РАЗДЗЕЛ I

У вароты гасцініцы губернскага горада НН уехала даволі прыгожая невялічкая брычка на рэсорах, у якой ездзяць халасцякі: адстаўныя падпалкоўнікі, штабс-капітаны, памешчыкі, якія маюць каля сотні душ сялян, — словам, усе тыя, каго завуць панамі сярэдняй рукі. У брычцы сядзеў пан не прыгожы, але і не брыдкі з твару, не вельмі тоўсты, не вельмі тонкі; нельга сказаць, каб стары, дый не так, каб надта малады. Яго прыезд не нарабіў у горадзе зусім ніякага шуму і не выклікаў нічога асаблівага: толькі два рускія мужыкі, якія стаялі каля дзвярэй карчмы супроць гасцініцы, зрабілі такія-сякія заўвагі, якія мелі дачыненне ўрэшце больш да экіпажа, чым да таго, хто сядзеў у ім. «Бачыш ты», сказаў адзін другому:«вось якое кола! што ты думаеш, даедзе тое кола, калі-б здарылася, у Маскву, ці не даедзе?» — «Даедзе», адказаў другі. «А ў Казань, дык, я думаю, не даедзе?» — «У Казань не даедзе», адказаў другі. — На гэтым размова і скончылася. Ды яшчэ, калі брычка пад’ехала да гасцініцы, сустрэўся малады чалавек у белых каніфасавых [1 ] панталонах, вельмі вузкіх і кароткіх, у фраку з прэтэнзіяй на моду, з-пад якога відаць была манішка, заколатая тульскаю шпількаю з бронзавым пісталетам. Малады чалавек павярнуўся назад, паглядзеў на экіпаж, прытрымаў рукой шапку, якая ледзь не зляцела ад ветру, і пайшоў сваёй дарогай.

Калі экіпаж уз’ехаў на двор, пана сустрэў тракцірны слуга або палавы, як іх завуць у рускіх тракцірах, жвавы і вяртлявы да такой ступені, што нават нельга было разгледзець, які ў яго быў твар. Ён спрытна выбег з сарвэткай у руцэ, увесь доўгі і ў доўгім дэмікатонным сурдуце са спінкаю ледзь не на самай патыліцы, страсянуў валасамі і спрытна павёў пана наверх па ўсёй драўлянай галдарэі паказваць пасланы яму богам пакой. — Пакой быў вядомага роду; бо гасцініца была таксама вядомага роду, гэта значыць якраз такая, як бываюць гасцініцы ў губернскіх гарадах, дзе за два рублі ў суткі праязджаючыя атрымліваюць ціхі пакой з тараканамі, што выглядаюць, нібы чарнасліў, з усіх куткоў, і дзвярыма ў суседняе памяшканне, заўсёды застаўленымі камодам, дзе ўсталёўваецца сусед, маўклівы і спакойны чалавек, але надзвычай цікаўны, якому трэба ведаць усе падрабязнасці аб праязджаючым. — Надворны фасад гасцініцы адпавядаў яе сярэдзіне: яна была надта доўгая, на два паверхі; ніжні быў неатынкаваны і заставаўся ў цёмначырвоных цаглінках, якія яшчэ больш пацямнелі ад дрэнных перамен надвор’я і сталі бруднаватыя ўжо самі па сабе; верхні быў пафарбаваны вечнаю жоўтаю фарбаю; унізе былі крамкі з хамутамі, вяроўкамі і абаранкамі. У кутняй з гэтых крам, ці, лепш, у акне, змяшчаўся збіценшчык [2 ] з самаварам з чырвонай медзі і тварам такім-жа чырвоным, як самавар, так што здалёк можна было падумаць, што на акне стаялі два самавары, калі-б адзін самавар не быў з чорнай як смоль барадою.

