Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!
Распусьці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.
Зь непатульнай, пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
Брыльяньцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ласкай сэрца, душу супакой…
Як у сьвята купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
Да крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!