Ужо больш за тыдзень прыезджы пан жыў у горадзе, раз’язджаючы па вечарынках і абедах і, такім чынам, праводзячы, як кажуць, вельмі прыемна час. Нарэшце, ён наважыўся перанесці свае візіты за горад і наведаць памешчыкаў Манілава і Сабакевіча, якім даў слова. — Мабыць, да гэтага змусіла яго іншая, больш істотная прычына, справа больш сур’ёзная, бліжэйшая да сэрца... Але пра ўсё гэта чытач даведаецца паступова і ў свой час, калі толькі будзе мець цярплівасць прачытаць прапануемую аповесць, надта доўгую, якая мае потым разгарнуцца шырэй і прастарней па меры набліжэння да канца, што вянчае справу. Фурману Селіфану аддадзены быў загад назаўтра раніцою запрэгчы коней у вядомую брычку; Пятрушку загадана было заставацца дома, глядзець за пакоем і чамаданам. Для чытача будзе не лішне пазнаёміцца з гэтымі двума прыгоннымі людзьмі нашага героя. Хоць, вядома, яны асобы не так прыкметныя, і тое, што называецца, другарадныя, або нават трэцерадныя, хоць галоўныя ходы і пружыны паэмы не на іх умацаваны і хіба толькі дзе-ні-дзе закранаюць і лёгка зачэпліваюць іх, — але аўтар любіць быць надзвычай дакладным ва ўсім, і з гэтага боку, не гледзячы на тое, што сам рускі чалавек, хоча быць акуратным, як немец. Гэта зойме зрэшты няшмат часу і месца, бо няшмат трэба дадаць да таго, што ўжо чытач ведае, гэта значыць, што Пятрушка хадзіў у крыху шырокім карычневым сурдуце з панскага пляча, і меў, па звычаю людзей свайго звання, буйны нос і губы. Характару ён быў больш маўклівага, чым гаваркога; меў нават высокароднае імкненне да асветы, г. зн. чытання кніг; змест іх не спыняў яго: яму было зусім усёроўна — прыгоды закаханага героя, проста буквар, або маліцвенік: ён усё чытаў з аднолькавай увагай; калі-б яму падсунулі хімію, ён-бы і ад яе не адмовіўся. Яму падабалася не тое, аб чым чытаў ён, а больш самое чытанне, ці лепей сказаць працэс самога чытання, што вось, бачыш, з літар вечна выходзіць якое-небудзь слова, каторае іншы раз чорт ведае што і азначае. Гэтае чытанне адбывалася больш у ляжачым стане ў пярэдняй, на ложку і на сенніку, які зрабіўся ад такой акалічнасці ўмятым і тоненькім, як аладка. Акрамя ахвоты да чытання, ён меў яшчэ два прызвычаенні, якія складалі дзве другія яго характарыстычныя рысы: спаць не распранаючыся, так, як ёсць, у тым-жа сурдуце, і насіць заўсёды з сабою нейкае сваё асаблівае паветра, свайго ўласнага паху, якое тхнула крыху пахам жылога пакоя, так што досыць было яму толькі прыладзіць дзе-небудзь свой ложак, хоць нават у нежылым да таго часу пакоі, ды перацягнуць туды шынель і манаткі, і ўжо здавалася, што ў гэты пакоі гадоў дзесяць жылі людзі. Чычыкаў, будучы чалавекам вельмі далікатным і нават у іншых выпадках пераборлівым пацягнуўшы да сябе паветра на свежы нос раніцою, толькі крывіўся, ды трос галавой, прыгаварваючы: «ты, брат, чорт цябе ведае, пацееш ці што. Схадзіў-бы ты хоць у лазню». На што Пятрушка нічога не адказваў і стараўся тут-жа заняцца якой-небудзь справай, ці падыходзіў са шчоткай да панскага фрака, ці проста прыбіраў што-небудзь. Што думаў ён у той час, калі маўчаў, — можа, ён гаварыў сам сабе: «і ты аднак-жа прыгож, не надакучыла табе сорак разоў паўтараць адно і тое-ж», — бог ведае, цяжка дазнацца, што думае дваровы прыгонны чалавек у той час, калі пан дае яму настаўленне. Такім чынам, вось што на першы раз можна сказаць пра Пятрушку. Фурман Селіфан быў зусім іншы чалавек... Але аўтар вельмі сароміцца займаць так доўга чытачоў людзьмі нізкага класа, ведаючы з практыкі, як неахвотна яны знаёмяцца з нізкімі саслоўямі. Такі ўжо рускі чалавек: палкае жаданне пазнаёміцца з тым, хто хоць-бы на адзін чын быў за яго вышэй, і шапачнае знаёмства з графам ці князем для яго лепш, чым усякія цесныя сяброўскія адносіны. Аўтар нават баіцца за свайго героя, які толькі калежскі саветнік. Надворныя саветнікі, можа, і пазнаёмяцца з ім, але тыя, што падабраліся ўжо да чыноў генеральскіх, тыя, бог ведае, можа, нават кінуць адзін з тых пагардлівых позіркаў, якія кідаюцца горда чалавекам на ўсё, што ні поўзае каля яго ног, ці, яшчэ горш, можа, пройдуць са знішчальнай для аўтара безуважнасцю. Але як ні сумна тое і другое, а ўсё, аднак-жа, трэба вярнуцца да героя. Такім чынам, аддаўшы патрэбныя загады яшчэ з вечара, прачнуўшыся назаўтра вельмі рана, памыўшыся, абцёршыся з ног да галавы мокрай губкай, што рабілася толькі ў нядзелю, — а ў той дзень якраз была нядзеля, выгаліўшыся такім чынам, што шчокі зрабіліся як сапраўдны атлас у сэнсе гладкасці і лоску, апрануўшы фрак бруснічнага колеру з іскрай і потым шынель на вялікіх мядзведзях, ён сышоў з лесніцы пры падтрымцы тракцірнага слугі то з аднаго, то з другога боку і сеў у брычку. З грукатам выехала брычка з варот гасцініцы на вуліцу. Стрэчны поп зняў капялюш, некалькі хлапчукоў у запэцканых кашулях прыцягнулі рукі, прыгаварваючы: «пан, падай сірацінцы!» Фурман, заўважыўшы, што адзін з іх быў вялікі ахвотнік станавіцца на запяткі, сцебануў яго пугаю, і брычка пайшла падскокваць па каменні. Не без радасці быў заўважаны ўдалечыні паласаты шлагбаум, які даваў знаць, што бруку, як і ўсякай іншай пакуце, будзе хутка канец; і яшчэ некалькі разоў ударыўшыся досыць моцна галавой у кузаў, Чычыкаў паімчаўся нарэшце па мяккай зямлі. Ледзь толькі горад застаўся ззаду, як пайшлі ўжо тут пісаць па нашаму звычаю лухта і дзіч па абодвух баках дарогі: купіны, ельнік, нізенькія рэдкія кусты маладых хвой, абгарэлыя камлі старых, дзікі верас і да таго падобная недарэчнасць. Трапляліся выцягнутыя як па шнуру вёскі, пабудовай падобныя да старых складзеных дроў, крытыя шэрымі стрэхамі з разбянымі драўлянымі пад імі аздобамі ў выглядзе вісячых вышываных узорамі ручнікоў. Некалькі мужыкоў, як звычайна, зявалі, седзячы на лаўках перад варотамі ў сваіх кажухах. Бабы з тоўстымі тварамі і перавязанымі грудзямі глядзелі з верхніх акон, з ніжніх глядзела цяля, ці высоўвала сляпую сваю морду свіння. Словам, малюнкі вядомыя. Праехаўшы пятнаццатую вярсту, ён прыпомніў, што тут, паводле слоў Манілава, павінна быць яго вёска, але і шаснаццатая вярста праляцела міма, а вёскі ўсё не было відаць, і калі-б не два мужыкі, якія трапіліся насустрач, то наўрад ці давялося-б ім патрапіць на лад. На пытанне, ці далёка вёска Заманілаўка, мужыкі знялі шапкі, і адзін з іх, відаць разумнейшы, які насіў бараду клінам, адказаў: «Манілаўка, можа, а не Заманілаўка?»