Пакуль прыезджы пан аглядаў свой пакой, былі ўнесены яго манаткі: перш за ўсё чамадан з белай скуры, крыху пашарпаны, які сведчыў, што быў не першы раз у дарозе. Чамадан унеслі фурман Селіфан, нізенькі чалавек у кажушку, і лакей Пятрушка, чалавек гадоў трыццаці, у прасторным падношаным сурдуце, як відаць з панскага пляча, чалавек крыху суровы на выгляд, з вельмі вялікімі губамі і носам. Услед за чамаданам была прынесена невялічкая скрынка, чырвонага дрэва, з штучнымі выкладкамі з карэльскай бярозы, шавецкія капылы і загорнутая ў сінюю паперу смажаная курыца. Калі ўсё гэта было ўнесена, фурман Селіфан падаўся на стайню даглядаць коней, а лакей Пятрушка пачаў уладжвацца ў маленькім пярэднім пакоі, вельмі цёмным закутку, куды паспеў прынесці ўжо свой шынель і разам з ім нейкі свой уласны пах, які быў уласцівы і прынесенаму ўслед за тым мяшку з розным лакейскім туалетам. У гэтым закутку ён прыладзіў да сцяны вузенькі трохногі ложак, накрыўшы яго нечым крыху падобным да сенніка, умятым і плоскім, як блін, і, магчыма, таксама замасленым, як блін, які ўдалося яму выпатрабаваць у гаспадара гасцініцы.

Пакуль слугі ўпраўляліся і корпаліся, пан накіраваўся ў агульную залу. Якія бываюць гэтыя агульныя залы — усякі праезджы ведае вельмі добра: тыя-ж сцены, пафарбаваныя маслянай фарбай, пацямнелыя ўверсе ад тытунёвага дыму і зашмальцаваныя знізу спінамі розных праязджаючых, а яшчэ больш тутэйшымі купецкімі, бо купцы ў гандлёвыя дні прыходзілі сюды па шасцёра і па сямёра выпіваць сваю вядомую пару чаю; тая-ж закурэлая столь; тая-ж закурэлая люстра з мноствам вісячых шкельцаў, якія скакалі і звінелі кожны раз, калі палавы бегаў па выцертых цыратах, памахваючы бойка падносам, на якім сядзела такая-ж безліч чайных кубкаў, як птушак на марскім беразе; тыя-ж карціны на ўсю сцяну, пісаныя маслянымі фарбамі, словам, усё тое, што і ўсюды; толькі і розніцы, што на адной карціне намалявана была німфа з такімі вялізнымі грудзямі, якіх чытачу пэўна ніколі не здаралася бачыць. Падобная ігра прыроды, між іншым, здараецца на розных гістарычных карцінах, невядома, у які час, адкуль і кім прывезеных да нас у Расію, іншы раз нават нашымі вяльможамі, прыхільнікамі мастацтваў, якія накуплялі іх у Італіі, паслухаўшы парады кур’ераў, што іх везлі. Пан скінуў з сябе шапку і разматаў з шыі шарсцяную, вясёлкавых колераў касынку, якую жанатым робіць сваімі рукамі супруга, дадаючы пры гэтым адпаведныя настаўленні, як захутвацца, а нежанатым, напэўна не магу сказаць, хто робіць, бог іх ведае, я ніколі не насіў такіх касынак. Разматаўшы касынку, пан загадаў падаць сабе абед. Пакуль яму падаваліся розныя звычайныя ў тракцірах стравы, як, напрыклад: капуста з слаёным піражком, які знарок захоўваецца для праязджаючых на працягу некалькіх тыдняў, мазгі з гарошкам, сасіскі з капустай, пулярка смажаная, гурок салёны і вечны слаёны салодкі піражок, заўсёды гатовы да паслуг; пакуль яму ўсё гэта падавалася, і разагрэтае, і проста халоднае, ён прымусіў слугу, або палавога, расказваць усякую лухту аб тым, хто трымаў раней тракцір і хто цяпер, і ці шмат дае ён прыбытку, і ці вялікі шэльма іх: гаспадар; на што палавы звычайна адказваў: «о, вялікі пане, машэннік». Як у асвечанай Еўропе, так і ў асвечанай Расіі ёсць цяпер вельмі многа паважаных людзей, якія не могуць без таго есці ў тракціры, каб не пагаварыць са