Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат, —
Быў бы князем гаспадарным,
Вёў бы добры лад;
На пасадным мейсцы б селі
Права і закон,
Праўду вечную ўсе б мелі —
Вечавы свой звон.
Не цягнуў бы я з падданых
Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў бы цэп.
Каб я сонцам залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьвятляў бы ўсе дарогі
Ўночы і удзень.
Гадаваў бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маёй,
Быў бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
Быў бы наяву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
Змыў бы сон-траву.
На засушаныя кветкі
Клаўся бы расой
I каціўся б праз палеткі
Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох.
Груганом бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
Да Бога б панёс.
Крыўду-ведзьму нашых межаў
Беднату і цьму, —
Ўсё б папраўдзе, як належа,
Вылічыў яму…