«Ну, так, Манілаўка».

«Манілаўка! а як праедзеш яшчэ адну вярсту, дык вось табе, гэта значыць, так проста направа».

«Направа?» адазваўся фурман.

«Направа», сказаў мужык. «Гэта будзе табе дарога ў Манілаўку; а Заманілаўкі ніякай няма. Яна завецца так, значыцца, яе назва Манілаўка, а Заманілаўкі тут зусім няма. Там проста на гары ўбачыш дом, каменны на два паверхі, панскі дом, у якім, значыцца, жыве сам пан. Вось гэта табе і ёсць Манілаўка, а Заманілаўкі зусім няма ніякай тут, і не было».

Паехалі шукаць Манілаўку. Праехаўшы дзве вярсты, сустрэлі паваротку на прасёлачную дарогу, але ўжо і дзве, і тры, і чатыры вярсты, здаецца, зрабілі, а каменнага дома на два паверхі ўсё яшчэ не было відаць. Тут Чычыкаў успомніў, што калі прыяцель запрашае да сябе ў вёску за пятнаццаць вёрст, дык значыць, што да яе добрых трыццаць. Вёска Манілаўка мала каго магла прывабіць сваёй мясцовасцю. Дом панскі стаяў адзіночкай на юру, гэта значыць на ўзвышшы, адкрытым усім вятрам, якім толькі ўздумаецца падзьмуць; схіл гары, на якой ён стаяў, быў апранены падстрыжаным дзёрнам. На ёй былі раскіданы па-англійску дзве-тры клумбы з кустамі бэзу і жоўтых акацый; пяць-шэсць бяроз невялікімі купамі дзе-ні-дзе ўзнімалі свае дробналістыя рэдзенькія верхавіны. Пад двума з іх відаць была альтанка з плоскім зялёным купалам, драўлянымі блакітнымі калонамі і надпісам «Храм адзінотнага разважання», ніжэй ставок, ты зяленівам, што, зрэшты, не ў навіну ў агліцкіх садах рускіх памешчыкаў. Каля падэшвы гэтага ўзвышша, і часткова па самім спадзе, цямнелі ўдоўж і ўпоперак шэранькія бярвенчатыя хаты, якія герой наш, невядома з якіх прычын, у тую-ж хвіліну пачаў лічыць і налічыў больш за дзвесце; нідзе ні дрэўца, якое-б расло між іх, ці якой-небудзь зеляніны; усюды глядзела толькі адно бярвенне. Пейзаж ажыўлялі дзве бабы, якія, маляўніча падабраўшы спадніцы і падаткнуўшыся з усіх бакоў, брылі па калені ў стаўку, цягнучы за дзве драўляныя жэрдкі падраны браднік, дзе відаць былі два заблытаныя ракі і блішчэла трапіўшая туды плотка; бабы, здавалася, былі між сабою ў сварцы і за штосьці лаяліся. Воддаль убаку цямнеў нейкім сумна-сіняватым колерам сасновы лес. Нават самае надвор’е вельмі дарэчы прыслужылася: дзень быў не ясны і не хмурны, а нейкага светла-шэрага колеру, які бывае толькі на старых мундзірах гарнізонных салдатаў, гэтага, між іншым, мірнага войска, але часамі не зусім цвярозага ў святочныя дні. Для папаўнення малюнка не было недахопу ў пеўні, спавяшчальніку пераменнага надвор’я, які, не зважаючы на тое, што галава прадзёўбана была да самых мазгоў насамі іншых пеўняў праз невядомыя кавалерскія справы, гарланіў вельмі голасна і нават лопаў крыллямі, абсмыканымі, як старыя рагожкі. Пад’язджаючы да двара, Чычыкаў заўважыў на ганку самога гаспадара, які стаяў у зялёным шалонавым сурдуце, прыставіўшы руку да ілба ў выглядзе парасона над вачамі, каб разгледзець лепш пад’язджаўшы экіпаж. Па меры таго як брычка набліжалася да ганку, вочы яго рабіліся весялейшымі і ўсмешка пашыралася больш і больш.

«Павел Іванавіч!» закрычаў ён нарэшце, калі Чычыкаў вылазіў з брычкі. «Нарэшце вы-такі нас успомнілі!»

Абодва прыяцелі вельмі моцна пацалаваліся, і Манілаў павёў свайго госця ў пакой. Хоць час, на працягу якога яны будуць праходзіць сенцы, пярэднюю і сталовую, крыху караткаваты, але паспрабуем, ці не паспеем як-небудзь яго скарыстаць і сказаць тое-сёе пра гаспадара дома. Але тут аўтар павінен прызнацца, што падобнае пачынанне вельмі цяжкае. Куды лягчэй паказваць характары вялікага памеру. Там проста кідай фарбы з усёй рукі на палатно: чорныя пякучыя вочы, навісшыя бровы, перарэзаны маршчынай лоб, перакінуты цераз плячо чорны або чырвоны, як агонь, плашч, і партрэт гатоў; але вось гэтыя ўсе паны, якіх многа на свеце, якія з выгляду вельмі падобныя адзін да аднаго, а тым часам як прыгледзішся, убачыш многа самых няўлоўных асаблівасцей — гэтыя паны страшэнна цяжкія для партрэтаў.