слугою, а часам нават пацешна пажартаваць з яго. Аднак, прыезджы не ўсё пытаўся так сабе: ён з надзвычайнай дакладнасцю распытаў, хто ў горадзе губернатар, хто старшыня палаты, хто пракурор, словам — ні абмінуў ні аднаго значнага чыноўніка, але яшчэ з большай дакладнасцю, калі нават не з зацікаўленасцю, распытаў пра ўсіх значных памешчыкаў, колькі хто мае душ сялян, як далёка жыве ад горада, якога нават характару і як часта прыязджае ў горад; распытаў уважліва пра становішча краю: ці небыло якіх хвароб у іх губерні, павальных гарачак, згубных якіх-небудзь ліхаманак, воспы і да таго падобнага, і ўсё так, і з такою дакладнасцю, якая выяўляла больш, чым адну простую цікаўнасць. У манерах сваіх пан меў штосьці саліднае і смаркаўся надзвычай гучна. Невядома, як ён гэта рабіў, ды толькі нос яго гучаў, як труба. Гэтая, як відаць, зусім нявінная якасць прыдабыла аднак-жа яму шмат павагі з боку тракцірнага слугі, так, што ён кожны раз, калі чуў гэты гук, патрэсваў валасамі, пачцівей выпростваўся і, нагнуўшы з вышыні сваю галаву, пытаў: ці не трэба чаго? Пасля абеда пан выпіў кубак кавы і сеў на канапу, падклаўшы сабе за спіну падушку, якую ў рускіх тракцірах замест эластычнай шэрсці набіваюць чымсьці надзвычай падобным да цэглы і каменняў. Тут пачаў ён пазяхаць і загадаў завесці сябе ў свой нумар, дзе, прылёгшы, заснуў дзве гадзіны. Адпачыўшы, ён напісаў на кавалачку паперы, па просьбе тракцірнага слугі: чын, імя і прозвішча для паведамлення, куды трэба, у паліцыю. На паперцы палавы, сыходзячы з лесніцы, прачытаў па складах наступнае: калежскі саветнік Павел Іванавіч Чычыкаў, памешчык, па сваіх патрэбах. Калі палавы ўсё яшчэ разбіраў па складах запіску, сам Павел Іванавіч Чычыкаў накіраваўся паглядзець горад, якім быў, як здавалася, задаволены, бо знайшоў, што горад быў нічым не горшы за іншыя губернскія гарады: моцна біла ў вочы жоўтая фарба на каменных дамах і сціпла цямнела шэрая на драўляных. Дамы былі ў адзін, два і паўтара паверхі з вечным мезанінам, вельмі прыгожым, па думцы губернскіх архітэктараў. Дзе-ні-дзе гэтыя дамы, здавалася, губляліся сярод шырокай, як поле, вуліцы і бясконцых драўляных платоў; дзе-ні-дзе збіваліся ў кучу і тут было прыкметна больш руху народу і жывасці. Трапляліся амаль змытыя дажджом шыльды з крэндзелямі і ботамі, там-сям — з намаляванымі сінімі штанамі і подпісам нейкага Аршаўскага краўца; дзе магазін з шапкамі, фуражкамі і надпісам: чужаземец Васілій Фёдараў; дзе быў намаляваны більярд з двума ігракамі ў фраках, у якія апранаюцца ў нас на тэатрах госці, што выходзяць у апошнім акце на сцэну. Ігракі былі намаляваны з нацэленымі кіямі, крыху выкручанымі назад рукамі і касымі нагамі, якія толькі што зрабілі ў паветры антраша. Пад усім гэтым было напісана: «I вось завядзенне». Там-сям проста на вуліцы стаялі сталы з арэхамі, мылам і пернікамі, падобнымі да мыла; дзе харчэўня з намаляванай тоўстай рыбай і ўваткнутым у яе відэльцам. Але больш за ўсё было прыкметна пацямнелых двухгаловых дзяржаўных арлоў, якія цяпер ужо заменены лаканічным надпісам: піцейны дом. Брук усюды быў кепскаваты. Ён заглянуў і ў гарадскі сад, дзе раслі тоненькія дрэвы, якія дрэнна прыняліся, з падпоркамі ўнізе, у выглядзе трохкутнікаў, вельмі прыгожа пафарбаваных зялёнай маслянай фарбай. Зрэшты гэтыя дрэўцы былі не вышэй чароцін, аднак, аб іх было сказана ў газетах пры