Мацальскі і Мар'янна (уваходзіць).

Мацальскі. Ах, панна Мар'янна! пумпачка, мая! шчасьце маё! Вось у самую пару прыйша. Панна Мар'янна! у панны Мар'янны ёсьць знаёмы паліцэйскі… Панна Мар'янна пабяжыць да яго і скажа, каб ён хутка сюды прыйшоў. Пратаколу пісаць ня трэба, але так толькі крыху напалохала.

Мар'янна. Каго? Яе палохаць? (паказваючы на дзьверы). Дык я яе ўжо тут добра напалохала, ажно пачала ахаць і дрыгаць нагамі.

Мацальскі. Каго панна Мар'янна напалохала?

Мар'янна. Ну–ж гэтую старую, каторая прыйшла сюды да пана Ільдэфонса.

Мацальскі. Але–ж я не аб ёй. Яна нічога… спакойная…

Чутно йзноў стук у дзьверы.

Мар'янна. Чаго яна стучыць? Чаму пан Ільдэфонс йзноў зачыніў яе на ключ?

Мацальскі (думаючы аб Гаўдэнце). Хоча, каб дзірачку памазаць… (да дзьвярэй). Я зараз…

Мар'янна (строга). Як гэта: дзірачку памазаць?

Мацальскі. Алівай памазаць… Цсс! панна Мар'янна! я гэтаму вар'яту сказаў, што ключ зайржавеўшы, засеў у замку і я не магу адчыніць дзьверы, дык ён крычыць, каб мазаць… Што рабіць?

Мар'янна. Які ён? які вар'ят?

Мацальскі, А ведае панна Мар'янна, ёсьць адзін гэтакі вар'ят, бегае з кіём па вуліцы і шукае сваю жонку, — такую ўжо значыцца фіксацыю мае, — ну дык вось парадныя дзьверы былі незачынены, ён уварваўся сюды і крычыць, што тут яго жонка… Дык вось я зачыніў яго на ключ у гэтай каморцы…

Мар'янна (недаверчыва). Эй, пан Ільдэфонс! ці толькі праўда? Бо мяне так, як гэтых учора на вечарыне не абдурыш, — я хітрая. Можа ён зусім і не вар'ят.

Мацальскі. Зусім вар'ят, панна Мар'янна! Як панна Мар'янна можа думаць… Дык–жа вось… проша паглядзець… Нідзе нікагусенькі няма, ніякай жонкі. Але–ж я панну Мар'янну так люблю, што ніколі ніякае… (Гаўдэнт стучыць у дзьверы). Ужо мажу, мажу ўжо!

Мар'янна. Ну, калі гэта ўсе праўда, што гавора пан Ільдэфонс, дык няма чаго палохацца. Я вар'ятаў не баюся, бо служыла калісь за кухарку ў вар'яцкай бальніцы і шмат іх бачыла… Адчыняйце дзьверы!

Мацальскі (адчыняе дзьверы і хаваецца за Мар'янну).