Рэч дзеецца ў квартэры Залепкаў. На сцэне ложак, перад ім параванчык, далей камода, канапа, стол, крэслы і п. Праз адчыненыя пасярэдзіне дзьверы відаць стол пакрыты настольнікам і застаўлены бутылькамі, талеркамі і г. п. Другія дзьверы ўправа ў кухню.

Зьява 1

Гаўдэнт і Магдалена.

Гаўдэнт (чэлавек немалады, лысы, вусасты, сядзіць ля століка. Твар яго намазаны мылам. На століку люстэрка, — Гаўдэнт голіцца).

Магдалена (у другім пакоі парадкуе на стале талеркі. Пасьля ўваходзіць на сцэну). Вось! — як–раз знайшоў час галіцца! Зараз ужо пачнуць зьбірацца госьці, а ён сядзіць, як налпа, вымазаны мылам! Фу!

Гаўдэнт. Не было калі, коцік–Магдзя!.. Але я хутка, — толькі ты не крычы, калі ласка, бо рука ў мяне дрыжыць, парэжуся.

Магдалена. Скажы мне, нашто ты накупіў гэтулькі гарэліцы?!. Каб хаця адну бутэльку віна, а то толькі гарэлка!

Гаўдэнт. Для баб ёсьць салодкая.

Магдалена (дразьнячы яго). Але! «Для баб! для баб!..» А вось можа прыйдзе нейкі… лепшы госьць, тады што яму дасі?

Гаўдэнт. Для мужчын ёсьць спіртус і гарэлка.

Магдалена. Ты зноў сваё: гарэлка!.. Дурны. Але я кажу, калі прыйдзе раптам якая рыстакратычная асоба, што тады?

Гаўдэнт. Ня прыйдзе, коцік! Я гэтакіх ня прасіў.

Магдалена. Дурны, як бот. А вось можа прыйдзе!

Гаўдэнт. (да сябе). А чорт! брытва тупая (да жонкі). Не, Магдзя–коцік, ня прыйдзе.

Магдалена. А вось ты ня ведаеш! А я кажу, што можа прыйсьці. Справа ў тым, што да Фэлькі падлабуніваецца адзін граф і яна мне казала, што ён хоча разам з ёй сюды прыйсьці.

Гаўдэнт. (вельмі зьдзіўлены). Граф!!

Магдалена. Ага! Вось разьзяўляй цяпер рот.! Ты думаў, што на мае імяніны павінны зьбірацца толькі розныя шаўцы ды краўцы ды твае сябры–пьяніцы. А вось можа прыйсьці й чэлавек з вышэйшага сьвету.

Гаўдэнт. Але лепш было–б, коцік, каб была свая кумпанія… Выпілі–б, паскакалі… А то гэтак граф дык ён пачне зараз праз нос барматаць он–он! сон–сон! — а чэлавек нічагусенькі не разумее.

Магдалена. Дурны не разумее. А я вось разумею… Ну, ведама, ня ўсё, але шмат разумею. (ходзіць падскакваючы па сцэне і пяе пад нос) Жэ ву зэм, жэ ву задор, ком ле ш'ен, кі э мор!

Гаўдэнт (зьдзіўлены). А гэта–ж як? што–ж гэта значыць?

Магдалена. А вось: ты ня ведаеш, а я ведаю (як выш.) Жэ ву зэм, жэ ву задор…

Гаўдэнт. Жывы сэм, жывы задор… Які гэта задор?

Магдалена. Гэта значыць: я вас люблю больш чымсь жыцьцё сваё… Ну, але ты хутчэй ідзі купі віна, бо скора ўжо мабыць госьці пачнуць зьбірацца.

Гаўдэнт (голіцца). Зараз, я толькі, коцік, кончу… Я ўжо зараз.

Магдалена. Ня трэба канчаць, і так добра будзе.

Гаўдэнт. Але як–жаж так, Магдзя! Поў барады аголена…

Магдалена. Пасьпееш пасьля агаліцца, як прыдуць госьці: сядзеш сабе ў кухні і ніхто табе ня будзе ерэшкаджаць… (крычыць). Ну, чуеш, ці не? Зараз ідзі, а то крамы зацыняць!

Гаўдэнт (ад яе крыку ўздрыгнуў). Ай!.. у! чорт, парэзаўся!.. А я–прасіў цябе, коцік, не крычаць, бо рука дрыжыць (абцірае твар ручніком).

Магдалена. А я табе даўно ўжо казала: ідзі! каб паслухаўся, дык–бы й не паэзаўся… Чакай, я табе дам плястар. (Ідзе да камоды, выймае чорны плястар, адрэзвае кусок і дае мужу).

Гаўдэнт (перад люстэркам заклейвае сабе парэзаную частку твару).

Магдалена. Ну, хутчэй–жа! хутчэй!

Чуваць званок за сцэнай.

Магдалена (ўсхапіўшыся). Ах! нехта ўжо прышоў! (выбягае праз сярэднія дзьверы).

Гаўдэнт (апранаецца і бармоча пад нос). Жыві сам, жыві задор… Карнішон, кілёмэтр!.. (глядзіцца у люстэрка).