Выгналі з хаты, выгналі людзі,
Выгналі косьці жывыя;
Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,
Рынуўся зьверам на шыю.
Месяц загінуў, выгасьлі зоры,
Даль залягла беспрасьветам;
Хмары глухія, хмары — як горы,
Ходзяць, сапуць непрыветам.
Смольлю, заломам сьцежка-дарога,
Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жудкія думы шэпча трывога,
Сэрца то змоўкне, то дрогне.
Горбяцца плечы, кволыя плечы,
Як бы цягнулі каменьне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
Корчацца ногі ў каленьню.
Годзе змагацца з доляй паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Сьлёзьмі крывавіці вочы.
Сыпся, кружыся, бел-сьнег, навокал,
Мяккай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
Знойдзем, нарэшце, прысельле.
Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою…
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышаш спакоем.
Дзе-нідзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна.
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…
Як бы ня так ужо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім не мінулі,
Толькі… мінулі бяздольных.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, не ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
Вечнага сну не пужайся.
Прыйдзе вясна, распусьцяцца лозы…
Ты ўжо ў пасьцелі зялёнай…
Сьпі, мой гаротнік, годзе ліць сьлёзы,
Біці нягодам паклоны…