Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, —
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
Ўецца зімой і вясной.
Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
Ухуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,
Казкай, нягаданым сном.
Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,
Бедамі клікалі спаць.
Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
Пут гэтых толькі ня бачачы сам:
«Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы.
«Далей!» — адказ яму дам.
Далей і далей праз выдмы няплодныя,
Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,
Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,
Покі ня згасьне жыцьцё!..