апісанні ілюмінацыі, што горад наш аздобіўся, дзякуючы клопату грамадзянскага правіцеля, садам, які складаецца з цяністых, разложыстых дрэў, што даюць халадок у спякотны дзень, і што пры гэтым вельмі прыемна было глядзець, як сэрцы грамадзян трапяталі ад збытку ўдзячнасці і струменілі патокі слёз у знак удзячнасці пану граданачальніку. Распытаўшы падрабязна будачніка, дзе можна прайсці бліжэй, калі спатрэбіцца, да сабора, да прысуцтвенных месцаў, да губернатара, ён накіраваўся зірнуць на раку, што працякала пасярод горада, па дарозе адарваў прыбітую да слупа афішу з тым, каб уважліва прачытаць яе прышоўшы дамоў, паглядзеў пільна на праходзіўшую па драўляным тратуары даму не брыдкую з выгляду, за якой ішоў хлопчык у ваеннай ліўрэі з пакуначкам у руцэ, і, яшчэ раз акінуўшы ўсё вачамі, быццам для таго, каб добра запомніць гэтае месца, накіраваўся дамоў проста ў свой нумар, прычым на сходках яго злёгку падтрымліваў тракцірны слуга. Напіўшыся чаю, ён сеў перад сталом, загадаў падаць сабе свечку, дастаў з кішэні афішу, паднёс яе да свечкі і пачаў чытаць, прыжмурыўшы крыху правае вока. Аднак цікавага мала было ў афішы: давалася драма Г. Кацэбу, у якой Рола іграў п. Паплевін, Кору — дзяўчына Зяблава, іншыя асобы былі і таго менш прыкметныя, аднак-жа ён прачытаў іх усіх, дабраўся нават да цаны партэра і даведаўся, што афіша была надрукавана ў друкарні губернскага праўлення, потым перавярнуў на другі бок, даведацца, ці няма там чаго-небудзь, але, не знайшоўшы нічога, працёр вочы, скруціў акуратна і палажыў у сваю скрынку, куды меў звычай складаць усё, што ні траплялася. Дзень, здаецца, быў закончаны порцыяй халоднай цяляціны, бутэлькай кіслых шчэй [3 ] і моцным сном на ўсе застаўкі, як кажуць у некаторых месцах абшырнай рускай дзяржавы.

Увесь наступны дзень быў прысвечаны візітам; прыезджы накіраваўся рабіць візіты ўсім гарадскім саноўнікам. Быў з шанаваннем у губернатара, які, як выявілася, падобна Чычыкаву, быў ні тоўсты, ні тонкі сабой, меў на шыі Анну, і пагаварвалі нават, што быў вылучан на атрыманне звязды; аднак быў вялікі дабрак і нават сам вышываў часамі па цюлю. Потым накіраваўся да віцэ-губернатара, потым быў у пракурора, у старшыні палаты, у паліцэймейстара, у адкупшчыка, у начальніка над казённымі фабрыкамі... шкада, што крыху цяжка ўспомніць усіх сільных міра сего; але досыць сказаць, што прыезджы выявіў незвычайную дзейнасць у дачыненні візітаў: ён з’явіўся нават засведчыць шанаванне да інспектара ўрачэбнай управы і гарадскога архітэктара. I потым яшчэ доўга сядзеў у брычцы, прыдумваючы, каму-б яшчэ зрабіць візіт, ды ўжо больш у горадзе не знайшлося чыноўнікаў. У размовах з гэтымі ўладарамі ён вельмі па-майстэрску ўмеў сказаць прыемнае кожнаму. Губернатару намякнуў неяк мімаходзь, што ў яго губерню ўязджаеш, як у рай, дарогі ўсюды аксамітныя, і што тыя ўрады, якія прызначаюць мудрых саноўнікаў, варты вялікай пахвалы. Паліцэймейстару сказаў нешта вельмі прыемнае наконт гарадскіх будачнікаў, а ў размовах з віцэ-губернатарам і старшынёй палаты, якія былі яшчэ толькі стацкія саветнікі, сказаў нават памылкаю два разы «ваша прэвасхадзіцельства», што вельмі ім спадабалася. Вынікам гэтага было тое, што губернатар запрасіў яго наведацца да сябе ў той-жа дзень на хатнюю вечарынку, іншыя чыноўнікі таксама з свайго боку, хто на абед, хто на бастончык, хто на кубак чаю.