Тут прыдзецца моцна напружваць увагу, пакуль прымусіш перад сабой выступіць усе тонкія, амаль невідочныя рысы, і наогул далёка прыдзецца паглыбляць ужо спрактыкаваны ў навуцы выпытвання позірк.

Адзін бог хіба мог сказаць, які быў характар Манілава. Ёсць род людзей, вядомых пад імем: людзі так сабе, ні тое, ні сёе, ні ў горадзе Багдан, ні ў сяле Селіфан, як кажа прыказка. Можа быць, да іх трэба далучыць і Манілава. З выгляду ён быў чалавек прыкметны; рысы твара яго былі не пазбаўлены прыемнасці, але ў гэтую прыемнасць, здавалася, занадта было перадана цукру; у манерах і абыходжанні яго было нейкае запабяганне, вымагаючае прыхільнасці і знаёмства. Ён усміхаўся прывабна, быў бялявы, з блакітнымі вачамі. У першую хвіліну размовы з ім нельга не сказаць: які прыемны і добры чалавек! У наступную хвіліну нічога не скажаш, а ў трэцюю скажаш: чорт ведае, што такое! і адыйдзеш далей; калі-ж не адыйдзеш, дык адчуеш нуду смяротную. Ад яго не дачакаешся ніякага жывога ці хоць нават задзірлівага слова, якое можаш пачуць амаль ад кожнага, закрануўшы рэч, якая яго задзірае. У кожнага ёсць свой задор: у аднаго задор накіраваўся на хартоў; другому здаецца, што ён моцна любіць музыку і наўздзіў адчувае ўсе глыбокія месцы ў ёй; трэці майстра шыкоўна паабедаць; чацверты адыграць ролю хоць на адзін вяршок вышэй за тую, якая яму прызначана; пяты, з жаданнем больш абмежаваным, спіць і марыць аб тым, як-бы прайсціся на гулянні з флігель-ад’ютантам, на паказ сваім прыяцелям, знаёмым і нават незнаёмым; шосты ўжо надораны такою рукою, якая адчувае звыш-натуральнае жаданне заламаць ражок якому-небудзь бубноваму тузу, ці двойцы, тады, як рука сёмага так і лезе навесці дзе-небудзь парадак, падабрацца бліжэй да аблічча станцыйнага даглядчыка, або фурманаў — словам, у кожнага ёсць сваё, але ў Манілава нічога не было. Дома ён гаварыў вельмі мала, і пераважна разважаў і думаў, але аб чым ён думаў, хіба аднаму богу было вядома. — Гаспадаркай нельга сказаць, каб ён займаўся, ён нават ніколі не ездзіў на поле, гаспадарка ішла неяк сама сабой. Калі прыказчык гаварыў: «добра-б было, пане, тое і тое зрабіць»; «так, нядрэнна», адказваў ён звычайна, курачы люльку, курыць якую прызвычаіўся, калі яшчэ служыў у арміі, дзе лічыўся сціплейшым, далікатнейшым і адукаванейшым афіцэрам, «так, якраз нядрэнна», паўтараў ён. Калі прыходзіў да яго мужык і, пачухаўшы рукой патыліцу, гаварыў: «Пане, дазволь адлучыцца на работу, на падатак зарабіць», — «ідзі», гаварыў ён, курачы люльку, і ў яго нават думкі не з’яўлялася, што мужык ішоў п’янстваваць. Часам, гледзячы з ганку на двор і на ставок, гаварыў ён аб тым, як-бы добра было, калі-б раптам ад дому правесці падземны ход, або цераз ставок пабудаваць каменны мост, на якім-бы былі па абодва бакі крамы, і каб у іх сядзелі купцы і прадавалі розныя дробныя тавары, патрэбныя сялянам. — Пры гэтым вочы яго рабіліся надзвычай салодкімі і твар набываў самы задаволены выраз; зрэшты, усе гэтыя пражэкты так і канчаліся толькі аднымі словамі. У яго кабінеце заўсёды ляжала нейкая кніжка, з закладкаю на 14 старонцы, якую ён увесь час чытаў ужо два гады. У доме яго чаго-небудзь вечна нехапала: у гасцінай стаяла цудоўная мэбля, абцягнутая шыкоўнай шоўкавай тканінай, якая пэўна каштавала вельмі дорага; але на два крэслы яе нехапіла, і крэслы стаялі абцягнутыя проста рагожай; зрэшты, гаспадар на працягу некалькіх год кожны раз перасцерагаў свайго госця словамі: не сядайце на гэтыя крэслы, яны яшчэ не гатовы. У некаторых пакоях і зусім не было мэблі, хоць і гаварылася ў першыя дні пасля жаніцьбы: «душачка, трэба будзе заўтра паклапаціцца, каб у гэты пакой хоць часова паставіць мэблю». Увечары падаваўся на стол вельмі шыкоўны падсвечнік з цёмнай бронзы з трыма антычнымі грацыямі, з перламутравым шыкоўным шчытом, і побач з ім стаўляўся нейкі просты мядзяны інвалід, кульгавы, пахілены набок і ўвесь у сале, хоць гэтага не заўважаў ні гаспадар, ні гаспадыня, ні слугі. Жонка яго... Зрэшты яны былі зусім задаволены адзін другім. Не гледзячы на тое, што мінула больш васьмі год іх сумеснаму жыццю, кожны з іх усё яшчэ прыносіў другому ці кавалачак яблычка, ці цукерку, ці арэшак, і гаварыў чулліва-пяшчотным голасам, які выказваў праўдзівае каханне: «разяў, душачка, свой роцік, я табе пакладу гэты драбочак». — Само сабой зразумела, што роцік разяўляўся ў гэтым выпадку вельмі грацыёзна. Да дня нараджэння падрыхтоўваліся сюрпрызы: які-небудзь бісерны чахолчык на зубачыстку. I вельмі часта, седзячы на канапе, раптам, зусім невядома з якіх прычын, адзін, кінуўшы сваю люльку, а другая работу, калі толькі яна трымалася ў той час у руках, яны дарылі адзін другому такі млявы і доўгі пацалунак, што на працягу яго можна было лёгка выкурыць маленькую, саламяную цыгарку. Словам, яны было тое, што гаворыцца шчаслівыя. Вядома, можна было-б заўважыць, што ў доме ёсць шмат іншых заняткаў, апрача доўгіх пацалункаў і сюрпрызаў, і многа-б можна было зрабіць розных запытанняў. Чаму, напрыклад, неразумна і бязладна гатуецца на кухні? чаму даволі пуста ў кладоўцы? чаму зладзейка ключніца? чаму слугі неахайныя і п’яніцы? чаму ўся дворня спіць неміласэрным чынам і гультаіць увесь астатні час? Але ўсё і гэта рэчы нізкія, а Манілава выхавана добра. А добрае выхаванне, як вядома, здабываецца ў пансіёнах. А ў пансіёнах, як вядома, тры галоўныя прадметы складаюць аснову добрых якасцей чалавека: французская мова, неабходная для шчасця сямейнага жыцця; фартэпіяна для дастаўлення прыемных хвілін супругу і, нарэшце, уласна гаспадарчая частка: вязанне кашалькоў і іншых сюрпрызаў. Зрэшты бываюць розныя ўдасканаленні і змены ў метадах, асабліва ў цяперашні час; усё гэта больш залежыць ад разважнасці і здольнасцей саміх дырэктрыс пансіёна. У іншых пансіёнах бывае такім чынам, што раней фартэпіяна, потым французская мова, а тады ўжо гаспадарчая частка. А часам бывае і так, што перш гаспадарчая частка, г. зн. вязанне сюрпрызаў, потым французская мова, а потым ужо фартэпіяна. Розныя бываюць метады. Не шкодзіць зрабіць яшчэ заўвагу, што Манілава... але, прызнаюся, аб дамах я вельмі баюся гаварыць, ды пры гэтым мне пара вярнуцца да нашых герояў, якія стаялі ўжо некалькі хвілін перад дзвярамі гасцінай, узаемна ўпрошваючы адзін другога прайсці раней.

