Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы — зь сьвятліцай хаціна,
У хаце — з бабуляй дзяўчына.
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала, —
Хлопец у хаце жыў зь дзедам,
Быў той дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.
Улетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіці за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці
Ці лён часала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.
Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не адпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача, —
Нешта капае, валоча,
Ждучы ўсё сонейка ўночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
Людзі ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.