Фэлька, Магдалена, Пышка, Шышка.
Магдалена (уваходзіць; ціха да Фэлькі). Гэта прыйшлі Пышка і Шышка… А яго ўсё няма!
Фэлька. Мне казаў, што прыйдзе напэўна.
Пышка і Шышка (у другім пакоі выціраюць ногі, смаркаюцца, папраўляюць маншэты. Пышка з кветкамі, Шышка з цукеркамі).
Магдалена (да Пыші і Шышкі). Прашу калі ласка сюды, бліжэй…
Пышка (уваходзіць). Перш–на–перш пазвольце павіншаваць вас, пані Магдалена, з імянінамі і… ўсяго найлепшага! (цалуе Магдалену ў руку).
Шышка (увайшоўшы). Віншую вас, пані Магдалена, з імянінамі і… ўсяго найлепшага! (цалуе Магдалену ў руку).
Магдалена. Дзякую, дзякую… Сядайце, калі ласка.
Усе селі. Паўза. Раптам абодва — Пышка і Шышка разам пачынаюць казаць, але глянуўшы адзін на аднаго спыняюцца і саромюцца.
Пышка і Шышка. Пагода сягоньня харошая…
Магдалена. Што вы казалі?
Пышка. Гм… таго… як яго?..
Шышка. Мы кажам, што пагода сягоньня харошая.
Магдалена. Ну… так сабе…
Паўза.
Пышка. Але бывае пагода лепшая.
Магдалена. У нас рэдка бывае добрая пагода… А вось заграніцай дык зусім што інакшае: там заўсёды добрая пагода, гэты год цьвітуць ананасы, усе гавораць толькі пафранцузку: жэ ву зэм, жэ ву задор… а ў нас што?!
Фэлька. А ты скуль ведаеш?
Магдалена. Калі кажу, значыць ведаю.
Шышка. А ў мяне быў знаёмы, каторага брат раз езьдзіў заграніцу, дык ён казаў…
За сцэнай званок.
Магдалена (ціха да Фэлькі). Гэта мусіць ён!
Фэлька. Хіба што ён.
Магдалена (я. в.). Хадзі, разам яго спаткаем, бо мне аднэй неяк нялоўка… (да Пышкі і Шышкі). Паны выбачайце, пасядзеце адны… (выходзіць з Фэлькай).