«Зрабіце ласку, не клапаціцеся так для мяне, я прайду пасля», гаварыў Чычыкаў.

«Не, Павел Іванавіч, не, вы госць», гаварыў Манілаў, паказваючы яму рукою на дзверы.

«Не турбуйцеся, калі ласка, не турбуйцеся. Калі ласка, праходзьце», гаварыў Чычыкаў.

«Не, ужо выбачайце, не дапушчу прайсці ззаду такому прыемнаму, адукаванаму госцю».

«Чаму-ж адукаванаму?.. Калі ласка, праходзьце».

«Ну, ды ўжо будзьце ласкавы, праходзьце вы».

«Ды чаму-ж?»

«Ну, ды ўжо таму!» сказаў з прыемнай усмешкай Манілаў.

Нарэшце, абодва прыяцелі ўвайшлі ў дзверы бокам і крыху прыціснулі адзін другога.

«Дазвольце пазнаёміць вас з жонкай маёй», сказаў Манілаў, «душачка! Павел Іванавіч!»

Чычыкаў сапраўды ўбачыў даму, якую ён зусім быў не прыкмеціў, калі раскланьваўся ў дзвярах з Манілавым. Яна была даволі прыгожая; апранута да твару. На ёй добра ляжала шаўковая капота бледнага колеру; тонкая невялікая рука яе нешта кінула паспешна на стол і сціснула батыставую хустачку з вышытымі ражкамі. Яна паднялася з канапы, на якой сядзела. Чычыкаў з прыемнасцю падышоў да яе ручкі. Манілава прагаварыла, крыху нават картавячы, што ён вельмі ўзрадаваў іх сваім прыездам, і што муж яе, не мінала дня, каб не ўспамінаў пра яго.

«Так», прамовіў Манілаў: «яна ўжо, бывала, усё пытаецца ў мяне: «ды што-ж твой прыяцель не едзе?» «Пачакай, душачка, прыедзе». А вось і вы, нарэшце, ушанавалі нас сваім наведаннем. Ужо такую, сапраўды, прынеслі асалоду, майскі дзень, імяніны сэрца...»

Чычыкаў, пачуўшы, што справа ўжо дайшла да імянін сэрца, крыху нават разгубіўся і адказаў сціпла, што ні гучнага імя не мае, ні нават рангу прыкметнага.

«Вы ўсё маеце», перапыніў Манілаў з такой-жа прыемнай усмешкай, «усё маеце, нават яшчэ больш».

«Як, на вашу думку, наш горад?» прамовіла Манілава. «Ці прыемна правялі там час?»

«Вельмі добры горад, цудоўны горад», адказаў Чычыкаў: «і час правёў вельмі прыемна: кампанія самая абыходлівая».

«А як, на вашу думку, наш губернатар?» сказала Манілава.

«Ці не праўда, што найшаноўнейшы і найветлівейшы чалавек?» дадаў Манілаў.

«Чыстая праўда», сказаў Чычыкаў, «найшаноўнейшы чалавек. I як ён увайшоў у сваю ролю, як разумее яе! Трэба жадаць пабольш такіх людзей».

«Як ён можа гэтак, ведаеце, прыняць кожнага, захаваць далікатнасць у сваіх учынках», дадаў Манілаў з усмешкай, і ад прыемнасці амаль зусім зажмурыў вочы, як кот, якому крыху паказыталі пальцамі за вушамі.

«Вельмі абыходлівы і прыемны чалавек», гаварыў далей Чычыкаў: «і які майстар! я нават ніяк не мог меркаваць. Як добра вышывае розныя хатнія ўзоры. Ён мне паказваў сваёй работы кашалёк: мала якая дама можа так па-майстэрску вышыць».

«А віцэ-губернатар, ці не праўда, які мілы чалавек», сказаў Манілаў, зноў крыху прыжмурыўшы вочы.

«Вельмі, вельмі дастойны чалавек», адказваў Чычыкаў.

«Ну, дазвольце, а якое ўражанне на вас зрабіў паліцэймейстар? Ці не праўда, што вельмі прыемны чалавек?»

«Надзвычайна прыемны, і які разумны, які начытаны чалавек! Мы ў яго прагулялі ў віст разам з пракурорам і старшынёй палаты да самых позніх пеўняў. Вельмі, вельмі дастойны чалавек».

«Ну, а якой вы думкі аб жонцы паліцэймейстара?» дадала Манілава. «Ці не праўда, найветлівейшая жанчына?»

«О, гэта адна з дастойнейшых жанчын, якіх я толькі ведаю», адказаў Чычыкаў.

Пасля не мінулі старшыні палаты, паштмейстара, і такім чынам перабралі амаль усіх чыноўнікаў горада, якія ўсе аказаліся самымі дастойнымі людзьмі.

«Вы заўсёды ў вёсцы праводзіце час?» зрабіў, нарэшце, у сваю чаргу запытанне Чычыкаў.

«Больш у вёсцы», адказаў Манілаў. «Часамі аднак прыязджаем у горад для таго толькі, каб пабачыцца з адукаванымі людзьмі. Здзічэеш, ведаеце, калі будзеш увесь час жыць замкнуўшыся».

«Праўда, праўда», сказаў Чычыкаў.

