца, дык Чорт возьме яго душу. Мужык згаджаецца, але ня можа ўстрымацца ды праігрывае справу.
Галоўная дзеячая асоба — селянін Дзёмка. Ен, таксама як і падобныя тыпы ў школьных інтэрмэдыях, дурнаваты, гавора шмат лішняга, любіць гарэлку, але й хітры. Чорт тутка разумнейшы за таго чорта, які выступаў у інтэрмэдыях і вельмі часта быў надта дурны. Тутка ён хітры, магутны, усё можа зрабіць, калі прадаць яму душу. Але адначасна ён зьяўляецца й пэрсонай моралізуючай: праз яго вусны аўтор высказвае свае думкі. Чорт тут быццам прадстаўнік іншай вышэйшай клясы грамадзянства і шырэйшага пагляду, і ён гавора папольску[32].
П'еса гэта есьць пераход ад простых няхітрых даўнішніх інтэрмэдый да запраўдных драматычных твораў у народным духу. П'еса пачынаецца гэтак:
Дзёмка кажа:
— Ох, як нешчасьлівае жыцьцё маё! Хаджу я, хаджу цераз цалютанькі дзень, аж ногі анямелі, рук ня чуваць ад працы і тапара, а горш яшчэ ад цапа; малачу ад самых курэй, аж мала-што не да паўдня якбы сам адзін: праўда, што й жонка памагала, ды што-ж яе за работа, ведама жаноцкая справа, цюкне колька разы цапом, аж зараз яе ліха й бярэць, то сядзець, то ляжаць, то колькі падапруць, чорт лоньскі яе дусіць, потым яшчэ з гоманам і кляцьбою пайдзець… Прападзі яно, нешчасьлівае жыцьцё нашае, бо ўсё як гараваць, так гараваць мусім… Каб то Адам, першы наш ацец толькі не саграшыў, так-бы й мы гэтак не працавалі-б… А я й шэлега пры душы ня маю, да — душы-ж ня маю! А пан аднак на тое не глядзіць, да ўсё крычыць: заплаці, скурвы сын! заплаці, вужава кроў, мужык! Ага ту, ага ту, на цябе! Адам, Адам, як ты нас пагубіў…
У другой зьяве ўваходзіць на сцэну Жыд.
Жыд:
— Ню, на цябе цёрны год, хадзіль я хадзіль за табою, бульдвойчы ў тваёй хаце, аз ледво тут я цябе знасоў; калі ты мне аддасі за гарэлку?
Селянін:
— Прападзі ты, ня маю гдзе ад цябе падзецца, аддам, ліха ня возьмець[33].
Сцэна з жыдом канчаецца лаянкай з абодвых бакоў і жыд спалоханы ўцякае ад хітрага Дзёмкі, кажучы:
— Будзь здароў, дзякую, што з душою мяне пусьціў…
Дзёмка, астаўшыся адзін, ізноў скардзіцца на Адама і кажа:
— Каб то ён не саграшыў, дык-бы жыд пракляты, сьмярдзюх астатні, мне ў вочы ня лез-бы, а я-б у раі што-дзень па паўтара-б гарца з квартаю і палавінкаю выпіваў-бы і ўсё-б сабе сьпяваў… Адам! Адам! на ліха табе было слухаць жанчыны, было табе яе вяроўкаю, вяроўкаю от так, як я сваю часта сьвянчу…
Камэдыя мае густа народных прыказак і вобразных сказаў; гэта даказвае, што аўтор добра ведаў мову і быт беларуса. Аб гэтым яшчэ вельма вобразна сьведчыць сцэна з пакутнікам, які, пабачыўшы беларускую дуду, думае, што гэта нейкая страшэнная гадзіна.
Дзёмка. — Чаго, ваша, баішся, ці ня знаеш, што гэта ёсьць?
Пакутнік (Pokutujący). — Nie wiem.
Дзёмка. — Гэта не гадзіна, гэта дуда руская. На ёй можна граць…
Пакутнік ня верыць і баіцца ўзяць яе ў рукі. Дзёмка бярэ яе і грае.
