Мяшочак, пасьля Мацальскі з Магдаленай.
Магдалена (уваходзячы з Мацальскім). Я вас, граф, хачу нешта спытацца…
Мацальскі. О, мая багіня! пытайнеся! Усё скажу.
Магдалена (цішэй, з паўзачкамі). Ці вы, граф, былі калі закахаўшыся?
Мацальскі (цалуе яе рукі). Так, як цяпер, ніколі ня быў…
Магдалена (быццам саромячыся). Ах, граф!..
Мацальскі. Анёлачак! Не кажы: граф! Кажы: Ільдэфонс! Мой дарагі Ільдэфонс!
Магдалена (сэнтымэнтальна). Ільдэфонс!.. Гэта зычыць, як музыка… Ільдэфонс! мой дарогі Ільдэфонс! (схіляе галаву яму ня плячо).
Мацальскі (горача абыймаючы і цалуючы яе). Анёлачак мой залаты! Магдаленачка! Пумпачка!
Мяшочак (перэварачваючыся на другі бок праз сон). А я пытаюся, чаму Каін…
Мацальскі і Магдалена (адскочыўшы ад сябе спалоханыя). Ах!
Мацальскі (прыгледзіўшыся да Мяшочка). Не, нічога!.. Ён сьпіць… добра налізаўшыся… не пачуе.
Магдалена. Я тут баюся…
Мацальскі (цалуе яе). Ня бойся!.. Лікёрчык ты мой! Пумпачка ты!..
Магдалена. Не, ня тут, ня тут… Пасьля… Пойдзем цяпер паскакаць!..
Мацальскі. Ну, пойдзем!.. Ах ты ягадка! Тру–ля–ля!.. (выходзяць).