«Вядома», гаварыў далей Манілаў: «іншая справа, калі-б суседства было добрае, калі-б, напрыклад, быў такі чалавек, з якім-бы некаторым чынам можна было пагаварыць пра ветлівасць, пра добрае абыходжанне, сачыць за якой-небудзь гэтакай навукай, каб гэтак разварушыла душу, было-б, так сказаць, лунанне гэтакае...» Тут ён яшчэ нешта хацеў выказаць, але, заўважыўшы, што крыху зарапартаваўся, крутнуў толькі рукой у паветры і прадаўжаў: «тады вядома вёска і адзінота мелі-б вельмі многа прыемнасцей. Але зусім няма нікога... Вось толькі часам пачытаеш «Сын Отечества».

Чычыкаў з гэтым згадзіўся цалкам, дадаўшы, што не можа быць нічога больш прыемнага, як жыць у адзіноце, мець асалоду ад сузірання прыроды і пачытаць часамі якую-небудзь кнігу...

«Але ведаеце», дадаў Манілаў, «усё-ж, калі няма друга, з якім-бы можна падзяліцца...»

«О, гэта справядліва, гэта зусім справядліва!» перапыніў Чычыкаў. «Што ўсе скарбы тады ў свеце! Не май грошай, май добрых людзей для абыходжання, сказаў адзін мудрэц».

«I ведаеце, Павел Іванавіч!» сказаў Манілаў, зрабіўшы на твары сваім выраз не толькі салодкі, але нават прыкра-салодкі, падобны да той мікстуры, якую спрытны свецкі доктар засаладзіў бязлітасна, думаючы ёю парадаваць пацыента. «Тады адчуваеш якуюсьці, у некаторым родзе, духоўную асалоду... Вось, як напрыклад, цяпер, калі выпадак даў мне шчасце, можна сказаць, узорнае, гаварыць з вамі і адчуваць асалоду ад прыемнай вашай размовы...»

«Даруйце, што-ж за прыемная размова?.. Нікчэмны чалавек, і больш нічога», адказаў Чычыкаў.

«О! Павел Іванавіч, дазвольце мне быць шчырым: я з радасцю аддаў-бы палавіну маіх набыткаў, каб мець частку тых якасцей, якія маеце вы!»

«Наадварот, я палічыў-бы з свайго боку за найвялікшае...»

Невядома, да чаго-б дайшло ўзаемнае выказванне пачуццяў абодвух прыяцеляў, калі-б увайшоўшы слуга не далажыў, што абед гатоў.

«Прашу пакорна», сказаў Манілаў.

«Вы выбачце, калі ў нас няма такога абеда, як на паркетах і ў сталіцах, у нас проста па рускаму звычаю капуста, але ад шчырага сэрца. Пакорна прашу».

Тут яны яшчэ некаторы час паспрачаліся аб тым, каму ўвайсці першым, і нарэшце Чычыкаў увайшоў бокам у сталовую.

У сталовай ужо стаялі два хлопчыкі, сыны Манілава, якія былі ў тых гадах, калі садзяць ужо дзяцей за стол, але яшчэ на высокіх крэслах. Пры іх стаяў настаўнік, які пакланіўся ветліва і з усмешкай. Гаспадыня села за сваю супавую міску; госць быў пасаджаны паміж гаспадаром і гаспадыняй, слуга завязаў дзецям на шыю сарвэткі.

«Якія міленькія дзеці», сказаў Чычыкаў, паглядзеўшы на іх: «а каторы год?»

«Старэйшаму восьмы, а меншаму ўчора толькі мінула шэсць», сказала Манілава.

«Фемістоклюс!» сказаў Манілаў, звярнуўшыся да старэйшага, які стараўся вызваліць свой падбародак, завязаны лакеем у сарвэтку. Чычыкаў прыўзняў крыху брыво, пачуўшы такое нібыта грэчаскае імя, якому нямаведама чаму Манілаў даў канчатак на юс, але пастараўся зараз-жа прывесці свой твар у звычайны стан.

«Фемістоклюс, скажы мне, які лепшы горад у Францыі?»

Тут настаўнік звярнуў усю ўвагу на Фемістоклюса і, здавалася, хацеў яму ўскочыць у вочы, але, нарэшце, зусім супакоіўся і кіўнуў галавой, калі Фемістоклюс сказаў: Парыж.

«А ў нас які лепшы горад?» запытаў зноў Манілаў.

Настаўнік зноў навастрыў увагу.

«Пецербург», адказаў Фемістоклюс.

«А яшчэ які?»

«Масква», адказаў Фемістоклюс.

«Разумны, душачка!» сказаў на гэта Чычыкаў. «Скажыце, аднак-жа...» гаварыў ён далей, звярнуўшыся тут-жа з крыху здзіўленым выглядам да Манілавых. «Я павінен вам сказаць, што ў гэтым дзіцяці будуць вялікія здольнасці».

«О, вы яшчэ не ведаеце яго», адказаў Манілаў, «у яго надзвычай многа дасціпнасці. Вось меншы Алкід, той не такі спрытны, а гэты зараз, калі што-небудзь сустрэне, мошку, казюльку, дык у яго раптам вочкі і забегаюць; пабяжыць за ёй следам і зараз-жа зверне ўвагу. Я яго рыхтую па дыпламатычнай часці. Фемістоклюс!» прадаўжаў ён, зноў звяртаючыся да яго, «хочаш быць пасланнікам?».

«Хачу», адказаў Фемістоклюс, жуючы хлеб і матляючы галавой направа і налева.

У гэты момант лакей, што стаяў ззаду, уцёр пасланніку нос і вельмі добра зрабіў, інакш канула-б у суп немалая старонняя кропля. Размова пачалася за сталом аб асалодзе спакойнага жыцця; гаспадыня перапыняла яе заўвагамі аб гарадскім тэатры і аб акторах. Настаўнік вельмі ўважліва глядзеў на размаўляўшых і як толькі заўважаў, што яны былі гатовы ўсміхнуцца, у тую-ж хвіліну разяўляў рот і смяяўся вельмі шчыра. Напэўна, ён быў чалавек удзячны і хацеў заплаціць гэтым гаспадару за добрае абыходжанне. Адзін раз зрэшты твар яго зрабіўся суровым, і ён строга застукаў па стале, накіраваўшы вочы на сядзеўшых насупраць яго дзяцей. Гэта было дарэчы, бо Фемістоклюс укусіў за вуха Алкіда, і Алкід, зажмурыўшы вочы і разявіўшы рот, гатоў быў зарыдаць самым жаласным чынам, але адчуўшы, што за гэта лёгка можна было застацца без стравы, прывёў рот у ранейшы стан і пачаў са слязамі грызці барановую костку, ад якой у яго абедзве шчакі блішчэлі тлушчам. Гаспадыня вельмі часта звярталася да Чычыкава са словамі: «Вы нічога не ясцё, вы надта мала ўзялі». На што Чычыкаў кожны раз адказваў: «Шчыра дзякую, я пад’еў, прыемная гутарка лепш за ўсякую страву».

