Мяшочак, Уршуля, Галька.

Уршуля (уваходзячы з Галькан). Ах, які гэты граф баламут! У часе вячэры ўсьцяж кідаў у мяне то галкамі з хлеба, то скурачкамі апальцыну, а цяпер танцуе толькі з аднэй Магдаленай!.. фу! які баламут! (няшчыра). Не падабаецца мне!

Галька. Гэтыя людзі з вышэйшага сьвету І яны такія. Я чула, што яны, як паедуць заграніцу, дык не бяруць там шлюбу па нашаму, у касьцёле, а йдуць да нейкага чыноўніка, там расьпішуцца толькі і жывуць ужо, як муж з жонкай. Зусім бальшавікі.

Уршуля. Ах, фі! фі!.. Што вы кажаце! Вось сорам!

Галька. Няма дзіва — усе яны бязбожнікі.

Уршуля. Пані Галена! Што я вас хацела спытацца… але ня ведаю як сказаць… трохі сорамна.

Галька. Ну?

Уршуля (саромліва апусьціўшы вочы). Ці ўжо пасьля шлюбу… і ўжо пасьля вясельля… ды вельмі страшна?

Галька. Ха–ха–ха! (сьмяецца і шапоча ей нешта на вуха).

Уршуля (млосна). Ах, ах! не кажэце! ах! страшна!.. ах! я–бы ляпей пайшла ў манастыр, чымсь пазволіла…