У манастырох у каляднае сьвята наладжывалася багата аздобленая калыска, у каторай ляжала фігурка, прадстаўляўшая новароджанае дзіця, а па бакох стаялі Маці Божая і сьв. Язэп. Адбываліся розныя абрады і пяяліся «кантычкі». Яшчэ большым посьпехам карысталася батлейка, шопка, польскія jasełka. Гэта быў пераносны балаганчык або вялізная скрынка для прадстаўленьня. Наладжывалася гэта вельмі багата ў манастырох пры ўчасьці вучоных кольлегіяў і паказывалася народу ад абеду да вечару. Зьмест гэтага спэктаклю быў самы блізкі сьвяту: ражство Хрыста, пакланеньне трох каралёў, Ірад і г. п., а таксама і сцэны старой сьвятой гісторыі — Адам і Эва, Абрагам і інш. Сюды устаўляліся і сцэны народныя, старыя і ўсім ведамыя, але аднак для ўсіх глядзельнікаў цікаўныя: тут выступалі пэрсонажы з народу, разыгрываліся любоўныя сцэны, былі скокі, карчма з яе п'янымі сцэнамі і з шынкаркай, жыд у розных падзеях, каторага ўрэшце забірае чорт і г. п. Рэчытатывы або лібрэтто будзілі ў слухачоў, у народзе, гэткія ўзрывы сьмеха ды радасьці, што іншы раз слугам касьцёльным прыходзілася разганяць надта разыйшоўшыхся. Біскупы ўрэшце былі прымушаны забараніць гэтакі тэатр. Новіціяты і жакі, ведама, разьнесьлі паасобныя сцэны па корчмах, вёсках, хатах. Прадпрыемства было надта выгоднае і знайшлося шмат «антрэпрэнэраў», хадзіўшых з пераносным тэатрам і са сваімі згоднымі, бо няжывымі акторамі.
Шмат прасьцей і выгадней было замяніць жывых актораў лялькамі, выступаўшымі на сцэне пераноснага тэатру-батлейкі. Тутка лік пэрсонажаў мог быць павялічаны да якой хочаш цыфры, а для кіраваньня гэткім тэатрам хапала двох чалавекаў. Апрача таго, маючы лялькі, ня трэба было ані касьцюмаў, ані грыму, дзеля таго што ўсё было ўжо загадзя раз назаўсёды наладжана. Магчыма, што гэткія вось практычныя думкі прычыніліся да разьвіцьця батлеечнага тэатру.
Бацькаўшчынай батлейкі трэба лічыць Нямеччыну з яе вядомымі сярэднявечнымі містэрыямі. Адсюль батлейка перайшла ў Польшчу, далей у Вільню, у Кіеў, а пасьля пры старанным учасьці манастыроў і царкоўных брацтваў распаўсюджылася па ўсей Беларусі.
Батлейка была самай распаўсюджанай сьвяточнай забавай на рэлігійным грунце ня толькі для дзяцей, але навет і для сталых, асабліва ў сялянскім быце.
Батлейка, як народная асыміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмэдыямі, у бытавой сваёй частцы вельмі жыва паказвае нам штодзеннае жыцьцё народу з розных бакоў, інтэльлектуальнае разьвіцьцё яго, ягоныя сымпатыі і антыпатыі. Астаючыся у мурох школы, беларуская драматычная літэратура пры ўсёй сваёй увазе да народнага жыцьця ніколі не магла да гэтага жыцьця падыйсьці так блізка, гэтак безпасрэдна аднесьціся да яго, як батлейкавая п'еса, прадукт народнай творчасьці. Вось чаму батлейка здабыла сабе гэтакую папулярнасьць і гэтак доўга трымалася ў народзе, як яго любімая сьвяточная гульня.
Беларуская батлейка гэта ёсьць невялічкая скрынка або домік, разьдзелены на два повері, з каторых верхні назначаны для паважнай дзеі, а ніжні для інтэрмэдыяў. За задняй сьценкай гэтага доміку працуе схаваўшыся «рэжысэр» спэктаклю, які водзіць лялькі і фігуры на дроціках па дарожках, прарэзаных у падлозе сцэны, і гаворыць за іх рознымі галасамі, у залежнасьці да ролі дзеячай асобы. Разам з батлейкай носяць звычайна і зьвязду. Гэта ёсьць ліхтарня з таўстой нацёртай тлустасьцяй паперы, ад якой ідуць у розныя бакі шэсьць рагоў або праменьняў. Гэтая ліхтарня трымаецца на вялікай палцы непарушна, а праменьні пры помачы блёку і працягнутай да яго вяроўкі круцяцца навокал восі. З аднаго боку ліхтарні нарысаваны круглы чалавечы твар або сонца, а з другога пакланеньне трох каралёў або нешта іншае. У сярэдзіне ўстаўлена сьвечка, якая асьвятляе гэтыя фігуры і ўсю ліхтарню. Хлопцы, якія носяць «зьвязду» і батлейку пяюць колядкі і кантычкі, каторыя служаць пралёгам спэктаклю. У самай п'есе галоўнай аснаўной сцэнай ёсьць сьмерць Ірада; перад ёй ідуць сцэны пакланеньня пастухоў і трох каралёў.