— Як твой дурны ум, дык баішся — кажа — ня мусіў ты быць з нашымі брацьмі ў карчме, а мы, калі зьбярэмся да карчмы, мала яе не развалім ад гуку толькі дуд нашых…
У канцы п'есы селянін высказвае галоўную думку аўтора. Ен шкадуе, што слухаўся тых, каторыя
…«казалі, каб я быў няверным пану, каторыя акрасьць пана за грэх ня мелі, каторыя пры малацьбе колькі разы паколька чвёртак у карчму насілі са мной разам на гарэлку…, каторыя як паном адказаць, з віны выкруціцца вучылі. Праклятае тое таварыства! праклятае з шэльмамі жыцьцё!.. Ніколі-б я гэтак нешчасьлівы ня быў-бы, каб з тымі не таварышыў, каторыя з „д'ябламі“ жывуць… Ах, бяда-ж мая, бяда! Беражэцеся, мужычкі, беражэцеся, я вас асьцерагаю, ня ругайце ані на Бога, ані на Адама, але на сябе, мы горшы яшчэ, як Адам: і ён, праўда, саграшыў, але раз толькі, і раз пакутаваў. А мы дзень на дзень грашым і пакутаваць ня хочам! гэта то прычына нашай згубы, гэта ў пекла нас вядзець»…
Апрача школьных спэктакляў, дзе заўсёднымі глядзельнікамі былі вучыцялі, бацькі ды сваякі вучняў, раз у год ладзіліся спэктаклі даступныя для шырэйшай масы. Раз у год манастырскія законы пазвалялі ўва ўнутраную цішыню жыцьця кольлегій дапусьціць шырокую публіку, між якой бывалі й жанчыны, але толькі з вышэйшага стану. Гэтыя спэктаклі называліся «Declamatio major»[34]. Перад перапоўненай публікай саляй, вучні (жакі) пасьля доўгай падгатоўскі паказывалі на сцэне сваё мастацтва.
Штогодняя зьмена вучняў не дапускала, каб у езуіцкіх кольлегіях утварылася нешта накшталт драматычнай студыі. Езуіцкія школы мелі заўсёдныя тэатры, але ня мелі на мэце ані выхоўваць драматычных аўтораў, ані актораў-прафэсыяналаў. Навука лацінскай мовы ды пэдагогічныя мэты не давалі разьвіцца духу мастацкай ініцыятывы[35].
Мобілізацыя да спэктаклю ўсіх вучнёўскіх сіл, не разьбіраючыся, ці мае хто з іх сцэнічны талянт, ці ня мае, — не магла — рэч зразумелая — даць спэктакль закончаны з мастацкага боку. Ды й самі «акторы», мусіць, глядзелі на сваю «творчасьць» больш як на частку праграмы вучэньня, як на школьную прынуку, чымсь на мастацкую працу. Вуйціцкі[36] апісвае забаўнае здарэньне, якое было ў Полацку на езуіцкай сцэне ў часе спэктаклю «Scięcie św. Jana». Вучань, які прадстаўляў тулавішча сьвятога Яна і ляжаў на сцэне з пакрытай галавой, заснуў і пачаў храпсьці. У гэты час другі, які быў загрыміраваны на сьв. Яна і сядзеў пад сцэнай, высунуўшы толькі праз дзіру ў падлозе сваю галаву, прадстаўляючы гэткім чынам адсечаную галаву мучальніка, пачуўшы храпеньне свайго таварыша, пачаў голасна сьмяяцца. Ведама, публіка, пабачыўшы шчырую вясёласьць адсечанай галавы сьвятога. ня менш шчыра разьвесялілася.
