Мяшочак, Уршуля, Мацальскі.
Мацальскі (уваходзіць, абціраючыся хустачкай, падыходзіць да стала і налівае сабе піва).
Уршуля (да Мацальскага). Ах, гэта вы! Чаму–ж вы мне адразу нічога не сказалі?
Мацальскі (не разумеючы ў чым справа). А? што? чаго?
Уршуля. Чаму вы са мной гэтакі нясьмелы? Трэба было адразу сказаць усё. Я вас так добра разумею. Ніхто гэтак не адчувае вашай душы, як я. Яны ўсе — гэта не для вас кумпанія. А нашы душы адразу адна адну зразумелі, хаця так мала слоў было сказана… Тады ўжо, як вы скурачкай апальцыну папалі мне ў лоб, я ўжо ўсё зразумела, усё адчула…
Мацальскі (д. с.). Гэта баба ашалела, ці што?
Уршуля. Пойдзем! Пойдзем скакаць! Закружымся ў віхры вальса апошні раз… да заўтра… я прыйду… ох! я прыйду!.. (цягне яго за сабой).
Мацальскі. Пачакайце–ж! Дайце ж мне хоць піва выпіць.
Уршуля. Пойдзем! пойдзем! (пайшлі скакаць)