Беларуская батлейка мае шмат супольнага з украінскай у першай, г. зн. у паважнай сваёй частцы і розьніцца ад яе толькі камічнымі бытавымі сцэнамі другога акту. Гэтыя бытавыя сцэны маюць чыста мясцовы характар.
Да апошняга польскага паўстаньня (1863 г.) — піша расейскі вучоны П. Бязсонаў[41] ня было на Беларуси кутка, дзе-бы ня бачылі гэтага вандроўнага балаганчыка, скрыначкі, старой, пераходзіўшай з рук у рукі, папраўленай, або з большымі клопатамі на нова зробленай. Ня было месца, асабліва на вёсцы або на сяле, дзе-бы хаця адзін раз на Каляду не было гэткага прадстаўленьня, і толькі безперарыўнае ваеннае палажэньне апошніх гадоў — (пісана ў 1871 г.) — спыняе гэту свайго роду народную роскаш. Самы любімы зьмест гэтых сцэн, паскольку яны захаваліся, — гэта мужык, селянін ува ўсякіх сваіх відах, галоўным чынам у трагікамічных адносінах да пана, да жыда, з каторым распраўляецца па свойму за ашуканства або зезаплочаны свой доўг, да доктара і вучыцеля, каторыя выглядаюць дурнямі перад простай непапсаванай натурай селяніна, да жонкі, якую ён карае за здраду або яна яго за карчму; далей жыдоўскі шабас, штукі цыгана з канём і г. п.
Гэтых дыалёгаў чыста народнага характару ня толькі ніхто не друкаваў, але навет ніхто й не сабіраў. А гэта-ж зачаткі народнага тэатру, як і ўсюдых у Эуропе ў сярэднія вякі, зачаткі, якія нарадзілі італьянскую камэдыю і навет, можна сказаць, Шэксьпіра.
Расейскі вучоны П. Бязсонаў, якога цытаты мы тут часта-густа зьмяшчаем, піша аб значэньні, якое мелі гэткія спэктаклі для разьвіцьця расейскага тэатру.
Друкуем тут даслоўна тое, што ён піша аб гэтым:
«Плодотворны оказались у насъ (ў Расеі — Ф. А.) заносныя представленія, когда, благодаря Полоцкимъ и подобнымъ пришельцамъ, проникли ко двору прі АлексеѢ, Софіи, и ПетрѢ: представлявшіяся въ нихъ, по происхожденію БѢлорусскія, извѢстныя Мистеріи , не смотря на серіозное содержаніе, называвшіяся иногда Комедіями (напр. о Страшномъ СудѢ), дали начало нашему публичному театру, а вскорѢ, по вліянію Двора, примкнувшее содѢйствіе иностранцевъ создало изъ этихъ начатковъ постепенно художественный театръ»…
Раманаў акуратна[42] апісвае батлейку, купленую у 1898 г. для Магілёўскага губэрнскага музэю ў вёсцы Бычы, Быхаўскага пав., Магілёўскай губ.:
Батлейка — гэта пераносная двохпаверхная скрынка, разьдзеленая на дзьве часткі. Праз прарэзы ў падлозе батлейшчык варушыць фігуры-лялькі, прымацованыя на дроціках або тонкіх палачках. Падлога на сцэнах пакрыта заячымі скуркамі, каб глядзельнік ня бачыў прарэзаў, па якіх ходзяць фігуркі.
Кожная сцэна мае тры аддзелы: цантральны вялікі, дзе адбываецца прадстаўленьне, і бакавыя меншыя для ўваходаў і выхадаў. Сцэна верхняга паверху прадстаўляе месца, дзе радзіўся Хрыстос. Тут ёсьць ясьлі, сена, каровы, авечкі. Абставіны ўбогія. Толькі над батлейкай наклеены тры зоркі з каляровай паперы. Цемра, вакон няма.
Сцэна ніжняга паверху сьветлая і абстаўлена багацей. У сярэднім аддзеле залочаны трон Ірада пад балдахінам. Гэта ёсьць рэзыдэнцыя Ірада і сцэна для жанравых прадстаўленьняў[43].
Рэпэртуар батлейкі: 1) цар Ірад і 2) жанравыя сцэны.