Ужо ўсталі з-за стала. Манілаў быў надзвычайна задаволены і, падтрымліваючы рукою спіну свайго госця, рыхтаваўся такім чынам накіраваць яго ў гасціную, як раптам госць аб’явіў з вельмі значным выглядам, што ён мае намер з ім пагутарыць аб адной вельмі патрэбнай справе.

«У такім выпадку, дазвольце мне вас папрасіць у мой кабінет», сказаў Манілаў і павёў у невялікі пакой, які глядзеў акном на сінеўшы лес. «Вось мой куточак», сказаў Манілаў.

«Прыемны пакойчык», сказаў Чычыкаў, азірнуўшы яго вачамі. Пакойчык быў, сапраўды, прыемны: сцены былі памаляваны нейкай блакітнай фарбай, накшталт шэранькай, чатыры крэслы, адно мяккае, стол, на якім ляжала кніжка з закладкай, аб якой мы ўжо ўспаміналі, некалькі спісаных папер, але больш за ўсё было табакі. Яна была рознастайная: у картузах і ў табакерцы, і нарэшце насыпана была проста кучаю на стале. На абодвух вокнах таксама змешчаны былі горкі выбітага з люлькі попелу, парасстаўляныя старанна вельмі прыгожымі радкамі. Прыкметна было, што гаспадар часам займаўся гэтым, каб правесці час.

«Дазвольце вас папрасіць размясціцца на гэтым мяккім крэсле», сказаў Манілаў. «Тут вам будзе спакайней».

«Дазвольце я сяду на цвёрдае».

«Дазвольце вам гэтага не дазволіць», сказаў Манілаў з усмешкай.

«Гэтае крэсла ў мяне ўжо асігнавана для госця: рады ці не рады, але павінны сесці».

Чычыкаў сеў.

«Дазвольце мне вас пачаставаць люлечкаю».

«Не, не куру», адказаў Чычыкаў ласкава і як быццам шкадуючы.

«Чаму?» сказаў Манілаў таксама ласкава і шкадуючы.

«Не набыў прывычкі, баюся; кажуць, люлька сушыць».

«Дазвольце мне вам заўважыць, што гэта памылковы погляд. Я думаю нават, што курыць люльку куды здаравей, чым нюхаць табаку. У нашым палку быў паручык, чароўнейшы і адукаванейшы чалавек, які не выпускаў з рота люлькі не толькі за сталом, але нават, з дазволу сказаць, ва ўсіх іншых месцах. I вось яму цяпер ужо сорак з лішнім год, але, дзякаваць богу, да гэтага часу такі здаровы, як нельга лепш».

Чычыкаў заўважыў, што гэта сапраўды здараецца і што ў прыродзе ёсць шмат рэчаў, якія не вытлумачыць нават шырокі розум.

«Але дазвольце перш адну просьбу...» прагаварыў ён голасам, у якім пачуўся нейкі дзіўны, ці амаль дзіўны, выраз, і ўслед за гэтым невядома чаго азірнуўся назад. Манілаў таксама невядома чаму азірнуўся назад. «Як даўно вы былі ласкавы падаваць рэвізскія спісы?» [6 ]

«Так, ужо даўно; а лепш сказаць, не прыпомню».

«Як з таго часу многа ў вас памерла сялян?»

«А не магу ведаць, аб гэтым, я мяркую, трэба запытаць прыказчыка. Эй, чалавек, пакліч прыказчыка, ён павінен быць сёння тут».

Прыказчык з’явіўся. Гэта быў чалавек гадоў пад сорак, які галіў бараду, хадзіў у сурдуце і, як відаць, вёў надта спакойнае жыццё, бо твар яго глядзеў нейкай пухлаю паўнатою, а жаўтаваты колер скуры і маленькія вочы паказвалі, што ён ведаў вельмі добра, што такое пухавікі і пярыны. Можна было бачыць зараз, што ён прайшоў сваё поле дзейнасці, як праходзяць яго ўсе панскія прыказчыкі: быў перш проста пісьменным хлапчуком у доме, потым ажаніўся з якой-небудзь Агашкай-ключніцай, панінай фаварыткай, зрабіўся сам ключнікам, а там і прыказчыкам. А стаўшы прыказчыкам, рабіў, зразумела, як усе прыказчыкі: знаўся і куміўся з тымі, хто ў вёсцы быў багацей, падбаўляў на цяглы бяднейшых, прачнуўшыся а дзевятай гадзіне раніцы, чакаў самавара і піў чай.

«Паслухай, даражэнькі! Колькі ў нас памерла сялян з таго часу, як падавалі рэвізію?»

«Ды як колькі? Шмат хто памёр з таго часу», сказаў прыказчык, і пры гэтым ікнуў, захінуўшы рот крыху рукой накшталт шчытка.

«Але, прызнаюся, я сам так думаў», падхапіў Манілаў: «іменна вельмі многія паміралі!» Тут ён звярнуўся да Чычыкава і дадаў яшчэ: «Сапраўды, вельмі многія».

«А як, напрыклад, лікам?» запытаў Чычыкаў.

«Так, колькі лікам?» падхапіў Манілаў.

«Ды як сказаць лікам? Невядома-ж, колькі памірала, іх ніхто не лічыў».

«Так іменна», сказаў Манілаў, звярнуўшыся да Чычыкава: «я таксама дапушчаў, вялікая смяротнасць; зусім невядома, колькі памерла».

«Ты, калі ласка, іх злічы», сказаў Чычыкаў: «і зрабі падрабязны рэестрык усіх пайменна».

«Так, усіх пайменна», сказаў Манілаў.

Прыказчык сказаў: слухаю! і пайшоў.

«А для якіх прычын вам гэта патрэбна?» запытаў Манілаў, калі прыказчык вышаў.

Гэтае пытанне, здавалася, абцяжыла госця, на твары яго з’явіўся нейкі напружаны выраз, ад якога ён нават пачырванеў, намаганне штосьці выказаць, што не зусім паддаецца словам. I сапраўды, Манілаў, нарэшце, пачуў такія дзіўныя рэчы, якіх яшчэ ніколі не чулі чалавечыя вушы.

«Вы пытаеце, для якіх прычын? Прычыны вось якія: я жадаў-бы купіць сялян...» сказаў Чычыкаў, заікнуўся і не скончыў сказу.