Пра сябе прыезджы, як здавалася, унікаў многа гаварыць; калі-ж гаварыў, дык нейкімі агульнымі месцамі, з прыкметнай сціпласцю, і гаворка яго ў такіх выпадках прымала крыху кніжныя звароты: што ён нязначны чэрвь міра сего і не варты таго, каб многа аб ім клапаціліся, што многа зазнаў на вяку сваім, пацярпеў на службе за праўду, меў шмат ворагаў, якія рабілі замахі нават на жыццё яго, і што цяпер, жадаючы супакоіцца, шукае, нарэшце, месца для жыхарства, і што, прыбыўшы ў гэты горад, палічыў за першы абавязак засведчыць сваё шанаванне першым яго саноўнікам. Вось усё, што даведаліся ў горадзе аб гэтай новай асобе, якая вельмі хутка не мінула магчымасці паказаць сябе на губернатарскай вечарынцы. Падрыхтоўка да гэтай вечарынкі заняла больш за дзве гадзіны часу, і тут у прыезджым выявілася такая ўважлівасць да туалета, якую нават не ўсюды здараецца ўбачыць. Пасля невялікага пасляабедзеннага сну ён загадаў падаць памыцца і надзвычайна доўга цёр мылам абедзве шчакі, падпёршы іх з сярэдзіны языком; потым, узяўшы з пляча тракцірнага слугі ручнік, выцер ім з усіх бакоў поўнае сваё аблічча, пачаўшы з-за вушэй і чмыхнуўшы перш разы са два ў самы твар тракцірнага слугі. Потым надзеў перад люстэркам манішку, выскуб вылезшыя з носа два валаскі і непасрэдна за гэтым апынуўся ў фраку бруснічнага колеру з іскрай. Такім чынам апрануўшыся, пакаціў ён ва ўласным экіпажы па бясконца шырокіх вуліцах, асветленых цьмянымі агнямі з там-сям мільгаўшых акон. Аднак губернатарскі дом быў так асветлены, хоць-бы і для бала; каляскі з ліхтарамі, перад пад’ездам два жандармы, фарэйтарскія крыкі ўдалечыні — словам, усё як трэба.

Увайшоўшы ў зал, Чычыкаў павінен быў на хвіліну зажмурыць, вочы, таму што бляск ад свечак, лямп і дамскіх убранняў быў страшэнны. Усё было заліта святлом. Чорныя фракі мільгалі і насіліся паасобку і кучамі там і там, як носяцца мухі на белым ззяючым рафінадзе ў гарачую ліпеньскую пару, калі старая ключніца расколвае і дзеліць яго на бліскучыя абломкі перад адчыненым акном; дзеці ўсе глядзяць, сабраўшыся навакол, сочачы з цікаўнасцю за рухам жорсткіх рук яе, узнімаючых малаток, а паветраныя эскадроны мух, узнятыя лёгкім паветрам, улятаюць смела, як поўныя гаспадары, і, карыстаючыся падслепаватасцю старой і сонцам, якое непакоіць вочы яе, абсыпаюць смачныя кавалкі, дзе ўроссып, дзе густымі кучамі. Насычаныя багатым летам, якое і без таго на кожным кроку расстаўляе смачныя стравы, яны ўляцелі зусім не для таго, каб есці, але каб толькі паказаць сябе, прайсціся ўзад і ўперад па кучы цукру, пацерці адна аб адну заднія ці пярэднія ножкі, або пачухаць імі ў сябе пад крыльцамі, або, працягнуўшы абедзве пярэднія лапкі, пацерці імі ў сябе над галавой, павярнуцца і зноў прыляцець з новымі дакучлівымі эскадронамі.

