Назаўтра, як у тумане, хадзіў я цэлы дзень. Я прыпомніў, як тады, вечарам, два разы праходзіў міма нас той практыкант, я адчуваў у змроку на сабе яго калючыя вочы. Ён нічога не гаварыў і праходзіў. Сягоння ж, як змеркла, выйшаў я на вуліцу і ўбачыў: Дося і практыкант ішлі, цесна прыціснуўшыся адно к аднаму. Я залажыў рукі ў кішэні, свіснуў, настроіўся на гумарыстычны лад і заспяваў:

Не хадзіла, не гуляла,
Рана спаць лажылася!

І тут жа раптам падышоў да сябе з грозным загадам: адкуль ты дастаў сабе права корпацца ў душы другога чапавека?

«Ну, а што? - сказала маё другое «я», - пытанне гэтае трэба пусціць па дзвюх лініях. Тут магло быць так: яна магла за што-небудзь зазлаваць на свайго практыканта і, каб укалоць яго, пасядзець вечарам з табою, тады ты, значыцца, зброя барацьбы, стаў машынаю, будучы чалавекам. То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохі? Паспявай яшчэ. Залажы рукі ў кішэні ды пасвішчы...»

А другая лінія?

Другая лінія магла быць такая: «Дно ў чалавека заўсёды відаць. І рух увесь яго як на далоні. І загэтым вось і вядома, што там ні з чым непараўнаная тонкасць і бясконцы рух - як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае і адзінае люстэрка...»

І маленькая, смуглявая Дося тады шчыра кахала мяне, таксама, як сягоння таго практыканта.

Тады напоўніся вялікай пашанай, панясі яе і агарні ёю людзей. Знішчы свае гразныя капыты і насі ў сабе толькі вастрату хараства...

Позна я сядзеў у тую ноч у хаце з дзядзькам Язэпам. Мы так, як ніколі раней, гаварылі аб Міхале. Ён стаў раптам нейкім сагнутым, сухім і малым. Нагнуўся і заплакаў ціха. Пасля абцёр слёзы і сказаў:

- Чалавек яшчэ не пэвен, пакуль многага яшчэ не зробіць...

Тады я падумаў:

«Чалавек, значыцца, аба многім павінен даведацца...»

Дзядзька Язэп курыў паціху; зноў вырас постаццю сваёю і сядзеў так доўга.

І я раптам адчуў у сабе і вакол сілу дзейнасці і размах чалавека на нязначным атаме свету - зямлі...