Мы ў скарочаньні даем паводле Раманава зьмест гэтага батлеечнага спэктаклю.
Прадстаўленьне пачынаецца на сцэне верхняга паверху. Уваходзяць два пастухі, апранутыя ў беларускія сялянскія вопраткі, падходзяць да калыскі, кланяюцца навароджанаму Хрысту. Хор пяе «кантычкі».
Пасьля гэтага дзея пераходзіць у ніжні паверх. На сцэне стаіць трон, абіты чырвоным сукном або залочаны, і ходзяць па сцэне тры жаўнеры. Уваходзіць Ірад апрануты ў чырвоную вопратку, з каронай на галаве, і сядае на трон. Праз увесь гэты час пяе хор, аб'ясьняючы значэньне таго, што дзеецца на сцэне.
Дзея ізноў пераносіцца на верхні паверх, дзе сьв. Язэп і Маці Божая з дзіцянём. Прыходзяць тры каралі. Зьяўляецца ангел. Хор пяе, аб'ясьняючы значэньне сцэны. У часе гэтага пяяньня дзеячыя асобы выконваюць жэсты, адпаведныя да зьместу песьні. Пасьля праз сцэну праходзіць сьв. Язэп, за ім едзе на асьле Маці Божая з дзіцянём на руках. Яны спатыкаюцца з ангелам, які вітае іх і неразборліва ехаць у Эгіпэт.
Далей дзея разыгрываецца ў ніжнім паверху. Ірад загадвае жаўнерам паклікаць чорнакніжніка і пытаецца ў яго, дзе радзіўся Хрыстос. Чорнакніжнік адказвае, што ў Батляеме. Ірад пасылае вояў паперабіваць там усіх дзяцёнкаў. Воі выходзяць, пасьля варочаюцца і «кажуць», што пазабівалі чатырнаццаць тысячаў і толькі адна Рахіля не дала забіць сваё дзіця і ідзе сюды прасіць літасьці.
Уваходзіць Рахіля, апранутая як бедная беларуска з дзіцянём на руках. Ірад загадвае забіць дзіця. Рахіля у роспачы бегае па сцэне і плача. Хор пяе: «ня плач, Рахіль!» супакойваючы яе, што дзіця пайшло на неба, а Ірад пайдзе да пекла.
Рахіль:
Ірад ты пракляты!
Пойдзеш ты аж да аду
К Люцыпару на параду.
У вагні табе гарэць,
У смале табе кіпець.
Воі па загаду Ірада выганяюць Рахілю. Зьяўляецца Чорнакніжнік і прадсказвае Іраду сьмерць.
Ірад кліча жаўнераў: «вы пры парозе станьце… сьмерці да мяне не дапушчайце!..»
Убягае на сцэну Ксёндз: о, пшэнжэ, о пэнжэ, о бэмбуе, протобэмбуе! Сьвента панна Марэя! О, Іродзе, окрутніку, спокайся! За твое велькія злосьці прыдуць зараз дзяблі і вэзьмуць твою душу з косьцю ад таковэго пана нешляхэтнэю, на векі веком, амэн!
Жаўнеры Ксяндза праганяюць. Урываецца на сцэну Сьмерць у постаці шкілета з касою ў руках. Жаўнеры ўцякаюць.
Сьмерць:
О, ты, Ірадзе нясыты!
О, ты, Ірадзе пракляты!
Што ты тут лаеш?
Ці ты мяне ня знаеш,
Што вояў сьцерагчы застаўляеш,
Убіць мяне павеляваеш?
Я, васпане, усяму сьвету манархіня,
Усіх цароў глаўнейшая
І ў баі сільнейшая.
Ну-жа з трону падымайся,
Пад касу маю падстаўляйся,
Табе востраю касою зрублю галаву
Ірад пагражае сьмерці, а яна адказвае:
Ці ня ты мае косьці будзеш жэч,
Ці ня ты попел мой будзеш месьць? —
і кліча чарта на падмогу.
Зьяўляецца Чорт. Сьмерць адрубае Іраду касой галаву і чэзьне. Чорт (з хвастом, з рагамі і кіпцямі) трымае труп Ірада датуль, пакуль хор ня кончыць хаўтурную песьню:
Чалавеча бедны,
Успомні час пасьледні!
…………………
Сьмерць дзержыць у прымеце
Усякага,
Ня ўступіць манархам,
Ані патрыярхам.
Нікому.
Із келій манахаў
І дваран бяз страху
Бярэ сьмерць.
…………………
Чалавеча бедны
Не правазнасіся… і г. д.
— і Чорт з Ірадам праваліваюцца за сцэну[44].