Не паспеў Чычыкаў агледзецца, як быў ужо схоплены пад рукі губернатарам, які тут-жа адрэкамендаваў яго губернатаршы. Прыезджы госць і тут не разгубіўся: ён сказаў нейкі камплімент, вельмі прыстойны для чалавека сярэдніх год, які мае чын не надта вялікі і не надта малы. Калі пары, зрыхтаваўшыся да танцаў, прыціснулі ўсіх да сцяны, ён, заклаўшы рукі назад, глядзеў на іх хвіліны са дзве вельмі ўважліва. — Многія дамы былі добра апрануты і па модзе, другія апрануліся ў тое, што бог паслаў у губернскі горад. Мужчыны тут, як і ўсюды, былі двух родаў: адны тоненькія, якія ўсё круціліся каля дам; некаторыя з іх былі такога роду, што цяжка было адрозніць іх ад пецербургскіх, мелі таксама вельмі прадумана і з густам зачасаныя бакенбарды, або проста прыемныя, вельмі гладка выгаленыя авалы твараў, таксама абыякава падсядалі да дам, таксама гаварылі па-французску і смяшылі дам таксама, як і ў Пецербургу. Другі род мужчын складалі тоўстыя ці такія-ж, як Чычыкаў, г. зн. не так, каб надта тоўстыя, аднак-жа і не тонкія. Гэтыя, наадварот, касавурыліся і адступаліся ад дам і пазіралі толькі па баках, ці не расстаўляў дзе губернатарскі слуга зялёны стол для віста. Твары ў іх былі поўныя і круглыя, на іншых нават былі бародаўкі, той-сёй быў і рабаваты, валасоў яны на галаве не насілі ні хахламі, ні буклямі, ні на манер чорт мяне пабяры, як кажуць французы; валасы ў іх былі ці нізка падстрыжаны, ці прылізаны, а рысы твару больш закругленыя і цвёрдыя. Гэта былі пачэсныя чыноўнікі ў горадзе. Што і казаць! тоўстыя ўмеюць лепш на гэтым свеце ўладжваць свае справы, чым тоненькія. Тоненькія служаць больш на асаблівых даручэннях, або толькі лічацца і віляюць туды і сюды; іх існаванне нейкае вельмі лёгкае, паветранае і зусім ненадзейнае. Тоўстыя-ж ніколі не займаюць ускосных месц, а ўсё простыя, і ўжо калі сядуць дзе, дык сядуць надзейна і моцна, так што хутчэй месца затрашчыць і ўвагнецца пад імі, а ўжо яны не зляцяць. Знадворнага бляску яны не любяць; на іх фрак не так ёмка скроены, як у тоненькіх, затое ў шкатулках благадаць божая. У тоненькага за тры гады не застаецца ніводнай душы, не заложанай у ламбард; у тоўстага спакойна, глядзіш, і з’явіўся дзе-небудзь у канцы горада дом, куплены на імя жонкі, потым у другім канцы другі дом, потым недалёка ад горада вёсачка, потым і сяло з усімі выгодамі. Нарэшце тоўсты, паслужыўшы богу і гасудару, заслужыўшы ўсеагульную павагу, пакідае службу, перабіраецца і робіцца памешчыкам, слаўным рускім панам, хлебасолам. і жыве, і добра жыве. — А пасля яго зноў тоненькія наследнікі спускаюць, паводле рускага звычаю, на кур’ерскіх усё бацькоўскае дабро. Нельга ўтаіць, што амаль такога роду меркаванні займалі Чычыкава ў той час, калі ён разглядаў прысутных, і вынікам гэтага было тое, што ён нарэшце далучыўся да тоўстых, дзе сустрэў амаль усіх знаёмых асоб: пракурора з вельмі чорнымі густымі брывамі і крыху падміргваўшым левым вокам так, як быццам-бы гаварыў: «Пойдзем, брат, у другі пакой, там я табе штосьці скажу», чалавека, аднак, сур’ёзнага і