«Але дазвольце запытаць вас», сказаў Манілаў, «як вы жадаеце купіць сялян, з зямлёю ці проста на вывад [7 ], гэта значыць без зямлі?»

«Не, я не так, каб зусім сялян», сказаў Чычыкаў, «я хачу мець мёртвых».

«Як? Выбачайце, я крыху тугі на вуха, мне пачулася вельмі дзіўнае слова...»

«Я мяркую набыць мёртвых, якія, аднак, значыліся-б па рэвізіі, як жывыя», сказаў Чычыкаў.

Манілаў упусціў тут-жа цыбук з люлькай на падлогу і як разявіў рот, так і застаўся з разяўленым ротам на працягу некалькіх хвілін. Абодва прыяцелі, разважаўшыя аб прыемнасцях сяброўскага жыцця, засталіся нерухомымі, утаропіўшы адзін у другога вочы, як тыя партрэты, якія вешаліся ў старажытныя часы адзін супроць другога па абодва бакі люстэрка. Нарэшце Манілаў падняў люльку з цыбуком і паглядзеў знізу яму ў твар, стараючыся ўбачыць, ці не відаць якой усмешкі на губах яго, ці не пажартаваў ён, але не відаць было нічога такога, наадварот, твар нават здаваўся больш спаважным, чым звычайна; потым падумаў, ці не з’ехаў госць як-небудзь знячэўку з глузду, і са страхам паглядзеў на яго ўважліва; але вочы госця былі зусім ясныя, не было ў іх дзікага, неспакойнага агню, які бегае ў вачах звар’яцеўшага чалавека, усё было прыстойна і ў парадку. Як ні прыдумваў Манілаў, як яму быць і што яму зрабіць, але нічога іншага не мог прыдумаць, як толькі выпусціць з рота рэштку дыму вельмі тонкім струменем.

«Такім чынам, я-б жадаў ведаць, ці можаце вы мне такіх, нежывых у сапраўднасці, але жывых паводле законнай формы, перадаць, пераступіць, ці як вам захочацца лепш?»

Але Манілаў так збянтэжыўся і разгубіўся, што толькі глядзеў на яго.

«Мне здаецца, вам цяжка вырашыць?» заўважыў Чычыкаў.

«Я?.. не, я не тое», сказаў Манілаў: «але я не магу ўцяміць... выбачце... я, вядома, не мог атрымаць такой бліскучай выдатнай асветы, якая, так сказаць, відаць у кожным вашым руху, не маю высокага майстэрства выслаўляцца... Можа, тут... у гэтым, вамі зараз выказаным тлумачэнні... захавана другое... Можа, вы былі ласкавы выказацца так для прыгожасці стылю?»

«Не», падхапіў Чычыкаў: «Не, я разумею прадмет так, як ёсць, гэта значыць, тыя душы, якія сапраўды памерлі ўжо».

Манілаў зусім разгубіўся. Ён адчуваў, што яму трэба нешта запытацца, а што запытацца — чорт яго ведае. Скончыў ён, нарэшце, тым, што выпусціў зноў дым, але ўжо не ротам, а праз ноздры.

«Такім чынам, калі няма перашкод, дык з богам можна-б распачаць учыненне купчай крэпасці» [8 ], сказаў Чычыкаў.

«Як, на мёртвыя душы купчую?»

«А, не!» сказаў Чычыкаў. «Мы напішам, што яны жывыя, так, як стаіць сапраўды ў рэвізскіх спісах. Я прывык ні ў чым не адступаць ад грамадзянскіх законаў, хоць за гэта і пацярпеў на службе, але ўжо выбачайце: абавязак для мяне справа свяшчэнная, закон — я нямею перад законам».

Апошнія словы спадабаліся Манілаву, але да сэнсу самой справы ён усё-такі не дайшоў і замест адказу ўзяўся насмоктваць свой цыбук так старанна, што той пачаў, нарэшце, хрыпець, як фагот. Здавалася, як быццам ён хацеў выцягнуць з яго думку адносна такой нечуванай акалічнасці; але цыбук хрыпеў і больш нічога.

«Магчыма, вы маеце якія-небудзь сумненні?»

«О, злітуйцеся, ніколькі. Я не наконт таго кажу, каб меў якое-небудзь, гэта значыць, крытычнае заўчаснае асуджэнне ў адносінах да вас. Але дазвольце далажыць, ці не будзе гэтае пачынанне, ці каб яшчэ больш, так сказаць, выказацца, нягоцыя, дык ці не будзе гэтая нягоцыя неадпаведнай грамадзянскім пастановам і далейшым намерам Расіі».

Тут Манілаў, зрабіўшы некаторы рух галавой, паглядзеў вельмі значна ў твар Чычыкава, паказаўшы ва ўсіх рысах свайго твара і ў сціснутых губах такі глыбокі выраз, якога, можа, і не было відаць на чалавечым твары, хіба толькі ў якога-небудзь надта разумнага міністра, ды і то ў хвіліну самай галаваломнай справы.

Але Чычыкаў сказаў проста, што падобнае пачынанне, ці нягоцыя, ніяк не будзе неадпаведнай грамадзянскім пастановам і далейшым намерам Расіі, а праз хвіліну потым дадаў, што казна будзе мець нават выгады, бо атрымае законныя пошліны.

«Так вы мяркуеце?..»

«Я мяркую, што гэта будзе добра».

«А калі добра, гэта іншая справа: я супроць гэтага нічога», сказаў Манілаў і зусім супакоіўся.

«Цяпер застаецца ўмовіцца ў цане...»

«Як у цане?» сказаў зноў Манілаў і спыніўся. «Няўжо вы думаеце, што я вазьму грошы за душы, якія ў некаторым родзе скончылі сваё існаванне? Калі ўжо вам прышло гэтакае, так сказаць, фантастычнае жаданне, дык, з свайго боку, я перадаю іх вам без інтарэсу і купчую бяру на сябе».

Вялікі папрок быў-бы гісторыку прапануемых падзей, калі-б ён не сказаў, што здавальненне ахапіла госця пасля такіх слоў, сказаных Манілавым. Які ён ні быў спаважны і разважлівы, але тут ледзь не зрабіў нават падскок накшталт казла, што, як вядома, робіцца толькі ў самых моцных парывах радасці. Ён павярнуўся так моцна ў крэсле, што лопнула шарсцяная тканіна, якая абцягвала падушку; сам Манілаў паглядзеў на яго з некаторым неўразуменнем. Пад уплывам удзячнасці ён нагаварыў тут-жа столькі прыемных рэчаў, што той разгубіўся, увесь пачырванеў, рабіў галавой адмоўны жэст і нарэшце ўжо выказаўся, што гэта сапраўднае нічога, што ён, сапраўды, хацеў-бы давесці чым-небудзь сардэчную цягу, магнетызм душы, а памёршыя душы ў некаторым родзе сапраўдная дрэнь.