Але выступленьні ў інтэрмэдыях, дзе патрэбны быў меншы лік дзеячых асоб і дзеля гэтага лягчэй можна было падабраць адпаведны з прыродным юмарам акторскі матэрыял, маглі адзначацца большай мастацкай стараннасьцю. Ды й жывая народная мова, жывы, вырваны з жыцця сюжэт, просты шчыры юмар інтэрмэдыі большы, мусіць, мелі пасьпех у вясёлых жакаў і больш мелі ахвочых да выкананьня ролі мужыка, чарта ці цыгана, чымсь да няцікаўнай ролі тулавішча сьвятога Яна.
Вышэй сказана, што некаторыя інтэрмэдыі разыкрываліся на салі пасярод публікі. Дзеля таго, што ў той час, як разыгрывалася інтэрмэдыя, сцэна была занята перестаноўкай дэкарацыі для чарговага акту, трэба думаць, што інтэрмэдыі амаль што заўсёды разыгрываліся перад заслонай на авансцэне. Гэтая дагадка мае сваю падставу яшчэ й дзеля таго, што таксама і некаторыя алегарычныя фігуры — як адзначана ў рукапісах — прамаўляюць «ante proscenium»[37].
Узяты з народнага штодзеннага жыцьця зьмест інтэрмэдый, іх чыста народная мова і юмар рабілі з іх папулярныя спэктаклі і былі прычынай іх шырокага распаўсюджаньня. Школьнікі, зьявіўшыся на вакацыі ў свае родныя сёлы і вёскі, хацелі паказаць сваё здабытае ў школьных мурох «мастацтва» і часта ладзілі спэктаклі, карыстаючыся тым рэпэртуарам, які яны вынесьлі са школы і, бязумоўна, перад вясковымі глядзельнікамі гулялі не лацінскія драмы з незразумелымі для народу клясычнымі героямі, пэрсонажамі грэцкай або рымскай міфалёгіі або здарэньнямі з жыцьця сьвятых, — але беларускія інтэрмэдыі.
І школьнікі, жакі, разносілі новую творчасьць па ўсяму народу, гуртом і паасобку, у хаты і на вясковыя пляцы. Адным словам, яны занялі месца старадаўніх народных скамарохаў, вясёлых людзей.
У гэтых просьценькіх сцэнках школьная драма мела стычнасьць з жыватворнымі элемэнтамі народнага жыцьця і паэзыі. Як процілежнасьць схолястычнай адарванай ад жыцьця дзеі драмы, інтэрмэдыя адбівала ў сабе жывое запраўднае жыцьцё. У лёгкай сьмяхотнай форме яна паказвала народны быт з усімі ягонымі асаблівасьцямі, часта пранікаючыся рэлігійнымі і палітычнымі інтарэсамі масы. Аддаляючыся ад школы, уваходзячы на шлях асаблівага самастойнага разьвіцьця, інтэрмэдыя прытарноўвалася да смаку сваей публікі, прыцягвала яе сваім одклічам на сучаснасьць і рабілася усё балей ды балей падобнай да старадаўніх сярэднявечных фарсаў. Выведзеныя ў ёй тыпы захоўвалі ўсе асаблівасьці свайго характэрнага аблічча. А дзеля таго, што адным з самых звычайных тыпаў звяўляецца chłop, rusticus, беларускі селянін, які гаворыць на сваёй роднай мове, дык сьмела, ня гледзячы на тое, што гэтыя п'ескі выйшлі з польскай школы, можам у іх бачыць першыя прымернікі беларускае драматычнае літэратуры[38].
