Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы —
Не хапала адной кветкі…
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці — ня знаюць…
Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
Клопат… Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі — ўпрочках, — хлопца мае…
Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе…
За вянок — дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.