Мой міленькі прыйшоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў аконца.
Заныла сэрцайка маё,
Як гэтае пачула,
Сваё зьняла я акрыцьцё
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі выйшла я на двор
Да любага зь сьвятліцы,
А неба рдзела ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай.
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любыя,
I распляталі мне касу,
I ласкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх —
I моўчкі паглядалі,
Як цені з хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў
I штось шаптаў нясьмела.
Сьляза жывая за сьлязой
З маіх зраніц сплывала,
Ў адно мяшалася з расой,
Што на пяску ляжала.
А ночка пела з бліскам зор
Нам сьмелы гімн каханьня,
Сьмяяўся, плакаў сіні бор
Да самага сьвітаньня.
I мілы выйшаў ад мяне,
Адзін пайшоў к пагонцы,
А ўсьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіла ўжо сонца…