Школьная інтэрмэдыя, як бачым на прыкладзе камэдыі Морашэўскага, мала-па-малу пачала ўжо разьвівацца ў цэлую камэдыю. Але далейшае разьвіцьцё яе ўстрымалася ў сваім зародышы. Езуіцкія кольлегіі, сыграўшая гэткую ролю ў гісторыі тэатру ў межах Рэчыпаспалітай наогул, а ў гісторыі беларускага тэатру асабліва, кончылі сваё жыцьцё і ўжо ніхто не працягваў далей распачатай працы. У пачатку XIX ст. у час расьцьвету романтызму польскія паэты зямлі Беларускай няраз бралі сабе натхненьне і тэму з беларускай песьні або з беларускага народнага быту, самі навет часам складалі беларускія вершы (Чэчот), але ня важыліся вялікшы твор свайго духа апрануць у словы «простай» сялянскай мовы. Гэтак напр. А. Міцкевіч, які, прыехаўшы з Наваградку ў Вільню, яшчэ ня зусім добра ўладаў літэратурнай польскай мовай, у творах каторага шмат «prowincjonalizm»'аў, пісаўшы сваю драматычную паэму «Dziady» — твор, для якога канвой паслужыў стары абрад беларускага люду, дзе цэлыя сцэны быццам жыўцом вырваны з беларускага быту, — мовы беларускае ўжо ўжыць не важыўся. І толькі ў палове мінулага сталецьця пачынае зьвязывацца разарваўшаяся на працягу амаль што ня цэлага сталецьця нітка беларускай драматычнай творчасьці і кладзе фундамэнты пад беларускую драму.
Па прыкладу езуіцкіх кольлегій у некаторых праваслаўных школах таксама паявіўся звычай прадстаўляць камэдыі, каторыя пісаліся таксама вучыцялямі рыторыкі. З XVIII сталецьця захаваліся дзьве зьявы гэткай «камэдыі». У абодвых выступае беларускі селянін, які па свайму характэру і стылю надта падобны да сялян, якія выводзяцца ў езуіцкіх інтэрмэдыях.
У першай сцэне селянін, падвыпіўшы, зайшоўся ў касьцёл і тут, пачуўшы касьцёльную музыку, пачынае скакаць. Сюжэт гэты ўзяты з жывых анэкдотаў, якія хадзілі між беларусамі. Монолёг селяніна пачынаецца гэтак:
— Охці мне, ці ведаець то гэта мая баба, што я ў гэта ліха папаўся і гэтым бяздзельлем абчыпаўся, калі-б ужо і на сьвеце не было!.. А ўсё яна, як вужа віламі, так мяне: «ін ідзі ды ідзі ў Любавічы, ці не пападзіцца чаго гуляючы; і Богу памаліся і з сваімі павідзіся. А вось такі й ці пападзецца чаго купіць», — а ўсё калі-б мужыка з двора збыць. Праўда, я стары, а яна бабёнка ў сіле. Ох, калі-б яе калом у зямлю! Ну вот, праўды яе і паслухайся ды й падзісь!..
Пасьля ён спатыкаецца з кумам, яны выпілі гарэлкі ды пайшлі ў касьцёл.
— Ажно там і сталі бразгаць, панашаму то к абедні, а па іх к «замшы»; вот я й падзісь у іх касьцёлу, ажно там як зайграюць: хто ў дудачкі, хто ў сьвісьцёлачкі, а хто ў тарарычкі. Вот я, праўда, ня быўшы ліх, ды й падзісь скакаць…
Далей выступаюць сын яго і Паляк. Сцэнка канчаецца бойкай, што наогул часта спатыкаецца і ў іншых інтэрмэдыях[39].
У другой сцэне дыялёг двох дурных мужыкоў Сьвірыда і Зьмітрока, у якім Сьвірыд разсказвае аб сваёй першай споведзі, а Зьмітрок аб малітве сваіх бацькоў.
…«Яны маліваліся па прастацкаму, а не па пісьмянаму… Слава цябе, Госпадзі, сушчую, часнейшую, ізбраны ваявода, радуйся нявеста, усі чыны манашаскія, сьвятая трапеза… і кала, і двара, і скацінкі, і шарсьцінкі, алілуй нас да канца века Амінь. І шарпні, Госпадзі, па душы і па целу, па жонцы і па дзеткам, сьвятое сягоньня, сьвятое і заўтра…»
Увесь гэты дыалёг робіць уражэньне надта карыкатурнае, але аднак малітва Зьмітрока, як сьведчаць запіскі этнографаў XIX ст., дзе пападаюцца падобныя «малітвы», магла быць сьпісана з натуры[40].