Вось першая частка «спэктаклю» кончана. Цяпер заўсёды пачыналіся жанравыя сцэнкі. У іх вялізны размах для народнай творчасьці і яны мелі шмат варыянтаў. Гэткіх сцэн больш за 10. Амаль што ня кожная канчаецца скокамі. Вось некаторыя з гэтых сцэнак паводле запіскаў Раманава[45].
На сцэну ўбягае Цыган.
Цыган:
— О-му! Чачынька-чачынька! Дзеж-ж ты дзелася, мая клячанька! Хадзі сюды кабыла, а кабыла!
Раптам з куліс ляціць конь на цыгана. Цыган спалохаўшыся падае абамлеўшы. Прыходзіць яго жонка.
Цыганка:
— Сенька, а Сенька!
Цыган:
— Чаго табе, мая жонка?
Цыганка:
— Што за ліха гэта табе стала? Ці ад круп, ці ад сала?
Цыган:
— Ні ад круп, ні ад сала, — мяне кабылка стаптала. А ты гдзе, жонка, прападала?..
Дыалёг канчаецца гэтак:
Цыган:
— …пацалуемся з табою, белая мая, як галавешка. Каму гадка, а нам з табою сладка.
Цыганка:
— Сенька! Досыць табе мяне цалаваць, ці ня хочаш лепш паскакаць.
І скачуць; пасьля зьяўляецца Казак, б'е Цыгана, і ўсе выходзяць.
Іншая сцэнка пачынаецца гэтак: уваходзіць на сцэну таўсты Жыд з бочкай гарэлкі і кажа:
Ой, калі-з бы ня мяне
Цорны год няхай напаў,
Калі-б мяне казацынька
На сем месцы не застаў.
Татухі-матухі,
Есэлі-Мосэлі,
Гуц-гуц!
Кліча ён сваю жонку Сору. Зьяўляецца Сора і пытаецца, гдзе яе муж быў. Жыд адказвае:
Ай, я був у Полацку, Велізу,
Ув Невелю, Дарагабузу,
І ў Склові, і ў Магілёві,
У старом Біхаві і ў Орсы,
І дзе сам цорт не хадзіў,
І што я відзіў, уй гевалт!
А Жыдоўка адказвае:
— Ай, Хаім, ідзі папрасі музыкантаў, хай зайграюць.
Музыка грае, яны скачуць. Зьяўляецца Казак, п'е гарэлку і б'е Жыда. Пасьля засынае. Тады Жыд яго б'е і пасьля ўцякае.
У іншых сцэнках выступаюць Казак і Казачка, Купец і Паненка, Доктар і Пані, Баба і Казак і г. п. У кожнай з іх дыалёг канчаецца скокамі.
У шмат якіх сцэнах выступае Казак, які заўсёды ў канцы канцоў б'е сваіх партнёраў (Цыгана, Жыда, Бабу).
У канцы ідзе сцэнка, у якой выступае Мужык і Доктар[46].
Уваходзіць мужык і кажа:
Вот мае паночкі!
Быў я ў пана на пірушкі ,
Ды як налопаўся там юшкі,
Дык і цяпер не магу сапці.
Што мне мая Гапка не рабіла:
І крапіву абварыўшы клала,
І ў бані мяне расьцірала.
А ей-Богу нічога не памагло,
Ды яшчэ горш прылягло.
Параілі мне яблычнага квасу,
Сьвежага моху, чартапалоху
І яшчэ быццам нечага троху.
Усё гэта зельле нада скалаціць
Ды разам і праглаціць.
Усё гэта я зрабіў,
Але хоць-бы трошку памагло,
А то яшчэ горш прылягло!
Вот каб гэта папаўся хвельчарочык
Ды палячыў мой жываточык,
Аддаў-бы яму і торбу і машонку.
Доктар загадвае яму легчы.
Мужык кладзецца. Доктар б'ець яго палкай. Мужык крычыць «ратунку!» Доктар забірае торбу мужыка і ўцякае[47].
Доктар у гэтай сцэнцы гаворыць парасейску. Сялянін часта ўстаўляе таксама расейскія словы. Відаць, што тэкст батлейкі, пакуль дайшоў да Раманава, сільна абрасейшчыўся, дзякуючы ўплывам усходу.
Вайна спыніла гэтую народную забаву. Няма ведама, ці цяпер дзе ходзяць з батлейкамі, і няма ведама, ці будуць яшчэ хадзіць. Шмат хто яшчэ іх памятае маладое пакаленьне чуе аб іх яшчэ ўжо толькі з успамінаў старэйшых, а хутка ўжо загіне й гэты ўспамін, калі апошнія глядзельнікі батлеек лягуць у дамавіну.
Батлейкі перайшлі ўжо да гісторыі.