маўклівага; паштмейстара, нізенькага чалавека, але астраслоўца і філосафа, старшыню палаты, вельмі разважлівага і ветлівага чалавека, якія ўсе віталі яго, як даўняга знаёмага, на што Чычыкаў раскланьваўся, крыху набок, аднак не без прыемнасці. Тут-жа пазнаёміўся ён з вельмі абыходлівым і пачцівым памешчыкам Манілавым і крыху нязграбным на выгляд Сабакевічам, які з першага разу наступіў яму на нагу, сказаўшы: «Прашу прабачыць». Тут-жа яму ўсунулі карту на віст, якую ён прыняў з такім-жа ветлівым паклонам. Яны селі за зялёны стол і не ўставалі ўжо да вячэры. Усе размовы зусім спыніліся, як здараецца заўсёды, калі, нарэшце, распачынаюць занятак сур’ёзны. Хоць паштмейстар быў вельмі красамоўны, але і той, узяўшы ў рукі карты, зараз-жа надаў твару, свайму мыслячы выраз, накрыў ніжняю губою верхнюю і захаваў такое становішча на ўвесь час гульні. Ходзячы з фігуры, ён біў па стале моцна рукою, прыгаварваючы, калі была дама: «пайшла старая пападдзя!», калі-ж кароль: «пайшоў тамбоўскі мужык!» А старшыня прыгаварваў: «А я яго па вусах! А я яе па вусах!» Часам пры ўдары карт па стале вырываліся выразы: а! была не была, няма з чаго, дык з бубнаў! Або проста выгукі: чырва! чырваточына! пікенцыя! ці пікендрас! пічурушчух! пічура! і нават проста: пічук — назвы якімі перахрысцілі яны масці ў сваёй кампаніі. Пасля сканчэння гульні спрачаліся, як вядзецца, даволі голасна. Прыезджы наш госць таксама спрачаўся, але неяк надзвычай умела, так што ўсе бачылі, што ён спрачаўся, але ў той-жа час прыемна спрачаўся. Ніколі ён не гаварыў: вы пайшлі, а вы былі ласкавы пайсці, я меў гонар пакрыць вашу двойку, і да таго падобнае. Каб яшчэ больш пераканаць у чым-небудзь сваіх супраціўнікаў, ён кожны раз падносіў ім усім сваю срэбраную з фініфцю [4 ] табакерку, на дне якой заўважылі дзве фіялкі, якія былі пакладзены туды для паху. Увагу прыезджага асабліва затрымалі памешчыкі Манілаў і Сабакевіч, аб якіх успаміналася вышэй. Ён зараз-жа распытаў пра іх, адклікаўшы тут-жа крыху ўбок паштмейстара. Некалькі пытанняў, зробленых ім, выявілі ў гасцю не толькі цікаўнасць, але і грунтоўнасць; бо перш за ўсё распытаў ён, колькі ў кожнага з іх душ сялян, і ў якім становішчы знаходзяцца іх маёнткі, а потым ужо даведаўся, як імя і імя па бацьку. За кароткі час ён зусім паспеў зачараваць іх. Памешчык Манілаў, яшчэ зусім чалавек не пажылы, які меў вочы салодкія, як цукар, і жмурыў іх кожны раз, калі смяяўся, быў ад яго без памяці. Ён вельмі доўга ціснуў яму руку і пераканаўча прасіў зрабіць яму гонар сваім прыездам у вёску, да якой, паводле яго слоў, было толькі пятнаццаць вёрст ад гарадской заставы. На што Чычыкаў з вельмі ветлівым нахіленнем галавы і шчырым поціскам рукі адказаў, што ён не толькі з вялікай ахвотай гатоў гэта выканаць, але нават палічыць за свяшчэннейшы абавязак. Сабакевіч таксама сказаў крыху лаканічна: «I да мяне прашу», шаркнуўшы нагою, абутаю ў бот такога велізарнага памеру, для якога наўрад ці можна дзе знайсці адпаведную нагу, асабліва ў цяперашні час, калі і на Русі пачынаюць зводзіцца асілкі.