«Зусім не дрэнь», сказаў Чычыкаў, паціснуўшы яму руку. Тут ён вельмі глыбока ўздыхнуў. Здавалася, ён быў настроены да сардэчных прызнанняў; не без пачуцця і выражэння прагаварыў ён, нарэшце, наступныя словы:

«Калі-б вы ведалі, якую паслугу зрабілі гэтай, здавалася-б дрэнню чалавеку без племені і роду! Дый сапраўды, чаго не пацярпеў я? як барка якая-небудзь паміж лютых хваль... Якіх ганенняў, якіх праследаванняў не перанёс, якога гора не зазнаў, а за што? за тое, што рабіў па праўдзе, што быў чысты ў сваім сумленні, што падаваў руку і ўдавіцы бездапаможнай, і сіраціне-гаротніцы?..» Тут ён нават выцер хустачкай слязу.

Манілаў быў зусім расчулены. Абодва прыяцелі доўга ціснулі адзін другому рукі і доўга глядзелі моўчкі адзін другому ў вочы, у якіх відаць былі наплыўшыя слёзы. Манілаў ніяк не хацеў выпусціць рукі нашага героя і працягваў ціснуць яе так горача, што той ужо не ведаў, як яе выручыць. Нарэшце, вырваўшы яе ціхенька, ён сказаў, што нядрэнна было-б купчую зрабіць хутчэй і добра было-б, калі-б ён сам наведаўся ў горад. Потым узяў капялюш і пачаў адвітвацца.

«Як? Вы ўжо хочаце ехаць?» сказаў Манілаў, раптам апамятаўшыся і амаль спалохаўшыся.

У гэты час увайшла ў кабінет Манілава.

«Лізанька», сказаў Манілаў з крыху жаласлівым выглядам: «Павел Іванавіч пакідае нас!»

«Бо мы надакучылі Паўлу Іванавічу», адказала Манілава.

«Сударыня! тут», сказаў Чычыкаў: «тут, вось дзе», ён паклаў руку на сэрца: «так, тут доўга будзе трываць прыемнасць часу, праведзенага з вамі! і паверце, не было-б для мяне большага шчасця, як жыць з вамі, калі не ў адным доме, дык, прынамсі, у самым бліжэйшым суседстве».

«А ведаеце, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, якому вельмі спадабалася такая думка, «як было-б сапраўды добра, калі-б жыць гэтак разам, пад адным дахам, ці пад ценем якога-небудзь вяза пафіласофстваваць пра што-небудзь, паглыбіцца!..»

«О! гэта было-б райскае жыццё!» сказаў Чычыкаў уздыхнуўшы. «Бывайце, сударыня!» гаварыў ён далей, падыходзячы да ручкі Манілавай. «Бывайце, найпаважанейшы друг! Не забудзьцеся пра просьбу».

«О, будзьце ўпэўнены!» адказаў Манілаў. «Я з вамі развітваюся не больш, як на два дні».

Усе вышлі ў сталовую.

«Бывайце, міленькія хлапчаняткі!» сказаў Чычыкаў, убачыўшы Алкіда і Фемістоклюса, якія займаліся нейкім драўляным гусарам, у якога ўжо не было ні рукі, ні носа. «Бывайце, мае малыя! Вы выбачце мне, што я не прывёз вам гасцінца, бо, прызнаюся, не ведаў нават, ці жывеце вы на свеце; але цяпер, як прыеду, абавязкова прывязу. Табе прывязу шаблю; хочаш шаблю?»

«Хачу», адказаў Фемістоклюс.

«А табе барабан; ці-ж не праўда, табе барабан?» гаварыў ён, нахіліўшыся да Алкіда.

«Парапан», адказаў шэптам і панурыўшы галаву Алкід.

«Добра, я табе прывязу барабан. Такі слаўны барабан, гэтак усё будзе: турр... ру... тра-та-та, та-та-та... Бывай, душачка! Бывай», тут пацалаваў ён яго ў галаву і звярнуўся да Манілава і яго жонкі з подсмехам, як звычайна звяртаюцца да бацькоў, даючы ім зразумець аб нявіннасці жаданняў іх дзяцей.

«Сапраўды, застаньцеся, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, калі ўжо ўсе вышлі на ганак. «Паглядзіце, якія хмары».

«Гэта маленькія хмаркі», адказаў Чычыкаў.

«Ды ці ведаеце вы дарогу да Сабакевіча?»

«Пра гэта хачу запытаць вас».

«Дазвольце, я зараз раскажу вашаму фурману». Тут Манілаў з такой самай ветлівасцю расказаў справу фурману, і сказаў яму нават адзін раз: вы. Фурман, пачуўшы, што трэба прапусціць два павароты і павярнуць на трэці, сказаў: «Патрапім, ваша благароддзе», і Чычыкаў паехаў; гаспадары, прыўзняўшыся на дыбачкі, доўга праводзілі яго паклонамі і маханнем хустачак.

Манілаў доўга стаяў на ганку, праводзячы вачамі ад’язджаўшую брычку, і калі яе зусім ужо не было відаць, ён усё яшчэ стаяў і курыў люльку. Нарэшце ўвайшоў ён у пакой, сеў на крэсла і аддаўся разважанню, душэўна радуючыся, што зрабіў госцю свайму невялікую прыемнасць. Потым думкі яго пераляцелі непрыкметна да іншых рэчаў і, нарэшце, занесліся бог ведае куды. Ён думаў аб шчасці сяброўскага жыцця, аб тым, як-бы добра было жыць з другам на беразе якой-небудзь ракі, потым праз гэту раку пачаў будавацца ў яго мост, потым велізарнейшы дом з такім высокім бельведэрам, што можна адтуль бачыць нават Маскву, і там піць вечарам чай на чыстым паветры і разважаць пра якія-небудзь прыемныя рэчы. — Потым, што яны разам з Чычыкавым прыехалі ў нейкую кампанію ў добрых карэтах, дзе зачаравалі ўсіх прыемнасцю абыходжання, і што быццам гасудар, даведаўшыся аб такой іх дружбе, прызначыў іх генераламі, і далей, нарэшце, бог ведае што такое, чаго ўжо ён і сам ніяк не мог разабраць. Дзіўная просьба Чычыкава спыніла раптам усе яго мары. Думка аб ёй неяк асабліва не варылася ў яго галаве: як ні пераварочваў ён яе, а ніяк не мог растлумачыць сабе, і ўвесь час сядзеў ён і курыў люльку, што цягнулася да самай вячэры.