Дэкарацыя тая самая.

Усе ўжо добра выпілі. Твары пачырванелі.

Зьява 1

Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі, Фэлька, Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Уршуля, Лапурка, Галька, Пышка, Шышка.

(Усе сядзяць яшчэ пры стале).

Мяшочак (да Мацальскага). Вось калі ты такі вучоны граф, дык ты скажы мне, чаму Каін Абэля віламі колець? Вось я стаю, гляджу на месяц і бачу: Каін Абэля… Ну, чаму, пытаюся?

Мацальскі. Гэта мусіць ад ветру…

Мяшочак. Сам ты ад ветру… Я пытаюся, чаму…

Мацальскі. Выбачайце, але я не ад ветру, і абражаць сябе не пазволю! (Устае).

Мяшочыха (да мужа). Калістрат! Кінь ты ўжо аб навуцы!

Магдалена (да Манальскага). Граф! Не зважайце на гэта!..

Мацальскі (цалуе гаспадыню ў руку). Для вас я гэта зраблю, але каб хто іншы… Я ўжо раз меў такое здарэньне… дык адразу на паядынак! (Уваходзяць па сцэну).

Магдалена. Ах, Божа мой! і забілі?

Мацальскі. Ці я дурны! Каб у турму папасьці! Фі донк!

Мяшочак (уваходзіць на сцэну з Гаўдэнтам; за імі іншыя госьці). Вось ты Гаўдэнт, а я Калістрат… А чаму, пытаюся, не я Гаўдэнт, а ты Калістрат… Але што я хацеў казаць?.. Ага! Чаму, пытаюся Каін Абэля… Або не! Давай лепш пацалуемся!.. (цалуюцца).

Мацальскі. А цяпер мэсье і мэдам, я думаю, можна пайсьці ў скокі.

Уршуля, Галька і Леакадка (радасна). Але! але! У скокі!

Магдалена. А вось пан Лапурка нам зайграе на гармоніку… Пане Лапурка, калі ласка!

Лапурка. Авэк мой плязір, ак кажа пан граф. (Бярэ гармонік у рукі).

Магдалена. А стол перанясем сюды, тагда будзе больш месца. (Да мужа). Гаўдэнт! перэнясі стол, вось пан Пышка і пан Шышка табе памогуць… Пане Шышка, калі ласка!.. Пане Пышка!..

Пышка і Шышка. Авэк наш плязір!

Гаўдэнт з Шышкай і Пышкай уносяць стол на сцэну. Лапурка ў другім пакою пачынае граць вальс на гармоніку. Праз адчыненыя дзьверы відаць, як Фэлька скача з Галькай, а Леакадка з Уршуляй.

Мацальскі (да Магдалечы). Пазволіце, пане Магдалена, ангажыраваць вас да вальса?

Магдалена. Толькі выбачайце, граф, што ў нас няма фартэпьяну.

Мацальскі. Нічога, пад гармонік яшчэ ляпей, лягчэй злавіць тахт… Тру–ля–ля… (пайшлі у другі пакой у скокі).