Мяшочак, Уршуля, Пышка.
Уршуля (уваходзячы з Пышкай). Пашукайце, калі ласка, маю хустачку… Ах, замарылася!
Пышка. А дзе яна, калі можна спытацца, гэтая хустачка?
Уршуля. Ах, Божа–ж мой! У торбачцы. Такая чорная торбачка.
Пышка (шукае і знайшоў на камодзе). ёсьць! (падае ей торбачку, у якую Мацальскі ўлажыў сваю запіску).
Пышка (пасьля паўзы). А пагода сягоньня харошая.
Уршуля. Заўсёды пасьля дрэннай пагоды бывае харошая… (знайшоўшы ў торбачцы запіску, чытае яе). Ах! што–ж гэта!? Адрэс!! яго адрэс! Просіць, каб я прыйшла да яго! О, Божа мой, значыць маё сэрца не памылілася…
Пышка. А бывае, што пасьля харошай пагоды бывае дрэнная…
Уршуля. Ах, пане Пышка, пакіньце мяне, калі ласка, у мяне галава разбалелася, мігрэнь…
Пышка. Калі трэба якога лякарства, дык зараз… у мяне ёсьць знаёмы аптэкар…
Уршуля. Ах, нічога ня трэба, толькі я пасіджу тут гэтак адна, вы мяне пакіньце, гэта пройдзе…
Пышка (выходзіць).
Уршуля (д. с). Ах, Божа мой! Нарэшце! Зьявіўся той, якога я так доўга чакала! Ен — граф, каралевіч — панясе мяне ў свой палац і будзе мяне любіць крэпка, горача… Ох, як сэрца бьецца…