На другі дзень Чычыкаў накіраваўся на абед і вечар да паліцэймейстара, дзе з трох гадзін пасля абеда заселі ў віст і гулялі да двух гадзін ночы. Там між іншым ён пазнаёміўся з памешчыкам Наздровым, мужчынам гадоў трыццаці, прабітным чалавекам, які яму пасля трох-чатырох слоў пачаў гаварыць ты. З паліцэймейстарам і пракурорам Наздроў таксама быў на ты і трымаўся па-сяброўску; але калі селі гуляць у вялікую гульню, паліцэймейстар і пракурор надзвычайна ўважліва разглядалі яго біткі і сачылі амаль за кожнай картай, з якой ён хадзіў. Назаўтра Чычыкаў правёў вечар у старшыні палаты, які прымаў гасцей сваіх у халаце, крыху замусоленым, і ў тым ліку двух нейкіх дам. Потым быў на вечары ў віцэ-губернатара, на вялікім абедзе ў адкупшчыка, на невялікім абедзе ў пракурора, які аднак варты быў вялікага; на закусцы пасля абедні, дадзенай гарадскім галавой, якая таксама варта была абеда. Словам, ніводнай гадзіны не даводзілася яму заставацца дома і ў гасцініцу прыязджаў ён з тым толькі, каб заснуць. Прыезджы ва ўсім неяк умеў не разгубіцца, і паказаў у сабе спрактыкаванага свецкага чалавека. Пра што-б ні ішла размова, ён заўсёды ўмеў падтрымаць яе: ішла гутарка аб конскім заводзе, ён гаварыў пра конскі завод; гаварылі аб добрых сабаках, і тут ён рабіў каштоўныя заўвагі; меркавалі наконт следства, праведзенага казённай палатаю, — ён паказаў, што для яго не ў навіну і судовыя махінацыі; было разважанне пра більярдную гульню — і тут ён не рабіў промаху; гаварылі пра дабранраўнасць, і пра дабранраўнасць разважаў ён вельмі добра, нават са слязамі на вачах; пра выраб гарачага віна, — і ў гарачым віне ведаў толк; пра мытных наглядчыкаў і чыноўнікаў, і аб іх ён меркаваў, як быццам сам быў чыноўнікам і наглядчыкам. — Але варта ўвагі тое, што ўсяму гэтаму ён умеў надаваць нейкую спаважнасць, умеў добра трымацца. Гаварыў ні голасна, ні ціха, а зусім так, як належыць. Словам, як ні пакіруй, быў вельмі прыстойны чалавек. Усе чыноўнікі былі задаволены прыездам новай асобы. Губернатар аб ім выказаўся, што ён чалавек добрых намераў; пракурор, што ён дзелавы чалавек; жандармскі палкоўнік гаварыў, што ён вучоны чалавек; старшыня палаты, што ён паважаны чалавек і ўсё ведае; паліцэймейстар, што ён шаноўны і абыходлівы чалавек; жонка паліцэймейстара, што ён надзвычай ветлівы і далікатны чалавек. Нават сам Сабакевіч, які рэдка гаварыў аб кім-небудзь добра, прыехаўшы даволі позна з горада і ўжо зусім распрануўшыся і лёгшы на ложак каля хударлявай жонкі сваёй, сказаў ёй: «Я, душачка, быў у губернатара на вечары, і ў паліцэймейстара абедаў, пазнаёміўся з калежскім саветнікам Паўлам Іванавічам Чычыкавым: найпрыемнейшы чалавек!» На што супруга адказала: «Гм!» і штурхнула яго нагой.

Такая думка, вельмі прыемная для госця, склалася аб ім у горадзе, і яна трымалася да таго часу, пакуль адна дзіўная ўласцівасць госця і справа, ці, як кажуць у правінцыях, пасаж аб якім чытач хутка даведаецца, не выклікала поўнага неўразумення амаль ва ўсім горадзе. [5 ]