Каржакаватыя хвоі, чырвона-агнявыя асіны і жоўтыя бярозы, і пад імі шумяць кусты.

Шумяць... Шумяць!..

І ядлоўцам пахне над полем.

Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама смяюцца яму ясныя дні.

Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну, і журацца дні над свежай раллёю і над балотнай сухой асакою...

Мы выбіраем познюю бульбу.

З пахучых зямной вільгаццю загонаў мне відно, як за шыпшынавымі межамі клапоціцца дзядзька Язэп - нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамі на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, і яны заскрыпелі так, што пачуў і азірнуўся дзядзька Язэп.

- Пачакай! - крычыць ён мне.

Я чакаю і гляджу, як ён грузна і шырока ступае вялізнымі ботамі і тузае лейцы. Пхае плячом у аглабіну, нейкая дзяўчына выводзіць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, і дзядзька Язэп весела камандуе:

- Па хвасце, па хвасце!..

Там паднімаецца рогат, а дзядзька Язэп выкіроўвас воз на дарогу...

І вось мы поплеч ідзем каля вазоў па вузенькай, каляіністай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохі аб восені і жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбіўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, і зазімаваў адзін на мёрзлых паплавах. І як пасля кончыўся з холаду за гумнамі.

- Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?

І, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:

«Што ў яго цяпер у галаве і на душы?»

Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго і нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: «Дык гэта ж я сам усё ўстанавіў...»

Дома мы ссыпалі бульбу - сперш яму, пасля мне.

Аднекуль з'явілася Дося, і, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:

- Хадзем, я памагу табе.

Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку і сказаў:

- Ды ў мяне там няма чаго рабіць.

- Дзе ты сёння вечарам будзеш? - запытала тады яна.

У мяне зноў, як і тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакінула стукаць. Тады якая тут мая роля?

Гэта былі разважанні, і з'явіліся яны трохі пасля, тады ж я сказаў:

- Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.

- Які ты слаўны і дагадлівы...

І яна пабегла ў сенцы.

«Слаўна жыць на свеце, - думаў я, едучы на поле. - Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскідаецца, а мне на нейкі час адкінуць усё гэтае, разам з усякімі разважаннямі...»

Так я адчуваў і вечарам.

Чорненькая, маленькая і гарачая сядзела Дося, прыціснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылі, і я не думаў нічога... Дзядзька Язэп выйшаў на вуліцу, пыхнуў папяросаю і хацеў сесці на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў і запытаў мяне:

- Бацька твой дома?

- Дома.

- Пайду да яго, пакуру.

І пайшоў. А я падумаў:

«Стары Гірш спіць недзе ў сваёй саламянай будцы - нудная і дрэнная работа. Страшна мець сівую бараду і думаць толькі аб яблыках ды аб саламянай будцы...»

Дзядзька Язэп бараду голіць і саламяных будак не любіць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...

«Міхал, братка мой дарагі, Міхал!»

Зоры свецяць, залатыя асіны шумяць, зямля вее размахам і воляй. Недзе людзі спяваюць, недзе зыкі бягуць...

«Братка Міхал, родны мой!»

Мне хацелася плакаць і расказаць аб гэтым усім - і далёкім, і блізкім.

І я з страшэнным смуткам адчуў, што Дося мяне не зразумее...

Дзядзька Язэп, з блізкіх маіх, адзін можа слухаць мяне...