Мацальскі, Мар'янна, Гаўдэнт, Уршуля (уваходзяць).
Гаўдэнт (да Мацальскага). Паночку, я хачу вам пару слоў…
Мацальскі (са страхам). Не, не, не! Вы ўжо лепш не са мной, а вось з паннай Мяр'яннай пагутарце…
Мар'янна (да Гаўдэнта). Панок! Толькі спакойна, ша! Ня трэба крычаць, ня трэба нэрвавацца. Я ўсё ведаю. Вы шукаеце свае жонкі. Яе тут няма. Ідзеце на вуліцу. Ваша жонка там, па вуліцы ходзіць.
Гаўдэнт. Што?! Мая жонка па вуліцы ходзіць?
Мар'янна. Толькі ціха, спакойна. Не, не так ходзіць, як вы думаеце, але так сабе ходзіць, пайшла значыць на спацар… А яе тут няма.
Гаўдэнт. Я ведаю, што яе тут няма. Мне панна Уршуля ўжо ўсё сказала… І выбайчайце, панок, што я вас пакрыўдзіў…
Мацальскі (д. с). Добра пакрыўдзіў.
Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. «Граф! граф!» — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы–бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: «Граф! граф!»
Мар'янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар'ят.
Мацальскі (таксама да Мар'янны). Не! Вар'ят! Зусім вар'ят.
Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды–рынды… Не гожа!.. Калі–б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.
Мар'янна (да Гаўдэнга). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гугарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).
Гаўдэнт. Чакайце! А гэта што? Гэта маей жонкі торбачка! Скуль яна тутака?
Мацальскі. Якая торбачка?.. Не! гэта панны Уршулі торбачка.
Уршуля. Не, гэта не мая. Я сваю маю.
Мацальскі. Дык значыць гэта мая торбачка. Я люблю іншы раз гэтак з торбачкай па вуліцы… (да Гаўдэнта). Дайце, калі ласка.
Гаўдэнт (не аддае, але адчыняе торбачку і выймае з яе хустачку). Не! вось і яе хустачка. (Разглядае хустачку). Вось і яе літары: М. З. — значыць, Магдалена Залепчыха. (Да Мацальскага). Га? Скуль торбачка? значыцца я добра дадумаўся! значыцца яна тут! Дзе яна? Я яе знайду! яна тут! (выбягае ў першыя дзьверы налева).